Вы тут

Статут ВКЛ, самаробнікі, экслібрысы і іншыя выдавецкія скарбы


Міхал Казімір Радзівіл з жонкай Уршуляй на днях прымалі ў сваёй старажытнай рэзідэнцыі гасцей «Кніжных сустрэч у Мірскім замку» і віталі прысутных і Яе вялікасць кнігу стрэлам з гарматы XV стагоддзя. Пісьменнікі і выдавецтвы, прэзентацыі друкаваных скарбаў і аўтограф-сесіі аўтараў, навюткія бестселеры і рарытэты сівой даўніны, сур'ёзныя развагі і гумарыстычныя прамовы... У раі для кнігалюбаў у дворыку замка хапала ўсяго.


Задаволіць густы аўтара, выдаўца і чытача

Месца для сустрэч абралі невыпадкова, бо сярод уладальнікаў замка было шмат асветнікаў і мецэнатаў, якія апекаваліся кніжнай справай на Беларусі. Іх паслядоўнікі ў асобе больш як 20 выдавецтваў сабраліся, каб паказаць свае здабыткі.

— На кніжных сустрэчах прадстаўлена досыць шырокая палітра літаратуры, — заўважыў міністр інфармацыі Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ. — На гэтым кніжным свяце мы генерыравалі ідэю спалучыць асветніцкую і гістарычную кнігу з інтарэсамі грамадства і чытача, спажыўца інфармацыі. Краязнаўчыя кнігі больш чытаюць. Праз іх можна пазнаёміцца з краінай, што асабліва важна не толькі ў Год малой радзімы, а і напярэдадні ІІ Еўрапейскіх гульняў. Увогуле, трэба выдзяляць тэматычныя прасторы ў знаёмстве з кнігай.

Пра свае гістарычныя, культурна-асветніцкія, гарэзліва-дзіцячыя і грунтоўна-энцыклапедычныя скарбы расказвалі прадстаўнікі выдавецтваў «Энцыклапедыкс», «Беларусь», Рамана Цымберава, «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», «Выдавецкі дом «Звязда», «Народная асвета», «Мастацкая літаратура» і іншыя прафесіяналы друкарскай справы.

— Кніжная тэма не можа пакідаць без увагі гісторыю, якая сёння стварае будучыню нашай краіны, — заўважыў намеснік міністра інфармацыі Ігар БУЗОЎСКІ. — Гэтае мерапрыемства, якое мы ладзім упершыню, спадзяюся, дазволіць нам фарміраваць тэматыку кніг на наступныя гады і ажыццяўляць на старонках запыты чытачоў.

Намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама па сацыяльнай сферы Руслан АБРАМЧЫК падкрэсліў, наколькі важна, што «першае свята гістарычнай кнігі адбываецца ў сценах багатай мінуўшчыны Беларусі і яе энергічнай сучаснасці», і пажадаў чытачам, аўтарам і выдаўцам адшукаць адзін аднаго, задаволіць свае густы і наладзіць стасункі.

Гісторыя ў літаратуры

Круглы стол «Гістарычная літаратура ў сучасным грамадстве» стаў цэнтральнай падзеяй для прафесіяналаў выдавецкай справы ў Беларусі. За ім спецыялісты абмярковаўвалі, наколькі шчырым можна быць пры падачы гістарычных падзей, варта гэта рабіць акадэмічна або ўсё ж пакідаць месца для творчай фантазіі, а таксама як адбіваецца інтэрпрэтацыя гісторыі праз літаратуру на ўспрыманні падзей мінулага і стаўленні да рэчаіснасці.

— Каласальнае значэнне для развіцця грамадства мае і інтэрпрэтацыя, і падача, і аналіз інфармацыі, якая ўздымаецца ў тым ліку і з архіваў і выкладаецца ў літаратуры, — лічыць Ігар Бузоўскі. — Тое, што круглы стол праходзіць у такім гістарычным месцы, вельмі сімвалічна для падзей, якія неўзабаве маюць адбыцца ў краіне. Я маю на ўвазе і электаральныя кампаніі, і культурныя мерапрыемствы.

Кніга патрабуе прапаганды і актыўнага прэзентавання, а гістарычная кніга — дык у першую чаргу, таму што складана грунтоўна і дасведчана расказваць пра яе, заўважыў Аляксандр Карлюкевіч.

Разам з тым тэматыка гістарычнай літаратуры, напрыклад у краме «Акадэмічная кніга», з'яўляецца самай запатрабаванай, папулярнай і прадаваемай, дадала Вольга ГЛУХОЎСКАЯ, дырэктар кнігарні «Акадэмкніга»:

— Хацелася б, каб гістарычная кніга была сур'ёзнай і аўтар адказваў за факты, якія ён прыводзіць у сваіх работах. Аднак пры гэтым яна павінна быць яшчэ цікавай, бо толькі праз зацікаўленасць можна прывіць жаданне чытаць і вывучаць.

З думкай пра неабходнасць цікавасці і стварэнне рамантычнага нацыянальнага міфа пагадзілася і пісьменніца Людміла РУБЛЕЎСКАЯ:

— Трэба зрабіць і данесці вобразы займальнымі. Неабходна вербалізаваць гісторыю розных перыядаў.

Абмеркаванні, прапановы і думкі ўдзельнікаў круглага стала рэзюміраваліся тым, што кнігам патрэбна гістарычная праўда, якая дазваляе ствараць будучыню. Аднак калі яна ўскрывае памылкі, якія могуць пагоршыць жыццё сучаснікаў, то не варта займацца выкрыццём дзеля выкрыцця.

Слова аўтарскае і друкаванае

Сустрэцца з майстрамі-пісьменнікамі, паслухаць з першых вуснаў пра тое, як нараджаліся іх творы, даведацца, што хацеў сказаць той ці іншы герой, што мелася на ўвазе пад разнастайнымі алегорыямі і прычыніцца тым самым да свету кнігі наведвальнікі замка маглі цягам цэлага суботняга дня.

— Мы ўпершыню на музейнай пляцоўцы паспрабавалі прадставіць кнігі, якія выдаюцца ў Беларусі. Павінна быць партнёрства, саўдзельніцтва спецыялістаў кніжнай галіны, калі мы жадаем і надалей працаваць на тое, каб кніга пашыралася ў фармаце рэалізацыі зносін з чытачом. Ніхто паасобку нічога не зробіць, калі не будзе супольнасці. Фантазіруючы самым неверагодным чынам, трэба прыцягваць ініцыятывы, — адзначыў міністр інфармацыі.

«Таямніцы Мірскага замка» і асаблівасці яго існавання ў розныя гады раскрыў у сваёй кнізе Анатоль БУТЭВІЧ і падзяліўся ўспамінамі пра цытадэль:

— Тут былі руіны, але каля іх раслі гуркі, памідоры і капуста — грады тых, хто жыў пасля вайны ў замку, бо больш не было дзе, акрамя як у колішніх шыкоўных пакоях. Як бы ні было складана, нашы людзі заўжды перамагалі, бо гэта была прага захаваць сваю гісторыю. А сёння мы можам наталіць тут смагу духоўную і гістарычную.

Ідэю міністра інфармацыі пра актыўную прапаганду рэалізаваў адзін з заснавальнікаў беларускага гурта-легенды Уладзіслаў МІСЕВІЧ, які падаграваў інтарэс да кнігі «Песняры» тлумачэннем, чаму яна запаяна ў цэлафан:

— «Песняры» — мужчынскі калектыў, і ненарматыўная лексіка ў нас была нормай, таму кніга і разлічна на аўдыторыю 18+ і закрытая для ўвагі юных.

— Гісторыя без літаратуры мёртвая — гэта проста пералік фактаў. Мы павінны ведаць, як ззялі вочы закаханай княгіні, а не толькі гады яе жыцця, — заўважыў падчас прэзентацыі сваіх кніг «Стагоддзі, што плывуць у Дняпры» і «Чорны кот» расійскі і беларускі пісьменнік Валерый КАЗАКОЎ.

«Вялікае кніжнае люстэрка»

Акрамя прафесійных выданняў, на сустрэчах прысутнічалі і самаробныя кнігі, зробленыя рукамі жыхароў Карэліцкага краю, а таксама цэлая плеяда лялек — герояў кніг, у асноўным казачных персанажаў.

— І кнігі, і лялек стваралі нашы чытачы і прыхільнікі жанру самаробных падзелак, і гэта толькі невялікая частка таго, што ёсць, — расказала Лілія АРЦЮХ, дырэктар Карэліцкай раённай бібліятэкі. — Летась наш раён, дарэчы, заняў другое месца ў намінацыі «Героі казак» на конкурсе бібліятэк Гродзенскай вобласці на найлепшую самаробную ляльку. Прызавое месца на Карэліччыну прынесла Баба Яга, якую зрабіла Наталля Жук, жыхарка Карэліч.

Падчас кніжных сустрэч пачала сваю работу і выстаўка «Вялікае кніжнае люстэрка». Назва яе невыпадковая і сімвалізуе сабой абрывіятуру ВКЛ — Вялікага Княства Літоўскага. Такім чынам арганізатары падкрэслілі асаблівасць і каштоўнасць прадстаўленых тут кніг.

Цэнтральнае месца ў экспазіцыі адведзена Статуту ВКЛ 1588 года. Унікальны дакумент звычайна захоўваецца ў Музеі горада Магілёва, а ў Мірскім замку находзіцца яго факсімільнае выданне.

Ірына СІДАРОК

Фота Андрэя САЗОНАВА

Загаловак у газеце: Чытацкі рай у Мірскім замку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што паглядзець у Хоцімску?

Што паглядзець у Хоцімску?

У Хоцімску нават ёсць кола агляду.

Грамадства

«За больш чым сем год былі ўсяго адны суткі без баявога выезду»

«За больш чым сем год былі ўсяго адны суткі без баявога выезду»

Гісторыя кар'еры падпалкоўніка ў адстаўцы Генадзя Цімахоўцава.

Палітыка

Беларусь і ЕС падпішуць візавае пагадненне не пазней за 2 лютага 2020 года

Беларусь і ЕС падпішуць візавае пагадненне не пазней за 2 лютага 2020 года

Верагодна, гэта адбудзецца ўжо ў гэтым лістападзе. 

Грамадства

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Трэці раз ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812» на два дні перанёс пасёлак больш чым на два стагоддзі назад.