Вы тут

Беларускі саюз жанчын: Выклікі сучаснасці нам па сілах


«Роля жаночых арганізацый у дасягненні Мэт устойлівага развіцця» – тэма круглага стала, які правялі прэзідыум Беларускага саюза жанчын і аб’яднаная арганізацыя БСЖ ААТ «Белаграпрамбанк».


У мерапрыемстве, якое прайшло на базе ААТ «Белаграпрамбанк», прынялі ўдзел Пастаянны каардынатар ААН у Рэспубліцы Беларусь Іаанна Казана-Вішнявецкі, прадстаўніцы аб’яднаных арганізацый і клубаў БСЖ, дэпутацкага корпусу, міжнародных жаночых арганізацый.

Удзельніц круглага стала вітала намеснік старшыні ГА «Беларускі саюз жанчын», доктар эканамічных навук, прафесар Антаніна Морава.

– Мэты ўстойлівага развіцця – гэта глабальная дарожная карта па трансфармацыі ўсяго свету, – падкрэсліла Антаніна Пятроўна. – У нашай краіне створана нацыянальная архітэктура па рэалізацыі МУР, а Марыянна Шчоткіна, старшыня ГА “Беларускі саюз жанчын”, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца Нацыянальным каардынатарам па дасягненні Мэт.

Па словах Антаніны Моравай, Беларусь у ліку першых падключылася да рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця. Ужо ажыццёўлены шэраг важных ініцыятыў і крокаў у гэтым напрамку. Актыўна ўключыліся ў працэс рэалізацыі Мэт і арганізацыі БСЖ, у тым ліку рэгіянальныя і аб’яднаныя.

Удзельніцы пасяджэння паглядзелі відэа, у якім адлюстраваны 17 Мэт устойлівага развіцця (МУР) – комплекс глабальных задач, зацверджаных ААН у 2015 годзе. Дасягнуць вырашэння гэтых задач трэба да 2030 года. Мэты ўстойлівага развіцця накіраваны на захаванне нашай планеты, павышэнне ўзроўню і якасці жыцця людзей, ліквідацыю беднасці, гендарнай няроўнасці, набыццё якаснай адукацыі, адказныя спажыванне і вытворчасць і многае іншае.

Важная роля ў рэалізацыі Мэт адводзіцца жаночым арганізацыям.

З прывітальным словам выступіла Пастаянны каардынатар ААН у Рэспубліцы Беларусь Іаанна Казана-Вішнявецкі. Яна падкрэсліла значнасць работы па дасягненні Мэт у Беларусі, адзначыла вялікі ўклад ГА «БСЖ», самай маштабнай грамадскай жаночай арганізацыі ў краіне і першай жаночай арганізацыі незалежнай Беларусі, у стварэнне нацыянальнай гендарнай палітыкі.

Як адзначыла Пастаянны каардынатар ААН, менавіта пры ўдзеле Беларускага саюза жанчын у 1998 годзе быў адкрыты першы ў Беларусі крызісны цэнтр і прытулак для жанчын і дзяцей – ахвяр гвалту. 

У цяперашні час Беларусь рэалізуе Пяты нацыянальны план дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці. Акрамя гэтага, міжнародныя абавязацельствы Беларусі па паляпшэнні становішча жанчын і дасягненні фактычнага раўнапраўя жанчын і мужчын замацаваны ў Парадку дня-2030. Іаанна Казана-Вішнявецкі параіла надаваць больш увагі развіццю жаночага прадпрымальніцтва, працаваць над скарачэннем розніцы заробку жанчын і мужчын, .выказала ўпэўненасць, што Беларускаму саюзу жанчын цалкам па сілах выклікі сучаснасці ў галіне абароны правоў жанчын і дасягнення гендарнай роўнасці ў Рэспубліцы Беларусь.

У межах дыскусіі «Стратэгія дзеяння ў інтарэсах жанчын і механізмы практычнай рэалізацыі мер па паляпшэнні становішча жанчын у палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і культурнай сферах» прагучалі выступленні старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, доктара медыцынскіх навук Людмілы Макарынай-Кібак «Рэалізацыя патэнцыяла ўзаемадзеяння дзяржаўных і грамадскіх арганізацый на рэгіянальным узроўні для дасягнення Мэты ўстойлівага развіцця «Добрае здароўе і дабрабыт», кансультанта ўпраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі Святланы Белаш «Забеспячэнне гендарнай роўнасці ў сямейных адносінах».

У ходзе дыскусіі «Удасканаленне арганізацыйнай структуры і работа пярвічных арганізацый па дасягненні МУР» вопытам дзяліліся старшыня аб’яднанай арганізацыі ГА «БСЖ» ААТ «Белаграпрамбанк», намеснік старшыні Праўлення банка Наталля Шаўцова, старшыня саюза жанчын органаў пракуратуры, галоўны спецыяліст аддзела навукова-метадычнага забеспячэння пракурорскага нагляду Дар’я Лебедзева, член праўлення БСЖ, галоўны бухгалтар АСБ «Беларусбанк» Ірына Лысакоўская, старшыня саюза жанчын МНС, галоўны спецыяліст аддзела навукі і інавацыйнага развіцця Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Алена Парчук.

Пасля падвядзення вынікаў круглага стала яго ўдзельніцы наведалі рэгіянальны інавацыйны адукацыйны цэнтр бяспекі Мінскай вобласці ў Барысаве. Тут праводзіцца навучанне насельніцтва, у тым ліку дзяцей, правільнаму алгарытму дзеянняў пры ўзнікненні розных надзвычайных сітуацый.  

Фота ААТ «Белаграпрамбанк»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».