Вы тут

Старшыня Мазырскага райвыканкама Алена Паўлечка пра Палессе


— Былая Палеская вобласць — гэта мы. А як заведзена жартаваць напалову ўсур'ёз, палешукі — гэта беларусы са Знакам якасці. З майго пункту гледжання больш самавітыя, паважныя, больш адказныя, больш сабраныя і заўсёды захоўваюць традыцыі сваіх продкаў. Дадам яшчэ, што добрыя, гасцінныя. Лічу, гэта ўсё закладзена на генным узроўні. Іх прадзеды жылі сярод балот, і выжыць паасобку не выйшла б, таму трымаліся грамады. І якія вялікія былі сем'і...


 

 

— На зайздрасць. Дарэчы, а як зараз, Алена Фёдараўна?

— У апошнія гады па нараджальнасці, па прыросце колькасці насельніцтва дынаміка станоўчая. У раёне 133 979 жыхароў. І ў параўнанні з мінулым годам натуральны прырост склаў 542 чалавекі. Мы ўсё робім для таго, каб павялічыць працягласць жыцця людзей: рэгулярнымі сталі прафілактычныя агляды, за апошні час набылі 92 адзінкі сучаснага медыцынскага абсталявання, якое дае магчымасць праводзіць абследаванні на апярэджанне. Нашы прадпрыемствы маюць здраўпункты, якія таксама сочаць за здароўем людзей. Так што за кошт павелічэння працягласці жыцця — а ў нас яна складае ўжо 74,5 года — станоўчыя тэндэнцыі адсочваюцца і сёлета. Спадзяюся, па выніках года возьмем рубеж у 75 гадоў. Разнастайныя скрынінгі, што мы праводзім, дазваляюць апераджаць непажаданыя сітуацыі. У раёне 19 дзяржаўных устаноў аховы здароўя, а летась адкрыўся і прыватны медыцынскі цэнтр «Сям'я і здароўе», аснашчаны сучасным медыцынскім абсталяваннем. Магчымасці яго дазваляюць і абследаваць, і лячыць.

Дзейнічаюць электронны рэцэпт і электронныя картачкі, наладжаны запіс на прыём праз інтэрнэт, усё гэта зручна. А пазаўчора на базе гарадской бальніцы адкрыта рэнтгена-эндаваскулярная аперацыйная для правядзення аперацый на каранарных сасудах.

— З прыемнай спецыфікай усё зразумела. Калі вы не супраць, звернемся да традыцыйнага на такіх сустрэчах пытання: як выканкам кіруе рэальным сектарам? Але напачатку, калі ласка, пра паказчыкі леташняй работы.

— Па іх выніках Мазырскі раён занесены і на абласную, і на рэспубліканскую Дошку гонару. Так што гэта калектыўная заслуга кожнага жыхара Мазыршчыны. Бо да ацэнкі нашай работы падыход быў комплексны, улічваліся самыя разнастайныя паказчыкі — і выніковасць вытворчасці, і ўзровень рэалізацыі прадукцыі, і жыццёвы ўзровень насельніцтва, і іншыя. Нават па адной лічбе становіцца зразумела, што адпрацавалі дастойна — летась на 135 % павялічана выручка па ўсіх прадпрыемствах і арганізацыях.

Мазыр увайшоў у пералік гарадоў для далейшага інтэнсіўнага развіцця, паскоранага развіцця, і на гэты год стаіць задача павялічыць аб'ёмы вытворчасці ў прамысловасці, у сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, сферы аказання паслуг. І забяспечыць дастойную заработную плату. Мы на сябе ўзялі абавязацельства сёлета выйсці на сярэдні ўзровень зарплаты 1050 рублёў. Па выніках чатырох месяцаў па прамысловасці, а ў нас 22 прамысловыя прадпрыемствы — гэта і флагман МНПЗ, і «Мазырсоль», і «Беларуськабель», і «Мазырскія малочныя прадукты», швейная фабрыка «Надэкс» і іншыя, — аб'ёмы вытворчасці склалі 3,1 мільярда рублёў, гэта 110,3 працэнта росту да ўзроўню мінулага года.

Магчыма, гэтыя працэнты старонняму чалавеку мала што скажуць, але калі раней па ўдзельнай вазе ў аб'ёмах прамысловасці вобласці Мазырскі раён займаў 36 працэнтаў, то зараз 42,4 працэнта. Так што кожнае прадпрыемства ўносіць свой уклад. Менавіта такую задачу і вырашае выканаўчая ўлада — каб кожнае прадпрыемства, няхай там працуюць толькі 100 чалавек, сапраўды ўносіла свой уклад. Каб яго прадукцыя была запатрабавана на рынках, а калі партфель заказаў ёсць, то ёсць і магчымасць зрабіць якасную прадукцыю і рэалізаваць яе.

Горад — вялікі, па-свойму цікавы, тут шмат гандлёвых аб'ектаў, таму ёсць дзе грошы патраціць, і патрэбна, каб была дастойная зарплата. Па прамысловасці яна склала 1347 рублёў (108,4 працэнта росту).

Мы гандлюем з 55 краінамі свету, і ў нас за першы квартал экспартныя пастаўкі склалі 925 мільёнаў долараў ЗША, а гэта нафтапрадукты, наша малочная прадукцыя, соль... У цэлым па прамысловасці 76 працэнтаў прадукцыі ідзе на экспарт.

Як будуем сваю работу з рэальным сектарам? Традыцыйнымі сталі выязныя пасяджэнні выканкама на базе прадпрыемстваў разнастайных галін. Адзін раз збіраем кіраўнікоў прамысловых прадпрыемстваў на «Мазырсолі», потым на іншым. Наведваем вытворчасць, абмяркоўваем найбольш актуальную для ўсіх праблему. Скажам, інвестыцыйную палітыку, ці ўзаемадзеянне з банкамі, альбо якія новыя віды прадукцыі ўдалося паставіць на паток дзякуючы ўкладзеным сродкам, з якім партфелем заказаў збіраюцца працаваць ужо ў наступным месяцы... Рознабакова, зацікаўлена, шчыра. І гэта той вопыт, які вельмі карысны дырэктарскаму корпусу, бо ён з прывязкай да нашай канкрэтыкі.

Не сакрэт, што ўважліва сочым за эканамічнай сітуацыяй на кожным прадпрыемстве, каб не ўпусціць той момант, калі спатрэбіцца наша дапамога. Люстэрка работы любога прадпрыемства — бухгалтарскі ўлік. Калі своечасова праводзіцца аналіз, то рашэнне праблемы не расцягваецца на цэлы квартал, а тут жа пачынаем працаваць на апераджэнне, па выніках дзесяцідзёнак.

Так што сустрэчы на месцах — гэта перш за ўсё аналіз глыбінных працэсаў, якія адбываюцца за прахадной. Падчас такіх сустрэч са справаздачай падымаем кіраўнікоў прадпрыемстваў, што працуюць недастаткова эфектыўна, з меншай рэнтабельнасцю, чым могуць.

А з прадпрыемствамі, якія горш «глядзяцца», чым у цэлым па раёне, мы адпрацоўваем праблему «кропкава». Наведваем калектыў, бываем у цэхах, размаўляем з людзьмі, робім паглыблены эканамічны аналіз. Калі патрэбна, запрашаем эканамічных аналітыкаў з вобласці. Калі ёсць магчымасць, то дапамагаем камплектаваць партфель заказаў, бо ў раёне таксама ідзе спажыванне шырокага спектра прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі. І ў ролі патэнцыйнага спажыўца варта бачыць і прадпрыемства-суседа. Бывае, што важна падтрымаць кіраўніка добрым словам, прыдаць настрою, актывізаваць старанні таго, хто пачаў паціху апускаць рукі. Не саромеемся і замяніць кіраўніка, які перастаў бачыць перспектыву.

Не хаваем, не замоўчваем праблемы і на сустрэчах на сельскагаспадарчых прадпрыемствах. Вынікі работы аграрыяў падводзім па 28 паказчыках, вызначаем тры найлепшыя сельскагаспадарчыя арганізацыі, уручаем ім пераходныя кубкі. Па выніках чатырох месяцаў лідзіруе саўгас-камбінат «Зара», гэта наш флагман. А таксама сортавыпрабавальная станцыя і дзяржаўнае прадпрыемства «Козенкі-Агра».

Саўгас-камбінат «Зара» перамагае стабільна. Зараз у яго палова аб'ёмаў вытворчасці — у Нараўлянскім раёне, клопат пра заўтрашні дзень якога «Зара» ўзяла на сябе. І палова іх аб'ёмаў у нас у раёне, тут размешчаны буйныя свінагадоўчы комплекс і птушкафабрыка, перадавое перапрацоўчае прадпрыемства, калі глядзець на колькасць, якасць і асартымент прадукцыі. Невыпадкова працягвае развівацца фірменны гандаль саўгаса-камбіната пад лозунгам «Дары ад «Зары». Вопытны кіраўнік Алег Міхайлавіч Слінько (дарэчы, патомны аграрый, яго бацька Міхаіл Якаўлевіч узначальваў суседнюю гаспадарку), яго намеснік па прафсаюзнай рабоце Іна Міхайлаўна Хамутоўская, а таксама Ніна Лявонцьеўна Мішота, Фёдар Іванавіч Козел, Валянцін Мікалаевіч Кушнярук, ды і ўся адмабілізаваная, цудоўна падрыхтаваная каманда вядуць за сабой не толькі ўласны калектыў, за імі падцягваюцца іншыя нашы гаспадаркі. «Зара» мае закончаны цыкл вытворчасці, цудоўныя фінансавыя вынікі дзейнасці і даўно ператварылася ў рэспубліканскую школу перадавога вопыту, тут праводзяцца заняткі з аграномамі, заатэхнікамі і іншымі спецыялістамі з усёй рэспублікі. Сапраўды адным ёсць што паказаць, а другім — чаму павучыцца.

Мяне радуе (але не супакойвае), што па прадукцыйнасці малочнага статку Мазырскі раён займае першае месца ў Гомельскай вобласці і пятае ў краіне, сярод 118 раёнаў краіны.

Летась, калі гаварыць чыста па сельскай гаспадарцы, узровень рэнтабельнасці продажу склаў 16,9 працэнта. Дзякуючы таму, што цалкам усё эканамічна пралічана. Дзяржзаказ выканалі, і для сябе кармавая база цудоўная — жывёла круглы год на стойлавым утрыманні.

І зарплата ў сельскай гаспадарцы 940 рублёў.

— Прытым будзем мець на ўвазе, што вось ужо пяць гадоў, як вам перададзена сельская гаспадарка Нараўлянскага раёна.

— Бо да гэтага нараўлянцы былі ў пяцёрцы раёнаў, якія пляліся ў хвасце па ўсіх паказчыках. Аварыя на ЧАЭС наклала свой адбітак, шмат людзей выехала з раёна, змяніўшы месца жыхарства. Што парадзіла свае цяжкасці ў аб'ёмах вытворчасці, у аб'ёмах рэалізацыі, многія іншыя. І ў якасці эксперымента было перададзена ў камунальную ўласнасць
Мазырскага райвыканкама амаль 19 тысяч іх сельскагаспадарчых угоддзяў і абодва сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, на той момант стратныя.

— Гэта азначае, вам перадалі ўсе аграрныя гаспадаркі раёна?

— Гэта так. Спачатку ў іх было восем гаспадарак, але паступова за паслячарнобыльскія гады колькасць скарацілася. І мы, узяўшы ў камунальную ўласнасць Нараўлянскі раён, прыярытэты расставілі з улікам тэхнікі, што мелася ў абедзвюх гаспадарках. Для КУП «Уладзіміраўскі-Галоўчыцы» і КСУП «Братэрства» пакінулі землі, якія яны рэальна могуць апрацаваць, — прыкладна 10 тысяч гектараў, а амаль дзевяць тысяч перадалі ў арэнду сельскагаспадарчым арганізацыям Мазырскага раёна. Саўгасу-камбінату «Зара», эксперыментальнай базе «Крынічная», агародніннай фабрыцы, сортавыпрабавальнай станцыі, ДП «Козенкі-Агра»...

Цяпер у нараўлянскіх аграрыяў з году ў год наглядаецца дынаміка росту, няхай невялікая, на ўзроўні 1,3 раза, але тым не менш. Растуць і вытворчасць прадукцыі, і выручка гэтых прадпрыемстваў. Гаспадаркі працуюць стабільна. Паўтаруся: пакуль без вялікіх прыбыткаў, але і без страт. Маюць 2,5—3,5 працэнта рэнтабельнасці. Важна, што ў людзей ёсць работа, яны могуць сябе рэалізаваць і зарабіць на хлеб.

А калі казаць у цэлым пра Нараўляншчыну зараз, то яна выйшла на другое месца ў вобласці па прадукцыйнасці малочнага статка і на дваццатае — у краіне. Так што пра эфектыўнасць формаў і метадаў кіравання з боку ўлады лепш меркаваць па фактах.

Можна расказваць яшчэ пра работу агітацыйна-прапагандысцкіх груп, пра падтрымку сямейных дынастый, правядзенне свят «Дзень горада» з актыўным удзелам дынастый... І ўсё ж самая ўдалая форма кіраўніцтва — галоснасць, калі ўся інфармацыя даводзіцца да людзей у поўным аб'ёме і своечасова.

Гутарыў Уладзімір ХІЛЬКЕВІЧ

Фота Андрэя САЗОНАВА

Загаловак у газеце: Беларусы са Знакам якасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Кіраўнік Мінскай вобласці — аб тым, чаго рэгіён дасягнуў за дваццаць пяць гадоў

Кіраўнік Мінскай вобласці — аб тым, чаго рэгіён дасягнуў за дваццаць пяць гадоў

 Міншчына — самы цэнтр краіны, яна нават сваімі абрысамі нагадвае сэрца. 

Грамадства

Як пад Мінскам сартуюць смецце

Як пад Мінскам сартуюць смецце

Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў і рух за перапрацоўку адходаў «Мэта 99» далі людзям магчымасць на свае вочы пабачыць, як выглядаюць «смеццевыя могілкі».