Вы тут

Хутка грамадства пачне больш выкарыстоўваць патэнцыял пажылых


Эксперты сцвярджаюць, што ў 2040 годзе кожны трэці чалавек, сустрэты намі на вуліцы, будзе пажылы. А ўсё таму, што за мінулыя 100 гадоў сярэдняя працягласць жыцця ў развітых краінах павялічылася на 25—30 гадоў. Але як будуць распараджацца пажылыя гэтым цудоўным падарункам — доўгім жыццём? Чым напоўняць гэтыя гады? Наогул, якія мэта і сэнс жыцця ў гэты перыяд? І як падрыхтаваць маладых да больш працяглай старасці? Так доўга ў гісторыі чалавецтва яшчэ ніколі не жылі, таму і паўстае столькі пытанняў — як перад кожным з нас, так і перад грамадствам у цэлым.


Наш час разбурае стэрэатыпы аб пажылых

Японцы, напрыклад, лічаць старасць узростам сузірання. Часам для разважанняў, высноў, удасканалення і нават атрымання новых навыкаў. Так, у сталым узросце чалавеку таксама трэба будзе вучыцца новаму. Напрыклад, як радавацца жыццю, калі ты ўдава. Або як радавацца жыццю, калі арганізм ужо пачынае перабудоўвацца і ў чымсьці падводзіць...

А яшчэ старасць — гэта час, калі можна «дагнаць» тое, на што не хапіла часу і сіл у больш маладым узросце. То-бок, яна можа быць часам новых магчымасцяў.

— Але нельга вылучаць пажылых у асобную групу, дзе яны маюць зносіны толькі паміж сабой, — упэўнена эксперт у сацыяльнай сферы Праграмы падтрымкі Беларусі Федэральнага ўрада Германіі, член кааліцыі «Годнае даўгалецце» Раіса Сінельнікава. — Ужо даказана, што сацыяльныя сувязі дапамагаюць нам жыць даўжэй і жыць паўнавартасна, не ўпадаць у дэменцыю і не станавіцца «гароднінай» нават у самым старэчым узросце.

Таму, калі мы не будзем змяшчаць пажылых у закрытае «гета», нам не будзе страшная старасць. Яна будзе ўспрымацца як нармальны этап жыцця.

А сёння людзі баяцца старэць і з усіх сіл імкнуцца адсунуць гэты перыяд. Таму і квітнее велізарная індустрыя па пераадоленні старасці: касметалогія, эстэтычная хірургія і г. д. — і па сваёй даходнасці яна ўжо набліжаецца да гандлю зброяй. Хоць варта было б задацца пытаннем: на што чалавецтва марнуе свае рэсурсы? На крэмы ад маршчын? Але ўзрост усё роўна возьме сваё, яго не падманеш. І ставіцца да яго трэба нармальна. Не баяцца, не маскіраваць і не хаваць.

Так, у старасці могуць быць розныя абліччы. Ва ўсіх нас розныя жыццёвыя сцэнарыі. Але цяперашняе пакаленне людзей ва ўзросце ўжо не нацэлена на дажыванне, даяданне і даношванне.

— Нас не трэба шкадаваць, — кажа Раіса Сінельнікава. — Але вельмі важна стварыць умовы, каб старасць была нармальнай і значнай. Мы ўсе — сацыяльныя істоты. Чалавеку ў любым узросце вельмі важна быць паважаным, патрэбным, мэтанакіраваным. І для гэтага вельмі важна аддаваць тое, што чалавек назапасіў, навакольным. Людзі ва ўзросце могуць дапамагаць іншым: дзецям — у вучобе ці ў арганізацыі вольнага часу; новым работнікам і маладым спецыялістам — у адаптацыі да рабочага месца; парадай і падтрымкай дапамагчы тым, хто трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю...

І, як правіла, пажылыя людзі хочуць быць сацыяльна актыўнымі і карыснымі. Усе веды сёння можна знайсці ў інтэрнэце. Але ёсць такая рэч як жыццёвы вопыт, ён па-ранейшаму важны, і праз інтэрнэт яго не атрымаеш.

І вельмі важна не культываваць залежнасць і ўтрыманства, лічыць эксперт. Пажылы чалавек павінен сам несці адказнасць за сваё здароўе, сацыяльныя сувязі і г. д. І толькі там, дзе ён не можа справіцца сам, трэба прыходзіць яму на дапамогу. Пажылым трэба ствараць умовы для рэалізацыі. Калі чалавек ва ўзросце хоча стаць валанцёрам, ён павінен ведаць, куды яму для гэтага трэба звярнуцца. Калі ён хоча навучыцца чамусьці новаму, павінна быць даступная інфармацыя, дзе і як гэта можна ажыццявіць.

У цэлым, пажылыя людзі — гэта не нейкая спецыфічная група. У любым узросце людзі хварэюць. У любым узросце людзі могуць быць інвалідамі. У любым узросце ў людзей могуць паўстаць праблемы. І пажылыя не настолькі ўразлівыя, як стэрэатыпна думаюць многія. Напрыклад, яны не самыя бедныя, рызыка беднасці ў іх ніжэйшая, чым у маладых. Гэта пацвярджае афіцыйная статыстыка па ўсім свеце, у тым ліку і па Беларусі.

Зменіцца рынак працы і рынак паслуг, адукацыя і гарадское асяроддзе...

— У пажылога чалавека ёсць патрэбы і ёсць — магчымасці, патэнцыял, — лічыць намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Таццяна Фёдарава. — Наш клопат — задаволіць патрэбы пажылых грамадзян і стварыць магчымасці для рэалізацыі іх патэнцыялу. І ў гэтым кірунку павінны ўзаемадзейнічаць усе зацікаўленыя ведамствы: аховы здароўя, адукацыі, культуры, спорту і турызму і шэраг іншых.

Зараз сістэма працуе ў асноўным на задавальненне патрэб пажылых людзей, прычым пасіўных.
У нашай краіне на сённяшні дзень працуюць 146 тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага забеспячэння насельніцтва, 72 дамы-інтэрнаты. Паслугі аказваюцца як дома, так і ў аддзяленнях дзённага і кругласутачнага знаходжання. Таксама актыўна ўкараняюцца ў практыку новыя формы сацыяльнага абслугоўвання, напрыклад, замяшчальныя сем'і для пажылых людзей і іншыя.

Але, як сцвярджае спецыяліст, нагрузка на сістэму сацыяльнага абслугоўвання ў сувязі з павелічэннем колькасці пажылых людзей будзе ўзрастаць. І калі паглядзець на праблему старэння насельніцтва шырэй, то мы бачым яшчэ шэраг пытанняў, якія трэба вырашаць.

Так, з павелічэннем колькасці пажылых памяншаецца доля працаздольнага насельніцтва. Значыць, будзе мяняцца сітуацыя на рынку працы. Магчыма, праз 20 гадоў у наймальніка ўжо не будзе выбару: браць на работу маладога чалавека ці пажылога, таму што маладых будзе мала. Таму ўжо цяпер трэба ствараць умовы, каб пажылыя не толькі спажывалі, але і ўносілі свой уклад у грамадства. Бо 65-гадовы кандыдат на работу павінен быць канкурэнтаздольным на рынку працы. Такім чынам, трэба ствараць магчымасці, каб пажылыя людзі і людзі перадпенсійнага ўзросту маглі якасна працаваць. Гэта значыць, што павінна быць сфарміравана сістэма адукацыі на працягу ўсяго жыцця. І на павышэнне кваліфікацыі работніка трэба будзе накіроўваць у любым узросце.

Ды і сама праца, яе характар пастаянна мяняюцца. Зараз вельмі папулярныя камп'ютарныя курсы. Чаму? Таму што інфарматызацыя грамадства мяняе ўсё і сама мяняецца вельмі хутка.

Успомніце, калі цяперашнія 50-гадовыя хадзілі ў першы клас, у многіх дома не было нават тэлефона. Цяпер тэхналогіі мяняюцца з вар'яцкай хуткасцю.
І калі цяперашнія 30- і 40-гадовыя прыйдуць да пажылога ўзросту, яны таксама не будуць паспяваць за імі. Але гэтымі тэхналогіямі трэба валодаць, таму што гэта частка сучаснага жыцця. І калі мы станем пажылымі, з'явіцца нешта яшчэ, магчыма, у цела будуць ужыўляць чыпы... І ўжо нас трэба будзе гэтаму вучыць.

Таму, па словах Таццяны Фёдаравай, калі паглядзець расійскую стратэгію, там камп'ютарная адукаванасць выдзелена асобным блокам, таму што без яе ўжо жыццё немагчымае.

Таксама павінны быць даступнымі ўстановы культуры, стварацца магчымасці для развіцця творчых здольнасцяў у любым узросце. І спартыўныя ўстановы павінны стаць даступнымі для ўсіх у любым узросце. Павінна фарміравацца безбар'ернае асяроддзе. Трэба па-новаму будаваць, каб будынкі былі зручнымі для ўсіх, у тым ліку і для пажылых або аслабленых людзей. Часам літаральна дробязі могуць моцна палепшыць жыццё чалавека. Напрыклад, дыванок у ванную, які не слізгае, зробленыя поручні ў прыбіральні і ваннай і г. д. Наогул, спектр пытанняў, якія патрабуюць свайго рашэння, шырокі. Трэба адаптаваць да ўмоў, якія мяняюцца, усё: і рынак працы, і рынак паслуг, і навакольнае асяроддзе.

Таму Міністэрства працы і сацыяльнай абароны цяпер працуе над Нацыянальнай стратэгіяй у інтарэсах пажылых грамадзян (гэта пакуль рабочая назва) — праграмай, якая будзе закранаць усе сферы жыццядзейнасці нашага грамадства і будзе накіравана на грамадзян ва ўзросце ад 55 гадоў і старэйшых. Плануецца, што да 1 кастрычніка гэты дакумент будзе ўнесены ва ўрад на разгляд.

Вельмі важна, па словах спецыялістаў, з якім багажом чалавек прыйдзе да пажылога ўзросту. Які ў яго будзе памер працоўнай пенсіі, залежыць ад яго працоўнай дзейнасці. Якімі ён будзе валодаць ведамі і ўменнямі — таксама залежыць ад таго, як ён пражыў усё сваё жыццё. Менавіта таму гэтая праграма будзе закранаць людзей пачынаючы з 55 гадоў, г. зн. перадпенсійны ўзрост.

А ў цэлым, эксперты ўпэўненыя, што нам усім ужо цяпер трэба думаць аб сваёй старасці, незалежна ад таго, колькі нам гадоў. Калі, вядома, мы хочам забяспечыць сабе годнае жыццё ў сталым веку. Многія людзі спадзяюцца на дзяржаву, але ўжо бачна, што магчымасці дзяржавы мяняюцца, грошай не хапае і не заўсёды чаканне дапамогі ад улад апраўдана.

Святлана БУСЬКО

Загаловак у газеце: Новая філасофія старасці

Выбар рэдакцыі

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.

У свеце

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Супярэчнасці ў адносінах паміж Вашынгтонам і Пекінам абвастраюцца, і іх можна смела называць гандлёвай вайной.

Грамадства

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

З 50 выданняў, якія павінны з'явіцца на школьных партах да 1 верасня, 48 ужо надрукаваныя.

Здароўе

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Экзапратэзаванне арбіты не робіцца больш ні ў адной з краін СНД.