Вы тут

Кіраўнікі дзяржаў Еўропы прыбываюць у Мінск напярэдадні Гульняў


Мінск гасцінна сустракае спартсменаў, суддзяў і, вядома, балельшчыкаў, якія жадаюць на свае вочы назіраць буйны спартыўны форум — ІІ Еўрапейскія гульні. Да ўрачыстай цырымоніі адкрыцця ў сталіцу прыбываюць і VІР-госці — з некаторымі з іх у Палацы Незалежнасці сустрэўся Аляксандр Лукашэнка.


У патрэбны момант

Першым беларускі лідар прыняў старшыню Прэзідыума Босніі і Герцагавіны Міларада Додзіка.

Адзначым, што каманда Босніі і Герцагавіны на ІІ Еўрапейскіх гульнях уключае 16 спартсменаў і 13 трэнераў. Баснійскія атлеты выступяць у такіх відах спорту, як веславанне на каноэ, бокс, дзюдо, тэніс, кулявая і стэндавая стральба, веласіпедны спорт.

Аляксандр Лукашэнка, выказаўшы шкадаванне, што даводзіцца рэдка сустракацца, падкрэсліў: гэтая сустрэча сапраўды да месца, якраз у патрэбны момант. «Мы ўважліва сочым за развіццём вашай краіны. Вы ведаеце маё меркаванне аб ранейшай Югаславіі, пра сітуацыю, якая ў Югаславіі складвалася, пра вашу краіну, пра Сербію, пра рэспублікі, якія ўваходзілі ў былую Югаславію, — сказаў Прэзідэнт. — У нас былі нядрэнныя адносіны з Югаславіяй, у нас нядрэнныя адносіны складваюцца з Сербіяй. У нас ёсць адносіны з Босніяй і Герцагавінай, але гэта недастаткова, мы можам значна больш, і вось у сувязі з гэтым ваш візіт вельмі важны і своечасовы».

Вядома, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на іншую добрую нагоду — спорт. Паводле яго слоў, усе рэспублікі былой Югаславіі — паспяховыя з пункту гледжання спорту. Ён дадаў, што Беларусь вельмі многаму ў іх вучыцца ў розных відах спорту, у нас выступаюць спартсмены з гэтых дзяржаў, прыязджаюць і трэнеры, каб падзяліцца вопытам.

У адказ старшыня Прэзідыума Босніі і Герцагавіны адзначыў, што для яго вялікі гонар наведаць нашу краіну. Ён дадаў, што вельмі цэніць намаганні беларускага лідара — зрабіць краіну моцнай і паспяховай.

Міларад Додзік таксама сказаў, што гэта яго першы візіт у Беларусь. Калі ён прыехаў у Мінск, то ўбачыў вельмі прыгожы і чысты горад, а людзей на яго вуліцах ён назваў міралюбнымі і ўсмешлівымі. На яго думку, гэта сведчанне стабільнасці.

Крыху пазней, размаўляючы з журналістамі, Міларад Додзік падзяліўся падрабязнасцямі сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам:

«Мы гаварылі аб супрацоўніцтве Босніі і Герцагавіны і Беларусі. Я ўдзячны яму за запрашэнне наведаць адкрыццё Гульняў. Размова са спадаром Прэзідэнтам была аб магчымым супрацоўніцтве ў гаспадарчым сектары, сектары новых тэхналогій. Таксама ў нас была размова па палітычных пытаннях аб тым, што адбываецца ў свеце, на тэрыторыі былой Югаславіі. І прыйшлі да высновы, што самае галоўнае — гэта мір паміж людзьмі і спакой паміж нацыянальнасцямі. Самае галоўнае — гэта стабільнасць».


Сябры заўсёды побач

Таксама кіраўнік дзяржавы сустрэўся з прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам.

Аляксандр Лукашэнка перш-наперш падзякаваў малдаўскаму калегу за візіт, які адбыўся пасля ўсіх бурных падзей у яго рэспубліцы, і павіншаваў з годным выйсцем з няпростага, складанага становішча. Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены: малдаване — малайцы, таму што захавалі еднасць. Краіна пазбегла найцяжэйшай спадчыны, якую магла б атрымаць у будучыні. «Вы проста разумныя людзі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі Прэзідэнт звярнуў увагу Ігара Дадона: «Нагода ў нас добрая — спорт. Ён заўсёды аб'ядноўваў людзей. Вельмі хочацца, каб ён садзейнічаў аб'яднанню ў цэлым у нашым рэгіёне. Я не магу сказаць пра Малдову і Беларусь — мы і так аб'яднаныя, вельмі блізкія з пункту гледжання эканомікі». У палітычным плане краіны прытрымліваюцца аднаго парадку дня.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, уладзе Малдовы давядзецца яшчэ шмат пераадолець, каб узняць дабрабыт малдаван. Прэзідэнт запэўніў, што Беларусь гатовая і далей супрацоўнічаць на карысць народаў, каб абодва багацелі.

Ігар Дадон прызнаўся, звяртаючыся да беларускага калегі: «Ваша меркаванне аб тым, што ў нас адбываецца, і ваша ацэнка для мяне асабіста і для малдаўскага народа вельмі важныя». «Мы атрымалі шанц, які, магчыма, даецца аднойчы. І мы павінны яго выкарыстаць. У Малдове ўсё будзе добра», — адзначыў Ігар Дадон. Ён падкрэсліў: «У нас выдатныя двухбаковыя адносіны на ўзроўні прэзідэнтаў з першага дня знаёмства, калі мы бачыліся ў Бішкеку ў красавіку 2017 года. Я хацеў бы, каб у Малдове было так, як у Беларусі. Таму, калі я атрымаў запрашэнне прыехаць на важную падзею — для вас, для краіны — нягледзячы на няпростыя часы ў Малдове, я вырашыў быць побач з вамі. Таму што сябры звычайна побач адзін з адным — і ў бядзе, і ў радасці».

У Малдове Аляксандра Лукашэнку вельмі любяць і чакаюць, адзначыў Ігар Дадон і запрасіў беларускага кіраўніка восенню наведаць яго краіну.

У ІІ Еўрапейскіх гульнях ад Малдовы ўдзельнічаюць 50 спартсменаў і 44 трэнеры. Малдаўскія атлеты выступяць у кулявой і стэндавай стральбе, каратэ, спрынце, боксе, дзюдо, настольным тэнісе і бадмінтоне, а ў вольнай барацьбе, веславанні на байдарках і каноэ, самба будуць прэтэндаваць на заваяванне медалёў.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Варвара МАРОЗАВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Трэці раз ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812» на два дні перанёс пасёлак больш чым на два стагоддзі назад. 

Грамадства

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Сярод знаёмых у мяне ёсць шмат жанчын, якія звяртаюцца да ўрача пры любым занядужанні і пры кожнай магчымасці афармляюць бальнічны ліст. 

Культура

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Пісьменнік і дысідэнт Андрэй Сіняўскі, калі расказваў пра ўтрыраваную дробязнасць савецкай «цывілізацыі», прывёў у прыклад аповесць Міхаіла

Грамадства

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы са старшынёй Савета Федэрацыі Валянцінай Мацвіенка.