Вы тут

«Ці бачыце вы ў «Кніжных сустрэчах у Мірскім замку» традыцыю?»


Новым адрасам сучаснага кніжніцтва ў Беларусі становіцца фестываль у гарадскім пасёлку Мір. «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку», рупліва падтрыманыя Гродзенскім аблвыканкамам і Карэліцкім райвыканкамам, паказалі, што цікавасць да айчыннай кнігі на Гародзеншчыне надзвычайная. Пра гэта гавораць і госці, удзельнікі фестывалю. З некаторымі з іх пагутарыў наш карэспандэнт, задаўшы ўсяго адно пытанне: «Ці бачыце вы ў «Кніжных сустрэчах у Мірскім замку» традыцыю?»


Алесь Бадак, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура»:

— Гэтае першае кніжнае свята ў Мірскім замку — як вопыт асаблівай увагі да літаратуры гістарычнай, асветніцкай. На працягу дня мы размаўлялі з наведвальнікамі, пакупнікамі. Сустрэчы дапамаглі нам вылучыць і новыя тэматычныя акцэнты ў кнігавыданні.

Навум Гальпяровіч, паэт, радыёжурналіст:

— Фестываль уразіў. Найперш тым, што ў адзін дзень столькі сабралася пісьменнікаў, дзеячаў культуры. Прэзентацыі Анатоля Бутэвіча, Віктара Хурсіка, Уладзіслава Місевіча (абавязкова прачытаю яго кнігу пра «Песняроў»!), Мікалая Ефімовіча (даведаўся, што вядомы тэлежурналіст яшчэ і аўтар кнігі пра Маю Плісецкую)...

Нур аль-Даіем Абда аль-Гадзір Хамад аль-Ніел, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Судан у Рэспубліцы Беларусь:

— Я толькі яшчэ знаёмлюся з Беларуссю. Найперш, зразумела, займаюся арганізацыяй эканамічных, палітычных стасункаў паміж нашымі краінамі. І пасля візіту ў Мірскі замак, куды я трапіў упершыню, уражаны ўвагай да кніжніцтва ў Беларусі. Спадзяюся, што мы станем рухацца да супольнай працы і ў гэтым кірунку. Чакаем беларускіх кнігавыдаўцоў на традыцыйным Хартумскім кніжным кірмашы.

Кастусь Качан, мастак:

— Мне здаецца, што ў кніжнай справы і выяўленчага мастацтва ёсць нямала кропак судакранання. А што, як не гістарычная атмасфера, павінна спрыяць гэтаму?! Грамадства цягнецца да культуры. І творцам гэта трэба ўлічваць, адгукацца на гэты пасыл.

Валерый Казакоў, сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Расіі, намеснік старшыні ФНКА «Беларусы Расіі»:

— «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку» павінны стаць добрай традыцыяй. Месцам, куды проста прыходзяць на сустрэчу з сябрамі, прыходзяць па новыя кніжныя набыткі. Дакладней — на сустрэчу з новымі кнігамі! Дзякуй арганізатарам, што змаглі супольна правесці такое сапраўды кніжнае свята!

...«Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку» — новы і цікавы праект, які прыцягнуў увагу да беларускай друкаванай кнігі. Добра было б мець такія асветніцкія, кніжныя праекты ў розных гарадах, розных рэгіёнах краіны. Хіба ж не шануюць друкаваную кнігу, хіба ж не цікавяцца ёю ў Віцебску і Магілёве, Гомелі і Брэсце, іншых гарадах, іншых куточках Беларусі?!

Гутарыў Мікола Берлеж

Загаловак у газеце: Нараджэнне традыцыі

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.