Вы тут

У Брэсце праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны


Дата 22 чэрвеня для Брэста асаблівая. У гэты дзень успамінаюць абаронцаў крэпасці і ўсіх людзей, якія летнім выхадным днём прачнуліся не пад спевы птушак, а пад пякельны свіст і завыванне снарадаў. І ўжо больш за паўвека перад світаннем у крэпасць прыходзяць новыя пакаленні брастаўчан, шматлікія госці, каб прыгадаць тыя даўнія падзеі, аддаць даніну пашаны героям.


А напярэдадні гараджане збіраюцца на пешаходнай вуліцы Савецкай, дзе аднаўляецца апошні мірны вечар. У горад на гэтыя дні прыязджаюць дзясяткі рэканструктараў з розных краін. Разам з брэсцкімі ўдзельнікамі ваенна-гістарычных клубаў яны праводзяць дэфіле па Савецкай вуліцы ва ўборах даваеннага ўзору, праходзяць маршам па вуліцах Гогаля і Зубачова.

Атмасферу саракавых стварае гарадскі духавы аркестр. Сваю рэтра-праграму музыканты назвалі «Брэст даваенны». Канцэрт працягне ансамбль «Рамонкі» гарадскога цэнтра культуры. Тым часам каля выставачнай залы абласны краязнаўчы музей разгорне экспазіцыю «Мы для Перамогі нічога не пашкадуем», а музей гісторыі горада падрыхтаваў фотадакументальную выстаўку «Брэст гістарычны».

Гэтым разам мерапрыемствы «даваеннага дня» не абмежаваныя вуліцамі Савецкай, Гогаля, Зубачова. Былы Армейскі клуб на тэрыторыі крэпасці стане месцам правядзення спектакля «Пайсці і не вярнуцца». У парахавым склепе Кобрынскага ўмацавання сапраўды быў салдацкі клуб аж да лета 1941 года. Тут праходзілі канцэрты і пастаноўкі, куды збіраліся байцы. Клуб, несумненна, наведвалі і тыя, хто быў забіты, узяты ў палон, мужна абараняўся ў першы дзень нашэсця ворага.

Спектакль у тэатры аднавілі нядаўна пасля чатырохгадовага перапынку. Яго прэм'ера адбылася ў 2012 годзе. Зараз паказ прымеркавалі да 95-годдзя Васіля Быкава. У дзень нараджэння пісьменніка, 19 чэрвеня, спектакль адбыўся ў вялікай зале тэатра, а 21 чэрвеня паказ запланаваны ў армейскім клубе. Паводле выказвання рэжысёра-пастаноўшчыка Валянціны Янавец, пляцоўка пасуе да атмасферы спектакля. Аскетызм памяшкання, прахалода парахавога склепа дапамогуць адчуць складанасць і драматызм сітуацыі. Падзеі адбываюцца зімой 1942 года падчас цяжкіх баёў за Сталінград. Таму варта паглядзець «Пайсці і не вярнуцца» менавіта ў армейскім клубе. Трэба сказаць, што названая пастаноўка — не першая культурная акцыя ў крэпасці напярэдадні 22 чэрвеня. Напрыклад, у 2008 годзе ў дзве гадзіны ночы пачалася прэм'ера фільма «Брэсцкая крэпасць» Ігара Угольнікава. Па сіле эмацыйнага ўздзеяння тую прэм'еру цяжка параўнаць з нечым іншым...

А зараз спектакль пачнецца а шостай гадзіне вечара. Праз гадзіну, роўна ў сем, каля помніка вартавым мяжы пройдзе патрыятычная акцыя «Баявы разлік» у памяць аб салдатах і афіцэрах памежных застаў, якія загінулі 22 чэрвеня. Яны, як і абаронцы крэпасці, прымалі першыя, самыя цяжкія баі. У іх быў загад — не саступаць ні пядзі зямлі. І яны не саступалі, пакуль жылі. Іх подзвіг не забыты. Таму ўжо трэці год у крэпасць прыязджаюць курсанты Інстытута пагранічнай службы, каб каля Цярэспальскіх варот паказаць баявы разлік — памежны рытуал, які праводзіцца пры заступленні вайскоўцаў на службу па ахове Дзяржаўнай мяжы на кожнай заставе роўна ў 19 гадзін. Толькі на сімвалічным баявым разліку курсанты трымаюць партрэты вартавых мяжы, якія загінулі ў першыя дні вайны. Яны нібы зноў заступаюць на службу... навечна.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: За гадзіну да вайны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?