Вы тут

Браніслаў Ржавуцкі. Бясстрашны летуценнік з Мядоччыны


«З чаго твой панцыр, чарапаха?» —

Я спытаў і атрымаў адказ:

«Ён з перажытага мной страху,

Брані няма мацнейшай за яго».

Халіф


Браніслаў Ржавуцкі падчас зняволення ў ГУЛАГу.

Герой майго аповеду ніколі і нічога ў жыцці не баяўся. Бо ведаў мэту свайго прыходу на родную зямлю. Бо меў трывалыя карэнні роду. Нарадзіўся ён 25 сакавіка, 1905 года. Але роўна праз 52 гады менавіта гэты сакавіцкі дзень стане ў жыцці Браніслава Ржавуцкага важкім і этапным.

А пакуль было яшчэ дзяцінства ў вёсачцы Добрыцкае, што ўзабралася на горку і расцягнулася ўздоўж невялікай, але вельмі бурлівай у часы паводак рэчкі Мужанкі. Крыху пазней з арцеллю хлапчукоў зімой бегаў маленькі Бронік у Мядоцкую школу, пабудаваную мясцовымі цеслярамі Антонам Палонікам і Іванам Раманоўскім у 1911 годзе. І зараз я часам прыглядаюся да вялікай, 118-гадовай, у нечым сакральнай хаты-школы, бо яна захавалася і суседнічае з маёй сядзібай. Бо яна, як мне думаецца, помніць усё яшчэ хлапчука Браніслава Ржавуцкага і яго ўжо славутага па тым часе настаўніка Нікана Мамантавіча Сіўко, сакурсніка Якуба Коласа па Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Значна пазней, калі стане дарослым, калі да яго вучні будуць звяртацца паважліва: «Браніслаў Андрэевіч», ён даведаецца, што жонка любімага настаўніка Надзея Іванаўна Сіўко — аўтарка беларускага «Буквара». Дарэчы, па тым «Буквары» беларускія дзеткі будуць вучыць родную мову з 1928 па 1968 год. Будзе таксама Бронька з цікаўнасцю паглядаць на жвавага і актыўнага трэцякласніка Хведзьку Касцюковіча, хлопчыка з вёскі Боркі. Бо ў сталым жыцці адбудуцца ў яго сустрэчы з доктарам сельскагаспадарчых навук, прафесарам, рэктарам Мінскага лесатэхнічнага інстытута Хведарам Трахімавічам Касцюковічам.

Помніць яна, наша старая школа, і вершы Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, якія мілагучна і з любоўю чытаў па памяці ў цішыні класа сінявокі і дапытлівы Бронька Андрэеў. Невыпадковым потым было рашэнне паступіць вучыцца ў Барысаўскі педагагічны тэхнікум.

Зусім нядаўна, у студзеньскім нумары газеты «Гоман Барысаўшчыны» за 2019 год, у артыкуле славутага ў Барысаве настаўніка, дырэктара школы, унучатага пляменніка Якуба Коласа, Івана Юр’евіча Белага я прачытаў успамін пра навучэнца Браніслава Ржавуцкага, як той дэкламуе свае вершы на пасяджэнні літаратурнага аб’яднання.

Пасля заканчэння тэхнікума Браніслаў Ржавуцкі працуе ў школах Гомельшчыны, а потым паступае ў Магілёўскі педагагічны інстытут. З сакавіка 1940 па чэрвень 1941 года ён дырэктар польскай сярэдняй школы імя А. Міцкевіча ў Баранавічах.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Браніслаў Ржавуцкі прадэманструе сваё бясстрашша: ён узначальвае дыверсійную партызанскую групу «Барыс». Праўда, тады ў дакументах змянілі яго прозвішча на Ржэўскі, якое і засталося з Браніславам Андрэевічам потым на ўсё жыццё. У партызанскі перыяд дзейнасці ён таксама рэдагуе новамышчанскую газету «Перамога». Якраз тады здараецца сустрэча з беларускім пісьменнікам Янкам Брылём, які таксама быў рэдактарам, толькі ўжо другой партызанскай газеты ў Налібоцкай пушчы. Янка Брыль пісаў: «Адтуль, з пушчы, гучыць часамі ў маёй памяці яго захоплены голас, калі ён дэкламуе купалавы радкі...»

Калі пасля вайны Браніслаў Андрэевіч з Баранавічаў (там ён працаваў выкладчыкам і загадчыкам кафедры ў інстытуце) прыязджаў у Мінск, то абавязкова спыняўся ў Янкі Брыля. Размовы пра стан беларускай мовы, пра літаратурныя творы доўжыліся далёка за поўнач. А ў 1952 годзе, калі Ржэўскі абараняў кандыдацкую работу па творчасці Максіма Танка, Янка Брыль нават выступаў на вучоным савеце са сваёй ацэнкай навуковай працы сябра.

Янка Брыль яшчэ ўспамінаў, што Браніслаў быў вельмі добры і даверлівы. Любіў і не баяўся гаварыць праўду. Ён мог раскрыцца перад кожным. Бо наіўна, а можа, і з гумарам, думаў, што і дрэнныя людзі маюць заўсёды шанц усвядоміць свае памылкі і папрасіць прабачэння. Але глыбока, ой як глыбока, памыляўся герой майго аповеду.

 Упэўніўся ён у гэтым ужо ў Гародні, куды ў 1955 годзе «прызямліўся» працаваць і жыць. Аднойчы ў рабочым кабінеце ён прачытаў свой ліст у абарону беларускай мовы аднаму такому «нібыта шчыраму беларусу». Пасля гэтага схаваў аркуш туды, адкуль узяў, — пад мармуровы цяжкі прыбор на рабочым стале. У лісце тым пісалася, што «нават на шматлюдным пахаванні Якуба Коласа ў 1956 годзе галоўны ідэолаг БССР Цімох Гарбуноў афіцыйны жаль агучваў з урадавай трыбуны па паперцы ды па-руску, паныла паўтараючы: “Наш дорогой Константин Михайлович Якубколос...”».

Калі Браніслава Ржэўскага потым арыштоўвалі, то нават і ператрусу не рабілі: проста падышлі да стала, паднялі той мармуровы прыбор і забралі ліст. Пра арышт Браніслава Андрэевіча ў 1957 годзе нават занатаваў у сваім дзённіку народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў: «У 40-я гады… (насамрэч гэта было ў 50-я гады. — У. Л.) у Гародні арыштавалі дацэнта педінстытута Ржэўскага, за нацыяналізм. Пасля, казалі, кадэбісты абураліся: усё выдаў, ва ўсім прызнаўся. Пры вобыску не знайшлі нейкіх кніжак, ды ён на допыце сказаў, дзе хаваў: у куратніку. Таму, хто рабіў вобыск, нагарэла. Як было не абурацца — гэтак падвёў нацыяналіст!».

Ну, а далей былі допыты, краты, нары. Камедыя суда. І вельмі горкі парадокс хрушчоўскай адлігі: калі ўсе пасля асуджэння культу асобы Сталіна вярталіся з лагераў, туды, у Дубраўлаг Мардовіі, на сем гадоў везлі майго земляка, самага, можа, шчырага — без двукосся — беларуса Браніслава Ржэўскага. А перад гэтым сам прысуд зачытваўся 25 сакавіка 1957 года, якраз у яго 52-гі год нараджэння. Але і там Браніслаў Андрэевіч заставаўся бясстрашны. І такі ж добры, лагодны і спагадлівы. Працаваў у лагернай бібліятэцы, што налічвала 22 тысячы тамоў. Праводзіў абмеркаванні кніг, нават умудрыўся прапагандаваць творы свайго даўняга сябра Янкі Брыля.

А таксама яшчэ працягваў пісаць лісты на адрас ЦК КПСС, асабіста міністру культуры Фурцавай і даводзіў абсурднасць нацыянальнай палітыкі. Адным словам, як бы сказалі, заставаўся сынам сваёй бацькаўшчыны з высокай мерай сумленнай адказнасці за лёс будучых пакаленняў. Бо так яму даводзіла генная памяць продкаў.

У 1961 годзе галоўнага ідэолага БССР адхілілі ад пасады і адправілі ў беларускія акадэмікі. Вось толькі тады сапраўдныя сябры Браніслава змаглі зрабіць так, што яго на тры гады раней адпусцілі з ГУЛАГа. Янка Брыль потым успамінаў, што Браніслаў Андрэевіч адразу ж завітаў да яго на госці. Быў ён крыху пастарэлы, трошкі можа знясілены, але бадзёры ў размовах пра мову і будучыню роднага краю.

Браніслаў Ржавуцкі з дачкой Геняй і сынам Мечыславам.

Родны і любімы яго край (калі дакладна — тагачасная савецкая наменклатура) не прывеціў свайго адданага сына: праца ў інстытуце была забаронена. Хіба толькі выдатнаму беларускаму навукоўцу ўдасца ўладкавацца на працу настаўнікам у сярэднюю школу...

Жыве сёння ў роднай вёсачцы Добрыцкае пляменнік Браніслава Андрэевіча Альгерд Ржавуцкі, таксама вельмі шчыры і адданы беларус. І хаця ўсё жыццё сваё працуе трактарыстам і наладчыкам у саўгасе, заўсёды мае вялікую цікаўнасць да роднага слова і карыстаецца ім штодзённа. Больш за тое, чытае беларускія кнігі, вельмі любіць слухаць перадачы пра паэта Рыгора Барадуліна і іншых беларускіх пісьменнікаў. Таксама многа ўспамінае з непадробным гонарам пра свайго незвычайнага дзядзьку. Расказвае, як восенню 1980 года разам з сынам, дачкою і дастойнымі сябрамі праводзіў у апошні шлях Браніслава Ржэўскага. Альгерд Іпалітавіч ахвотна перадаў з уласнага архіва фотаздымкі свайго роднага дзядзькі Броні.

Хачу аднавіць у памяці вельмі цікавы 1989 год. Той год, калі да нас у Мядоцкую школу прыехалі ў госці спачатку Рыгор Барадулін, а потым і Ніл Гілевіч. Якія гэта былі тады шчаслівыя дні ў жыцці вучняў, настаўнікаў і бацькоў школы, дзе тады я працаваў дырэктарам! У тым жа 1989 годзе, у чэрвені, я таксама прыехаў на першы з’езд Таварыства беларускай мовы ў Мінску. Дзень той быў у маім жыцці яркі і надзвычайны. Я памятаю, як на сцэну Дома літаратара выйшаў гарадзенскі настаўнік Алесь Белакоз. З якою любоўю і натхненнем ён прамаўляў словы вернасці роднай мове! Бо сваё жыццё ён прысвяціў нашай любімай Беларусі. У перапынку я змог падысці да Алеся Мікалаевіча. «Адкуль вы, малады чалавек?» — пры знаёмстве ён запытаў у мяне. «З Барысаўскага раёна, з вёскі Мётча» — адказаў я. «Слухайце, — з усхваляваным словам звярнуўся да мяне Белакоз, — там побач няма ў вас вёскі Добрыцкае?». «Ёсць вёсачка Добрыцкае, — адказаў я і дадаў: — Там жыве і працуе ў нашай школе цудоўная настаўніца, аматарка нашай любімай мовы Аліна Ржавуцкая». «Ржавуцкая?» — прамовіў у нейкім пытальным задуменні Алесь Мікалаевіч. «Справа ў тым, што маім любімым выкладчыкам педінстытута быў Браніслаў Андрэевіч Ржэўскі і я дакладна помню, як ён расказваў, што нарадзіўся ў вёсцы Добрыцкае ля рэчкі, здаецца, Мужанкі».

Мы тады абодва задавалі сабе пытанні. Я думаў пра тое, чаму мая такая добрая і, можа, самая лепшая настаўніца ў нашай Мядоцкай школе вельмі мала расказвала пра свайго такога знакамітага сваяка. Ён жа, Алесь Белакоз, магчыма, да канца яшчэ не верыў у тое, што можна было на з’ездзе свабодна гаварыць пра тое, за што раней саджалі на сем гадоў у турму. А яшчэ, магчыма, Алесь Мікалаевіч успамінаў, як пасля мардоўскага ГУЛАГа былыя калегі Браніслава Ржэўскага, калі сустракалі яго ў Гародні, адразу пераходзілі на другі бок вуліцы. Вельмі ўжо баяліся вітацца з ім — такім лагодным, даверлівым, свабодным, шчырым. Бо, як яшчэ ўспамінаў Янка Брыль, пасля абароны кандыдацкай дысертацыі ў тым памятным 1952 годзе Браніслаў Ржэўскі на кватэры свайго сябра, прафесара Міхася Рыгоравіча Ларчанкі, праспяваў заліхвацкія прыпеўкі, а таксама не толькі станцаваў, але і па-сапраўднаму «адмяцеліў» беларускую польку ў пары з жонкай гаспадара.

Чым болей я ўглядаюся ў гады і бачу там свайго дарагога земляка, тым усё больш упэўніваюся ў думцы, што галоўны герой аповесці Уладзіміра Караткевіча «Ладдзя Роспачы» Гервасій Выліваха — гэта ў тым ліку і герой майго аповеду. Гервасій Выліваха гуляў з лёсам у шахматы і перамог яго, бо меў за правіла: «Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто — тады пераможаш». Браніслаў Ржэўскі перамог страх і сваім прыкладам вучыць нас усіх як мага хутчэй пазбавіцца страху, а не заставацца на стагоддзі чарапахамі.

Уладзімір ЛАЙКОЎ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.