Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


«Івану тады ішоў дваццаты...»

Фота: ok.ru

У нашай сям'і заўжды любілі слухаць успаміны: прабабкі Вольгі — пра жыццё ў пана Вайніловіча, бабулі Таццяны — пра вайну з немцамі... Нешта з пачутага мая мама запісвала, так што мне засталося толькі надрукаваць і даслаць у «Звязду», якую ў нас чытаюць многія.

...Першыя дні вайны жыхарам вёскі Браткава запомніліся паветраным боем: фашысцкія сцярвятнікі з чорнымі крыжамі на крылах дагналі тады невялікі савецкі самалёт з эмблемай чырвонага крыжа і збілі. Палаючы, ён «увайшоў» у зямлю на ўскрайку вёскі. Людзі кінуліся туды, але зрабіць нічога не маглі... Хіба потым — сабраць астанкі тых, хто загінуў, і пахаваць. Каго — так і невядома.

Фронт між тым адыходзіў на ўсход, і ледзь не кожны дзень прыносіў кепскія навіны. Калгасных жывёл разабралі жыхары, а 28 чэрвеня ў вёсцы ўжо былі немцы. Яны сагналі людзей на сярэдзіну вуліцы і аб'явілі, што сяляне вызвалены ад улады камуністаў і цяпер павінны дапамагаць вялікай Германіі, што ў вёсцы назначаецца стараста, што ягонае слова — закон, за невыкананне якога — расстрэл і не іначай.

Але ж браткаўцы не скарыліся немцам — у служкі да іх ніхто не пайшоў. У лесе за вёскай Заракаўцы сталі збірацца камуністы, кіраўнікі мясцовых арганізацый, якія хаваліся ад фашысцкай расправы, тыя, хто не хацеў мірыцца з «новым парадкам». Там жа апынуўся Іван — старэйшы сын майго прадзеда Івана Мікітавіча Місевіча, які ў сваёй хаце стаў пячы партызанам хлеб.

...Жнівень 41-га. У вёску на падводах прыехалі паліцаі. Людзі, пазамыкаўшы хаты, кінуліся хавацца. У сваю хованку — лаз у зямлі, зверху закрыты дошкамі і дзёрнам, з якога нават рос куст — кінулася і сям'я прадзеда.

Немцы з паліцаямі пайшлі па хатах. Яны збівалі замкі, усё, што хацелі, складвалі ў мяхі, грузілі на падводы, і ўрэшце з'ехалі. Вяскоўцы, вярнуўшыся дамоў, гаравалі аб стратах. Не было іх хіба ў сям'і Місевічаў (нават хлеб партызанскі ў печы застаўся). А ўсё таму, што ўцякаючы, дамачадцы не паспелі зачыніць вокны. «А калі расчыненыя, то ў хаце браць няма чаго», — падумалі, відаць, паліцаі і, на шчасце, туды не зайшлі.

А вось нямецкая мотапяхотная часць у канцы верасня ў вёсцы спынялася. Афіцэры размеркавалі салдат на начлег, выставілі ахову. Пры гэтым мясцовыя падлеткі згледзелі, што зброю ваякі злажылі ў адной з камор. Там было невялічкае акенца. Праз яго самы шчуплы з кампаніі хлапчукоў залез у памяшканне і стаў выкідваць аўтаматы.

Узялі іх столькі, колькі маглі панесці, схавалі ў былым калгасным гумне, каб пазней перадаць партызанам.

Раніцай афіцэры пастроілі салдат, каб рухацца далей, у бок фронту і, вядома ж, заўважылі, што адно з падраздзяленняў... абяззброена. Шукаць вінаватых, на шчасце, не было калі: немцы вельмі спяшаліся. А малодшы сын прадзеда — Сеня Місевіч у той вечар прыйшоў дадому цішком і позна. На ўсе папрокі маці адказваў, што брату ды іншым партызанам не хапае зброі.

І гэта была не адна яго вылазка.

Жыхары вёсак збіралі для партызан хто што мог. Прыпасы хавалі ў лясным тайніку. А вось хлеб...

Каб мець муку, Іван Місевіч зрабіў жорны (з пачаткам вайны калгасны млын не працаваў). Яго жонка са старэйшай дачкой мясілі цеста. Гэта можна было рабіць цішком, неўпрыкмет для вёскі, а вось пячы...

Пах хлеба, які ішоў праз комін і вокны, утаіць было немагчыма. Суседзі ўсё чулі, усё разумелі, але, дзякуй богу, маўчалі.

...Яшчэ адзін дзень. Раніцай другога кастрычніка па полі, дзе вяскоўцы дакопвалі бульбу, пранёсся коннік — папярэдзіў, што ідуць карнікі. Місевічы пабеглі ў сваю схованку. Туды ж забралі суседскую дзяўчынку Маню, якая на падворку гуляла з іх малодшай Таняй. Усе разам нейкі час прасядзелі, потым Іван Мікітавіч адсунуў накрыўку, каб паглядзець, што дзе робіцца. Ён толькі падняў галаву і ўбачыў, што на іх падворку стаіць немец і... махае яму рукой: маўляў, ідзі сюды.

Дзядуля асеў у яму і дрыжачым голасам паведаміў сваім, што фашыст яго заўважыў і што яму трэба ісці здавацца... Аднаму. Ён стаў з усімі адвітвацца, бо разумеў, што яго, як бацьку партызана, ніхто не пашкадуе.

Дзеці, вядома ж, пачалі плакаць. Бабуля казала, што лепей пойдзе яна, бо мужчына цяпер патрэбен болей... Дзядуля яе не пусціў. Напружанне было невыноснае, бо абое думалі, як ратаваць дзяцей...

Яны ўжо развіталіся і з жыццём, і адно з адным, калі гаспадар зноў выглянуў на вуліцу, дзе... немцаў ужо не было: не знайшоўшы нікога і нічога, яны пакінулі вёску. А перад гэтым проста махалі адзін аднаму, клічучы на збор...

У тую ж ноч дамоў прабраўся Іван. Ён нічога не расказваў аб жыцці ў партызанах, але ўсе і так усё разумелі: хлопец быў худы, нямыты-нястрыжаны, у папрэлым, вышывым адзенні...

Праз два дні ён вярнуўся ў атрад разам з меншым братам Сямёнам, які ў свае 16 быў вельмі дужы і смелы.

Аднойчы, расказвалі, ён даведаўся, што немцы ў Дзягцяныя павязуць пошту, што будуць праязджаць па дарозе паміж вёскамі Савічы і Заракаўцы, месцамі — цераз лес ды кусты, дзе ён і затаіўся. А потым пачуў, што заляскалі колы падводы, убачыў, што на вазку — два немцы. Адзін з іх кіраваў канём (аўтамат ляжаў на каленях), другі — драмаў ззаду. Сеня выскачыў з кустоў, схапіў аўтамат і кінуўся ў лес. Другі немец пачаў страляць, але ніводная куля хлопца не дагнала, бо ён... не ўцякаў: крыху адбегся і сеў на зямлю за тоўстае дрэва.

Немцы следам за ім ісці пабаяліся — паехалі далей. А Сямёна з радасцю сустрэлі ў атрадзе: два браты Місевічы сталі ваяваць поплеч.

...Пазней іх маці, а мая прабабка Вольга Пятроўна, успамінала, што старэйшы з сыноў часам з недаверам казаў: «Няўжо вы, мама, будзеце такая шчаслівая, што ў гэткай страшнай вайне нікога з сям'і не страціце? Калі што — будзьце мужнай... Усялякае можа стацца...»

Ён, на жаль, не памыліўся. У адной з сутычак з немцамі паблізу ад Сямёна ўзарвалася асколачная граната. Ён упаў, асколкі трапілі ў спіну, трохі ніжэй лапаткі. Хірурга ў атрадзе не было, раны на маладым целе хутка зацягнуліся... А вось у сталым узросце Сямёну Іванавічу яны шмат крыві папсавалі.

...Зіма 1943-га была суровая, у вёсцы заставаліся лічаныя каровы і коні.

З надыходам вясны тыя, у каго былі хоць нейкія сілы і магчымасці, садзілі бульбу.

Партызаны летам 1944-га ліквідавалі некалькі гарнізонаў (у Цімкавічах быў адноўлены), групы амаль штодзённа выходзілі на заданні, працавала разведка...

Не дажылі да вызвалення камісар атрада І. К. Жыжык (загінуў у няроўным баі) і Іван Місевіч. Перад выхадам на чарговае заданне ён узяў са скрынкі гранату, у якой, за нешта зачапіўшыся, саскочыла кальцо.

Кінуць яе не было куды — навокал людзі... Тады ён прытуліў гранату да сябе і пабег за бліжэйшыя дрэвы.

Прагучаў выбух, сябры кінуліся да Івана. Ён яшчэ паспеў папрасіць, каб яго перавязалі...

Пахавалі хлопца (Івану тады ішоў 20-ы) там жа, на базе ў Вялешынскім лесе, 2 мая 1944 года. Да вызвалення Беларусі не заставалася, можна сказаць, нічога.

Праз тры месяцы бацька зрабіў дамавіну і перавёз астанкі сына на брацкія могілкі ў вёску Савічы — пахаваў як належыць, па хрысціянскіх законах. Таму прозвішча Івана Місевіча на чорным абеліску зусім не выпадковае. Сямён жа працягваў змагацца ў атрадзе імя Шчорса.

...Прыйшло вызваленне, адбылася Перамога, адрадзілася і жыве знявечаная немцамі Капыльшчына! Вось толькі страты вярнуць немагчыма.

Вольга Радкевіч, загадчыца філіяла Цімкавіцкай сельскай бібліятэкі


Ён не памёр! Ён недзе тут...

Вялікі Беларус, Грамадзянін, Васіль Вялікі...

Гэтыя словы ў адносінах да Васіля Быкава нават пры жыцці яго не здаваліся гучнымі, а смерць толькі падкрэсліла маштаб асобы. 22 чэрвеня 2003 года пісьменніка не стала, і гэта было расстанне з цэлай эпохай, бо яго творы вучылі нас праўдзівасці і спагадзе, бо яго досвед — жыццёвы і творчы — быў духоўным арыенцірам.

Варта адзначыць, што шлях у зорную вечнасць пачаўся для Быкава ў нашым найпрыгажэйшым, найбеларускім Гродне. Прыехаў ён сюды ў 1947-м пасля дэмабілізацыі, працаваў у рэдакцыі «Гродзенскай праўды». Менавіта тут адбыўся яго літаратурны дэбют: выйшлі першыя апавяданні «У той дзень» і «У першым баі». Тут ён ажаніўся, стаў бацькам. Мала хто, мусіць, ведае, што ў Гродне сям'я пісьменніка змяніла тры кватэры, мела тры адрасы: вуліца Вялікая Траецкая, вуліца Свярдлова і вуліца Парыжскай Камуны, дзе ствараліся вядомыя на ўвесь свет аповесці «Жураўліны крык», «Альпійская балада», «Трэцяя ракета», «Мёртвым не баліць»... А таму ўсе гродзенцы лічаць Васіля Быкава сваім, кажуць, што гэта наш горад з яго ўнікальнай гісторыяй, архітэктурай, культурай і непаўторным шармам стварыў Майстра такога маштабу.

Я лічу, самая істотная заслуга Быкава ў тым, што ў сваіх творах ён здолеў праўдзіва напісаць пра асобна ўзятага чалавека, пра ягоны боль, сумненні і перажыванні, пра вострую неабходнасць выбару, які гэтаму чалавеку трэба зрабіць — самому. А таму ўздзеянне яго твораў на свядомасць чытача можна параўнаць з электрашокавай тэрапіяй — чымсьці вельмі балючым, але карысным і патрэбным.

...Вельмі прыемна, што ў нашым горадзе і сёння жывуць тыя, хто блізка ведаў вялікага пісьменніка, хто сябраваў з ім, тыя, хто дыхаў з ім адным паветрам, еў адзін хлеб, чытаў, чытае і будзе чытаць «нашага Васіля». І таму ён не памёр! Ён недзе тут — у паветры, у душах.

Валянціна Яткоўская, настаўніца СШ № 22, г. Гродна


Спыніцца, каб азірнуцца...

Надзеі Піліпаўне Шабацьцы з вёскі Выганашчы 95!

Баявая ды працавітая ў маладосці, да падарункаў і кветак жанчына так і не прывыкла. Але ж відаць было — рада, што не забыліся пра яе свята ні родныя, ні ўлада, ні працоўны калектыў, адкуль пайшла на пенсію. А тут яшчэ і госці з гарманістам прыехалі, заспявалі «Як была я маладой» — і на вуліцу павысыпалі ўсе.

Віншавалі юбілярку яе родныя: сын Мікалай і дачка Валянціна, ад якіх сям'я прырасла сямю ўнукамі і шаснаццаццю праўнукамі, старшыня і кіраўнік спраў Целяханскага сельвыканкама Трафім Дзямянчык і Алена Кайль, намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце ААТ «Целяханы-агра» Таццяна Іванова, старшыня Савета ветэранаў сельвыканкама Святлана Крэк.

Працоўная дзейнасць юбіляркі звязана з калгасам «Радзіма», які быў далучаны да «Расіі» (цяпер ААТ «Целяханы-агра»). Працавала Надзея Піліпаўна кладаўшчыцай, для дзяцей была і татам, і мамай: сама гадавала, сама будавала дом, які і сёння выглядае досыць дыхтоўна.

Жыве юбілярка разам з сям'ёй сына. І ён, Мікалай, і нявестка Наталля, іх дзеці-ўнукі ставяцца да матулі-бабулі з любоўю і клопатам, што, відаць, і стала падмуркам даўгалецця... Як і аптымізм, як прага да жыцця.

Валянціна Бобрык

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».