Вы тут

«Зялёная эканоміка» — стратэгічна важнае паняцце для Навагрудка


Месцам правядзення XV Рэспубліканскага экалагічнага форуму Навагрудак быў абраны невыпадкова. Гэты старажытны горад паспяхова асвойвае сучасныя «зялёныя» тэхналогіі. Менавіта тут дзейнічае самы вялікі ветрапарк Беларусі, які складаецца з 20 ветраэнергетычных установак. З 2013 года Навагрудак з'яўляецца бокам «Пагаднення мэраў».


Горад для людзей

На палях экалагічнага форуму мясцовыя ўлады дзяліліся сваім вопытам работы, накіраванай на дасягненне Мэт устойлівага развіцця і выканання нацыянальных абавязацельстваў па Парыжскай дамове. Навагрудак паставіў перад сабой амбіцыйную задачу — стаць месцам камфортнага жыцця для гараджан і гасцей. Пры распрацоўцы мясцовых праграм развіцця гарадскія ўлады ўлічваюць меркаванне жыхароў Навагрудка. З гэтай мэтай праводзіліся апытанні насельніцтва аб камфортнасці горада, яго раёнаў і дваровых тэрыторый. У асноўным людзі пазітыўна ацанілі гарадское асяроддзе, але і абазначылі нявырашаныя праблемы. Атрыманая «зваротная сувязь» ад насельніцтва выкарыстоўваецца гарадской адміністрацыяй пры распрацоўцы плана зялёнага горадабудаўніцтва.

«Зялёная» — значыць эканамічна выгадная

Стратэгічна важнае паняцце для Навагрудка —— «зялёная эканоміка». У горадзе распрацаваны «План дзеянняў па ўстойлівым энергетычным развіцці», з асноўным акцэнтам на скарачэнне энергаспажывання, выкідаў СО2. У прыватнасці, горад узяў абавязацельства да 2020 года знізіць выкіды на 25 тыс. тон.

«Энергаэфектыўнае асвятленне, ветрагенератары, станцыі сонечных батарэй, цеплаабменнікі, утылізацыя адходаў, падтрымка экатурызму — усе гэтыя паняцці ўжо сталі для Навагрудка рэальнасцю. Горад імкнецца выкарыстоўваць усе магчымыя крыніцы для ўкаранення інавацый, каб рухацца да «разумнага» і «зялёнага» горада, — сказала першы намеснік старшыні Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта Алена СЯЛЕВІЧ. — Па выніках работы па «Пагадненні мэраў», зніжэнне выкідаў вуглякіслага газу ад праведзеных мерапрыемстваў за мінулы перыяд склала больш за 46 тыс. тон».

У горадзе і Навагрудскім раёне рэалізаваны шэраг ініцыятыў, накіраваных на энергазберажэнне. Напрыклад, у дзіцячым садзе № 10 устаноўлены сонечныя вакуумныя калектары для падагрэву вады ў басейне, які ў такім выглядзе функцыянуе з 2014 года. Эканамічны эфект ад інавацыі складае 1350 долараў ЗША. У гарадскім пасёлку Любча замянілі 150 звычайных свяцільнікаў на энергаэфектыўныя. Там жа на скрыжаваннях дарог устаноўлены свяцільнікі з аўтаномнымі крыніцамі энергіі — сонечнымі батарэямі і назапашвальнікамі энергіі. Эканамічны эфект — зніжэнне энергаспажывання ў 1,5 раза, а асветленасць вуліц павялічылася ў два разы. На гэты праект быў выдзелены малы грант ПРААН ГЭФ. Агульны кошт праекта — 84 тысячы долараў ЗША з улікам суфінансавання.

Практычна з любога пункту горада бачныя ветрагенератары. Гэтыя ўстаноўкі належаць розным уласнікам, у тым ліку прыватным кампаніям, і разам яны здабываюць «зялёную» энергію. На Навагрудчыне засяроджаны 31 % усёй ветраэнергетыкі, што вырабляецца ў нашай краіне. У 2018 годзе быў рэалізаваны праект ЕС «Зялёная эканоміка» — будаўніцтва ветрагенератарнай устаноўкі магутнасцю 2,5 МВт, фінансаванне Еўрасаюза склала 4,3 млн еўра.

Таксама ў рэгіёне дзейнічае адна сонечная станцыя магутнасцю 1,25 МВт. Сумарная магутнасць «зялёнай» энергетыкі зараз складае 33,3 МВт. Энергія сонца выкарыстоўваецца, напрыклад, для забеспячэння гарачага водазабеспячэння цэнтральнай раённай бальніцы.

Другасную сыравіну — на перапрацоўку

У 2016 годзе ў горадзе пачала дзейнічаць станцыя па сартаванні цвёрдых камунальных адходаў, праектная магутнасць якой складае да 5000 тон у год. Варта падкрэсліць, што гэты аб'ект быў пабудаваны на ўласныя сродкі горада, а на набыццё часткі абсталявання было прыцягнута фінансаванне ў памеры 37 тысяч долараў ЗША з боку Аператара другасных матэрыяльных рэсурсаў. На сартавальнай станцыі створана 15 новых рабочых месцаў.

У Навагрудку абсталяваны кантэйнерныя пляцоўкі для раздзельнага збору адходаў. Пры гэтым вельмі важна, што людзі ўмеюць імі карыстацца. Існуе меркаванне, што старэйшае пакаленне з цяжкасцю прыстасоўваецца да новых правілаў, якія рэгулююць раздзельны збор смецця. Дык вось, літаральна за гадзіну прагулкі па горадзе давялося ўбачыць пенсіянера, які нёс два пакеты: з празрыстымі пластыкавымі бутэлькамі і са шкляной тарай. Горад мае парк смеццявозаў, кантэйнераў, таксама вагі і прэс, якія закуплены на сродкі Еўрасаюза ў памеры 779 тысяч еўра.

У горадзе наладжана сістэмная асветніцкая работа, таму жыхары Навагрудка даволі прасунутыя людзі ў пытанні распараджэння другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі. Для іх не быў дзівам тарамат, які прывезлі на выстаўку форуму. Ён працаваў у поўную сілу: людзі неслі ўсё, што гэтая разумная машына прымала — шкло, пластык.

Партнёрства — шлях да поспеху

Навагрудак актыўна наладжвае міжнароднае супрацоўніцтва: далучыўся да ініцыятыў «Пагадненне мэраў па клімаце і энергіі» і «Мэры за эканамічны рост», «Горад, дружалюбны дзецям».

Адразу пасля форуму на грамадскія слуханні ў Навагрудку быў прадстаўлены адкарэктаваны план «зялёнага» горадабудаўніцтва, распрацаваны сумесна з камандай праекта ГЭФ — ПРААН — Мін-
прыроды. Перад яго распрацоўкай быў праведзены аналіз стану горада па чатырох кірунках: людзі, прырода, эканоміка, кіраванне з выкарыстаннем індыкатараў «зялёнага» горада, якія перасякаюцца з індыкатарамі Мэт устойлівага развіцця. Распрацаваны карты па шчыльнасці насельніцтва, размяшчэння крыніц выкідаў СО2, даступнасці зялёных насаджэнняў і прыпынкаў грамадскага транспарту і г. д. Жыхары маюць доступ да гэтых карт у рэжыме анлайн.

«Для рэалізацыі нашых ідэй выкарыстоўваем не толькі бюджэтныя рэсурсы, але і прыцягваем прыватныя інвестыцыі, розныя віды міжнароднай тэхнічнай дапамогі, — сказала Алена Сялевіч. — Мы ўкладваем гэтыя сродкі ў аб'екты сацыяльнай, гарадской інфраструктуры, адукацыю, развіццё турызму — кірункаў работы шмат».

У сваёй дзейнасці па ўстойлівым развіцці горада мясцовыя ўлады прытрымліваюцца трох асноўных правілаў: выкарыстоўваць інавацыі ў развіцці і ўжо сёння рабіць тое, пра што іншыя будуць думаць заўтра; развіваць супрацоўніцтва з усімі зацікаўленымі бакамі і ажыццяўляць сістэмны падыход да размеркавання рэсурсаў для каардынацыі і эфектыўнасці дзеянняў. Тут створаны пашпарт тэрытарыяльна-арыентаванага развіцця. Распрацаваны стратэгія развіцця аднаўляльных крыніц энергіі да 2030 года, план «зялёнага» горадабудаўніцтва, экатурыстычная і маркетынгавая стратэгія для заказніка «Свіцязянскі». Гэтыя дакументы — «дарожная карта» для мясцовай улады, якая дазваляе падтрымліваць сувязь з насельніцтвам, каардынаваць работу сваіх падраздзяленняў, наладжваць партнёрскія сувязі. Па словах Алены Сялевіч, добра наладжана ўзаемадзеянне з Навагрудскай раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Правядзенне XV Рэспубліканскага экалагічнага форуму ў Навагрудку — гэта не толькі нагода сустрэцца з калегамі і абмеркаваць рабочыя пытанні, гэта і свята для жыхароў, якія любяць свой горад.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Навагрудак — месца камфортнага жыцця

Выбар рэдакцыі

Культура

Рэха «Славянскага базару»: чым запомніцца 28-ы па ліку мастацкі форум

Рэха «Славянскага базару»: чым запомніцца 28-ы па ліку мастацкі форум

За фестывальны тыдзень у Віцебску прайшло без малога дзве сотні падзей.