Вы тут

Зменіцца парадак прыняцця рашэнняў у сумесных домаўладаннях


Для шматкватэрных жылых дамоў застаюцца два спосабы кіравання — з дапамогай самаарганізацыі (стварэння таварыства ўласнікаў або жыллёва-будаўнічага кааператыва) і праз упаўнаважаную асобу — дзяржаўнага заказчыка. Дык вось, парадак прыняцця рашэнняў у сумесных домаўладаннях, у першую чаргу ў таварыствах уласнікаў, зменіцца. Гэта прадугледжана новай рэдакцыяй Жыллёвага кодэкса, якая была прынята сёлета ў пачатку мая, а ўступіць у сілу з 1 студзеня наступнага года. Як адзначыў начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Рамашка ў прэс-цэнтры БелТА, прынцыповай навізной гэтага дакумента з'яўляецца сістэматызацыя шэрагу прававых актаў, якія былі прыняты ў сферы жыллёвых адносін.


У дакуменце дадзены больш выразныя азначэнні паняцця «кіраванне сумесным домаўладаннем», паслуг, на падставе якіх таварыства ўласнікаў або ўпаўнаважаная асоба забяспечвае арганізацыю эксплуатацыі жыллёвага фонду. Таксама аблягчаецца працэс прыняцця рашэнняў па асноўных пытаннях дзейнасці — зніжаецца парог як яўкі на агульны сход, так і галасавання.

Зніжаны і кворум па прыняцці рашэнняў аб адчужэнні агульнай маёмасці пры рэканструкцыі. «Таксама будзе патрабавацца згода дзвюх трацін удзельнікаў, тады як цяпер — 100 %. Гэта спросціць перадачу часткі агульнай маёмасці ў карыстанне аднаму або некалькім членам таварыства», — растлумачыў Андрэй Рамашка. Як прыклад ён прывёў выпадкі, калі ёсць магчымасць далучыць да жылога памяшкання тэхнічны паверх.

Яшчэ адно новаўвядзенне Жыллёвага кодэкса — спрашчэнне парадку прыняцця рашэнняў. У прыватнасці, завочнае галасаванне дапаўняецца электронным апытаннем. Такімі праграмамі ўжо карыстаюцца многія таварыствы. Таксама на вочных сходах дадзена права прагаласаваць датэрмінова.

Усяго ў нашай краіне налічваецца каля 4 тысяч таварыстваў уласнікаў і 6 тысяч кааператываў, большасць з якіх размешчана ў Мінску. На прынцыпах самаабслугоўвання працуе каля 43 % з іх, 57 % заключылі дагаворы на абслугоўванне з арганізацыямі камунальнай формы ўласнасці. Па словах Андрэя Рамашкі, у апошнія гады дынаміка стварэння таварыстваў уласнікаў і кааператыў некалькі запаволілася.

Кодэкс пашырыць магчымасці абароны нашых правоў

Прыняцце новай рэдакцыі Жыллёвага кодэкса запатрабуе ўнясення змяненняў у больш чым 100 дакументаў. «Вельмі вялікі пералік нарматыўных прававых актаў падлягае змене. Усё, што супярэчыць кодэксу, падлягае альбо карэкціроўцы, альбо адмене», — адзначыў Андрэй Рамашка. — У прыватнасці, уносяцца змяненні і дапаўненні ў Закон «Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг».

Папраўкі канкрэтызуюць віды ЖКП, крытэрыі іх якасці, правы і абавязкі спажыўцоў і пастаўшчыкоў гэтых паслуг, што пашырае магчымасці грамадзян для абароны сваіх правоў. Чакаецца, што восенню дэпутаты прымуць праект дакумента ў другім чытанні. Будзе адменены Указ № 538 «Аб некаторых пытаннях дзейнасці таварыстваў уласнікаў і арганізацый забудоўшчыкаў».

Жыхары блакіраваных дамоў на капітальны рамонт могуць і не «скідацца»

Уладальнікі так званых таўнхаусаў цяпер змогуць ствараць таварыствы ўласнікаў. Спецыяліст адзначыў, што сёння ў краіне вядзецца будаўніцтва такіх кварталаў, якія складаюцца не толькі з аднакватэрных жылых дамоў. У новай рэдакцыі Жыллёвага кодэкса прапісана, што жыхары групы блакіраваных жылых дамоў, размешчаных на агульнай тэрыторыі, змогуць аб'ядноўвацца ў таварыствы ўласнікаў. «Дзеючая рэдакцыя не прадугледжвала такой магчымасці», — адзначыў Андрэй Рамашка. Таксама ўласнікі часткі блакіраваных жылых дамоў будуць вызваляцца ад платы за капітальны рамонт. Пакуль жыхары прыватнага домаўладання ўносяць яе разам з наймальнікамі памяшканняў дзяржжылфонду. «Гэты абавязак для ўласнікаў цяпер выключаецца», — дадаў прадстаўнік міністэрства.

Таўнхаус (ад англійскага tоwn hоusе — дом у горадзе) гэта шматкватэрны дом нізкай паверхавасці, дзе ў кожнай кватэры маецца невялікі зялёны дворык. Фактычна можна лічыць таўнхаусы «шматкватэрнымі катэджамі».

Таварыствы ўласнікаў усё часцей выбіраюць дагавор з дзяржструктурамі

«Дынаміка прыходу прыватнікаў на рынак жыллёва-камунальных паслуг ёсць, але яна недастаткова актыўная, — адзначыў спецыяліст. — На сённяшні дзень толькі крыху больш за 20 камерцыйных, прыватных арганізацый аказваюць паслугі па тэхнічным абслугоўванні жыллёвага фонду, санітарным утрыманні дапаможных памяшканняў».

Стрымальным фактарам для развіцця канкурэнцыі ён назваў тое, што сфера ЖКП датуецца з бюджэту. Фактычна выдаткі акупляюцца толькі па тарыфах на тэхнічнае абслугоўванне. У апошнія гады назіраецца тэндэнцыя, калі ўсё большая колькасць таварыстваў уласнікаў аддае перавагу заключэнню дагавораў на абслугоўванне з камунальнымі арганізацыямі. «Гэта абыходзіцца танней, чым плаціць заработную плату сваім работнікам», — дадаў ён.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Калі домаўладанне — сумеснае

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.