Вы тут

У лясных пажарах і палах незваротна знікаюць унікальныя біялагічныя віды


Забарона на наведванне лясоў у засушлівыя перыяды вясны, лета і восені стала для беларусаў звычайнай з'явай. Такое абмежаванне сведчыць пра тое, што ў падпалах (наўмысных або выпадковых) часцей за ўсё вінаватыя людзі. Так, вясной гэтага года ў Рэспубліканскім ландшафтным заказніку «Альманскія балоты», размешчаным у Столінскім раёне Брэсцкай вобласці, здарыўся маштабны пажар, які прыйшоў з суседняй Украіны і знішчыў усё жывое на тэрыторыі больш за 400 га. Прычыны ўзгаранняў могуць быць розныя — вясновыя палы, летняя спякота і неасцярожна кінуты недакурак, восеньскія наведванні лесу, звязаныя са зборам ягад і грыбоў. Вынік жа адзін — знішчэнне біятопаў і доўгі перыяд біялагічнай рэстаўрацыі.


Наступствы для самых безабаронных

Пажары застаюцца адной з самых жудасных з'яў у прыродзе. Яны знішчаюць месца пражывання жывых арганізмаў, у тым ліку прыводзяць да гібелі значнай колькасці насякомых. У першую чаргу ад высокіх тэмператур гінуць нелятаючыя формы, а таксама яйкі, лічынкі і кукалкі. Анатоль Кулак, вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі наземных беспазваночных жывёл ДНВА «НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах», кандыдат біялагічных навук, кажа, што пажары могуць мець і апасродкаваны ўплыў на насякомых праз пераўтварэнне мікрастацый спакою і зімоўкі (выгаранне купін, сцёблаў раслін):

— Напрыклад, у заказніку «Альманскія балоты», які ўяўляе сабой найбуйнейшы ў Еўропе ўчастак палескай мазаікі разнастайных балот і лясоў, пажары прывялі да ўсыхання хвоі на балоце. А гэтыя дрэвы з'яўляюцца ўтваральным фактарам навакольнага асяроддзя для жыцця папуляцый чырванакніжнага віду матылькоў — сатыра юта. Згаданы від жыве на балотах выключна на ўчастках з разрэджанай хвояй, на якую матылі прысаджваюцца для адпачынку. У цяперашні час стан папуляцыі гэтага рэдкага віду ў заказніку невядомы.

Анатоль Віктаравіч называе сапраўднай дзікасцю падпалы жывых дуплаватых дрэў, якія часам заканчваюцца ўзгараннем цэлых лясных масіваў:

— У дуплах гняздуюцца не толькі совы і шэршні, але і велізарная колькасць відаў карысных і рэдкіх насякомых, многія з якіх знаходзяцца пад рэжымам спецыяльнай аховы. Напрыклад, жукі: васковік-пустэльнік, бронзаўка вялікая зялёная, васковік-стракатка зменлівая. У 2007 годзе ў ваколіцах вёскі Пхоў (Гомельская вобласць) такі пажар знішчыў асяроддзе пражывання цэлай чарады матылькоў, якія ахоўваюцца ў многіх краінах Еўропы: зяноўнікавай жаўтушкі, чарнаватай блакітніцы, блакітніц алькон і арыён. Тры першыя віды ахоўваюцца ў Беларусі.

Магчыма, менавіта з-за пажараў на стыку ХХ і ХХІ стагоддзяў спынілася існаванне рэдкіх перламутравак фрыгі і фрэі на балоце Вуліца ў Старадарожскім раёне Мінскай вобласці. Неабходна памятаць, што нават кінутая шкляная бутэлька можа спрацаваць як аптычная лінза, якая збірае сонечныя прамяні ў тонкі гарачы пучок святла, здольны запаліць торф або сухі лясны апад.

Лугавое разнатраўе

Большасць відаў дзённых матылькоў, пчолы, чмялі, мухі і іншыя казуркі ва ўмераных шыротах трымаюцца лугавой расліннасці, ускраін лясоў, закінутых пустак — тут дарослыя казуркі знаходзяць сабе і сваім нашчадкам пражытак. Але тысячы куткоў нашай краіны становяцца бяднейшымі з-за вясновага выпальвання сухой травяністай расліннасці. «Гаспадары», думаючы акультурыць і ўгнаіць попелам пакосы, праз дзясятак гадоў штогадовага выпальвання расліннасці атрымліваюць зусім не тое, што чакалі: замест багатых укосаў травы — бедныя землі. Справа ў тым, што карэнне і насенне многіх траў выгараюць, гінуць казуркі — апыляльнікі кветкавых раслін, а таксама карысныя рыхлільнікі глебы — дажджавыя чарвякі і клубяньковыя бактэрыі. У выніку атрымліваюцца тэрыторыі з нізкапрадукцыйнымі жорсткімі травамі, якія потым пакрываюцца пустазеллем, а затым і зусім закідваюцца і зарастаюць хмызнякамі і дрэвамі.

Але тэрыторыя нашай краіны размешчана ў лясной зоне, дзе лугам адведзена другарадная роля. Карэнныя лугі ў Беларусі раскінуліся толькі там, дзе дрэвы не знаходзяць добрых умоў для існавання — у поймах рэк. Таму абкошванне палян, ускраін лясоў, узгоркаў са стромкімі схіламі, выпас жывёл у такіх месцах на працягу многіх стагоддзяў вызвалялі зямлю ад драўняна-хмызняковай расліннасці.

З канца ХХ стагоддзя плошча дробнаконтурных сенажацяў у Беларусі скарацілася ў некалькі разоў, такія ўчасткі моцна параслі хмызняком, паступова ператвараючыся ў лес. Сёння былыя сенажаці, якія сталі нікому не патрэбныя, адкрытыя схілы пагоркаў актыўна пакрываюцца густымі лесапасадкамі. Паралельна змене расліннасці адбываецца і змена відавога складу і страта ўнікальнасці супольнасцяў насякомых (значна знізілася колькасць дзённых матылькоў, пчол, чмялёў — апыляльнікаў кветкавых раслін).

Брнзаўка зялёная.

Палы пад кантролем

Дзіўна, але прырода «ведае» і гаючыя для біялагічнай разнастайнасці ўласцівасці пажараў. Прыкладам для навукоўцаў паслужылі саваны, пакрытыя травяністай і моцна прарэджанай драўняна-хмызняковай расліннасцю ў субэкватарыяльным поясе з рэзкім падзелам года на сезоны дажджоў і засухі. Расліны, якія растуць у саванах, і жывёлы, якія іх насяляюць, адаптаваныя да прыродных пажараў — іх эвалюцыя адбывалася пад «кантролем» агню. Цяпер навукоўцы паспяхова рэканструююць каштоўныя травяністыя супольнасці, выкарыстоўваючы накіраваныя палы. Вялікі пазітыўны вопыт у гэтай справе есць у цэнтральных і паўднёвых абласцях Еўрапейскай Расіі пры рэстаўрацыі стэпавых экасістэм.

Не абышлі бокам тэму «тэрапеўтычнага» эфекту пажараў на прыродныя супольнасці і беларускія навукоўцы. Вопытным шляхам яны даказалі, што ва ўмовах дастатковага ўвільгатнення раннія (па апошнім снезе), перыядычныя накіраваныя палы на нізінных балотах прыводзяць да памяншэння непажадана вялікіх плошчаў кустоў і трыснягу і адначасова да павелічэння долі асачнікаў, як, напрыклад, у Рэспубліканскім ландшафтным заказніку «Званец». Гэта паляпшае ўмовы пражывання для многіх рэдкіх відаў жывёл (напрыклад, вяртлявай чаротаўкі).

Адзначым, што ў асобных выпадках і па-за балотамі кантраляваныя пажары на невялікіх тэрыторыях павялічваюць мазаічнасць ландшафтаў і біяразнастайнасць. Напрыклад, дрэвастой шыракалістых парод і хвоі, пашкоджанай або саслабленай пажарамі, у заказніку «Альманскія балоты» з'яўляецца выдатным субстратам для развіцця многіх відаў насякомых з Чырвонай кнігі Беларусі і Чырвонага спісу Міжнароднага саюза аховы прыроды. Тут адзначаны восем чырванакніжных відаў цвердакрылых, якія развіваюцца ў пашкоджанай драўніне. Прычым пяць з іх, з жуком-аленем і зменлівай стракаткай уключна, зрабіліся адносна звычайнымі для заказніка. Аднак пры разглядзе доўгатэрміновага развіцця гэтых відаў палы шкодныя, паколькі занадта частыя пажары, хутчэй за ўсё, падрываюць аднаўленне кармавой базы і негатыўна ўплываюць на развіццё лічынак.

— Некаторы час таму, — успамінае Анатоль Кулак, — побач з Мінскам, каля вёскі Калодзішчы, існаваў вайсковы палігон, на тэрыторыі якога жылі прыродныя супольнасці, незвычайна багатыя на чырванакніжныя і рэдкія для Еўропы віды. Пасля спынення вучэбных ваенных дзеянняў пачалося натуральнае зарастанне адкрытых лугавін і верасовых пустак вербалозам, хвояй, асінай, бярозай. Цяпер усё радзей і радзей там сустракаюцца архідэі ятрышнік абпалены, пылкагалоўнік даўгалісты, арніка горная, гарычавачка гаркаватая, лілея кучаравая («царскія кучары») і многія іншыя рэдкія расліны. Практычна зніклі рэдкія блакітніца алексіс, шашачніца, махаон. А пакуль толькі тут з усёй тэрыторыі Беларусі выяўленыя надзвычай рэдкі ў Еўропе начны матылёк — пядзенік. У свой час батанікі і энтамолагі рэкамендавалі далучыць гэтую ўнікальную тэрыторыю да суседняга біялагічнага заказніка «Глебкаўка» і прапісаць для яе правядзенне навукова абгрунтаваных дробнаконтурных выпальванняў. Але нават такія накіраваныя палы не могуць паўнавартасна замяніць пакосы і выпас буйной рагатай жывёлы.

Гісторыя пажараў на Альманах

Некантралюемае наведванне чалавекам у сукупнасці з экстрэмальнымі пагодна-кліматычнымі ўмовамі апошніх гадоў прывялі да спусташальных лясных і тарфяных пажараў, якія знішчылі біяразнастайнасць на значнай частцы асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыі Альманскіх балот. Беларускія навукоўцы Сяргей Русецкі, Дзмітрый Жылінскі і Дзмітрый Грумо з Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі на аснове архіва праграмы Lаndsаt выканалі рэканструкцыю гісторыі пажараў на тэрыторыі гэтага лесабалотнага комплексу за перыяд 1985—2018 гадоў.

Яны высветлілі, што найбольш інтэнсіўныя пажары праходзілі ў 1995 годзе (10,7 тыс. га), 2002-м (12,4 тыс. га) і 2015-м (13,4 тыс. га). Таксама было ўстаноўлена, што асноўныя ўчасткі лакалізацыі агню размешчаны ў паўднёвым, заходнім і ўсходнім сектарах ААПТ. Навукоўцы выявілі, што ў гадавым цыкле пажары назіраюцца з канца сакавіка і да пачатку снежня. Пік прыпадае на верасень — верагодна, гэта звязана з найбольш нізкім узроўнем стаяння балотных водаў і са зборам журавін у гэтых месцах.

Вынікі аналізу карты пажараўстойлівасці расліннага покрыва (у межах Альманскіх балот) паказалі, што да 1-га класа (найменш устойлівая расліннасць) адносяцца 5,2 % тэрыторыі; да 2-га (няўстойлівая) — 14,8 %; да 3-га (сярэдняўстойлівая) — 35,2 %; да 4-га  (устойлівая) — 22,5 % і да 5-га  (найбольш устойлівая) — 22,3 %.

Раслінныя супольнасці з высокім патэнцыялам прыроднай пажарнай небяспекі (1-ы, 2-і клас устойлівасці) распаўсюджаныя адносна раўнамерна па ўсёй тэрыторыі тэставага палігона. На аснове заніравання тэрыторыі па класах пажарнай устойлівасці навукоўцы распрацавалі комплекс мер па зніжэнні рызыкі ўзнікнення пазаштатных сітуацый на тэрыторыі лесабалотнага комплексу «Альманскія балоты».

Вольга ПРАЛЮК

Фота Анатоля КУЛАКА

Загаловак у газеце: Ці выжыве сатыра юта?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Трэці раз ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812» на два дні перанёс пасёлак больш чым на два стагоддзі назад. 

Грамадства

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Сярод знаёмых у мяне ёсць шмат жанчын, якія звяртаюцца да ўрача пры любым занядужанні і пры кожнай магчымасці афармляюць бальнічны ліст. 

Культура

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Пісьменнік і дысідэнт Андрэй Сіняўскі, калі расказваў пра ўтрыраваную дробязнасць савецкай «цывілізацыі», прывёў у прыклад аповесць Міхаіла

Грамадства

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы са старшынёй Савета Федэрацыі Валянцінай Мацвіенка.