Вы тут

Як прадстаўнік Японіі пераймае вопыт работы беларускіх прэс-цэнтраў


Канаму Міяке з арганізацыйнага камітэта Алімпійскіх гульняў Токіа-2020 прыехаў у Мінск напярэдадні старту II Еўрапейскіх гульняў. Яго мэта пераняць вопыт работы прэс-цэнтра на турніры па баскетболе 3×3. Раней малады чалавек працаваў пішучым журналістам у адной з газет Токіа, а цяпер рыхтуецца прымаць прадстаўнікоў СМІ з усяго свету ў Японіі, па прызнанні Канаму Міяке, Мінск з’яўляецца выдатным узорам такой дзейнасці.


— На Алімпіядзе-2020 я буду кіраваць прэс-цэнтрам на турніры па стрытболе, таму ў Беларусі назіраю за тым, як працуюць журналісты на спаборніцтвах менавіта па гэтаму віду спорту. Гляджу, як арганізаваны прэс-цэнтр і ўсе зоны для работы журналістаў, — расказвае Канаму Міяке. — Баскетбол у цэлым не вельмі папулярны ў мяне ў краіне, але гэты від спорту развіваецца тым больш цяпер, калі ён упершыню ўвайшоў у праграму Алімпійскіх гульняў. Ён становіцца папулярней з кожным днём. Але пакуль у нас праводзіцца не так шмат спаборніцтваў, таму мне цікава атрымаць вопыт работы на міжнародных спаборніцтвах.

У прадстаўніка аргкамітэта ўжо атрымалася паглядзець, як функцыянуе зона для работы СМІ і мікст-зона.

— Гэта такое незвычайнае месца — сэрца прэс-цэнтра. Таксама я надаў увагу рабоце на фотапазіцыях, як расстаўлены фатографы. Яшчэ мяне цікавіла работа з валанцёрамі. У Беларусі ўсё арганізавана на вышэйшым узроўні. Сёння турнір па баскетболе заканчваецца, таму я пераязджаю ў галоўны прэс-цэнтр Еўрапейскіх гульняў на стадыён «Дынама», дзе буду назіраць за работай журналістаў на лёгкай атлетыцы.

На мой погляд Алімпіяду і Еўрапейскія гульні радніць тое, што гэта мультыспартыўныя турніры, але думаю, на Алімпійскіх гульнях будзе яшчэ больш людзей, бо тут усё ж такі Еўрапейскія гульні, а ў Токіа прыедзе ўвесь свет. У тым ліку будзе больш і спартсменаў і журналістаў, тэлевяшчальнікаў. Сёння Токіа гатовы да Алімпіяды на 60-70 працэнтаў, многае з інфраструктуры ўжо гатова, а работа з журналістамі, іх размяшчэннем яшчэ вядзецца.

Канаму Міяке вельмі шмат часу праводзіць у прэс-цэнтры, таму ў яго яшчэ не атрымалася добра разгледзець Беларусь, але самае галоўнае тут ён ужо прымеціў.

— Мінск — гэта вельмі прыгожы і зялёны горад, тут вельмі ветлівыя людзі. Я наведаў некалькі кафэ, паспрабаваў вашы знакамітыя бліны, а таксама стравы з рускай і ўкраінскай кухні. Шчыра кажучы, я не вельмі шмат ведаю пра гэтыя краіны, бацькі распавядалі мне толькі пра тое, што ў СССР адбылася катастрофа — выбух на атамнай станцыі ў Чарнобылі.

Дар’я Лабажэвіч

Фота Ганны Занкавіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Першая дапамога дзецям пры траўмах. Што трэба ведаць?

Першая дапамога дзецям пры траўмах. Што трэба ведаць?

​Дастаткова часта дзецi трапляюць у крытычныя сiтуацыi праз сваю цiкаўнасць i павышаную актыўнасць.

Культура

Распавядаем, што паглядзець на сёлетнім «Славянскiм базары ў Вiцебску»

Распавядаем, што паглядзець на сёлетнім «Славянскiм базары ў Вiцебску»

Сёлета ён пройдзе ўпершыню выключна пад адкрытым небам.

Культура

На якія раскопкі чакаюць валанцёраў?

На якія раскопкі чакаюць валанцёраў?

Увесь лiпень працуе археалагiчны летнiк «Наўры-2020».