Вы тут

Першая зімоўка на Паўднёвым полюсе можа адбыцца ў 2020 годзе


«Знаходжанне беларускіх палярнікаў у Антарктыдзе — гэта не вандроўка натуралістаў і не туры для экстрэмалаў, а сур'ёзная і карпатлівая штодзённая навуковая праца, — канстатаваў падчас урачыстага прыёму ў Нацыянальнай акадэміі навук Аляксей ГАЙДАШОЎ, нязменны кіраўнік усіх беларускіх антарктычных экспедыцый, пачынаючы з 2007 года. — Прычым экспедыцыя — гэта толькі бачная вяршыня айсберга. Насамрэч у аснове нашай паспяховай дзейнасці на Паўднёвым полюсе Зямлі ляжыць праца соцень, а, можа быць, і тысяч людзей — непрыкметная і нябачная старонняму воку. Вялікія маральныя і псіхалагічныя намаганні выдаткоўваюцца на тое, каб прабіць фінансаванне, новы прыбор, метад даследавання і гэтак далей. Таму нізкі паклон усім, хто ў гэтым удзельнічае».


Лаўка запасных

Агульны стаж працы Аляксея ГАЙДАШОВА за пяцідзясятым градусам паўднёвай шыраты складае ўжо каля 11 гадоў.

Урачыста сустракаць у Акадэміі навук членаў беларускіх антарктычных экспедыцый стала ўжо добрай традыцыяй, але за шмат гадоў яна не ператварылася ў звычайную фармальнасць. «Нашы сустрэчы — гэта сустрэчы аднадумцаў, людзей, аб'яднаных агульнымі інтарэсамі, мэтамі і задачамі», — падкрэслівае Аляксей Гайдашоў.

Усяго за 11 экспедыцый у Антарктыдзе пабывалі 56 спецыялістаў з Беларусі. Агульны стаж работы Аляксея Гайдашова за пяцідзясятым градусам паўднёвай шыраты складае ўжо каля 11 гадоў. Разам з ім восенню мінулага года ў экспедыцыю на лядовы кантынент адправіліся яшчэ сямёра: вядучы спецыяліст — намеснік начальніка экспедыцыі Дзмітрый ЛУКАШАНЕЦ, інжынер-метэаролаг Сяргей БАЙКОЎ, інжынер-радыёметрыст Уладзіслаў БАЗЫЛЕВІЧ, інжынер-механік па эксплуатацыі машын і механізмаў Артур ІВАШКА, урач-хірург Сяргей СУХАРАЎ, інжынер-механік дызель-электрастанцыі Аляксей ХАТКЕВІЧ і электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання Аляксандр ЛЯНКЕВІЧ.

Традыцыйна кожная экспедыцыя на дзе трэці складаецца з «навабранцаў». Гэта робіцца наўмысна, таму што ў акадэміі рыхтуецца «лаўка запасных» — як з ліку навукоўцаў, так і з ліку спецыялістаў па жыццезабеспячэнні Беларускай антарктычнай станцыі, бо ў 2020 годзе наша краіна плануе перайсці да круглагадовых зімовачных мерапрыемстваў у Антарктыдзе. Пакуль што беларускія экспедыцыі праходзяць на ледзяным кантыненце толькі падчас палярнага лета.

Раней меркавалася, што першая круглагадовая экспедыцыя можа адбыцца на год раней, але Аляксей Гайдашоў у гэтым пытанні катэгарычны. «Адпраўляцца на зімоўку, не маючы добра аснашчанай медыцынскай базы, было б аванцюрай. Я нясу адказнасць за людзей і не магу такое дапусціць, але хачу запэўніць, што будаўніцтва Беларускай антарктычнай станцыі выйшла на фінішную прамую. У гэтым сезоне быў дастаўлены, сабраны і апрабаваны ў розных рэжымах новы комплекс дызель-электрастанцыі, разлічаны на работу ва ўмовах зімоўкі. Большая частка запасаў зімовачнага паліва таксама ўжо дастаўлена ў Антарктыку. У другім аб'екце станцыі зманціравана пяць секцый з васьмі. Цяпер на парадку дня амбулаторна-хірургічная секцыя. І зусім невыпадкова ў апошнія экспедыцыі ўключалі ўрачоў — перш чым адправіцца на зімоўку, трэба ацаніць свае сілы...»

Менавіта з гэтай прычыны ў склад наступнай, 12-й, экспедыцыі мяркуецца ўключыць яшчэ і кухара. Яго прысутнасць вызваліць час у спецыялістаў, якія займаюцца рэалізацыяй
навуковых праграм, бо дзяжурства на камбузе па чарзе моцна адцягвае ўвагу ад асноўнай работы.

Зімоўка — гэта існаванне ў прынцыпова іншым фармаце. Калі ў прыбярэжнай частцы Антарктыды надыходзіць палярная ноч, тэмпература паветра можа апускацца да мінус 60 градусаў. А падчас палярнага лета яна вагаецца ад +3 да -28 градусаў. Да таго ж у лютым спыняюцца авіязносіны, а ў сакавіку — красавіку завяршаецца марскі рух у зоне базіравання нашай станцыі. Фактычна восем месяцаў у годзе любыя транспартныя сувязі з Вялікай зямлёй адсутнічаюць. Калі хто-небудзь з каманды атрымае траўму, аказваць дапамогу пацярпеламу давядзецца сваімі сіламі. Якраз на такі выпадак у медыцынскай секцыі прадугледжваецца хірургічны адсек з дыягнастычным і аперацыйным абсталяваннем.

Члены 11-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі.

Ва ўмовах ізаляцыі

Натуральна, усіх цікавіць, як можна трапіць у Антарктыду? Сярод патрабаванняў — добрае здароўе, прафесіяналізм і адказнае стаўленне да справы. Кожны ўдзельнік павінен быць спецыялістам у якой-небудзь з навуковых сфер, прычым вельмі высокага ўзроўню. Акрамя таго, ён мусіць выконваць работу і па іншых профілях. Але галоўнае ва ўмовах ізаляцыі ад Вялікай зямлі — усё ж поўная псіхалагічная сумяшчальнасць удзельнікаў экспедыцыі, іх кантактнасць, камунікабельнасць і маральна-валявыя якасці. Каб можна было цалкам давяраць чалавеку, што знаходзіцца побач з табой.

— Толькі ўявіце сабе палярную ноч, складаныя ўмовы надвор'я, калі работу даводзіцца весці пераважана дыстанцыйна, замкнёную прастору, абмежаванасць інфармацыйных рэсурсаў і адзін і той жа калектыў цягам доўгіх месяцаў, — тлумачыць нюансы будучай зімоўкі Аляксей Гайдашоў. — Паводле сусветнай статыстыкі, толькі ад 25 да 35 працэнтаў палярнікаў вяртаюцца ў Антарктыду зноў. У нас жа гэты паказчык перавышае 50 працэнтаў.

Што датычыцца работы членаў апошняй, 11-й, антарктычнай экспедыцыі, то Аляксей Гайдашоў даў ёй вельмі высокую ацэнку.

— Мы ў апошнія гады значна пашырылі рамкі сезонных вытворчых работ і тэрміны назіранняў дзякуючы авангарднай групе, якая прыбывае на БАК першай, разгортвае навуковыя даследаванні і рыхтуецца да таго, каб прыняць галоўны груз, — расказаў Аляксей Гайдашоў. — З моманту авіяцыйнай высадкі авангарднай групы і да прыходу расійскага навукова-экспедыцыйнага судна «Акадэмік Фёдараў» (а гэта прыкладна паўтара месяца) вучоныя і тэхнічныя спецыялісты ўжо паспелі выканаць вялікі аб'ём работы. Разгрузка адбывалася 2—4 студзеня, калі парывы ветру перавышалі 20 метраў у секунду.Тым не менш грузавая аперацыя не спынялася.

Галоўнай задачай, якая стаяла перад нашымі палярнікамі, было за час стаянкі судна (гэта значыць, за 48 гадзін) сабраць установачную платформу, на якую потым верталётам дастаўляўся груз. Правядзенне паветранай грузавой аперацыі ўскладнялася значным аддаленнем судна ад берагавой лініі. Адлегласць складала 98 кіламетраў. Падысці бліжэй было проста немагчыма, бо судна заціснула льдамі. Нягледзячы на складаную метэаралагічную абстаноўку, каманда спрацавала зладжана, чаму спрыяюць сур'ёзныя трэніроўкі на Вялікай зямлі. На лядовы кантынент было дастаўлена больш як 100 тон грузу: будаўнічых канструкцый, модуляў, матэрыялаў, паліва і іншых неабходных рэчаў для забеспячэння жыццядзейнасці станцыі.

Беларуская антарктычная станцыя ў раёне гары Вячэрняя.

Навуковыя вынікі

У далейшым надвор'е было роўнае, без істотных перападаў тэмператур, таму на адкрытым паветры ўдалося зрабіць вельмі шмат. Праведзены дзясяткі навуковых даследаванняў і эксперыментаў, выкананы тысячы навуковых вымярэнняў прыродных параметраў. Навуковыя даследаванні праводзіліся па такіх кірунках, як комплексны наземны і спадарожнікавы маніторынг атмасферы і падсцілаючай паверхні ў Антарктыдзе, радыяцыйная каліброўка спадарожнікавай спектральнай апаратуры ў інтарэсах нацыянальнай касмічнай праграмы; гідрахімічныя, біялагічныя і экалагічныя даследаванні наземных, марскіх і прэснаводных экасістэм Антарктыкі; маніторынг азонавага слоя атмасферы і ультрафіялетавай радыяцыі ў Антарктыцы; даследаванне змяненняў прыроднага асяроддзя і клімату.

Акрамя таго, былі рэалізаваны два буйныя міжнародныя праекты. У рамках беларуска-расійскага прадметам даследавання сталі змяненні межаў леднікоў і адбівальныя ўласцівасці іх паверхні: для гэтага выкарыстоўваліся касмічныя, паветраныя і наземныя сродкі вымярэння. Другі праект — беларуска-фінскі, у рамках якога даследаваліся водны і тэрмічны балансы прэснаводных вадаёмаў у раёне Беларускай антарктычнай станцыі. Фінскі бок даў высокадакладнае абсталяванне. Таксама выконвалася факультатыўная навуковая праграма Інстытута фізіялогіі НАН Беларусі: вывучалася, як нейронныя сеткі галаўнога мозга кантралююць жыццёва важныя функцыі палярнікаў у экстрэмальных умовах Антарктыкі.

Юныя і бывалыя

— Я лічу, што ў многім нашы поспехі ў рэалізацыі навуковых праграм залежалі ад Дзмітрыя Лукашанца, які патраніраваў усю навуку. Менавіта ён пабудаваў лагістыку: хто за што адказвае, які матэрыял збірае, калі здае справаздачу... Усё было дакладна і зразумела, — падкрэслівае Аляксей Гайдашоў. — Я ўбачыў чалавека, апантанага сваёй работай, таму мы будзем вельмі рады бачыць яго ў наступных экспедыцыях, калі, канешне, адпусціць навуковая праца на Вялікай зямлі. Нашы «бывалыя» Артур Івашка і Аляксей Хаткевіч чарговы раз пацвердзілі сваю надзейнасць. Чуць ад іх: «Гэта нашы праблемы, мы за гэта адказваем» — дарагога варта. А наш электраманцёр Аляксандр Лянкевіч — сапраўдны энерджайзер: мы не пераставалі здзіўляцца, як чалавек можа па 14—16 гадзін у суткі захоўваць аднолькавы актыўны тэмп пры выкананні складаных фізічных работ. Псіхалагічным стрыжнем 11-й экспедыцыі быў, безумоўна, доктар Сяргей Сухараў, за што вялікі дзякуй: на шчасце, яму не давялося нас «рэзаць», бо сур'ёзных праблем са здароўем не было, але ён правёў вялікі аб'ем навуковай работы. І вельмі парадаваў самы малады ўдзельнік экспедыцыі — інжынер-радыёметрыст Уладзіслаў Базылевіч. Дзякуй фізікам: яны традыцыйна адпраўляюць у экспедыцыю моладзь, якая праходзіць сур'ёзны папярэдні кастынг. Здавалася б, ну што можна чакаць ад 23-гадовага, прабачце мне за гэта слова, юнака, які яшчэ не мае жыццёвага вопыту? Але Уладзіслаў разбурыў гэта памылковае меркаванне. Шчыра кажучы, мне вельмі хацелася выпісаць яму пазачарговы нарад на камбуз, але не ў якасці пакарання, а таму што ну вельмі смачна ён гатаваў, прычым падыходзіў да гэтай справы з душой і фантазіяй. Калегі, вы класныя, вы надзейныя, і ваш прафесіяналізм — гэта залаты фонд антарктычных экспедыцый.

Самы «юны палярнік» Уладзіслаў Базылевіч працуе ў Цэнтры дыстанцыйнага зандзіравання атмасферы Інстытута фізікі НАН малодшым навуковым супрацоўнікам. Сам ён родам з Магілёва. Хлопец смяецца: «Шэсць гадоў пражывання ў інтэрнаце не прайшлі для мяне дарэмна... Настрой у экспедыцыі быў выдатны, а поспех на кухні залежыць у першую чаргу ад яго. Так, я эксперыментаваў, калі кулінарыў, але мне гэта было ў задавальненне. Адпраўляючыся ў экспедыцыю, я спадзяваўся, што збярэцца класная каманда, і не памыліўся. Гэта былі не проста калегі, а старэйшыя браты, у якіх я набіраўся досведу». А на пытанне «Ці гатовы ты зноў адправіцца ў Антарктыду?» Уладзіслаў упэўнена адказвае: «Калі прапануюць, канешне, паеду...»

Плануецца, што ў складзе першай зімовачнай экспедыцыі адправяцца 12 беларусаў. Наша краіна ў асобе Нацыянальнай акадэміі навук атрымала летась статус асацыяванага члена Навуковага камітэта антарктычных даследаванняў (CKAP). Ён дае магчымасць вучоным НАН удзельнічаць у распрацоўцы і вызначэнні прыярытэтаў для міжнародных антарктычных даследаванняў і мець прамы доступ да перадавых вынікаў такіх даследаванняў у свеце. У планах — атрымаць статус кансультацыйнага боку Дагавора аб Антарктыцы.

Для таго каб канчаткова замацавацца на ледзяным кантыненце, толькі мець сваю палярную станцыю там ужо недастаткова. З боку міжнародных арганізацый узрастаюць патрабаванні да навуковых вынікаў, якія атрымліваюцца падчас экспедыцый. Прычым патрабуюцца публікацыі ў сур'ёзных міжнародных выданнях.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Замацоўваемся на крайнім поўдні

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».