Вы тут

Беларусь разглядае Егіпет у якасці найважнейшага партнёра ў рэгіёне Блізкага Усходу


Прэзідэнты Беларусі і Егіпта сустрэліся ў Палацы Незалежнасці.


Спачатку беларускі лідар правёў афіцыйныя перамовы з Абдэль Фатахам аль-Сісі ў вузкім складзе.

«Паважаны спадар прэзідэнт, сказаць, што мы рады вашаму візіту — гэта значыць, нічога не сказаць, — адзначыў беларускі лідар. — Мы сапраўды чакалі і рыхтаваліся да яго, таму што гэта гістарычны візіт прэзідэнта гіганцкай афрыканскай краіны, вялікай краіны ў нашу Беларусь».

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што падчас яго візіту ў Егіпет у 2017 бакі намецілі план дзеянняў.

«Павінен сказаць, што мы нямала зрабілі ў плане рэалізацыі гэтых мерапрыемстваў і падвоілі наш тавараабарот. У нас быў ён каля 50 млн долараў, цяпер звыш 100 млн долараў. Гэта добры пачатак, але не мяжа», — падкрэсліў ён.

На яго думку, наладзіць маштабнае ўзаемадзеянне паміж дзяржавамі ў сучасную эпоху вельмі складана. Прычыны розныя: рынкі занятыя, партнёрскія адносіны склаліся даўно, яны стабільныя. Нягледзячы на гэтыя складанасці, Беларусі і Егіпту ўдалося іх пераадолець, упэўнены кіраўнік дзяржавы.

«Апошнія некалькі гадоў характарызуюцца тым, што мы намацалі тую дарогу, па якой можам рухацца», — дадаў беларускі лідар.

Прэзідэнт Беларусі запэўніў свайго калегу, што ўсё, пра што бакі дамовіліся, што паабяцалі — як раней, так і ў ходзе гэтага візіту — безумоўна будзе рэалізавана ў намечаныя тэрміны.

У адказ прэзідэнт Егіпта падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за цёплы прыём і гасціннасць. Паводле яго слоў, усе дамоўленасці, якія былі дасягнуты падчас візіту Прэзідэнта Беларусі ў Егіпет, выконваюцца, іх рэалізацыя будзе працягнутая. Ён дадаў, што ў Егіпта ёсць жаданне пашыраць і ўмацоўваць супрацоўніцтва з Беларуссю.

Ён таксама пагадзіўся з тым, што ўсё, што на дадзены момант дасягнута, не адпавядае чаканням і памкненням.

«Разлічваем, што візіт у Беларусь дасць штуршок ва ўмацаванні і развіцці адносін па ўсіх пытаннях, якія мы будзем абмяркоўваць, — сказаў ён. — Думаю, што падпісанне пагаднення аб стварэнні Дзелавога савета і падпісанне пагаднення аб дарожнай карце таксама будуць спрыяць развіццю нашых адносін».

Беларусь разглядае Егіпет у якасці найважнейшага партнёра ў рэгіёне Блізкага Усходу і на Афрыканскім кантыненце

На афіцыйных перамовах з прэзідэнтам Арабскай Рэспублікі Егіпет Абдэль Фатахам аль-Сісі ў пашыраным складзе Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў адносінах Беларусі і Егіпта няма праблем і закрытых тэм. 

«Першы візіт кіраўніка егіпецкай дзяржавы — гэта гістарычная падзея ў двухбаковых адносінах, — зноў падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Хачу павіншаваць Вас, увесь егіпецкі народ з паспяховым завяршэннем пераўтварэнняў, асабліва ў палітычным плане, і адзначыць дасягненні ў сацыяльна-эканамічнай стабілізацыі, і самае галоўнае — у барацьбе з міжнародным тэрарызмам».

Ён звярнуў увагу, што дадзены рэгіён відавочна дэстабілізаваны — ад Афганістана і да Судана, аднак Егіпту ўдалося стрымаць негатыўныя працэсы і ўтрымаць краіну. Кіраўнік дзяржавы павіншаваў прэзідэнта Егіпта з гэтым дасягненнем і тым, што ўдалося выйсці на рэйкі стабільнага развіцця. І гэта важна як для рэгіёну, так і для ўсяго свету.

Паводле яго слоў, Беларусь надае вялікае значэнне развіццю прыязных сувязей з Егіптам і разглядае гэтую краіну ў якасці найважнейшага партнёра ў рэгіёне Блізкага Усходу і на Афрыканскім кантыненце. Беларускі бок вітае ўзрастаючую ролю Егіпта ў Афрыцы — яе сведчаннем з’яўляецца абранне прэзідэнта Егіпта Старшынёй Афрыканскага саюза.

Беларускі лідар падкрэсліў: паміж нашымі дзяржавамі няма абсалютна ніякіх праблемных пытанняў, няма закрытых тэм для абмеркавання. Пры гэтым важна, што бакі актыўна перайшлі да трансфармацыі дружалюбных палітычных адносін у шматпланавае і выгаднае эканамічнае супрацоўніцтва. І сёння ўжо ёсць адчувальны вынік і сур’ёзны прагрэс на гэтым напрамку, дадаў Прэзідэнт Беларусі.

Акрамя таго, ідзе рэгулярны абмен урадавымі, парламенцкімі і дзелавымі дэлегацыямі. Рэалізавана і падрыхтавана на новы перыяд «дарожная карта» двухбаковага супрацоўніцтва.

Наконт тавараабароту кіраўнік дзяржавы сказаў, што зараз ен не адпавядае існуючаму патэнцыялу, у нас ёсць усе магчымасці выйсці на больш высокія паказчыкі.

Просты абмен таварамі — гэта архаіка

Кіраўнікі дзяржаў дамовіліся, што бакі прыкладуць усе намаганні для таго, каб ліквідаваць існуючыя бар’еры ў гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. У прыватнасці, хацелася б мець выразную сістэму рэгістрацыі пастаўшчыкоў беларускай прадукцыі ў Егіпет.

Ён звярнуў увагу, што для павелічэння аб’ёмаў прадукцыі сумеснай вытворчасці патрабуецца стварэнне ўрадам Егіпта роўных умоў па ўдзелу ў тэндарах, размяшчэнні дзяржаўных заказаў на тавары, што вырабляюцца ў рамках сумесных праектаў, аказанне фінансавага садзейнічання прадпрыемствам.

Тое ж самае зробіць і Беларусь са свайго боку.

«Мы разлічваем ствараць разам з вамі прадукт і сумесна забяспечваць яго рэалізацыю, збыт, у тым ліку на знешніх рынках, асабліва на афрыканскім кантыненце, які мае патрэбу ў сучасных простых і танных таварах, у тым ліку ў сферы машынабудавання. Гэта дазволіць вашай краіне павялічыць экспарт. Такі падыход выгадны як Мінску, так і Каіру», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь выступае за свабоднае перамяшчэнне тавараў і падтрымлівае прапанову егіпецкага боку аб заключэнні пагаднення аб свабодным гандлі паміж краінамі—членамі ЕАЭС і Егіптам.

«Спадар прэзідэнт, мы з Вамі дамовіліся аб тым, што будзем пераходзіць да больш сучасных і шматпланавых эканамічных адносін. Работа ў гэтым кірунку ўжо вядзецца. Просты абмен таварамі — гэта несучасны ўзровень», — падкрэсліў беларускі лідар.

Упор — на тэхніку

У якасці асноўнага метаду нашага ўзаемадзеяння вызначаны праектны падыход. Сучасная і развітая прамысловасць — адзін з моцных бакоў беларускай эканомікі. І мы гатовыя дзяліцца з егіпецкімі партнёрамі ўласнымі прамысловымі тэхналогіямі, паведаміў кіраўнік дзяржавы.

Так, у адпаведнасці з дамоўленасцямі, ў Каіры дадзены старт сумеснаму праекту па вытворчасці аўтатэхнікі МАЗ. У 2018 годзе выраблена 72 адзінкі. «Гэта добры пачатак. Важна, спадар Прэзідэнт, на стадыі станаўлення гэтага прадпрыемства падтрымаць гэтую вытворчасць заказамі егіпецкай дзяржавы», — сказаў ён.

На думку Прэзідэнта, неабходна даць яму магчымасць разгарнуцца і самастойна напрацаваць партфель заказаў. Для стабільнай рэнтабельнасці завод павінен выпускаць не менш як 350–400 адзінак тэхнікі ў год. Са свайго боку Беларусь таксама гатова аказаць падтрымку.

Акрамя таго, шматпрофільнае зборачнае прадпрыемства ў егіпецкай Александрыі павялічвае вытворчасць трактароў «Беларус». Яшчэ ў Каіры створаны зборачныя лініі пагрузчыкаў і сельскагаспадарчага абсталявання.

Пра сельскую гаспадарку, прамысловасць і адукацыю

«Мы азнаёмілі спецыялістаў Міністэрства абароны Егіпта з беларускім вопытам, перадалі асобныя тэхналогіі стварэння цяплічных комплексаў, мяса-малочных ферм, вытворчасці дзіцячага харчавання, жытняга хлеба, вырошчвання агародніны ў закрытым грунце. Калі ў вас ёсць жаданне выкарыстоўваць беларускі вопыт, мы гатовыя падключацца да вашых праектаў», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Зараз Егіпет актыўна рэалізуе нацыянальную праграму па стварэнні цяплічных комплексаў. Для іх патрэбна адпаведная тэхніка — пробная партыя малагабарытных трактароў для прамысловых цяпліц ужо выраблена. Вырабляць іх магчыма на сумесным прадпрыемстве ў Александрыі.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў егіпецкім прадпрыемствам разам выпускаць пасажырскую тэхніку, электробусы, трамваі, дызельныя рухавікі, ліфтавае абсталяванне, збожжасховішчы, аўтамабілі спецыяльнага прызначэння.

Перспектыўнае для двух краін узаемадзеянне не толькі ў традыцыйных сферах, але і ў сучасных навукова-тэхнічных праектах у галіне высокіх тэхналогій. 

«Нашы акадэміі навук ужо працуюць над рэалізацыяй сумесных праектаў. Разлічваем, што вынікі гэтай працы ў хуткай будучыні знойдуць практычнае прымяненне ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы дзвюх краін», — заявіў Прэзідэнт.

Егіпецкаму боку прапанаваны праекты ў галіне электроннага ўрада, лічбавай трансфармацыі, кібербяспекі, камп’ютэрных гульняў.

У якасці аднаго з прыярытэтных напрамкаў супрацоўніцтва краінамі была абраная сфера адукацыі — гэта галіна непасрэдна звязаная з моладдзю, развіццём яе патэнцыялу, спартыўных і творчых здольнасцяў, прапагандай здаровага ладу жыцця.

«Я ведаю, якую ўвагу, спадар прэзідэнт, вы надаеце моладзі. Гэта нядзіўна: 60% насельніцва Егіпта — гэта маладыя людзі, якія жадаюць быць адукаванымі і мець працу. Мы вітаем вашу ініцыятыву аб правядзенні ў Егіпце штогадовага Сусветнага маладзёжнага форуму. Мы будзем рабіць усё, каб кантакты паміж маладымі людзьмі Егіпта і Беларусі ўзмацняліся і развіваліся. Беларускія прадстаўнікі будуць актыўна ўдзельнічаць у гэтых мерапрыемствах», — сказаў беларусі лідар.

Ён пацвердзіў і раней накіраванае запрашэнне для групы егіпецкіх падлеткаў прыехаць на аздараўленне ў Беларусь у бягучым годзе.

Але наша краіна можа прапанаваць не толькі цікава і пазнаваўча правесці адпачынак, Беларусь валодае значным патэнцыялам у галіне адукацыі, падрыхтоўкi спецыялістаў, запатрабаваных у эканоміцы. 

«У цяперашні час у Беларусі праходзяць навучанне ўсяго 20 егіпецкіх грамадзян. Мы выдзелілі адукацыйныя гранты грамадзянам Егіпта на навучанне ў беларускіх ВНУ. Гэта толькі пачатак, мы хацелі бы бачыць вашых маладых людзей, якія імкнуцца атрымаць сучасную адукацыю ў Беларусі ў большай колькасці», — паведаміў Аляксандр Лукашэнка.

Пра турызм

За апошнія два гады турыстычная плынь з Беларусі ў Егіпет павялічылася больш чым у чатыры разы 

Прэзідэнт Беларусі нагадаў, што два гады назад (падчас афіцыйнага візіту ў Каір) лідары ўжо адзначалі: у справе развіцця дружалюбных адносін паміж двума народамі важнае месца займае турызм.

«За гэтыя апошнія два гады турыстычная плынь з Беларусі ў Егіпет павялічылася больш чым у чатыры разы. Мы, спадар прэзідэнт, хацелі бы, каб і вашы людзі часцей бывалі ў Беларусі. Як вы сёння сказалі: „У Беларусі для егіпецкіх грамадзян ёсць, што паглядзець“. А мы створым усе ўмовы для таго, каб грамадзяне Егіпта атрымалі тут усё неабходнае, прыехаўшы на адпачынак», — дадаў ён.

І Беларусь, і Егіпет валодаюць багатай культурнай і гістарычнай спадчынай. Кіраўнік дзяржавы адзначыў зацікаўленасць у абмене вопытам у гэтай сферы, а таксама гатоўнасць арганізаваць узаемныя візіты спецыялістаў музеяў, археолагаў, рэстаўратараў, правесці ў сябе Дні культуры Егіпта.

«Упэўнены, што па выніках гэтых перамоваў мы намецім новыя канкрэтныя крокі, якія будуць спрыяць паглыбленню станоўчай дынамікі развіцця нашых адносін. Мы заўсёды гатовыя да адкрытага дыялогу, абмеркавання актуальных пытанняў супрацоўніцтва ў інтарэсах народаў нашых краін», — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Па выніках перамоў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах аль-Сісі звярнуліся да прадстаўнікоў СМІ з заявамі.

Афіцыйны візіт кіраўніка егіпецкай дзяржавы стане пачаткам больш актыўнага ўзаемадзеяння краін, якія пераходзяць да новага этапа супрацоўніцтва.

«Вынікі перамоў ацэньваю як плённыя — супрацоўніцтва паміж краінамі развіваецца, у апошнія два гады адзначана значная дынаміка па многіх напрамках. Егіпет быў і застаецца для нас важным і надзейным партнёрам у Афрыцы і на Блізкім Усходзе», — сказаў беларускі лідар.

Беларусь імкнецца ўмацоўваць адносіны з афіцыйным Каірам на прынцыпах раўнапраўя, узаемнай павагі і даверу. «З прэзідэнтам Егіпта мы адкрыта абмеркавалі сучасную геапалітычную сітуацыю», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы падабенства падыходаў да найважнейшых пытанняў глабальнага парадку дня. 
Асноўную ўвагу падчас сустрэчы лідары краін надалі гандлёва-эканамічным адносінам, прааналізавалі выкананне даручэнняў, ход рэалізацыі сумесных праектаў. «З упэўненасцю магу сказаць пра тое, што нашы дамоўленасці выконваюцца. І беларускія, і егіпецкія ведамствы сапраўды прыкладаюць намаганні для рэалізацыі адзначанага», — заявіў Прэзідэнт Беларусі.

Беларусь і Егіпет імкнуцца прыйсці да больш сучасных і шматпланавых эканамічных адносін. Краіны зацікаўлены ў рэалізацыі комплексных праектаў па прасоўванні беларускай высокатэхналагічнай прадукцыі ў Егіпет, у стварэнні сумесных прадпрыемстваў з высокай ступенню лакалізацыі і арганізацыі збыту вырабленай прадукцыі і ў трэціх краінах. Гэты варыянт супрацоўніцтва ўзаемавыгадны для абодвух партнёраў. 

Беларускі бок спадзяецца на больш хуткае падпісанне пагаднення аб свабодным гандлі паміж ЕАЭС і Егіптам.

«Патэнцыял супрацоўніцтва ў нашых краін вялікі. Беларусь уваходзіць у Еўразійскі эканамічны саюз. Егіпет з’яўляецца ўдзельнікам шматлікіх інтэграцыйных аб’яднанняў, перад усім у Афрыцы. Нам ёсць што прапанаваць гэтаму рэгіёну. Таму неабходна і далей працаваць сумесна, ствараць сумесныя прадукты для іх рэалізацыі як у Афрыцы, так і ў Еўразіі», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Егіпецкія спецыялісты азнаёміліся з беларускімі тэхналогіямі процідзеяння кіберпагрозам і забяспечання бяспекі пры правядзенні масавых спартыўных мерапрыемстваў, у тым ліку ў рамках падрыхтоўкі да Другіх Еўрапейскіх гульняў. Беларусы правялі навучальны курс у галіне дызайну і вытворчасці мэблі для егіпецкіх калег. Усё гэта зроблена за два з невялікім гады.

У сваю чаргу прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах аль-Сісі ўпэўнены, што яго візіт у Беларусь надасць новы імпульс супрацоўніцтву дзвюх краін.

«Мы правялі сёння вельмі грунтоўныя перамовы, у ходзе якіх абмеркавалі шляхі ўмацавання ўсіх аспектаў двухбаковых адносін. Адбыўся абмен меркаваннямі па актуальных пытаннях, якія прадстаўляюць сумесны інтарэс, пацвердзілі наша агульнае жаданне ўмацаваць і пашырыць супрацоўніцтва паміж намі. Мы гаварылі таксама аб міжкультурным складніку двухбаковых адносін і міжпарламенцкіх сувязях паміж нашымі краінамі», — паведаміў прэзідэнт Егіпта.

Асновай для пашырэнне эканамічных сувязяў стане беларуска-егіпецкі дзелавы савет, пра заснаванне якога дамовіліся лідары. 

«Абмеркаваны таксама магчымасці плённага супрацоўніцтва ў сферы турызму, узаемадзеяння ў сферы энэргетыкі, прыроднага газа, асабліва ўлічваючы ролю Егіпта ў якасці регіянальнага цэнтру ў сферы энергетыкі і стратэгічна выгаднае геаграфічнае становішча Рэспублікі Беларусь як краіны-транзіцёра нафты ў Еўропу», — падкрэсліў кіраўнік Арабскай Рэспубліі Егіпет.

Абдэль Фатах аль-Сісі павіншаваў Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку з правядзеннем Другіх Еўрапейскіх гульняў, якія, па яго меркаванні, з’яўляюцца паказчыкам высокага аўтэрытэту Беларусі ў Еўропе.

Падчас афіцыйнага візіту прэзідэнты Беларусі і Егіпта падпісалі сумесную заяву. Мемарандумам аб узаемадапамозе паміж беларускім МАРТам і Міністэрствам гандлю і прамысловасці Егіпта створаны савет дзелавога супрацоўніцтва. Падпісаны Мемарандумы паміж Дзяржаўным камітэтам па стандартызацыі Беларусі і Егіпецкай арганізацыяй па стандартызацыі і якасці па супрацоўніцтве ў галіне стандартызацыі і інфармацыйнай падтрымцы. Такім жа дакументам зацвердзілі супрацоўніцтва ў сферы маладзёжнай палітыцы Міністэрства адукацыі Беларусі і Міністэрства моладзі і спорту Егіпта. Акрамя таго падпісана «Дарожная карта» развіцця супрацоўніцтва паміж краінамі на 2019-2020 гады.

Марыя ДАДАЛКА

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.