Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


«Вялікі грэх забыць той боль...»

Шмат выпрабаванняў выпала на долю ветэранаў вайны, але ж яны адстаялі гонар і незалежнасць нашай Радзімы, вярнулі свабоду зняволеным народам Еўропы, узнялі над Берлінам сцяг Перамогі!

Удзельнікаў тых падзей — ветэранаў — з кожным годам робіцца ўсё менш і менш. У нашым Чыгуначным раёне Гомеля 13 інвалідаў вайны, 47 яе ўдзельнікаў, 51 працаўнік тылу, 6 блакаднікаў Ленінграда...

Раённая ветэранская арганізацыя праводзіць вялікую работу па іх сацыяльнай абароне, стараецца падтрымаць, запрашае на сустрэчы з моладдзю, на ўрокі мужнасці. Напярэдадні 75-годдзя вызвалення Беларусі я хачу расказаць пра франтавіка, якога ведаюць не толькі ў нашым раёне і горадзе.

Алег Назаравіч Пліндаў нарадзіўся 14 сакавіка 1923 года ў гарадскім пасёлку Круглае ў сям'і служачага. Калі пачалася вайна, скончыў першы курс філалагічнага факультэта Магілёўскага педінстытута і быў уключаны ў склад партыйна-камсамольскага знішчальнага батальёна па барацьбе з нямецкімі дыверсантамі. Потым ваяваў памочнікам камандзіра ўзвода разведкі 91-й гвардзейскай дывізіі на Заходнім, Калінінскім і 3-м Беларускім франтах, двойчы быў паранены. Вясной 1944-га ў баях за чыгуначны паўстанак пад Віцебскам атрымаў трэцяе раненне, а ў выніку — інваліднасць. Дэмабілізаваўся Алег Назаравіч з ордэнамі Айчыннай вайны І і ІІ ступені, двума медалямі за адвагу...

Але ж у гады вайны здараліся і кур'ёзы. Вось толькі адзін: неяк камбат папрасіў у Алега процівагаз, а замест яго ў сумцы аказаліся... зборнікі вершаў Блока, Твардоўскага, Гётэ. «Камандзір як не абамлеў, — згадваў ветэран, — закрычаў: «Ты што — немца чытаеш?!» А я ў адказ: «Я з Гітлерам ваюю. Гэта — ганьба Германіі, а Гётэ — яе слава. Ён вялікі паэт!»

Алег Пліндаў ведаў, пра што казаў, бо захапляўся паэзіяй яшчэ да вайны...

Пасля вяртання на радзіму ён працаваў настаўнікам — вучыў іншых і адначасова давучваўся сам. Быў дырэктарам школы, загадчыкам РАНА: больш за 50 гадоў адпрацаваў у сістэме адукацыі, узнагароджаны медалём «За доблесную працу».

З 1946 года Алег Назаравіч супрацоўнічае з раённай газетай «Зара над Друццю», піша пра вайну. Дарэчы, падчас яе Алег Назаравіч вёў дзённікі, фрагменты якіх публікаваліся ў франтавых газетах. Свае запісы ён перадаў унучцы Таццяне...

А нядаўна ў франтавіка адбылася кранальная сустрэча ў нашым медуніверсітэце. Студэнты, якія прыехалі вучыцца з Індыі, Бангладэш, Туркменіі, наладзілі ў гонар ветэрана адмысловы канцэрт: кожны выбраў і ўголас прачытаў нейкі з вершаў Алега Назаравіча... Для ветэрана гэта было вельмі прыемна! Як і словы студэнткі Азізы Джумакулыевай, прадзед якой Джума Дурдыеў ваяваў пад Масквой, быў паранены і нядаўна адзначыў сваё 95-годдзе. Дзяўчына казала, што ад прадзядулі шмат чула пра вайну, што ўдзячная ўсім за перамогу, за тое, што нарадзілася і жыве ў мірны спакойны час. А на завяршэнне сустрэчы пакаленне маладых, якое не расстаецца з гаджэтамі, скарысталася імі і тут: студэнты рабілі сэлфі з героем і паэтам.

Алег Назаравіч Пліндаў — аўтар зборнікаў «Я мог бы погибнуть в 43-м...», «Рукопожатие», «Отставший от стаи» і «Какими мы были». У адным з іх ёсць такія радкі:

Великий грех забыть ту боль,

Весь строй солдатских обелисков,

Солдат, кто жертвовал собой

Под Брестом, Могилевом, Минском...

Т. І. Адамовіч, старшыня раённага Савета ветэранаў, г. Гомель.


Як вучыцца дзецям — разам ці асобна?

bochnianin.pl

Настаўнікі (асабліва са стажам) часта «перасякаюцца» са сваімі былымі вучнямі, і мяне асабіста найбольш радуюць сустрэчы з тымі, хто ўжо вызначыў сваё месца ў жыцці, хто ўпэўнена ідзе па абраным шляху, гадуе дзяцей, думае пра іх лёс... «Мы з жонкай вырашылі адправіць свайго сына ў прыватную гімназію, — прызнаўся надоечы адзін з маіх вучняў. — Там цяпер і ўзровень выкладання вышэйшы, і адносіны да дзяцей лепшыя». Мы абмеркавалі гэтую тэму, я прывёў свае довады і потым яшчэ доўга думаў: адкуль у людзей такія перакананні? Можа, з-за асобных педагогаў, якія ў дзяржаўных установах адукацыі несумленна выконваюць свае абавязкі? Ці ад чагосьці яшчэ?

Давайце ўспомнім школу часоў Савецкага Саюза. Тады дзеці аднаго ўзросту, як правіла, займаліся ў адным класе. Калі нехта з вучняў адставаў ад сваіх аднакласнікаў, атрымліваў дрэнныя адзнакі, не спраўляўся з праграмай, яго маглі пакінуць на другі, а то і на трэці год. За тры гады любы вучань, хай не вельмі добра, але вучэбны матэрыял засвойваў. Пасля васьмі-дзевяці класаў ён атрымліваў пасведчанне аб базавай адукацыі і мог вучыцца далей альбо пайсці працаваць.

Што адбываецца цяпер, пры 10-бальнай сістэме ацэнкі ведаў? Вучняў на другі год амаль не пакідаюць. Але ці правільна гэта, ці ўсе дзеці засвойваюць вучэбны матэрыял?

Да нядаўняга часу ў гімназіях нашай краіны вучні пасля чацвёртага класа павінны былі здаваць экзамены, каб перайсці ў сярэдняе звяно. Калі нехта «правальваўся», ішоў у пяты клас іншай школы. Такім чынам, у гімназіі заставаліся толькі моцныя вучні.

Цяпер такія экзамены адменены. Добра гэта ці дрэнна? Нядаўна давялося пачуць, як пра гэта спрачаліся жанчыны. Адны казалі, што цяпер нарэшце не будзе падзелу на «разумных» і «дурных» і ў гімназіі змогуць займацца ўсе ахвотныя дзеці, незалежна ад іх паспяховасці. Другія былі катэгарычна супраць: яны не хацелі, каб у адным класе з іх дзецьмі займаліся слабыя вучні, якія запавольваюць адукацыйны працэс.

Хто ж з іх мае рацыю?

Ну вядома ж, у кожным класе ёсць лепшыя вучні, якія па паспяховасці апярэджваюць сваіх аднагодкаў. На ўроку настаўніку даводзіцца даваць ім больш складаныя заданні, каб яны ішлі наперад і развіваліся, а самому больш займацца з іншымі, бо яны таксама павінны засвоіць неабходны матэрыял...

Я працую настаўнікам 4 класа. У ім дзевяць вучняў. Трое з іх займаюцца па праграме аддзяленняў дапаможнай школы, то-бок, калі казаць прасцей, — вучацца ў асобным інтэграваным класе і прысутнічаюць толькі на некаторых нашых уроках, такіх, напрыклад, як фізкультура і здароўе, маляванне, музыка і г. д. Я як класны кіраўнік не толькі на ўроках, але і ў пазаўрочны час на агульных мерапрыемствах стараюся аб'яднаць і згуртаваць сваіх вучняў, каб ніхто з іх не адчуваў сябе аддзеленым ад асноўнага класа, стараюся зрабіць усё магчымае, каб такі падзел не быў для дзіцяці балючы.

Цяпер вялікая ўвага аддаецца ўзроўню разумовых здольнасцяў. Ужо на пачатковай ступені спецыяльныя камісіі вызначаюць, можа дзіця навучацца ў асноўным класе ці яму больш падыдзе спецыяльная праграма. Пры пэўнай колькасці такіх вучняў фарміруюцца нават цэлыя класы, у якіх павінны працаваць настаўнікі-дэфектолагі.

Трэба сказаць, што апошняе слова тут застаецца за бацькамі. Толькі ім вырашаць, вучыцца іх дзіцяці ў такім вось класе ці не. Мы, педагогі, а таксама адміністрацыя школы стараемся пераканаць бацькоў у неабходнасці дадзенай формы навучання для іх дзяцей. Бо рэдкі настаўнік захоча, каб у яго класе займаўся слабы вучань, які не будзе ў вучобе паспяваць за сваімі аднагодкамі. Ды і для адміністрацыі школы фарміраванне такіх асобных класаў — гэта дадатковыя працоўныя месцы. Але ж у першую чаргу мы павінны працаваць для дзяцей і рабіць так, каб лепш было ім.

Такім вучням адразу пасля школы давядзецца ісці вучыцца далей, а некаторым пры жаданні ўладкоўвацца на працу. Праўда, не ўсе з іх змогуць працаваць там, дзе захочуць, бо не ў кожнай арганізацыі возьмуць на работу чалавека з такім вось «асаблівым» пасведчаннем аб заканчэнні школы. А таму, на мой погляд, нам у гэтым кірунку трэба многае перагледзець.

Анатоль Аскірка, г. Быхаў.


«...Жыве такі народ»

svistuno-sergej.narod.ru

Наступны год у нашай сям'і будзе багаты на юбілеі: нам з мужам споўніцца па 70, нашай дачушцы — 45, старэйшаму ўнуку — 25, малодшанькай унучцы — 5...

І яшчэ адна прыгожая і важная для нас дата: 45 гадоў таму мы ўпершыню падпісаліся на «Звязду».

Гэта — вялікі адрэзак часу, а таму, вядома ж, не пералічыць усё добрае, што звязана з газетай. З ёй у наш дом прыходзілі навіны і самыя розныя парады, яна расказвала пра лёсы людзей, выхоўвала, адукоўвала, прасвятляла...

На пачатку дзевяностых, памятаю, усю дакументацыю па справаводстве мы вучыліся весці па-беларуску. Я тады працавала сакратаром сельскага выканкама. І як жа рада была, што выбрала менавіта «Звязду», як удзячна была ёй за родную мову! Хоць — павінна прызнацца — мой першы пратакол з сесіі сельсавета дачка Волечка, якая на той час вучылася ў Нясвіжскім педвучылішчы, ацаніла ўсяго на чацвёрку... І нават з мінусам.

Але ж плюсы пайшлі вельмі хутка: усе сцэнарыі па рэгістрацыі шлюбаў, нараджэння дзяцей, юбілеяў я праводзіла па-беларуску. Людзям гэта вельмі падабалася і, думаю, запаміналася на ўсё жыццё...

Нехта скажа, што тое было даўно? Але ж адносна нядаўна з пятнічнымі нумарамі «Звязды» да падпісчыкаў стала прыходзіць «Мясцовае самакіраванне» і цяпер яно, можна сказаць, мой найпершы сябар і дарадца, бо я — стараста вёскі.

...Карацей, пра любімую газету можна расказваць доўга і зычыць ёй многага. А можна — сказаць коратка:

Свяці ж у стагоддзях

І грэй нашы душы,

А мы на твой голас

Адклікнуцца мусім,

Каб золатам ззяла

Матуліна слова!

У свеце каб зналі:

Жыве наша мова!

А значыць, жыве нацыя, жыве такі народ — беларусы.

Ніна Іванаўна Суран, в. Горная Рута, Карэліцкі раён.


Дзед і баба

twitter.com

Некалі мне шчасціла гасцяваць на Палессі. З тых часоў — найлепшыя ўспаміны...

Раніцай выходжу на вуліцу. Насустрач — растрывожаны гаспадар.

— Што зрабілася? — пытаюся ў яго.

— Ды ноччу, — кажа, — ледзь не памёр!

— ?!

— Тэмпература была 37,2!


Гаспадыня раненька напякла бліноў, пайшла даглядаць гаспадарку.

— Нешта забавілася? — непакоюся я.

— Дык яна ж да Сцёпкі пайшла — порацца, — тлумачыць гаспадар.

Тым часам прайшла гадзіна...

— І што ў таго Сцёпкі можна пароць? — пытаюся я, і ўсе дружна смяюцца.

...Аказалася, што гаспадыня перабірае бульбу ў летняй кухні, якая тут называецца сцёпкай.

Наталля Сівак, в. Заполле, Чэрвеньскі раён.


Два сябры

Фота Анастасіі Ігнацьевай


Нырнуць проста...

vladimirnews.ru

Нездарма ў народзе кажуць: «Тваё жыццё ў тваіх руках» і «Не ведаючы броду, не сунься ў воду!» Але ж гэта разумееш альбо з гадамі, альбо...

Я, напрыклад, рос на берагах рэк, таму купацца стаў рана, а ныраў дык проста ўсюды, дзе была вада. Бывала, што часам далонямі альбо тварам дакранаўся да дна, але нават гэта не спыняла мяне, а толькі набліжала да бяды. Вось і ў той чэрвеньскі дзень можна было проста пакупацца, абысціся без нырання. На жаль і на жах звычка ўзяла сваё: я даў нырца і галавой стукнуўся ў дно рэчкі.

Пашчасціла — мяне выцягнулі, праўда, з цяжкімі траўмамі ў шыйным і грудным аддзелах пазваночніка... Іншымі словамі, спатрэбілася некалькі імгненняў для таго, каб зламалася маё жыццё. Я стаў інвалідам, а гэта вялікая трагедыя, прычым не аднаго чалавека, а ўсёй яго сям'і.

...Сёлета вельмі рана адкрыўся купальны сезон, і статыстыка сумная. Ад спякоты людзі ратуюцца тым, што натоўпамі кіруюць да рэк і вадаёмаў. Там можна акунуцца ў прахалодную ваду, там, на беразе, многія, што называецца, «накрываюць паляны», адпачываюць, выпіваюць, даюць волю сваім пачуццям: думаюць, што нырнуць — гэта вельмі проста. Але ж не дай бог нікому вынырнуць з такімі траўмамі, як у мяне.

Валерый Васілеўскі, г/п Глуск.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Вечарам прайсціся ўздоўж цэнтральнай вуліцы Першамайскай у Магілёве адно задавальненне.

Спорт

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Мама Бена — беларуска, тата — ураджэнец Ганы.

Эканоміка

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Адказ на гэта і іншыя пытанні — у гутарцы з Дзмітрыем Шаўчуком.