Вы тут

Фільм праслаўленага іспанца паказваецца ў кінатэатрах Мінска


Вядомаму рэжысёру прапануюць прадставіць сваю карціну, знятую трыццаць два гады таму, на рэтраспектыўным паказе, — такім сімвалічным спосабам, што звязвае мінулае і сучаснасць, поспехі маладосці з творчым крызісам, пачынаецца новы фільм знакамітага іспанца Пэдра Альмадовара і гісторыя яго альтэр эга Сальвадора Мала. Пяшчотны Альмадовар, пяшчотны Антоніа Бандэрас у галоўнай ролі, пяшчотныя рэфлексіі прыйшлі да нас акурат пасля сусветнай прэм'еры ў асноўнай конкурснай праграме Канскага кінафестывалю — ухваленая крытыкамі стужка «Боль і слава» ідзе ў мінскім пракаце.


Вяртанне ў мінулае праз паказ уласнага фільма — добры старт для блуканняў, пошукаў і роздумаў. Ужо хто толькі не ўспомніў Феліні і Марчэла Мастраяні ў яго карціне «Восем з паловай», але адсылка менавіта да іх лепш за ўсё дае ўяўленне пра «Боль і славу». Таму што нічога формастваральнага тут таксама не адбываецца, а пры гэтым усё, што адбываецца, быццам неад'емная частка сотаў альбо ДНК: выскрабі — і застанешся ні з чым. Падзеі з дзяцінства і дарослага жыцця разышліся вакол ускудлачанага Антоніа Бандэраса, што кругі на вадзе — тут няма дамінантных эпізодаў і няма ад іх залежных, усё раўназначнае, як у ланцужку.

Галоўны герой Сальвадора Мала, вядомы на ўвесь свет рэжысёр, пакутуе ад рознага кшталту боляў, нічога ўжо не здымае і рэгулярна вяртаецца ў мінулае. Станцыя, на якой ён з маці маленькім хлопчыкам вымушаны быў уладкавацца на ноч; зямлянка з непабеленымі сценамі, куды яны пераехалі; тынкоўшчык, якога малы Сальвадора вучыў пісаць і лічыць; нарэшце, каханне ў Мадрыдзе і апошнія гады маці — усё гэта візуальнымі альбо слоўнымі флэшбэкамі ўсплывае ў фільме. А між тым пра мінулае нагадвае і фестываль, што арганізуе паказ даўняй стужкі Мала «Смак» і просіць рэжысёра прыйсці разам з выканаўцам галоўнай ролі Альберта Крэспа.

Даводзіцца Сальвадора сустрэцца і наладзіць стасункі з акцёрам, інтэрпрэтацыяй якога ён у свой час быў надзвычай незадаволены, але галоўнае — у рэшце рэшт па-новаму паглядзець на ўласны фільм. Так пачынаецца серыя эмацыянальна шараговых, але ў той жа час важных для галоўнага героя падзей, у якіх вельмі плаўна і натуральна, быццам самі па сабе, з'яўляюцца эпізоды з мінулага. Узнікае і знікае гераін, на парозе кватэры апынаецца каханне маладосці, робіцца аперацыя як выдаленне перашкоды дзеянням...

Ужо паказ «Смаку» адыгрывае сваю ролю толькі апасродкавана: рэжысёр на яго не пайшоў, паказваючы тым самым значэнне ўвогуле ўсяго — эпізоды важныя не ў якасці драматургічнага рухавіка падзей, а ў ролі сімвалічных знакаў, матываў да роздуму і пераацэнкі былога. То-бок літаральна на ўсё ў «Болю і славе» можна паглядзець з пункту гледжання ўнутранай працы творцы — што яго натхняе, як на кіно ўплывае ўласная біяграфія, чаму прыходзіць крызіс і якую ролю адыгрываюць рэфлексіі і выпадкі з жыцця.

Колеры і архітэктура кадраў, прыжмураныя вочы Антоніа Бандэраса, цішыня і цемра кватэры і пэўная фантастычнасць некаторых супадзенняў — усё гэта склалася ў карціну з ідэальным балансам-пераклічкай паміж мінулым і сучаснасцю, успамінамі і творчым уяўленнем, знешнім і ўнутраным. Няспешныя і балючыя будні галоўнага героя Бандэрас абыграў цудоўна (ёсць тут, дарэчы, і іншыя любімыя Альмадоварам акцёры, як, напрыклад, Пенелопа Крус у ролі маці маленькага Сальвадора), выклікаючы то ўсмешку, то непакой. Вось ён дае нечаканае для сябе інтэрв'ю публіцы па тэлефоне, а вось расслаблена заплюшчвае вочы, калі гераін прытупляе фізічны боль. Цагліна да цагліны — і блуканні Сальвадора Мала канчаюцца прыгожым і абнадзейлівым фіналам.

У сцэнах «Болю і славы» вялікае, у сэнсе «знакамітае», што стала часткай культуры, толькі маецца на ўвазе і ўсплывае хіба праз плакат у кватэры Альберта Крэспа. А буднічнае займае ўвесь хронаметраж і, канешне, уяўляе сабой усяго вялікага першааснову. Дзе пачатак кінематаграфічных шэдэўраў? — у непабеленых сценах зямлянкі, у першым захапленні прыгожым целам, у пакуце сапраўднага кахання, у нявыкананым абяцанні маці, у болі.

Фільм Пэдра Альмадовара будзе ісці ў пракаце да 26 чэрвеня.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Альмадовар па абодва бакі экрана

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.