Вы тут

Чэмпіянат Беларусі па веласпорце прайшоў пад Навагрудкам


Цягам трох дзён 130 спартсменаў пераадольвалі дыстанцыі ў 25, 120 і 180 кіламетраў. У Навагрудскім раёне мерапрыемства ладзіцца ўжо трэці раз, хаця тут няма веласіпеднай інфраструктуры, аднак гарыстая спецыфіка мясцовасці спрыяе таму, што спартсмены могуць максімальна паказаць свае здольнасці. У пятніцу на ўчастку дарогі З10 Любча-Навагрудак-Дзятлава ад паварота на вёску Нягневічы ў бок вёскі Ракевічы прайшла індывідуальная гонка на час. Два кругі па 12,5 кіламетры гоншчыкі пераадольвалі крыху больш як за паўгадзіны.


Допінг на фінішы і гара для вынослівых

Перад пачаткам удзельнікі абавязкова разміналіся на трэнажорах, каб падрыхтаваць мышцы да нагрузкі. На старт меліся выходзіць па аднаму з прамежкам у хвіліну. Аднак паколькі даўжыні дыстанцыі па прамой не хапала, суддзі выпускалі ўдзельнікаў на маршрут патокамі па 15 чалавек праз 21 хвіліну. Гэтага было дастаткова, каб групы маглі праехаць два кругі агульнай працягласцю 25 кіламетраў, не замінаючы адно аднаму.

Акрамя таймінг кампаніі, якая з ювелірнай дакладнасцю фіксавала час удзельнікаў, на дыстанцыі працавалі людзі, якія сачылі за выкананнем спарстменамі маршруту.

— Ніхто нават з суддзяў не ведае, дзе я каго паставіў, таму схітрыць нікому не ўдалося. Кожнае перакрыжаванне таксама перакрыта супрацоўнікамі, — кажа Іван КІСЯЛЕЎСКІ, галоўны суддзя чэмпіянату. — Ды ніхто і не пытаўся б зрабіць нешта не па правілах, бо гэта азначае згубіць твар. На маёй памяці не было такога ,каб нехта пытаўся схлусіць ці нешта ўжыць незаконнае. Тут сабраліся людзі, якія хварэюць за чысціню ў спорце. Тым больш што папаўшыся на допінгу, можа страціць сваю кваліфікацыю і кар’еру на пару гадоў, а то і ўвогуле дыскваліфікавацца назаўжды.

Перад стартам удзельнікаў не правяраюць, а ўжо на фінішы тры першыя месцы праходзяць абавязковы допінг-кантроль і дадаткова правяраюць двух іншых спартсменаў на выбар.

Чэмпіянат арганізавалі менавіта на гэтым участку, бо тут яго зручна перакрыць, а гарысты ландшафт вымушае гоншчыка быць не толькі моцным, але і думаць, працягвае галоўны суддзя:

— Тут можна быць упэўненым, што на дыстанцыі не з’явіцца ніякіх самаходаў, якія перашкодзяць руху ці створаць паток ветру, які або перашкодзіць, або, наадварот, падштурхне гоншчыка наперад і нечакана дапаможа. Калі траса перакрыта, спартсмены могуць паказаць адэкватны вынік па ступені сваёй гатоўнасці. Рэльеф таксама грае немалую ролю на дыстанцыі. Наяўнасць перашкод таксама спрыяе таму, каб паказаць ступень падрыхтаванасці. З гары ехаць могуць усе, а ў гару падымецца толькі той, хто здольны гэта зрабіць.

4,5 гадзіны гонкі па спёцы

У велачэмпіянаце спартсмены ўдзельнічаюць па шасці катэгорыях: эліта — мужчыны і жанчыны пасля 23 гадоў, андэры і андэршы — хлопцы і дзяўчаты ва ўзросце ад 19 да 23 гадоў і юніёры ды юніёркі — 17-18-гадовыя спартсмены і спартсменкі.

Гарыстая мясцовасць і спякота дадаюць мерапрыемству гарачыні і спартыўнай напружанасці. Аднак гэта толькі загартоўвае дух, бо частка ўдзельнікаў літаральна праз некалькі дзён будзе борацца за званне найлепшых на II Еўрапейскіх гульнях, як, напрыклад, пераможца ў індывідуальнай гонцы ў класе эліта чэмпіёнка свету па велагонках Таццяна ШАРОКАВА, вынік якой 35 хвілін і 17 секунд. Другая чэмпіёнка свету, якой дасталася срэбра гонкі ў той жа катэгорыі, Алена Амелюсік, адстала ад лідара літаральна на хвіліну — яе вынік 35 хвілін і 18 секунд. Трэцяе месца ў Ганны Кавалёвай — 38 хвілін і 54 секунды.

— Было горача, так што для мяне было вельмі складана ехаць. На трэніроўках быў лепшы вынік, мне здаецца. Аднак да гульняў застаецца яшчэ некалькі дзён, так што ёсць час прыйсці ў норму. У спаборніцтвах удзельнічаюць не слабыя спартсмены, і невядома што можа адбыцца па такой спёцы, так што загадваць на сёння нічога не бяруся, — кажа Таццяна Шарокава. — У якасці падрыхтоўкі да спаборніцкай хуткасці гэты чэмпіянат — гэта добра, аднак не варта выходзіць тут на пік формы — лепш самае важнае пакінуць на гульні.

Для Настассі САМОНЧЫК, юніоркі спаборніцтваў з Мазыра, чэмпіянат таксама стаўся цяжкаватым:

— Заўжды было 15 кіламетраў, а тут 25 — было нязвыкла. Ды яшчэ горача, сонечна, і вады не было побач, бо забылася бачок. Аднак буду ўдзельнічаць далей, трэба ісці да канца.

Многія дабіраліся да месца адразу на сваіх двухкалёсных машынах, як напрыклад, Дзмітрый БУБЕН, чалавек-легенда веласпорту, якому вось-вось споўніцца 60 гадоў. для спартсмена сёлетняя гонка — гэта ўжо 44 сезон, за гэты час ён наездзіў ужо як мінімум 550 тысяч кіламетраў. Дзмітрый родам з вёскі Брольнікі, што непадалёк ад Навагрудка, пачаў катацца ў 15 гадоў. Першы ровар набыў за ўласныя грошы, якія зарабіў, працуючы на палях.

— У беларускамоўнай школе закладвалася мая беларускасць. цяпер я проста не магу без яе. гэта адначасова і мая радасць і боль. як сустрэнеш беларускамоўнага чалавека, дык аж слёзы наварочваюцца, адчуваеш ,як паміж намі энергетыка праходзіць. тым больш што 16 гадоў мы жылі ў Амерыцы. аднак беларусам я застаўся назаўжды. Гонкі ў савецкія часы былі больш шчырымі, цяпер яны часта камерцыялізаваныя ды яшчэ і з дадаткамі. многія лічаць, што трэба нешта з’есці перад стартам, проста таму, што так трэба.

Пасля выступлення спартсмены мянялі трэніровачныя колы, на якіх удзельнічалі ў індывідуальнай гонцы, на баявыя — больш лёгкія і жорсткія. Такім чынам раздзелачны ровар станавіўся групавым — гоншчыкі рыхтаваліся да сённяшняй групавой гонкі ў 120 кіламетраў. Жанчыны ў класе эліта і юніёры праедуць дзевяць кругоў па 13 кіламетраў. А юніёркі — дзяўчаты 17-18 гадоў — шэсць.

Заезд пачнецца на плошчы Леніна ў Навагрудку і выведзе спартсменаў на круг па дарозе З11 Гарадзечна-Сялец-Корастава-Грабнікі, пасля чаго гоншчыкі вернуцца ў горад па вуліцы 1 Мая і выедуць на наступны круг па вуліцы Мінская. Пры сярэдняй хуткасці 40 кіламетраў у гадзіну ім спатрэбіцца на гэта каля гадзіны тры. З гары, дарэчы, ровар здольны разганяцца да 70 кіламетраў у гадзіну, кажуць удзельнікі.

У нядзелю будуць спаборнічаць мужчыны ў класе эліты. Іх чакаюць самыя патрабавальныя выпрабаванні на вынослівасць — пераадоленне дыстанцыі 180 кіламетраў. Суддзі разлічваюць, што гэта будзе 4,5 гадзіны язды.

Велатандэмы і каманды

У групавых заездах спартсмены змагаюцца камандамі. Напрыклад, члены украінска-кітайская кампаніі, беларускі менэджарам якой выступае Ягор БУБЕН. Хлопец родам з Навагрудка, сам дзесяць гадоў паўпрафесійна ганяў па трасах Амерыкі, аднак кажа, што веласпорт — гэта ўсё ж хобі. Кажа, што стартуе ў нядзелю з усімі, бо хочацца па родных мясцінах праехаць, аднак пройдзе толькі некалькі кругоў, каб пасля заняцца дапамогай членам каманды:

— Калі ты выйграеш групавы і індывідуальны заезды, камандзе дазваляюць мець беларускі сцяг для ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах. Таму на ўсіх чэмпіянатах краіны прафесійныя спартсмены ў гэты час змагаюцца за майку. Плюс гэта дадатковыя ачкі ў катэгорыях, таму што чэмпіянат у Беларусі — гэта катэгарыяльная гонка, — кажа ён. — У нас тут чатыры беларусы цяпер. Частка гоншчыкаў з нашай каманды едзе цяпер у Украіне, Манголіі, Сербіі.

Магчыма, з часам у Навагрудку ўсё ж з’явіцца веласіпедная база, калі яе ўзначаліць чалавек з адпаведнай адукацыяй, каб афіцыйна былі вытрыманы ўсе патрабаванні.

Сёлета ў індывідуальнай гонцы ўзялі ўдзел таксама тры велатандэмы: тры мужскія і адзін змешаны. Пераможцам у індывідуальнай гонцы стаў экіпаж, які выступае за Магілёў, з пілота Дзмітрыя ПРАКОПЧЫКА і Васіля ШАПЦЯБОЯ, паралімпійскага чэмпіёна алімпіяды ў Афінах 2004 года ў тандэме (тады ён выступаў з Аляксандрам Данілікам). Іх вынік — 33 хвіліны, 10 секунд. З такім вынікам сёння яны па класу эліта могуць далучыцца да пяцёркі найлепшых, кажа трэнер гэтай двойкі, які ўжо лічыцца ветэранам, Андрэй ПІЎЦЭВІЧ, двухразовы чэпіён катэгорыі майстарс:

— Язда ў тандэме дае некаторую перавагу з гары, бо за кошт большай масы набіраецца лепшая хуткасць. А вось ужо пад гару цяжэй. Гэта паралімпійскі тандэм, дзе ззаду змяшчаецца гоншчык з пашкоджаным зрокам. У нядзелю тандэм абяцалі дапусціць да групавой гонкі, аднак гэта недакладна. На маю думку, вялікая памылка беларускага веласпорту — выдзяляць тандэмы ў асобную катэгорыю, таму што на раўніне тандэм можа разглядацца як дбры гоншчык-адзіночка. Атрымліваецца моцны экіпаж ,які можа ганяць на ўзроўні добрага адзіночнага прафесіянала. Гэта падымала б агульны ўзровень веласпорту ў краіне.

Кансультантам у іх выступае Канстанцін СЯЎЦОЎ, чэмпіён свету сярод дзейнічаючых андэраў, двойчы на спаборніцтвах у Італіі даязджаў дзясятым. Людзей з такім вынікам у свеце няшмат, кажуць гоншчыкі.

Інтрыга велачэмпіянату ў барацьбе за майкі захаваецца да нядзелі.

Ірына СІДАРОК

Фота Андрэя САЗОНАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Кіраўнік Мінскай вобласці — аб тым, чаго рэгіён дасягнуў за дваццаць пяць гадоў

Кіраўнік Мінскай вобласці — аб тым, чаго рэгіён дасягнуў за дваццаць пяць гадоў

 Міншчына — самы цэнтр краіны, яна нават сваімі абрысамі нагадвае сэрца. 

Грамадства

Як пад Мінскам сартуюць смецце

Як пад Мінскам сартуюць смецце

Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў і рух за перапрацоўку адходаў «Мэта 99» далі людзям магчымасць на свае вочы пабачыць, як выглядаюць «смеццевыя могілкі».