Вы тут

Тэрыторыя сілы


Дачка прыяцелькі расказала, што не ўяўляе канікул без паездкі ў загарадны летнік. «Калі чэрвень прайшоў, а я не пабывала ў лагеры, — сур'ёзна разважае дзяўчо, — гэта як быццам лета наогул не наступіла!»


Фота besplatka.ua

Для кагосьці такое ж адчуванне дае паездка на дачу альбо загарадна-шашлычны пікнік, альбо першае купанне ў рэчцы ці возеры, альбо першая жменя ўласнаручна сабраных суніц...

У маім дзяцінстве, праведзеным у «каменных джунглях», быў іншы абавязковы рытуал: паход у бібліятэку са спісам літаратуры на лета. Кнігалюбы зразумеюць, як трэсліся ад сквапнасці рукі, калі непрыступная жанчына на выдачы нагадвала, што адразу можна ўзяць не больш як дзесяць асобнікаў, а табе хацелася б прыцягнуць дадому ўсю бібліятэку. І там, у цішыні, пад коўдрай ці на балконе, без перапынку на сон і абед глытаць старонку за старонкай, ажно пакуль не дойдзеш да апошняга знака прыпынку і не даведаешся, чым справа скончылася.

Да таго ж у мяне быў козыр на руках: матуля, якая працавала якраз у бібліятэцы. Няхай сабе ў дарослай, навукова-педагагічнай. Але ў тутэйшых цемнаватых памяшканнях абанемента сярод соцень тысяч (а мо, мільёнаў?) кніг знайшлося месца і дзіцячым — з тых самых «летніх спісаў», і цікава складзеным вучэбным дапаможнікам, і разнастайным (у тым ліку модным!) часопісам, і перакладным замежным выданням, класікам рускай і беларускай літаратуры, і г. д. і да т. п.

Я любіла бібліятэку так шчыра і аддана, як толькі магла, а каляжанкі мамы прыязна ставіліся да мяне — ідэальнае, па тутэйшых мерках, дзіця, якое можна было на некалькі гадзін пакінуць за сталом са стосам кніг і ведаць, што тут і знойдзеш, прычым кніжкі будуць вернутыя акуратнымі, без загібаў і паметак алоўкам, без крошак і чайных разводаў. Да таго ж мне падабалася дапамагаць: улічваць кніжныя фармуляры, на якіх ставяцца паметкі, каму і калі выдавалася кніга, у алфавітны каталог ці, наадварот, знаходзіць бланкі ў каталогу. Даставаць замоўленыя выданні з самых далёкіх і высокіх стэлажоў — гэта для жанчын, якіх у бібліятэцы працавала, мо, 99 працэнтаў, складана было ўскараскацца на вышыню пад тры метры і там шукаць патрэбны асобнік, а для дзіцяці тое ж самае станавілася захапляльным падарожжам па верхніх паліцах. А як я ганарылася, калі ўдзельнічала ў рэстаўрацыі кніг або перакладала на рускую назвы і выдавецкія звесткі нямецкамоўных паступленняў мастацкай ды вучэбнай літаратуры, каб усе гэтыя зубаскрышальныя канструкцыі станавіліся простымі і зразумелымі! За ўсё гэта мне дазвалялася чытаць запоем рэдкія кнігі і падшыўкі часопісаў, вучыцца працаваць на старой, але яшчэ не спісанай з рахункаў друкавальнай машынцы і нават спускацца з кім-небудзь з дарослых у святая святых — халоднае падвальнае кнігасховішча, якое наскрозь прапахла асаблівым водарам паперы і ўяўлялася мне не менш, як кніжным Эльдарада...

Пры чым тут наогул лета, скажаце вы. А яно ў кожнага сваё. Асабіста для мяне выдатным адпачынкам было чытанне, а бібліятэка — месцам, якое давала неабходнае падсілкоўванне. Шкада толькі, што рана ці позна спіс дадатковай літаратуры заканчваўся, а мама строга вымаўляла: «Досыць ужо, бо зрок зусім сапсуеш — ідзі лепш на вуліцы пагуляй!» Вам гэта нічога не нагадвае?

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Кіраўнік Мінскай вобласці — аб тым, чаго рэгіён дасягнуў за дваццаць пяць гадоў

Кіраўнік Мінскай вобласці — аб тым, чаго рэгіён дасягнуў за дваццаць пяць гадоў

 Міншчына — самы цэнтр краіны, яна нават сваімі абрысамі нагадвае сэрца. 

Грамадства

Як пад Мінскам сартуюць смецце

Як пад Мінскам сартуюць смецце

Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў і рух за перапрацоўку адходаў «Мэта 99» далі людзям магчымасць на свае вочы пабачыць, як выглядаюць «смеццевыя могілкі».