Вы тут

Мінчанка трымае ў аднапакаёвай кватэры жывога пітона


...Раптам погляд улоўлівае нешта мімалётнае: магчыма, вецер варухнуў лістоту. Спякотна. Сонца гуляе блікамі па кары дрэў і зялёным лісці. Рэзкі кідок гнуткага цела — і апошняе, што бачаць ахвяры, гэта велізарную пашчу. Пітон абвівае здабычу, душыць яе, сціскаючы кольцы, пераломвае косці. Дапамагаюць пітону і вострыя зубы...

Але пітон Афанасій не палюе на прасторах Аўстраліі ці Новай Гвінеі. Ён пражывае са сваёй гаспадыняй ў аднапакаёвай мінскай кватэры.


Амаль не страшна

У Машы Афанасій жыве каля года. Такі незвычайны падарунак ёй зрабіў сябар.

«Ён даглядаў яго восем гадоў, але з цягам часу яму рабілася ўсё цяжэй карміць Афанасія, — расказвае Маша. — Праўда, малады чалавек не гатовы быў аддаць змяю ў заапарк, а хацеў знайсці добрыя і клапатлівыя рукі для свайго гадаванца. І па шчаслівай выпадковасці пазнаёміўся са мной. Калі я першы раз убачыла Афанасія, то не магла адарваць ад яго позірку. Мне ён так спадабаўся, увесь час хацелася яго ціскаць і гладзіць».

Маша ніколі не адчувала страху перад змеямі. У дзяцінстве, калі яна першы раз дакранулася да змяі, то вельмі здзівілася, бо была ўпэўнена, што яны слізкія, а аказалася — не.

«Калі я наведвала свайго будучага гадаванца, то даставала яго з тэрарыума і назірала, як ён поўзае, што яму падабаецца, а што не. Я была трошкі асцярожнай, бо разумела, што Афанасій, як кошка ці сабака, можа ўкусіць, калі я зраблю яму нешта непрыемнае».

Пітоны — змеі не ядавітыя. Але ў некаторых людзей здараецца алергія на сліну гэтых рэптылій. Так, напрыклад, у Піцеры саракагадовая жанчына памерла пасля таго, як яе ўкусіла гэтая «хатняя» жывёла. Жанчына не паспела прыняць лекі і загінула.

Першае кармленне

У Машы няма алергіі, таму яна адчувае сябе спакойна, але ўсё ж ніколі не дае змяі ежу рукамі.

«Калі я першы раз карміла Афанасія, то вельмі хвалявалася, — расказвае дзяўчына. — Мы паехалі з былым гаспадаром пітона ў заапарк і набылі там маленькую мышку для кармлення. Ужо на месцы я выпусціла мышку са слоіка проста ў тэрарыум. Усё здарылася так хутка, што я не паспела нічога зразумець, нават падумаць. Праўда, Афанасій доўга і марудна глытае — не вельмі прыемнае відовішча».

Пакуль гэтае самае відовішча не ў цяжар дзяўчыне, бо яна проста на гэта не глядзіць, а сыходзіць на кухню.

Але аднойчы з Афанасіем здарылася непрыемнасць. Маша стала набываць больш вялікіх мышак, бо заўважыла, што яму ўжо не хапае маленькіх. Пітоны растуць усё жыццё, а ён не «даганяе да нормы». І вось гэтая мышка падрапала скуру пітону, і на тым месцы расплылася вялікая гематома. Маша вельмі нервавалася, але абышлося. З таго часу яна не набывае жывых мышак — толькі замарожаных. Ад гэтага лепей усім — Афанасій есць усяго толькі раз на дзесяць дзён. На ежу для гадаванца Маша выдаткоўвае ў месяц 10—12 рублёў.

Яна ўпэўнена, што яе гадаванец пачаў інтэнсіўна расці, бо за гэты месяц ён скідвае скуру ўжо другі раз. Пакуль яго даўжыня — 1,4 метра.

Чаму не коцік?

«Я на самай справе люблю больш сабак, — смяецца Маша.— Проста паміж чалавекам і цеплакроўнай жывёлай узнікае эмацыянальная сувязь. Але я магу з'ехаць у падарожжа на доўгі тэрмін, і тады трэба будзе шукаць, куды прыстроіць такога гадаванца. Нават калі хто і пагодзіцца ўзяць, то ўсё роўна такая жывёла будзе пакутаваць і сумаваць без гаспадара. Вазіць з сабой — дадатковыя складанасці. А з Афанасіем прасцей! Карміць яго кожны дзень не трэба. Ён не патрабуе пастаяннага кантакту, бо ў пітонаў не фарміруецца эмацыянальнай сувязі з гаспадаром. Хаця... Здаецца, што Афанасій ужо прывык да паху майго дома і ўмоў і адчувае сябе больш упэўнена, чым раней. А я — прывязалася да яго».

Аднойчы Афанасій моцна напужаў сваю гаспадыню. Не, ён не паляваў на яе — проста збег! Калі Маша заязджала ў кватэру, то вельмі ўважліва аглядала яе. Яна ведала, што хутка тут з'явіцца пітон, і таму было вельмі важна не пакінуць ніякіх дзірачак і шчылін. Звычайна Маша працуе дома, таму выпускае Афанасія з тэрарыума, каб ён размяў свае мускулістае цела. Перад гэтым яна, канешне, зачыняе ванну, туалет і кухню.

У той дзень ён, як звычайна, стаў стукацца галавой у шкло тэрарыума. Маша адпусціла яго на волю, а сама села за камп'ютар. Калі праца была скончана, дзяўчына хацела вярнуць Афанасія ў тэрарыум, але яго нідзе не было.

«У той дзень я перастала сабе давяраць, — расказвае дзяўчына. — Я глядзела за канапай, у канапе, у калідоры — паўсюль... Я была і расхвалявана, і напалохана. Па-першае, ён мог напужаць людзей. Па-другое, яго проста маглі забіць. Аказалася, ён залез у сабвуфер — гэта такая музычная калонка. Нават музыка, што іграла, не турбавала яго. Жыў там два дні, а потым проста вылез. Уздыхнула з палёгкай, але цяпер тую дзірачку закрываю».

З таго часу Афанасій больш не губляўся. Маша па-ранейшаму выпускае свайго гадаванца поўзаць па кватэры. Бывае, яна стварае яму са сваіх рук апору для руху. Атрымліваецца быццам танец Афанасія і Машы. Маша прызналася, што павольны рух пітона супакойвае яе. І гэта не дзіўна, бо дзяўчына па адукацыі ўрач, а змяя, як вядома, сімвал медыцыны.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: Танец з Афанасіем, або Калі гадаванец — пітон

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.