Вы тут

Як навучыць малых быць дарослымі?


Адна жанчына не магла піць ваду са шклянкі. Зусім, ніяк, непераадольна. На сеансе псіхааналізу яе вярнулі ў дзяцінства. Аказалася, у часы, калі яна была яшчэ маленькай і не ўмела гаварыць, аднойчы захацела папіць. Шклянка стаяла на століку, аднак, перш чым дзяўчо да яе дацягнулася, яе апярэдзіла кошка і трохі пахлябтала адтуль. Малой гэта не спадабалася. Неўзабаве прыйшла маці і са словамі «пэўна, ты хочаш піць» стала паіць дачку з гэтай шклянкі. Дзяўчынка супраціўлялася як магла... У выніку ўзнікла ўстойлівая агіда да шклянкі з вадой. Гэта адно са шматлікіх пацвярджэнняў таго, што многія нашы праблемы паходзяць з дзяцінства... Пра прычыны канфліктаў чалавека з грамадствам, якія бяруць карані з маленства, мы гаварылі з псіхолагамі ў «Клубе львоў» на сустрэчы ў межах праекта «Тата-школа».


Сацыяльны дарвінізм

Існуе меркаванне, што мяняць сферу сваёй дзейнасці трэба кожныя пяць-шэсць гадоў, інакш рызыкуеш захраснуць на адным месцы і перайсці ў застойны рэжым. Калі мяняць толькі месца работы, але заставацца ў тым жа «амплуа», то малаверагодна выбіцца на шлях кар'ернага росту. Псіхолагі ўсё часцей раяць набываць разнастайныя кампетэнцыі, каб прыстасоўвацца да зменлівых абставін. Такі падыход спрацоўвае і можа стаць карысным, у тым ліку і пры выхаванні дзяцей.

Калі чалавек ператвараецца ў асобу, гэта называецца сацыялізацыя — засваенне нормаў, правілаў, каштоўнасцяў грамадства, да якога ён належыць, а таксама стэрэатыпаў і шаблонаў паводзін. Пры гэтым адбываецца адаптацыя ці прыстасаванне да свету.

— У прыродзе выжывае від, які найлепш прыстасоўваецца да абставін. Тыя, хто не можа, застаюцца на папярэдняй ступені развіцця. Гэта ідэі сацыяльнага дарвінізму. Так і ў грамадстве: хто лепш адаптуецца, будзе больш паспяховы, — гаворыць магістр псіхалогіі Іван Цыркун. — І тут узнікае паняцце шырыні сацыялізацыі — колькасці сфер, да якіх змагла прыстасавацца асоба. Чым большы вопыт прыстасавання, тым вышэй яе выжывальнасць у грамадстве.

Сістэма адукацыі таксама вельмі ўплывае на стварэнне меркавання чалавека пра навакольны свет даносіць да яго агульнапрынятае меркаванне большасці.

Айсберг па Фрэйдзе

Зігмунд Фрэйд лічыў, што прычына канфлікту чалавека — у яго імпульсах і інстынктах, якія стрымліваліся ў дзяцінстве. Ён прапануе ўспрымаць чалавека як састаўное з трох частак. Верхняя частка — бачная, як у айсберга, — гэта ўсвядомленае эга. Прыхаваная «пад вадой» частка — падсвядомасць. І трэцяя нябачная частка — механізм кантролю, або суперэга: гэта вынік выхавання, тыя самыя нормы і правілы, што стрымліваюць неналежныя імпульсы.

— Чым больш стрыманых імпульсаў, тым большая верагоднасць развіцця розных неўрозаў і істэрый, — тлумачыць Іван Цыркун. — Сацыяльна прымальны спосаб трансфармацыі псіхічнай энергіі — сублімацыя. У шырокім сэнсе гэта творчасць або любая сацыяльна прымальная дзейнасць.

Псіхасексуальнае развіццё, згодна з тэорыяй Зігмунда Фрэйда, доўжыцца да 15 гадоў. У 15 гадоў канчаткова фарміруецца псіхіка і наступае другасная стадыя, калі набываюцца статусы: прафесія, належнасць да пэўных сацыяльных груп, атрыманне сямейнага статусу.

— Канчаткова гэта звычайна набываецца гадам к 30. Пасля надыходзіць стадыя ўстойлівай сацыялізацыі, калі колькасць сацыяльных роляў фактычна не мяняецца. А з выхадам на пенсію прыходзіць стадыя страты сацыяльных роляў, — кажа псіхолаг.

Не канкурэнт, а настаўнік

«Як рэагаваць, калі сын-падлетак мераецца з табой сілай, а табе ўжо цяжка яго перамагчы?» «Што адказаць, калі дзяўчынка пытаецца ў таты, ці прыгожая яна?» — гэтыя і іншыя пытанні задавалі ўдзельнікі сустрэчы псіхолагам, азнаёміўшыся са стадыямі сталення дзіцяці.

— Вашы пытанні гавораць, што вы пачынаеце сур'ёзную (?!) барацьбу з падлеткам, думаеце, як яго перамагчы! Але навошта? Для дарослага гэта павінна быць проста гульня, — кажа кандыдат псіхалагічных навук Надзея ЦЫРКУН. — Задача бацькоў — займаючы дамінуючую пазіцыю, навучыць дзіця жыць у соцыуме, натрэніраваць яго, каб выпусціць у свет. І ў гульні дзіця заўжды павінна быць пераможцам, інакш яно атрымлівае стрэс. Гуляйце ў адкрытую, дапамагайце разабрацца, які ход зрабіць наступным. Такім чынам вы выйдзеце з сітуацыі канкурэнцыі і зоймеце месца настаўніка. Гэта пазіцыя дарослага чалавека.

Акрамя таго, існуе ўплыў культуры, які ўкладаецца ў чалавека ў выглядзе сацыяльных нормаў, выхавання, прытрымлівання правілаў маралі і этыкі. Але паводзіны ў адной і той жа сітуацыі могуць закладвацца зусім рознымі людзьмі, якія арыентуюцца на розныя нормы, адзначае Надзея Цыркун:

— Выйшаў хлопчык на вуліцу, яму хочацца па лужынах пабегаць. Аднак мама надзела яму белыя шкарпэткі і кажа, што трэба быць акуратным і прыгожым. А тата гаворыць, што мужчыны лазяць па дрэвах і ганяюць мяч. У выніку дзіця стаіць каля лужыны і яго «клініць». Яно не можа выбраць паміж закладзенымі нормамі. Так што закладзеныя нормы — гэта добра, аднак трэба ўмець з іх выбіраць. Ніводная норма ні кепская, ні добрая. Мы нясём у сабе нашых маму і тату. І калі дарослы чалавек кажа: «я канфліктую з бацькамі», гэта азначае, што канфлікт у яго з сабой, таму што ён не можа знайсці правільнае прымяненне сістэме каштоўнасцяў.

Прыстасоўваючыся да новых умоў зменлівага жыцця, дарослым трэба старацца не страціць бацькоўскі аўтарытэт. Асабліва цяпер, калі нават са школьнай праграмай бацькам цяжка бывае справіцца. Аднак крытыкаваць новыя ўмовы — гэта прыкмета старасці і згасання рэпрадуктыўных функцый, таму лепш так не рабіць, лічыць Надзея Цыркун.

Мы — «вечныя правілы» ў галовах нашых дзяцей, узятыя, у сваю чаргу, ад уласных бацькоў, лічыць спецыяліст. І прыводзіць прыклад:

— Жанчына варыць суп і рэжа мяса на дзве часткі. Чаму? «Так трэба». Так рабілі яе матуля і бабуля. А калі пачаць капаць глыбей, то акажацца, што ў прабабулі была маленькая каструля, у якую цэлы кавалак мяса проста не ўлазіў. Вось вам і «правілы»...

Удзельнікі сустрэчы і так ведалі, што выхаванне — нялёгкая справа, а пасля такой лекцыі аднагалосна вырашылі разбірацца ў сабе і сваіх памкненнях яшчэ глыбей, каб не нарабіць памылак у стасунках са сваімі дзецьмі.

Ірына СІДАРОК

Фота Андрэя САЗОНАВА

Загаловак у газеце: Мы — «вечныя правілы» ў галовах нашых дзяцей

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.