Вы тут

Як дапамагчы хворым на дэменцыю


У нумары за 16 мая быў апублікаваны артыкул «Дагледзець блізкага чалавека». У рэдакцыю прыйшоў ліст ад Галіны Каржанеўскай. Прыводжу яго з некаторымі скарачэннямі:


«Надзвычай важная тэма паднятая ў матэрыяле аўтара. Састарэлыя хворыя бацькі, якіх даводзіцца з вёскі забіраць у горад і даглядаць, як дзяцей, не толькі мяняюць лад жыцця, але падчас вымушаюць працаздольнага сваяка пакінуць работу.

Гаворка ідзе ў асноўным аб хворых на дэменцыю. У нашым грамадстве не прынята гаварыць пра ўзроставыя дэменцыі — нібыта з-за павагі да старасці. Нідзе не прачытаеш пра першыя прыкметы, не знойдзеш рэкамендацый, да каго звяртацца ў такіх выпадках. Хвароба развіваецца паступова, чалавек перастае абслугоўваць сябе, плаціць за камунальныя паслугі, можа не паесці, заблудзіцца ў суседнім двары. Не ведаю, чаму, але такія людзі часта застаюцца без дыягназу. Сталыя дзеці спісваюць відавочныя адхіленні на старэчыя «дзівацтвы»: маўляў, здзяцінеў, усе такія будзем...

За догляд інваліда першай групы член сям'і атрымлівае дапамогу ад дзяржавы, але ў тым выпадку, калі апякун не дасягнуў пенсійнага ўзросту. Калі ж ты сам немалады і на заслужаным адпачынку, то ніякай кампенсацыі за догляд не атрымаеш. Між тым у заходніх краінах «нянькі»-пенсіянеры, як і маладзейшыя, таксама маюць істотную грашовую падтрымку. Хоць бы на аздараўленне і аднаўленне саміх сябе, каб маглі і далей — месяцамі і гадамі — даглядаць бездапаможнага сваяка, бо не ўсе маюць «зменшчыка», які б мог даць адпачынак нават на некалькі дзён.

Асабліва цяжкая ў нашай краіне сітуацыя з хваробай А. (Альцгеймера). Так, спецпрытулкаў для іх у нас не прадугледжана. Між тым даводзілася чуць меркаванне вучоных, што такія хворыя ўвогуле не павінны знаходзіцца дома, бо, па-першае, яны патрабуюць штодзённага медычнага (сястрынскага) догляду, а па-другое — разбураюць хатняе атачэнне. Зразумела, што ніякі сацыяльны работнік тут не дапаможа. У Германіі, напрыклад, іх забіраюць з сем'яў у абавязковым парадку.

І яшчэ: хворыя на А. цяжка і доўга паміраюць (невыноснае відовішча для родных), але іх адмаўляюцца браць у хоспіс, хвароба праходзіць па лініі псіхіятрыі. А калі платна, то, калі ласка, возьмуць куды хочаш. Толькі сума будзе не для сярэдняга кашалька».

З вялікай удзячнасцю за грунтоўны водгук-разважанне не магу пагадзіцца са спадарыняй Галінай толькі ў адным, што ў нас замоўчваецца тэма ўзроставай дэменцыі. Апошнім часам пра гэта сталі гаварыць медыкі, псіхолагі, работнікі сацыяльнай сферы. Пры жаданні можна знайсці інфармацыю і аб прыкметах захворвання. З усяго прачытанага на гэту тэму мне асабліва запомніўся просты тэст, які рэкамендуюць праводзіць са сталымі сваякамі. Спецыялісты назвалі яго «Рысаванне гадзінніка». Чалавека просяць намаляваць круг, размясціць цыферблат з лічбамі і абазначыць стрэлкі, якія паказваюць зададзены час, напрыклад, чвэрць на дзявятую. Калі ўсё нармальна, чалавек справіўся з заданнем, вяртаемся да тэста праз год. Калі намаляваў няправільна, накіроўваем сваяка да ўрача.

Вось такі надзвычай просты тэст выяўляе мінімальныя адхіленні памяці і ўказвае на пачатковыя прыкметы дэменцыі. Вынікі ацэньваюцца па 10-бальнай шкале. Пры ідэальным малюнку — найвышэйшы бал, пры мінімальнай неадпаведнасці зададзенага часу — 9 балаў і так далей да грубых памылак, калі стрэлкі не трапляюць наогул у круг, лічбы знаходзяцца ў хаатычным парадку альбо пацыент не можа круг абазначыць. Гэты спосаб называюць надта добрым для тых, хто хоча самастойна ацаніць стан сваіх блізкіх. Але ж далейшым крокам абавязкова павінен стаць зварот да ўрача — неўролага альбо псіхатэрапеўта.

Паводле даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, пасля 65 гадоў 8,6 працэнта насельніцтва пакутуюць на дэменцыю, пасля 85-ці гэтая лічба раўняецца 24 працэнтам. І лічбы, мяркуючы па ўсім, маюць толькі адну тэндэнцыю — да ўзрастання. Нам неяк трэба з гэтым жыць...

Пад усім астатнім, напісаным Галінай Каржанеўскай, я гатовая падпісацца. У нас, на жаль, няма паўнавартаснай сістэмы дапамогі людзям з хваробай А. Каб яе стварыць, відаць, патрэбна прайсці пэўны этап сталення грамадства, бо пытанне, як заўсёды, у сродках. І на ахову здароўя часта не хапае. Магчыма, выбудаваць цэлую сістэму ўстаноў новага тыпу будзе пад сілу прыватным кампаніям. Мы часта гаворым аб сацыяльнай адказнасці бізнесу. Падобныя ўстановы маглі б стаць добрым складнікам названай адказнасці. А для гэтага трэба, каб бізнес у краіне развіваўся лепш, станавіўся стабільным і моцным. Усё ўзаемазвязана.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».