Вы тут

Ад Турава да Каялы


Беларускі асветнік ХІІ стагоддзя Кірыла Тураўскі — цяпер ужо нябесны заступнік і Данской зямлі


Удзельнікі канферэнцыі на Ігаравым полі

У Белакалітвінскім раёне Растоўскай вобласці адбылася важная падзея, што аднаўляе прадаўнюю повязь між землямі наўскрай беларускай Прыпяці й ціхага Дона. Спатрэбілася 18 гадоў, каб хвалі гістарычнай памяці ад штогодніх Міжнародных фестываляў “Каяльскія чытанні на Доне й рацэ Калітве”, якія прысвячаюцца “Слову аб палку Ігаравым”, дакаціліся й да старажытнага Турава. Паводле паданняў якраз у тым раёне, у ваколіцах хутара Пагарэлаў, на рацэ Каяле (цяпер Калітва) у 1185 годзе білася дружына князя Ігара з ардою палавецкага хана Канчака. Паводле звестак з старажытных летапісаў, князь Ігар сваю дружыну збіраў і ў Турава-Пінскім княстве. То можна меркаваць: тут зямля каяльская-данская акроплена была крывёю нашых супляменнікаў. Данскія беларусы лічаць гэты край і сваім Свяшчэнным полем.

Ужо амаль 13 гадоў мы ўдзельнічаем у фестывалі “Каяльскія чытанні”. На яго адкрыцці побач са сцягамі Расіі, Украіны ўрачыста падымаецца беларускі сцяг, гучыць Дзяржаўны гімн Беларусі. Тут, на Доне, у самым цэнтры Растоўскай вобласці, у Белакалітвінскім, Тацынскім, Марозаўскім, Мілюцінскім, Канстанцінаўскім і Семікаракорскім раёнах жыве каля 20 тысяч этнічных беларусаў. Ініцыяваў ды ладзіць фестывалі вялікі наш сябра Васілій Лук’янаў, нястомны арганізатар і кіраўнік гістарычнага руху. А ў 2012-м на Ігаравым полі быў урачыста адкрыты Памятны знак расійска-беларускай дружбы “Вешчы Баян-Гусляр”, зроблены Саюзам беларусаў Дона.

У лютым 2018 года мы з Васіліем Лук’янавым, калі былі ў першай краязнаўчай экспедыцыі, наведалі Тураў, што ў Гомельскай вобласці, яго музеі. У ліпені 2018-га была яшчэ экспедыцыя: з юнымі мастакамі па свяшчэнных палях Расіі ды Беларусі. Пачыналі з нашага Ігарава поля, далей былі Кулікова поле, Барадзінскае поле ў Расіі, а ў Беларусі — Партызанскі край, Тураўская Баянава зямля, Брэсцкая крэпасць-герой, Платаўскае поле паблізу Мірскага замка (Гродзеншчына), Курган Славы пад горадам-героем Мінскам. Па выніках экспедыцыі ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі прайшла прэзентацыя выставы. (Больш падрабязна гл.: “Жывапіс белых дарог” — ГР, 23.08.2018 — Рэд.).

Усё тое, ведаем цяпер — не выпадкова было! І калі Уладзімір Гаўрыловіч, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, звярнуўся ў Данскую дзяржаўную публічную бібліятэку з прапановай увекавечыць імя Кірылы Тураўскага на Данской зямлі, то ў Растове-на-Доне быў праведзены круглы стол. Там была прынята прапанова, што найлепшае месца для такой справы — Ігарава поле пры хутары Пагарэлаў, дзе праводзяцца “Каяльскія чытанні”, праходзіць рэканструкцыя бітвы, у якой паўдзельнічалі й нашы далёкія продкі. А Кірыл Тураўскі — сучаснік тых падзей, да таго ж, па меркаваннях некаторых вучоных, асветнік мог быць і верагодным аўтарам “Слова аб палку Ігаравым”.

І вось — падзея. 18 мая 2019 года з дабраславення епіскапа Валгадонскага і Сальскага Карнілія, пры актыўнай падтрымцы галавы адміністрацыі Белакалітвінскага раёна Вольгі Мельнікавай прайшла важная імпрэза: увекавечванне імя Кірылы Тураўскага на Данской зямлі. А можа гэта і ўпершыню ў Расіі: сельскі клуб і бібліятэка ўжо носяць імя вялікага асветніка. І Кірыла Тураўскі становіцца нябесным заступнікам як данскіх беларусаў, так і ўсіх праваслаўных на Поўдні Расіі.

Пачаткам падзеі стала правядзенне ў плыні XVІІІ Каяльскіх чытанняў 1-й навукова-практычнай канферэнцыі “Кірыла Тураўскі й наш час”. Паўдзельнічала ў ёй шмат шаноўных людзей: епіскап Валгадонскі й Сальскі Карнілій, кіраўніца адміністрацыі раёна Вольга Мельнікава, кіраўнік паддзялення Пасольства Беларусі ў Расіі ў Растове-на-Доне Уладзімір Неронскі, старшыня Асацыяцыі “Наш свет”, кіраўнік аргкамітэту чытанняў Васілій Лук’янаў, старшыня экспертнага савета Саюза беларусаў Дона, член Саюза мастакоў Расіі, кіраўнік дзіцячага творчага аб’яднання імя Кірылы Тураўскага Уладзімір Банцэвіч, кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар Паўднёвага федэральнага ўніверсітэта Віталь Стасевіч, пісьменнік-публіцыст, член савета Саюза беларусаў Дона Мікалай Салановіч, дырэктарка Данской дзяржаўнай публічнай бібліятэкі Яўгенія Калеснікава, старшыня палаты тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання Растоўскай вобласці Святлана Куценка, атаман Слаўнага войскі Запарожскага Валянцін Цымбал, старшыня Растоўскай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Саюз украінцаў Дона” Уладзімір Макарчук, заслужаны мастак Расіі, кіраўнік моладзевага аб’яднання Саюза мастакоў Расіі Ігар Раброў ды іншыя. Найактыўнымі ўдзельнікамі імпрэзы былі духавенства й мясцовыя казакі, якія вельмі шануюць Кірылу Тураўскага ды лічаць яго аўтарам “Слова аб палку Ігаравым”.

Гэтая падзея, на маю думку, яшчэ больш духоўна збліжае Дон і Беларусь: на “кроснах гісторыі” тчэцца палатно гістарычнай памяці ад ХІІ да ХХІ стагоддзя. І мацуецца повязь — як ініцыятыва энтузіястаў, як вынік дзейнасці народнай дыпламатыі, на аснове духоўных і патрыятычных памкненняў між людзьмі. А дух глыбока гістарычнай тэмы славянскага яднання, якім асветлена й “Слова аб палку Ігаравым”, надзвычай актуальны ў нашы дні.

Уладзімір Банцэвіч, старшыня экспертнага савета Саюза беларусаў Дона.

Ад рэдакцыі. Напярэдадні Дня Перамогі пры 112-й школе Растова-на-Доне тамтэйшыя беларусы заклалі сквер, які назвалі Баянавым. У той школе намаганнямі Уладзіміра Банцэвіча, яго аднадумцаў створаны “Музей Расійска-Беларускай этнакультурнай і грамадска-патрыятычнай традыцыі”. Так што, удакладняе зямляк, сквер — гэта як своеасаблівае прыроднае прадаўжэнне музею: “Мы пасадзілі клёны й ясені, плануем штогод па меры сіл дасаджваць іншыя дрэвы, пакуль ёсць месца. Побач і Рабінавая балка, зарослая дрэвамі, як гай, на дне балкі — ручай. А праз воды падземныя ўсе крыніцы ўзаемазвязаныя. То можа кроплі вады тут могуць быць і з крыніц Палесся — бо рэкі ж цякуць адтуль найбольш у паўднёвым напрамку”.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».