Вы тут

Алеі Максіма Гарэцкага


Пакуль у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры ідзе падрыхтоўка да Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі XXVII Гарэцкія чытанні «Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Жыццё і творчасць», прысвечанай 100-годдзю выхаду ў свет аповесці «Дзве душы» і 90-годдзю афіцыйнага надання Гаўрылу Гарэцкаму звання акадэміка БАН (распачнецца 14 чэрвеня а 10.00), прапануем нашым чытачам віртуальную экскурсію па Горках, дзе на працягу некалькіх гадоў вучыўся і працаваў Максім Гарэцкі.


Чацвёрты корпус Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках.

Калісьці Горкі былі ўладаннем князя Друцкага-Горскага, першыя згадкі, згодна з Літоўскай метрыкай, датуюцца 1544 годам. У XVI стагоддзі гарадок належаў ужо Сапегам, а ў пачатку наступнага атрымаў магдэбурскае права. На працягу ўсёй гісторыі Горы-Горкі (такая назва была ў XVII—XIX стагоддзях) вызначаліся сваёй непакорлівасцю: мясцовыя жыхары ўзнімаліся на ўзброеную барацьбу падчас вайны 1654—1667 гадоў, удзельнічалі ў паўстанні 1863—1864 гадоў, а студэнты падпольнай арганізацыі адкрылі для сялянскіх дзяцей народную школу, дзе выкладалі на роднай мове. У пачатку ХХ стагоддзя гарадок стаў культурным цэнтрам: тут працавала прыватная бібліятэка, таварыства дапамогі бедным, прыватная друкарня, чатыры царквы, пры адной з іх дзейнічала школа граматы. Працавалі ў Горках і моладзевыя арганізацыі, якія займаліся распаўсюдам ведаў пра Беларусь, пашырэннем нацыянальнай свядомасці насельніцтва.

У 1919 годзе горацкія сярэднія сельгасустановы былі рэарганізаваныя ў Горацкі сельскагаспадарчы інстытут (у 1925-м стаў акадэміяй). У 1926 годзе кафедру беларускай мовы, літаратуры і гісторыі гэтай установы ўзначаліў Максім Гарэцкі.

Адна з цэнтральных вуліц горада ўганараваная імем Максіма Гарэцкага. Гэта адбылося ў 1993 годзе, да 100-гадовага юбілею пісьменніка. А тады, калі яшчэ юны Максім жыў у доме Якаўлева па гэтай вуліцы, яна называлася Зялёная. Будучы пісьменнік рыхтаваўся да паступлення ў каморніцка-агранамічнае вучылішча, займаўся з рэпетытарам А. І. Крэерам.

Алеі, па якіх хадзіў Максім Гарэцкі.

Ёсць у гарадку і лазня, пабудаваная пад кіраўніцтвам інжынера Івана Осіпава ў 1851 годзе для патрэб студэнтаў і выкладчыкаў горацкіх навучальных устаноў. За высокія якасці асабліва славілася парыльня. Напэўна ж, не раз наведаў яе і Максім.

У 1993 годзе на вучэбным корпусе № 4 Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі (на фота 1), дзе знаходзілася кафедра, якой у 1926—1928 гадах кіраваў Максім Гарэцкі, была ўсталявана мемарыяльная дошка.

Ад корпуса акадэміі разыходзяцца алеі (на фота 2). Некаторыя вядуць да акадэмічнай бібліятэкі імя Д. Р. Новікава. Па іх пісьменнік любіў прагульвацца, верагодна, абдумваючы планы на будучыню альбо сюжэты твораў, характары герояў. А мажліва, проста пакінуўшы за спінай мітусню будняў, слухаў шматгалосную цішыню прыроды, адпачываў душой.

Помнік архітэктуры ХІХ стагоддзя, бібліятэка і цяпер упрыгожвае невялікі гарадок на рацэ Проні. Сцены яе яшчэ памятаюць прысутнасць пісьменніка, які праводзіў там шмат часу...

Яна БУДОВІЧ

Фота Аляксандра Горыкава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.