Вы тут

Алена Русакевіч. Што ў тэхнічным арсенале?


Напрыканцы мая ў Мінску пачаўся ІІ Міжнародны фестываль мастацтва «Арт-Мінск». У межах гэтага фестывалю на цэнтральнай пляцоўцы ў Палацы мастацтва прадстаўлена маштабная экспазіцыя, дзе можна ўбачыць творы аўтараў розных пакаленняў, якія раскрываюць самыя розныя тэмы. І, нягледзячы на тое, што большую частку экспазіцыі займаюць жывапісныя работы ў тэхніцы алейнага жывапісу, давядзецца ўбачыць і мноства твораў, выкананых пры дапамозе больш наватарскіх метадаў. Спынімся на некаторых, якія вылучаліся на фоне іншых экспанатаў.


«Гісторыя адной плямы І».

Звяртаючыся да тэхнічных навацый у галіне выяўленчага мастацтва, хочацца адзначыць работы Рамана Стрыгі «Гісторыя адной плямы І» і «Гісторыя адной плямы ІІ». Мастак адзін з нешматлікіх фатографаў у свеце, хто займаецца фотадрукам на металічнай пласціне. Нягледзячы на тое, што гэты прыём не новы і сёння шырока выкарыстоўваецца ў дызайне, сустрэць у сучасных выставачных прасторах яго даводзіцца нячаста. Мастак умела абыгрывае гэты метад, ствараючы ў сваіх работах асаблівае свячэнне і напаўняючы іх загадкавым і меланхалічным настроем.

Своеасаблівае гучанне ў экспазіцыі набыла графіка Арлена Кашкурэвіча (твор 1969 г.): « Нотр Дам ноччу» экспануецца побач з прайгравальнікам , які транслюе песні Эдзіт Піяф. Гэты мастацкі прыём заслугоўвае ўвагі, паколькі простае і лаканічнае раскрыццё актуальнай тэмы пры дапамозе памяшчэння ў новы кантэкст аб’ектаў мінулага стагоддзя патрабуе шмат майстэрства. Асаблівую ўвагу гледачоў на выстаўцы прыцягнула работа групы 605 «Мастацтва скончылася». Нягледзячы на сваю падкрэсленую правакатыўнасць і выразнае візуальнае ўвасабленне, яна з’яўляецца толькі прэтэнцыёзнай адсылкай да творчасці Марсэля Дзюшана. Гэтая работа далёкая як ад метаіроніі, якая ўласціва постмадэрнісцкім творам, так і ад канцэптуальнага мастацтва, паколькі даносіць да гледача тую ж самую думку, што і першакрыніца.

«Гісторыя адной плямы ІІ».

Варта адзначыць таксама твор Уладзіміра Кандрусевіча «Flip Flap», які спалучае адначасова тэхніку алейнага жывапісу і анімацыі. У гэтай рабоце цікавы не толькі яе тэхнічны бок, але і візуальнае ўвасабленне. Глыбіня аўтарскай задумы падштурхоўвае да развагаў, а кантраст дынамічнай і статычнай выявы дазваляе паглыбіцца ў своеасаблівы транс.

Прыцягвае таксама канцэпт уальны твор Аляксандра Адамава. Пры дапамозе мінімаль ных мастацкіх сродкаў аўтар памайс т эрск у адлюстраваў складаную канцэпцыю. Змясціўшы ў выставачнай прасторы аўтапартрэт з назвай «Партрэт генія або без назвы», аўтар сцвярджае, што талент, права называцца мастаком і каштоўнасць твора мастацтва — паняцці адносныя. Адамаў абвяшчае такім спосабам сваё асабістае права на выбар месца ў свеце мастацтва.

«Партрэт генія, або Без назвы».

У адрозненне ад мноства папярэдніх выставак падобнага фармату, тут прадстаўлена таксама даволі вялікая колькасць работ, выкананых у тэхніцы калажу і асамбляжу. Напрыклад, у творах Кацярыны Пашкевіч, Аляксандры Куцень, Наталлі Кацубы і Таццяны Гомзы гэтая тэхніка набывае нетрывіяльныя і самабытныя рысы.

Хочацца адзначыць, што як тэматычны дыяпазон, так і арсенал тэхнічных прыёмаў у творчасці сучасных беларускіх аўтараў паступова пашыраюцца. Некаторыя мастакі выпрацоўваюць свае творчыя метады і стратэгіі, некаторыя ўмела адаптуюць ужо вядомыя мастацкія прыёмы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Першая дапамога дзецям пры траўмах. Што трэба ведаць?

Першая дапамога дзецям пры траўмах. Што трэба ведаць?

​Дастаткова часта дзецi трапляюць у крытычныя сiтуацыi праз сваю цiкаўнасць i павышаную актыўнасць.

Культура

Распавядаем, што паглядзець на сёлетнім «Славянскiм базары ў Вiцебску»

Распавядаем, што паглядзець на сёлетнім «Славянскiм базары ў Вiцебску»

Сёлета ён пройдзе ўпершыню выключна пад адкрытым небам.

Культура

На якія раскопкі чакаюць валанцёраў?

На якія раскопкі чакаюць валанцёраў?

Увесь лiпень працуе археалагiчны летнiк «Наўры-2020».