Вы тут

Лукашэнка — выпускнікам: Мары трэба ўвасабляць у рэальным жыцці


 

Ва ўрачыстым мерапрыемстве прыняў удзел і Прэзідэнт нашай краіны. Пад дахам выставачнага цэнтра «БелЭкспа» ён звярнуўся з прамовай да 226 выпускнікоў, якія дабіліся прыкметных поспехаў у вучобе і грамадскім жыцці.


Мары трэба ўвасабляць у рэальнасць

«Сёння асаблівы, урачысты дзень — дзень, які для вас стане сапраўдным святам і пачаткам новага жыцця, дарослага жыцця», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Беларускі лідар расказаў прысутным, што падчас штогадовых сустрэч з найлепшымі выпускнікамі ВНУ — сапраўды залатым фондам нашай моладзі — ён адчувае асаблівую радасць і гонар. «Таму што вы — наша будучыня. Я вельмі спадзяюся — лепшая наша будучыня», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што разам з імі вучыліся студэнты з іншых краін. Вышэйшую адукацыю ў нас атрымліваюць прадстаўнікі больш чым ста дзяржаў. Дарэчы, попыт каласальны: Беларусь нават не можа прыняць усіх ахвотных, бо іх няма дзе пасяліць, не хапае і вучэбна-лабараторных карпусоў. І на цяперашні святочны баль упершыню запрошаны самыя паспяховыя з гэтых хлопцаў і дзяўчат. Кіраўнік дзяржавы пажадаў, каб гэта стала новай добрай традыцыяй.

Беларускай моладзі Прэзідэнт пажадаў, каб, мадэлюючы сваю будучыню, яе прадстаўнікі разумелі: усё, што робіцца ў краіне, робіцца не для прыгожай карцінкі ў сацыяльных сетках. Хоць гэта і модна цяпер — жыць анлайн у інтэрнэце, — але мары трэба ўвасабляць у рэальным жыцці.

«Працаваць на канкрэтны, карысны людзям вынік. Тады з вашых асабістых поспехаў складзецца шчаслівая будучыня краіны — усёй нашай Беларусі. Зрабіце так, каб і праз шмат гадоў і вашым бацькам, і вашым будучым дзецям на зямлі было камфортна. Нам трэба ператварыць гэты кавалак зямлі, імя якому Беларусь, у самае зручнае і камфортнае месца для жыцця не толькі вас, але і вашых дзяцей, вашых унукаў», — прамовіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама заклікаў захаваць нашу ўтульную і камфартабельную для жыцця краіну, нашу цудоўную прыроду, бо яе немагчыма аднавіць або купіць.

Акрамя таго, беларускі лідар назваў гэты баль асаблівым, бо яго ўдзельнікі сустрэліся напярэдадні святой для нашага народа даты — 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. «Менавіта сёння, звяртаючыся да вас, моладзі, хочацца сказаць: не забывайце тых, хто сваім подзвігам заваяваў для нас права жыць на сваёй зямлі. І самае галоўнае — пад мірным небам. Гэта ім — якія пайшлі ад нас — мы павінны быць удзячныя за сучаснае», — падкрэсліў ён.

Ніколі нельга спыняцца

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў гэты дзень выпускнікі выйшлі на самастойную дарогу. І сімвалічна, што гэты старт прыйшоўся на час галоўнай спартыўнай падзеі гэтага лета — ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску. На думку кіраўніка дзяржавы, гэта добры знак.

«Бярыце прыклад, але толькі з нашых найлепшых спартсменаў, а іх нямала, яркія перамогі якіх, заваяваныя медалі не толькі дораць нам, заўзятарам, моцныя эмоцыі, але і ўмацоўваюць імідж нашай роднай краіны, — адзначыў ён. — Будзьце і вы пакаленнем заваёўнікаў самых складаных вяршынь».

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што далейшыя дасягненні выпускнікоў стануць найлепшым выказваннем падзякі бацькам і настаўнікам, чые дапамога і падтрымка за гады вучобы былі бясцэнныя. Яшчэ кіраўнік дзяржавы па-сяброўску параіў прысутным выпускнікам не задзіраць нос, бо цяпер усё, што ў іх ёсць — гэта заслуга бацькоў і настаўнікаў.

Ён выказаў шчырую ўдзячнасць за майстэрства і прафесіяналізм педагогам, якія дапамаглі дамагчыся сур'ёзных вынікаў, а таксама заклікаў не спыняцца на дасягнутым.

«Энергія і талент маладосці маюць дзіўную сілу, і Беларусь — краіна вялікіх магчымасцяў. Усё атрымаецца, і мы яшчэ не раз з гонарам пачуем вашы імёны. Я жадаю вам удачы. У добры, паспяховы шлях!» — сказаў Прэзідэнт.

Пасля гэтага беларускі кіраўнік традыцыйна ўручыў узнагароды найлепшым выпускнікам і выкладчыкам.

Дарэчы, на ўзроўні вышэйшай адукацыі ў 2019 годзе будзе выпушчана 56 тысяч спецыялістаў (у 2018 годзе было 64,9 тысячы).

Ва ўстановах вышэйшай адукацыі Беларусі дзяржаўнай формы ўласнасці ў 2019 годзе будзе падрыхтавана 51,7 тысячы спецыялістаў (у 2018 годзе — 60,1). З іх навучаліся на дзённай форме атрымання адукацыі 30,1 тысячы чалавек (у 2018 годзе — 31,1), на вячэрняй і завочнай — 21,6 тысячы чалавек (у 2018 годзе — 29).

Выпуск спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, якія навучаліся за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, складзе ў 2019 годзе 24,2 тысячы чалавек (у 2018 годзе — 26,2). З іх навучаліся на дзённай форме 19,5 тысячы чалавек (у 2018 годзе — 19,5), на вячэрняй і завочнай — 4,7 тысячы чалавек (у 2018 годзе — 6,7).

А што кажуць выпускнікі?

Выпускніца Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Гражына Жолік стала акушэрам-гінеколагам, працаваць будзе ў сталічнай 6-й бальніцы. Чаму ж яна вырашыла стаць урачом? «Сэрца палюбіла гэтую спецыяльнасць, у іншай справе я сябе не бачу. Хачу дапамагаць адчуваць радасць мацярынства. Невымоўныя адчуванні былі пасля прысутнасці на родах. Так што сэрцу не загадаеш, як кажуць», — сказала дзяўчына.

Узровень беларускай адукацыі і выкладчыкаў яна ацаніла высока і адзначыла, што ён адпавядае міжнароднаму.

Гражына расказала, што атрымала запрашэнне на баль, таму што актыўна займаецца навуковай дзейнасцю, выступае на канферэнцыях, удзельнічае ў конкурсах і займае прызавыя месцы. Вядома, адыграў ролю фактар высокай паспяховасці.

«Вельмі хвалююся, — так выпускніца адказала на пытанне, як яна перажывае ўступленне ў новы этап свайго жыцця. — Нават месцамі страшна, але ўсе праз гэта праходзяць. Думаю, у мяне ўсё атрымаецца. З падтрымкай бацькоў, блізкіх і сяброў усё магчыма пераадолець».

Выпускнік Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Яўген Барысюк расказаў журналістам, што яму вучыцца было цікава (хоць спецыяльнасць няпростая — аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі).

Хлопец мэтанакіравана пайшоў у гэтую сферу, бо ведаў, што ў будучыні хоча працаваць па спецыяльнасці. Ва ўніверсітэце Яўгену прапанавалі вучыцца ў складзе групы для замежных студэнтаў, таму навучанне было на англійскай мове.

Зараз хлопец працуе ў прыватнай ІТ-кампаніі, офіс якой размешчаны ў Брэсце. Фірма займаецца распрацоўкай сістэмы для продажу авіязапчастак — па словах выпускніка, аналагаў ёй няма.

Яўген адзначыў дастойны ўзровень нашай адукацыі, аднак звярнуў увагу, што ўсё ў першую чаргу залежыць ад самога чалавека. «Калі чалавек не будзе вучыцца — адпаведна, ён нічога не дасягне», — мяркуе выпускнік.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што паглядзець у Хоцімску?

Што паглядзець у Хоцімску?

У Хоцімску нават ёсць кола агляду.

Грамадства

«За больш чым сем год былі ўсяго адны суткі без баявога выезду»

«За больш чым сем год былі ўсяго адны суткі без баявога выезду»

Гісторыя кар'еры падпалкоўніка ў адстаўцы Генадзя Цімахоўцава.

Палітыка

Беларусь і ЕС падпішуць візавае пагадненне не пазней за 2 лютага 2020 года

Беларусь і ЕС падпішуць візавае пагадненне не пазней за 2 лютага 2020 года

Верагодна, гэта адбудзецца ўжо ў гэтым лістападзе. 

Грамадства

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Трэці раз ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812» на два дні перанёс пасёлак больш чым на два стагоддзі назад.