Вы тут

Уладзімір Мазго: Хто на мора, хто на Вячу, ну а дачнікі — на дачу


Гэтыя радкі належаць вядомаму беларускаму паэту і нашаму паважанаму калегу — намесніку галоўнага рэдактара часопіса «Нёман» Уладзіміру Мазго. «Святло вачэй», «Купальская», «Варажба», «Вечарынка», «Мне ўсё верыцца», «Гадзіна пік», «Косы твае» і іншыя папулярныя песні Уладзімір Мінавіч напісаў у садружнасці з вядомымі беларускамі кампазітарамі. Яны гучаць і на самых прэстыжных сталічных пляцоўках, і ў сціплых сельскіх дамах культуры, а публіка ўсюды прымае іх аднолькава — гучнымі апладысментамі. Ну, а мы збіраемся на лецішча да паэта.


З жон­кай Та­ма­рай.

— Уладзімір Мінавіч, давайце ўспомнім гісторыю напісання «гімна дачнікаў»...

— Калі я, што называецца, на ўласнай скуры адчуў асалоду працы і адпачынку на дачы, у мяне акурат нарадзіўся песенны верш на адпаведную тэматыку. Тады, у сярэдзіне 90-х гадоў, у краіне назіраўся небывалы дагэтуль уздым дачнага руху. Садовыя таварыствы раслі наўкола як грыбы пасля дажджу. Вось у гэты самы час я і паказаў свой верш вядомаму кампазітару Мікалаю Сацуру, які даволі хутка напісаў музыку і зрабіў арыгінальную аранжыроўку песні, дзе нават чуўся, вы толькі ўявіце, голас электрычкі.

У 1997 годзе народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка і ансамбль «Сябры» запісалі песню на сваёй студыі. Яна гучала на радыё, тэлебачанні, розных музычных фестывалях, адным словам — паўсюль. І песню падхапіў народ.

Сядаю аднойчы ў барысаўскую электрычку і чую за спінай нечы вясёлы голас: «Хто на мора, хто на Вячу, ну а дачнікі — на дачу». Падумаў, што нехта з маіх знаёмых прыкалваецца. Азіраюся, нейкі мужчына, падымаючыся ў вагон, бадзёра напявае прыпеў...

— А як вы самі сталі дачнікамі?

— Калі сабраўся стаць дачнікам, звярнуўся ў Літфонд. Але садовыя ўчасткі на Лысай Гары ўжо закончыліся. Мой сын пайшоў у школу, таму хацелася быць летам бліжэй да прыроды. Дапамагла будаўнічая арганізацыя, у якой да пенсіі бухгалтарам працавала цешча. І вось недзе ў канцы 1992 года мая сям'я нарэшце займела свой участак для працы і адпачынку. А цешча гэтак і сказала: вам гэта патрэбна, вы і займайцеся сваёй дачай.

— Дзіўна... Звычайна малодшае пакаленне супраць лецішча, а ў вашай сям'і — старэйшае. Цяпер, напэўна, усе любяць у вас гасцяваць: і старэйшыя, і малодшыя...

— Ну што на гэта сказаць, усё ўспрымаецца індывідуальна — у залежнасці ад характару ці прыхільнасцяў чалавека. Нехта любіць праводзіць свой вольны час на лецішчы, а некаму дастаткова пагуляць па гарадскім скверы ці пасядзець на лаўцы каля пад'езда.

Пастаянна дапамагае ў рабоце на дачы сын, які шмат чаго тут зрабіў сам: і лазню, і санвузел, і розныя прыстасаванні на агародзе. Часта са сваёю сям'ёй прыязджае жончына сястра — і адпачыць, і дапамагчы на градах. А вось цешча, як ні дзіўна, па-ранейшаму не жадае выязджаць з горада, хоць сама нарадзілася ў вёсцы.

— Будаўніцтва дачы ў 90-я — гэта дэфіцыт матэрыялаў і грошай у людзей. Як хутка пабудаваліся?

— Будаваліся паступова.У першы год паставілі толькі «каробку» дома. Веранду, лазню зрабілі значна пазней. А нешта дабудоўваем ці перабудоўваем нават цяпер, бо грошай заўсёды не хапае.

— Для вашай сям'і лецішча — падсобная гаспадарка ці месца адпачынку і натхнення для паэта?

— І першае, і другое. Хоць, калі шчыра, падсобная гаспадарка не заўсёды акупаецца.

Затраты значна большыя. Часам купіць тыя ж агуркі ці памідоры на Камароўскім рынку значна прасцей, чым вырошчваць на агародзе. Але ж асалода ад агародніны, выпеставанай сваімі рукамі, куды большая.

А якія казачныя вечары на дачы! Вясною тут можна бесперашкодна слухаць салаўіныя трэлі. Летам — піць белае малако туману, дыхаць хмельным настоем паветра, размаўляць з зорным небам, чаго проста не існуе ў горадзе.

— Ёсць у вас фірменная дачная страва?

— Усё, што вырашчана сваімі рукамі на лецішчы, можна лічыць такой. Нават салату з памідорамі, агуркамі, цыбуляй і духмяным кропам. Бо з рынку будзе зусім не тое, як у вас. Але пра гэта лепш запытаць маю жонку.

— Не шкадуеце, што вашы суседзі па дачы з іншага прафесійнага асяроддзя?

— У нас цудоўныя дачныя суседзі: і людзі, і птушкі, і жывёлы, і дрэвы, і кветкі... Таму ніколькі не шкадую.

— Ці багатыя тутэйшыя мясціны на дары прыроды — ягады і грыбы?

— Побач з намі бяжыць рака Пліса, у якой водзіцца шмат рыбы. Грыбы, асабліва падбярозавікі, зрэдку знаходзім нават пад суседнімі дрэвамі. Але ў грыбы і ягады ездзім у найбліжэйшы лес, дзе іх вельмі шмат.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота з архіва Уладзіміра Мазго

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».