Вы тут

Гродзенская вобласць таксама сустракае ІІ Еўрапейскія гульні


Нягледзячы на тое, што грандыёзная спартыўная падзея пройдзе ў Мінску, рэгіянальны аргкамітэт жыве ў напружаным рытме. І не дзіва. Прыгранічны рэгіён сустракае значную колькасць гасцей, якія пачалі прыязджаць з-за мяжы. Балельшчыкі і ўдзельнікі ІІ Еўрапейскіх гульняў могуць скарыстацца бязвізавым рэжымам, які дзейнічае з 10 чэрвеня да 10 ліпеня.


Настрой на гасцінны прыём

Плануецца, што праз памежныя пункты пропуску, што на тэрыторыі вобласці, на спартыўнае свята трапяць больш за 30 тысяч замежных гасцей. Таксама прыедзе шмат турыстычных груп, якія наведаюць як сталіцу, так і Гродзенскі рэгіён. Для пашырэння інфарматыўнасці на трасе М6, рэканструкцыя якой нядаўна завяршылася, устаноўлена 50 знакаў менавіта турыстычнага кірунку, што дазволіць замежнікам лепш арыентавацца ў рэгіёне. Будзе і яшчэ адзін важны інфармацыйны кантэнт.

— На гэтым тыдні мы запускаем новы мабільны дадатак «М6» пра магчымасці турыстычнага сэрвісу ў Гродзенскай вобласці, — паведаміў начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Алег Андрэйчык. — Гэта дазволіць лепш арыентавацца ў славутасцях рэгіёна, а магчыма, падштурхне турыстаў завітаць сюды па дарозе ў сталіцу. Дадатак будзе мець англамоўную версію, яго можна будзе лёгка спампаваць.

Для прыцягнення турыстаў робіцца многае. На трасе М6 наладжаны прыдарожны сэрвіс, насычаецца каляндар падзей на гэты час, усе гіды прайшлі неабходную сертыфікацыю. Гродзеншчына мае добры вопыт прыёму турыстаў, спрыяе гэтаму і бязвізавы рэжым. Дарэчы, днямі тут сустракалі 50-тысячнага турыста — жанчыну з Польшчы, якой падарылі білет на адно са спаборніцтваў Гульняў. У рэгіёне працуюць на тое, каб стварыць максімальна зручныя ўмовы для замежных гасцей.

— Гродзенская вобласць, як і ўся краіна, рыхтавалася да гэтай падзеі, — падкрэсліў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч. — Тысячы гасцей — спартсменаў, удзельнікаў, балельшчыкаў — перш чым трапіць у сталіцу, будуць перасякаць межы рэгіёна. Важна, што яны тут убачаць, ці захочуць прыехаць сюды яшчэ раз. Таму задача — паказаць такі ўзровень гасціннасці і турыстычнай інфраструктуры, каб замежнікі захацелі вяртацца сюды зноў.

І зацікаўленасць ёсць. Ужо 20 турыстычных груп з-за мяжы вырашылі камбінавана падысці да паездкі ў Беларусь і разам з Гульнямі наведаць турыстычныя аб'екты Гродзеншчыны.

Апынуцца ў атмасферы Гульняў

Подых спаборніцтваў адчуваюць і ў Гродне. Намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама Зоя Кулеша расказала, што ў горадзе з'явяцца бігборды з выявамі спартсменаў-удзельнікаў.

Эпіцэнтрам падзей стане ЦСК «Нёман», дзе арганізавана фан-зона на 300 пасадачных месцаў з вялікім экранам. Гасцей чакаюць беларуская кухня, фотазоны, пляцоўкі для дзяцей, інфармацыйная літаратура. Балельшчыкам дапамогуць 30 валанцёраў.

Фан-зона будзе працаваць з 16 да 21 гадзіны на працягу ўсіх спаборніцтваў, а трансляцыя важных спартыўных падзей будзе весціся з 10 гадзін. Дарэчы, падчас цырымоніі адкрыцця Гульняў у Мінску выступіць заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь «Ансамбль танца, музыкі і песні «Белыя росы», што ў Гродне.

Аддаецца ўвага бяспецы і ахове парадку. У абласным упраўленні ўнутраных спраў паведамілі, што асабісты склад перайшоў на ўзмоцнены рэжым нясення службы. Забяспечваць грамадскі парадак у Мінску будзе і зводны атрад з ліку супрацоўнікаў Гродзенскага ўпраўлення ўнутраных спраў. У Гродне пад асаблівую ўвагу трапяць фан-зона і культурныя мерапрыемствы.

З марай пра першынства

У гэты час спартсмены актыўна рыхтуюцца да адказных выступленняў. У склад зборнай краіны ўвайшлі 30 атлетаў Гродзеншчыны, якія будуць адстойваць гонар краіны ў 13 відах спорту. Па прадстаўніцтве гродзенцы займаюць трэцяе месца пасля Мінска і Гомеля. Яшчэ восем чалавек — у рэзерве. Гэта ўдвая больш, чым было на І Еўрапейскіх гульнях у Баку, калі гродзенцы заваявалі для Беларусі восем медалёў. Найбольшае прадстаўніцтва — па спартыўных адзінаборствах, такіх як барацьба, дзюдо, самба.

Гродзенцы ёсць і ў зборнай па пляжным футболе, — дарэчы, гэты від спорту хоць і малады, але вельмі папулярны: на спаборніцтвы па ім раскуплены ўсе білеты, паведамілі ў абласным упраўленні спорту і турызму. Таксама ёсць удзельнікі з Гродна і ў такіх відах спорту, як стральба, веласпорт, бокс, скачкі на батуце і іншыя. Гродзенскія спартсмены ўпершыню прадстаўлены ў такім шырокім фармаце. На фінішнай прамой яны трэніруюцца вельмі напружана, кожны выкладваецца па максімуме і настроены на перамогу. І гэта сапраўды спартсмены высокага ўзроўню — фіналісты і прызёры Алімпійскіх гульняў, чэмпіёны і прызёры сусветных і еўрапейскіх спаборніцтваў.

Падтрымаць сваіх землякоў паедуць у сталіцу гродзенскія балельшчыкі. Адсюль накіруюцца каля 40 аўтобусаў. Для сваіх жыхароў раёны набылі 10 тысяч білетаў.

Маргарыта Ушкевіч

Загаловак у газеце: Білет на гульні, фан-зоны для гледачоў і надзея на перамогу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове. 

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?