Вы тут

Дзеці — пад абаронай і кампраміс пры разводзе


У першым чытанні прыняты законапраект аб змяненні законаў па пытаннях міжнароднага выкрадання дзяцей. Гэта адбылося на пасяджэнні шостай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.


Грамадзянскі працэсуальны кодэкс хочуць дапоўніць раздзелам «Вытворчасць па справах аб вяртанні дзіцяці або аб ажыццяўленні правоў доступу». Яго сутнасць заключаецца ў наступным: сфармуляваны механізм разгляду судамі заявы аб вяртанні дзіцяці, якое неправамерна было перамешчана ў Беларусь або неправамерна ўтрымліваецца ў нашай краіне. Акрамя таго, механізм замацоўвае ажыццяўленне адносна такога дзіцяці правоў доступу на падставе Канвенцыі аб грамадзянскіх аспектах міжнароднага выкрадання дзяцей ад 25 кастрычніка 1980 года — у 1997-м да яе далучылася Беларусь.

Суд атрымлівае права забараніць адказчыку змяняць месца жыхарства (месца знаходжання) дзіцяці і часова абмежаваць выезд адказчыка і (або) дзіцяці да ўступлення ў законную сілу рашэння суда.

Сітуацыю з законапраектам журналістам патлумачыў міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі. Паводле яго слоў, раней дадзеная праблема не была для нас актуальнай.

«Але пачынаючы з 2012 года стала павялічвацца колькасць зваротаў па гэтай канвенцыі. Магу сказаць, што ў 2012 годзе такіх зваротаў было чатыры, а ў 2018-м — ужо 16», — расказаў ён.

У большасці выпадкаў гаворка ідзе пра вяртанне дзяцей з нашай краіны ў іншую дзяржаву. З якімі краінамі звязана пытанне па перадачы дзіцяці ў рамках канвенцыі? Гэта Турцыя, Італія, Германія, Канада і Нідэрланды, расказаў Алег Сліжэўскі.

Ён таксама звярнуў увагу, што пры разглядзе такіх пытанняў суды павінны зыходзіць з інтарэсаў дзіцяці, бо знаходжанне ў іншым асяроддзі, у іншай краіне — гэта вялікі стрэс.

Яшчэ ў першым чытанні быў прыняты законапраект аб змяненні законаў па пытаннях медыяцыі. З гэтай нагоды Алег Сліжэўскі растлумачыў, што законапраектам прадугледжваецца пашырэнне прымянення медыяцыі, у прыватнасці ў сферы шлюбна-сямейных адносін.

Ён прывёў наступны прыклад: муж і жонка прымаюць рашэнне аб скасаванні шлюбу, а суддзя або супрацоўнік загса прапануе ім сустрэцца з медыятарам (добраахвотна, не абавязкова). Навошта? Каб яшчэ раз пашукаць варыянты кампрамісу. Міністр юстыцыі ўпэўнены, што гэта будзе дадатковая магчымасць для захавання шлюбу.

Медыяцыю можна ўжываць і ў школьным асяроддзі, дадаў ён. Напрыклад, у спрэчках паміж вучнямі, настаўнікамі, бацькамі.

Акрамя таго, на пасяджэнні шостай сесіі Палаты прадстаўнікоў дэпутаты разгледзелі і іншыя законапраекты: аб дзяржаўных узнагародах, аб змене законаў па пытаннях натарыяльнай дзейнасці, аб змяненні кодэксаў, аб аказанні псіхіятрычнай дапамогі (будуць развіваць мультыдысцыплінарны падыход у лячэнні пацыентаў з сексуальнымі адхіленнямі), а таксама аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва. Яшчэ быў абмеркаваны шэраг міжнародных дакументаў.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што паглядзець у Хоцімску?

Што паглядзець у Хоцімску?

У Хоцімску нават ёсць кола агляду.

Грамадства

«За больш чым сем год былі ўсяго адны суткі без баявога выезду»

«За больш чым сем год былі ўсяго адны суткі без баявога выезду»

Гісторыя кар'еры падпалкоўніка ў адстаўцы Генадзя Цімахоўцава.

Палітыка

Беларусь і ЕС падпішуць візавае пагадненне не пазней за 2 лютага 2020 года

Беларусь і ЕС падпішуць візавае пагадненне не пазней за 2 лютага 2020 года

Верагодна, гэта адбудзецца ўжо ў гэтым лістападзе. 

Грамадства

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Трэці раз ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812» на два дні перанёс пасёлак больш чым на два стагоддзі назад.