Вы тут

Існавала павер'е, што на Русальны тыдзень нельга хадзіць у лес


«Прыйшло лета, спякота, і мы ўсё часцей і часцей ідзём на рэчку, што працякае за вёскай. Міжволі згадваецца, як у дзяцінстве бабулі расказвалі пра русалак, якія могуць заказытаць тых, хто парушае іх прастору», — разважае-распавядае наша чытачка Марына з вёскі Забалацце Мінскай вобласці і цікавіцца, адкуль з'явіліся гэтыя персанажы ў нашай міфалогіі.


playcast.ru

Часцей за ўсё навукоўцы сыходзяцца на думцы, што паводле народных уяўленняў русалкі — гэта жанчыны і дзеці, якія памёрлі не сваёй смерцю. У народзе такіх нябожчыкаў называюць закладнымі (руск. заложными), «нячыстымі нябожчыкамі»: дзяўчаты, памёрлыя да шлюбу, тапельніцы, дзеці, памёрлыя да хрышчэння, «заспаныя дзеці» і некаторыя іншыя — звычайна закладныя нябожчыкі.

Знайшлося гэтым персанажам месца і ў рытуальна-абрадавым комплексе традыцыйнага календара — Русальны тыдзень, які пачынаўся ў панядзелак пасля Тройцы. Па ступені патрабавальнасці рэгламентацый ён стаяў у адным шэрагу з Калядамі, Масленіцай і Велікодным тыднем і даволі рэзка абмяжоўваў прастору чалавечай дзейнасці, фактычна звужаючы яе да межаў сядзібы і вёскі. Усё астатняе наваколле, без выключэнняў, на гэты час лічылася надзвычай небяспечным і крайне непажаданым ні для якой дзейнасці. І канешне ж, зусім недапушчальным лічылася пранікненне чалавека ў тыя локусы, якія на святочны час станавіліся месцам русалчыных гулянняў, — рака, лес, поле. Вось што на гэты конт кажуць народныя вераванні і сведчанні носьбітаў традыцыі. У Беларусі існавала павер'е пра тое, што ў гэты час нельга хадзіць у лес і нарыхтоўваць дровы: русалка выхапіць сякеру і выпусціць дух з таго, хто асмеліўся парушыць векавечнае табу. На Гродзеншчыне бытавала забарона хадзіць на Русальным тыдні ў поле, глядзець жыта або рваць кветкі, а таксама купацца ў тым месцы, дзе калісьці ўтапіўся чалавек.

Святочны час адрозніваўся ад будзённага значным абмежаваннем традыцыйнага кола заняткаў. Пры гэтым ствараецца ўражанне, быццам у час свят дзейнічалі дзве паралельныя сістэмы рэгламентацый. Адна з іх — тая, што ахоплівае правілы, якія дзейнічаюць пастаянна (на працягу ўсяго года), такія як забарона ткаць або прасці ў пятніцу, другая — святочная, якая адначасова захоўвала паўсядзённыя правілы сацыяльных стасункаў і дадаткова прадпісвала ўвядзенне часовых, святочных забаронаў. Якраз падвоены статус забарон і вымагаў жорсткага пакарання іх парушальнікаў.

На Русальным тыдні забаранялася шыць («щоб русалци очей не зашить»), не хадзілі ў гарод капаць і акучваць, бо там усюды будзе русалка, не падмазвалі печ і сцены хаты, «щоб русалкам очи не забризгаць глинаю».

Асобныя крыніцы сведчаць, што русалка не толькі служыла вадзяніку, але і сама здольна была натварыць бяды: «На бераг русалкі выходзяць рэдка, а калі і вылазяць, то далёка ад вады не адыходзяць. Яны заманьваюць да сябе падарожных мужчын, якія больш за ўсё прывабліваюцца прыгажосцю, і стараюцца заказытаць. Ад няма чаго рабіць русалкі смяюцца з рыбакоў: блытаюць іх сеткі, выцягваюць нерат на бераг». Беларускія этнографы яшчэ больш пашыраюць кола адмоўных і станоўчых учынкаў русалак. Паводле павер'яў, русалка выварочвала сеткі, набівала іх цінай, вырывала вёслы, тапіла людзей у рэках і азёрах, затрымлівала жывёлу ў лесе і разам з тым вартавала жыта, калі яно каласілася, сачыла, каб ніхто не ламаў каласоў, не атрасаў з іх расу.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытанні пра карані і прыстасаванасць да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый і абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.