Вы тут

МАЗы Мікалаеву — да твару!


Ва ўкраінскім горадзе суднабудаўнікоў ацанілі беларускія аўтобусы


Беларусы Мікалаева з Амбасадарам Беларусі ва Украіне Ігарам Сокалам у часе прэзентацыі аўтобусаў

Радасную навіну першай у рэдакцыю паведаміла зямлячка Таццяна Дзяменнікава, кіраўніца суполкі “Голас Радзімы”: “У нас у Мікалаеве ўчора была вельмі важная для мікалаеўцаў падзея: перадача гораду 23 аўтобусаў Мінскага аўтазавода, набытых у лізінг. І наша суполка ў святочнай імпрэзе актыўна паўдзельнічала. Гурт “Родныя напевы” спяваў дзве песні: “Хлеб ды соль” і “Беларусь мая”. Падарылі беларускаму Амбасадару Ігару Сокалу каравай. Радаваліся за Мікалаеў, ганарыліся Бацькаўшчынай!!!”.

Паўдзельнічаць у імпрэзе актывістаў беларускай суполкі папрасілі з Амбасады Беларусі ва Украіне. Да таго ж дыпламаты прывезлі супляменнікам падарункі: кнігі на беларускай мове рознай тэматыкі. А таксама — пра тое Таццяна піша з клічнікамі — новы беларускі нацыянальны строй! Гэта, удакладняе, падарунак ад Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. За спрыянне асаблівая ўдзячнасць яе супрацоўніку апарата Упаўнаважанага Аляксандру Сасновічу, а таксама й Амбасадзе.

Рады, рады за вас, шаноўныя мікалаеўцы! Ну вы ж ведаеце: Бацькаўшчына спрыяе тым суполкам, што й самі актыўна працуюць на яе карысць. А ваш унёсак у пашырэнне беларускай прысутнасці ва ўкраінскім рэгіёне — важкі, заўважны. Вось бы яшчэ Гандлёвы дом “Беларусь” у Мікалаеве адкрыць! Хочацца верыць, што з маладым, крэатыўным мэрам горада Мікалаева Аляксандрам Сянкевічам і такое вам будзе пад сілу. Прызнацца, па прозвішчы мы падумалі: з нашых, беларускіх краёў ён родам. Але, інтэрнэт падказвае, што родзічы мы ў славянскай прасторы. Зрэшты, усе людзі — браты.

Тонкасці аўтобуснай справы знаходзім на сайце мікалаеўскай гарадміністрацыі: 23 сучасныя аўтобусы ў Мікалаеў патрапілі дзякуючы крэдытным сродкам ТАА “Exіmlіzіngs”. Дэманстрацыя камфартабельнага пасажырскага транспарту, адаптаванага да патрэб інвалідаў, прайшла на Інгульскім спуску 21 мая. У імпрэзе паўдзельнічалі мэр Мікалаева Аляксандр Сянкевіч, яго намеснік Юры Андрыенка, Надзвычайны й Паўнамоцны Амбасадар Беларусі ва Украіне Ігар Сокал, дарадца Амбасадара Кірыл Камышаў, дырэктар прадпрыемства “Миколаївпастранс” Аляксандр Ушакоў, дэпутаты мясцовай рады, іншыя месцічы. Яшчэ зімой мэр падпісаў дамову фінансавага лізінгу, паводле якой горад і атрымаў аўтобусы мадэлі МАЗ 206086. Аляксандр Сянкевіч упэўнены: гарадскія ўлады абавязаны спрыяць стварэнню якаснай сістэмы пасажырскіх перавозак у Мікалаеве.

Агульны кошт аўтобусаў — 73 мільёны грыўняў. Горад купляе іх у лізінг. Аўтобусы МАЗ будуць хадзіць па маршрутах “у Корабельний район, у Тернівку та Ракетне Урочище”. Транспарт абсталяваны рухавікамі экастандарту Еўра 5. У аўтобус могуць заязджаць людзі з абмежаванымі магчымасцямі, там ёсць кандыцыянер і GPS-трэкеры, камеры відэаназірання, сістэма сігналізацыі з табло.

Як адзначыў мэр, калі гараджане аб’яднаныя дзеля добрай справы, тады й найпрыгажэйшыя мары становяцца рэальнасцю. У часе прэзентацыі Аляксандр Сянкевіч звярнуў увагу: набыццё аўтобусаў стала магчымым дзякуючы, у першую чаргу, жыхарам Мікалаева, якія плацяць падаткі. Падзякаваў за супрацу кампаніі “Exіmlіzіngs”. Падзякаваў і Беларусі за падтрымку ўласнага вытворцы: “Урад Беларусі кампенсуе палову працэнтаў па пагадненні аб пазыцы, каб мы маглі зэканоміць уласныя грошы й выкарыстоўваць сучасны транспарт”, — удакладніў Аляксандр Сянкевіч.

Амбасадар Ігар Сокал заўважыў, прайшоўшыся па горадзе, змены да лепшага, што адбыліся дзякуючы рэформе дэцэнтралізацыі: “Мікалаеў, як і іншыя ўкраінскія гарады, мае магчымасць абнавіцца. Сёння мы бачым яркі прыклад супрацоўніцтва Беларусі ды Украіны, якая стала другім стратэгічным партнёрам для нашай краіны па аб’ёмах таваразвароту. Летась сума склала 5,5 мільярда долараў”. Дыпламат упэўнены: беларусам за пастаўленую тэхніку не будзе сорамна.

Іван Іванаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».