Вы тут

Што рабіць пачаткоўцу, альбо некалькі «суб’ектыўнасцяў» ад маладога аўтара


Амаль у кожнага ва ўспамінах будзе момант, калі гучалі пытанні: «Кім ты хочаш быць, калі вырасцеш? Куды ты пойдзеш вучыцца і кім хочаш працаваць?»


«Быць пісьменнікам» — гэта той адказ, які не выклікае здзіўлення. Словы «пісьменнік» або «паэт» гучаць як назвы прафесій толькі ў фільмах — і тое не пра нашыя часы і не нашу прастору. Таму што сёння на літаратурнай працы не заробіш вялікіх грошай і наўрад ці атрымаеш высокі сацыяльны статус. Не кажу пра папулярнасць — шмат для каго наогул сучаснай літаратуры не існуе.

З распаўсюджаннем інтэрнэту, дзе завесці блог можа кожны, ды з’явы, якая называецца фан-фікшн (стварэнне апавяданняў, а часам і больш буйных форм паводле іншых твораў — з выкарыстоўваннем свету і персанажаў ужо вядомых кніг, фільмаў, камп’ютарных гульняў і іншага), пісьменніцтва становіцца чымсьці накшталт хобі...

Праўда, маладога літаратара, як аўтар гэтага тэксту, не хвалююць такія ўмоўнасці.

Такім чынам, вы — малады літаратар ХХІ стагоддзя, які ў вольны ад вучобы час, піша вершы і/або апавяданні. Ды што можна з гэтым рабіць?

Як зразумець, ці туды ідзеш?

Па-першае, ніяк. Па-другое, так, туды.

Не адчуваць ніякага містычнага паклікання, не адчуваць, што тваёй рукой водзяць нейкія найвышэйшыя сілы — нармальна. Нягледзячы на якасці, якія звычайна ўласцівыя рамантычным падлеткам, уяўленне пра звышпрыроду літаратурных здольнасцяў і абсалютную моц таленту, нават калі ён меў бы аб’ектыўныя формы выяўлення, толькі пашкодзяць развіццю. У чым канкрэтна праяўляецца талент? На мой погляд, у тым, што ў чалавека ёсць імкненне да справы і ён хоча ў ёй прагрэсіраваць. Мы ж ведаем, што сапраўдны майстар няспынна вучыцца і ўдасканальвае сваё майстэрства.

Але амаль кожнаму з нас хочацца ўжо тут і цяпер ведаць, ці добра ў нас атрымліваецца тое, што робім. І калі не атрымліваецца, то, можа, і спрабаваць не варта? Як зразумець, ці добра я пішу?

Ва ўсіх пытаннях мастацтва «добра» і «дрэнна» — вельмі суб’ектыўныя катэгорыі. Гэта не толькі значыць, што кожны з чытачоў успрымае напісанае па-свойму і «камусьці падабаецца, а камусьці не». Тут прысутнічае яшчэ і суб’ектыўная самаацэнка аўтара: ці атрымалася тое, што задумвалася першапачаткова. А калі не атрымалася — то стала горш ці лепш? Такім чынам, першы, хто можа адказаць на пытанне «Ці добра атрымалася?», — сам аўтар, хаця яму надзвычай складана быць аб’ектыўным да сябе, і яго адзнака можа рэзка разыходзіцца з меркаваннямі іншых. Але разуменне сваіх памылак і ўдалых рашэнняў у тэксце неверагодна дапамагае ў тым, каб наступны твор быў лепшы.

Справа яшчэ і ў тым, што ў пытаннях, датычных любых форм мастацтва, акрамя катэгорый «добра» і «дрэнна», ёсць шмат іншых: актуальнасць, зразумеласць для патэнцыяльнай аўдыторыі, арыгінальнасць, наяўнасць уласнага стылю і гэтак далей. Відавочна, што ўсё гэта наўпрост уплывае на тое, як ваш твор будуць успрымаць і ацэньваць.

Але ўсё ж такі, калі няма адназначна добрага, то, можа, ёсць хаця б адназначна дрэннае? Магу напісаць: напрыклад, калі ваш твор вельмі падобны да таго, што пісалі пару стагоддзяў таму, калі ў тэксце ёсць лагічныя прабелы, якія нельга прыкрыць аніякім канцэптам, калі вы выкарыстоўваеце нейкія прыёмы проста, каб было, то, хутчэй за ўсё, у тэксту ёсць праблемы. Але гэта ўсё так і будзе выключна маім асабістым меркаваннем.

Як можна атрымаць аб’ектыўную адзнаку? Ад сябе — дакладна разумець, што, як і навошта ў тэксце працуе, і што вы хочаце ім сказаць. Ад іншых — сабраць шмат суб’ектыўных меркаванняў.

Але дзе іх шукаць? Як зрабіць так, каб на мяне звярнулі ўвагу?

Як быць пачутым, альбо Як дагрукацца да чытача?

Калі пішаш для сябе ці «ў стол», ацэньваць сябе яшчэ складаней — быццам дазваляеш сваім тэкстам недасканаласць, але прыняць яе не можаш. І ўсё ж большасць аўтараў не застаюцца ў межах «толькі для сябешнага» пісання, а шукаюць выхаду да аўдыторыі. Што рабіць, калі ты малады аўтар і шукаеш сваю аўдыторыю?

Першая думка, якая прыходзіць у галаву падлетку, — вядома ж, інтэрнэт. Стварыць суполку ў сацыяльнай сетцы ці зарэгістравацца на пэўным сайце можна вельмі хутка. Выкладаць тэксты колькі заўгодна і калі заўгодна — паспявай толькі пісаць. Але трэба разумець, што з гэтага моманту абсалютна ўсё працуе ў кааперацыі з тэкстам: і карцінка, і музыка, якую ты дадаеш да запісу, і агульнае афармленне старонкі. Зразумела, што ў сініх фіранках на карцінцы пад тэкстам ніхто не будзе шукаць дадатковых сэнсаў. Але ў інтэрнэце кожны з нас, асабліва пры жаданні набраць аўдыторыю, становіцца піяршчыкам свайго ўласнага «прадукту» і павінен дбаць і пра візуальны складнік кантэнту, і пра тое, каб загалоўкі звярталі на сябе ўвагу. Медыявобраз — значная штука для сучаснага аўтара, і пачынаць яго будаваць, думаю, варта з такіх дробязяў. Нават калі сёння на старонцы толькі дзесяць падпісантаў. Хто ведае, як хутка іх будзе дзесяць тысяч?

Адкуль яны возьмуцца? Добрае пытанне. Тут, відаць, ёсць некалькі варыянтаў. Самы хуткі — прадуманая SММ-стратэгія, з якой трэба разабрацца і быць вельмі ўважлівым, бо яна патрабуе ўкладання грошай. Астатнія варыянты патрабуюць выхаду ў вялікі свет.

Нягледзячы на меркаванні пра тое, што проза больш запатрабаваная ў сучасным грамадстве, паэту значна лягчэй быць пачутым. У яго нават ёсць самая прамая магчымасць да гэтага — дэкламацыя. У вялікіх гарадах ладзяцца імпрэзы, дзе можна пачытаць свае вершы на публіку. Яны называюцца паэтычнымі вечарамі або «адкрытымі мікрафонамі». Сюды карысна хадзіць не толькі каб чытаць, але і каб слухаць чужыя творы. Лепш пачынаеш заўважаць, чаго не стае тваім уласным творам. А яшчэ дапамагае трапіць у супольнасць і знайсці аднадумцаў. З імі можна абменьвацца не толькі досведам, але і аўдыторыяй. Калі вы трапіце ў літаратурнае аб’яднанне — няважна, будзе яно афіцыйнае (напрыклад, універсітэцкае) або проста больш-менш сталай групоўкай, дзе камунікуюць праз і пра літаратуру, — трэба быць засяроджаным. Вучыцца і набываць досвед разам — гэта выдатна, але калі вы ставіцеся да свайго творчага развіцця сур’ёзна, трэба яшчэ і сачыць за тым, каб не растварыцца ў чужых ідэях і ўплывах.

Карацей: можна прапаноўваць свае тэксты ў агульналітаратурныя групы, можна рабіць супольныя праекты з сябрамі-творцамі або проста расказваць адно пра аднаго, можна плаціць за рэкламу (у гэтым няма нічога кепскага!), можна чытаць на розных імпрэзах, у якіх, хутчэй за ўсё, таксама ёсць свае суполкі ў сацыяльных сетках. Шляхоў для распаўсюджання вельмі шмат, галоўнае — не захапляцца пошукамі аўдыторыі больш чым уласна тэкстамі.

Ёсць, дарэчы, спосаб адказаць на абодва пытанні, вынесеныя ў падзагалоўкі, адразу. Гэты спосаб — удзел у конкурсах. Літаратурных конкурсаў зараз больш чым дастаткова. І некаторыя з іх робяць вялікія конкурсныя чытанні, а некаторыя даюць дарогу ў перыядычны друк або ў агульныя зборнікі пераможцаў (як, напрыклад, «Першацвет»). Іх з вялікай верагоднасцю арганізоўваюць філалагічныя або журналісцкія факультэты ўніверсітэтаў або тыя ж перыядычныя выданні. Журы ў такія конкурсы звычайна падбіраецца не абы-як, яго складаюць дасведчаныя людзі. Але нават у іх галовах усё адно пануе суб’ектыўнасць. Таму галоўнае правіла ўдзелу ў спаборніцтвах працуе і тут: істотны ўдзел, а не перамога. Гэта не значыць, што імкнуцца да яе не трэба. Гэта значыць, што сам факт перамогі або неперамогі ў конкурсе ніяк не вызначае вас як творцу. Абодва выпадкі сведчаць пра тое, што вам яшчэ ёсць куды развівацца. І заўсёды будзе.

 Як стаць прафесіяналам?

Разважанняў пра пісьменніцкае майстэрства хапае і ў саміх аўтараў, і ў настаўнікаў літаратуры, і ў даследчыкаў, і ў журналістаў. Але ў асноўным яны зводзяцца да аднаго кароткага рэцэпту — трэба шмат чытаць і шмат пісаць. Здаецца, гэты «сакрэт» аднолькавы ледзь не для ўсіх спраў на свеце — шмат вучыцца і шмат практыкавацца — што можа быць прасцей? Сёння існуе дастаткова «падручнікаў» пра тое, «як напісаць бестселер за паўгода», праўда, большая іх частка дасць маладому аўтару менш, чым мастацкая літаратура. Але, хаця пісьменніку неабавязкова мець дасканалыя веды па тэорыі літаратуры, ведаць, як называюцца інструменты, якімі ты карыстаешся, зусім няблага. Таму падручнікі таксама могуць быць карыснымі — галоўнае — умець іх выбіраць. Вядома, што кожны ўласны стыль — гэта напластаванне і пераапрацоўка чужых поглядаў, прыёмаў, сюжэтаў і думак. І толькі суб’ектыўнае — арыгінальная камбінацыя чужога і ўласнага досведу — робіць яго непаўторным.

Вельмі слушнай падаецца парада пісаць толькі пра тое, пра што дакладна ведаеш. Гэта быццам абмяжоўвае ў выбары тэм, але справа ў тым, што пра невядомае складана распавесці шчыра. Пры гэтым, правіла зусім не накладае забарону на фантазію. Аўтар дакладна ведае тое, што ён сам прыдумаў.

Застаецца апошняе пытанне — што робіць пісьменніка прафесіяналам? Выдадзеная кніжка? Або пяць кніжак? Пэўная адукацыя? Вялікая аўдыторыя? Прыняцце ў Саюз пісьменнікаў? Улічваючы тое, што ў справах мастацтва прафесіяналізм — крыху менш абстрактная катэгорыя, чым талент, можна было б пакінуць гэтае пытанне адкрытым. Але ёсць адна абстрактная сентэнцыя. Упэўнена, прафесійны пісьменнік ведае, што, як і навошта ён робіць у сваім творчым жыцці.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.