Вы тут

Мазырскі НПЗ: Стабільнасць захавалі, нават нягледзячы на пастаўку няякаснай сыравіны*


Заслужыць павагу спажыўца і... пахвалу канкурэнта

Касмічна складаныя праекты прыносяць палескаму нафтагіганту прарыўныя тэхналогіі. З творчай брыгадай «Звязды» сустрэўся генеральны дырэктар ААТ «Мазырскі НПЗ» Віталь Паўлаў.

Знаёмім з суразмоўнікам

Віталь Пятровіч — мазыранін. Сваю працоўную біяграфію пачынаў на МНПЗ у сярэдзіне 90-х — аператарам устаноўкі.

Паступова ўздымаўся па службовых прыступках: начальнік змены, начальнік участка, 11 гадоў адпрацаваў начальнікам вытворчага цэха. Затым — намеснік генеральнага дырэктара па забеспячэнні сыравінай і рэалізацыі нафтапрадуктаў.

«Мне складана стаяць на месцы, у тым ліку ва ўласным развіцці, — гаворыць ён. — Таму скончыў яшчэ адну (трэцюю па ліку) ВНУ — Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, факультэт «Вышэйшая школа кіравання бізнесам».

Пасля чатырохгадовай працы намеснікам генеральнага дырэктара МНПЗ запрасілі ў канцэрн «Белнафтахім», два з паловай гады працаваў намеснікам старшыні канцэрна. А калі на заслужаны адпачынак пайшоў Анатоль Аляксандравіч Купрыянаў, Паўлаў, ужо з канцэрнаўскай школай за плячыма, у сакавіку 2017 года быў прызначаны генеральным дырэктарам адкрытага акцыянернага таварыства «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод». 

— Ці задаволены генеральны дырэктар вынікамі мінулага года і першага квартала гэтага года?

— У дырэктара такая пасада, што ён не можа быць усім цалкам задаволены. Але ж трэба быць і справядлівым. Калектыву даводзіцца працаваць у няпростых умовах, яны не залежаць ад нас і пастаянна змяняюцца. Гэта і цэны на нафту, на нафтапрадукты, і разнастайныя знешнія фактары, што ўплываюць на работу прадпрыемства. І нават розныя штучныя бар'еры, якія часам ствараюцца на нашым шляху. І жорсткае канкурэнтнае асяроддзе... З улікам усяго гэтага магу з пэўнай задаволенасцю гаварыць пра работу калектыву як летась, так і ў першым квартале. Пацвярджэннем пастаянна стабільнай работы ва ўсіх сітуацыях стаў той факт, што завод па выніках 2018 года пяты раз атрымаў прэмію ўрада ў галіне якасці і быў прызнаны найлепшым экспарцёрам у сваёй намінацыі.

Стабільнасць захавалі нават нягледзячы на пастаўку з Расійскай Федэрацыі няякаснай сыравіны з высокім утрыманнем хлорарганікі, што мае павышаную каразійную актыўнасць, факт шырокавядомы. Гэта было нечакана, аднак мы першымі адрэагавалі на сітуацыю, аператыўна выбудавалі тэхналагічны рэжым. Адным словам, забяспечылі работу прадпрыемства ва ўмовах форс-мажору. Цяпер выйшлі на нармальны тэхналагічны рэжым на ўсіх без выключэння сваіх тэхналагічных аб'ектах.

— На выхадзе вы ўсё роўна атрымалі тады прадукцыю годнай якасці?

— Нягледзячы на ўсе складанасці, якія ўзніклі ў рабоце прадпрыемства, перш за ўсё з вядзеннем тэхналагічнага рэжыму, мы забяспечылі высокую якасць прадукцыі ў безумоўным парадку. Не было ніякіх змен у паказчыках якасці, звязаных з няякаснай сыравінай, ні па адным нафтапрадукце. Адладжанасць тэхналагічных працэсаў і высокая кваліфікацыя персаналу дазволілі нам падтрымаць работу завода, нягледзячы на тое што абсталяванне выходзіла са строю. Калі б бачылі, што няма магчымасці выпускаць высакаякасны прадукт, давялося б спыніць работу прадпрыемства. Такім чынам, можам сказаць, што ў прадпрыемства ёсць запас трываласці.

— Вытворчая праграма гэтага года адрозніваецца ад леташняй?

— Асаблівага адрознення паміж гадавымі праграмамі няма. У нас ёсць аб'ёмы перапрацоўкі, якія трэба забяспечыць, выканаць усе даведзеныя да прадпрыемства паказчыкі. А яны не ніжэйшыя за леташнія, скажам так. І гэта з улікам таго, што сёлета трэба забяспечыць правядзенне сур'ёзнага капітальнага рамонту. Для калектыву — няпросты экзамен, але практыка паказвае, што з задачамі справімся.

— Віталь Пятровіч, вы згадалі пра жорсткае канкурэнтнае асяроддзе...

— Нам не бывае проста, са сваёй прадукцыяй мы павінны канкурыраваць на ўсіх рынках без выключэння. Стратэгія рэалізацыі нафтапрадуктаў прадпрыемства такая, што мы імкнёмся рэалізоўваць максімум прадукцыі на рынках геаграфічна блізкіх краін, тады лагістыка найбольш эфектыўная, і гэтыя рынкі для нас найбольш прэміяльныя. Канешне, тут мы не адны, свае нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы ёсць у той жа Расіі, Польшчы і Прыбалтыцы, у іншых краін-суседзяў, якія таксама жадаюць прысутнічаць са сваёй прадукцыяй на гэтых рынках. Таму і даводзіцца займацца развіццём прадпрыемства з пункту погляду атрымання выключна высакаякаснай прадукцыі, каб мы маглі канкурыраваць у гэтым сегменце. Мы не канкурыруем у нейкім іншым сегменце, а выключна ў сегменце высакаякаснай прадукцыі, і абсалютна канкурэнтаздольныя ў ім. Выпускаем усю прадукцыю паліўнага кірунку стандарту Еўра-5, і той факт, што да нас па выніках года няма ніякіх прэтэнзій з боку спажыўцоў як на ўнутраным, так і на знешніх рынках, — гэта сведчыць пра многае. Праз Беларускую нафтавую кампанію мы пастаўляем тавар больш чым у 20 краін свету, і нараканняў няма. Наколькі гэтае асяроддзе канкурэнтнае і наколькі яно жорсткае? І канкурэнтнае, і жорсткае. Тыя ж заводы Польшчы, якія маюць адпаведны тэхнічны ўзровень развіцця, сапернікі яшчэ тыя!

Працуюць Мажэйкяйскі завод у суседняй Літве і расійскія НПЗ — цэлы іх шэраг, яны могуць ствараць сур'ёзнае напружанне на рынках. Тым не менш па сваім узроўні тэхнічнага развіцця мы ўваходзім у лік найлепшых заводаў СНД як па глыбіні перапрацоўкі нафты, па выхадзе светлых нафтапрадуктаў, так і па індэксе Нэльсана — гэта паказчык складанасці развіцця тэхналагічных працэсаў. Так, асяроддзе жорсткае, мы гэта адчуваем, і ў той жа час здольныя не проста выжываць у ім, а рабіць гэта з поспехам.

— Чарговае прысуджэнне Прэміі Урада дае падставу пацікавіцца, ці часта генеральны дырэктар адчувае гонар за прадукцыю свайго калектыву?

— Я сапраўды ганаруся тым, што працую на нашым прадпрыемстве, ганаруся сваім заводам. Зразумела, што калі атрымліваеш прэмію ўрада, то гэта вянец усёй дзейнасці калектыву, і ўзнікае асаблівае адчуванне задаволенасці, бо працавалі як мае быць, і гэта ўбачылі і адзначылі.

Прыемная была і тая адзнака нашых калектыўных старанняў, якую далі ўдзельнікі красавіцкай міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі па актуальнай тэме «Развіццё нафтаперапрацоўчых і нафтахімічных вытворчасцяў Рэспублікі Беларусь», якую мы правялі з «Белнафтахімам» і сусветна вядомай кампаніяй Еurо Реtrоlеum Соnsultаnts у сябе на заводзе. Збіраліся высокія прафесіяналы з 12 краін. І месца правядзення канферэнцыі, і яе ход можна расцаніць як свайго роду лакмусавую паперку адносін да Мазырскага НПЗ у асяроддзі прафесіяналаў. Калі яны знаёміліся з дзейнасцю прадпрыемства па ўсіх кірунках, гэта выклікала ў іх адабрэнне. Асабліва калі прагучала лічба, што за апошнія восем гадоў мы накіравалі 1,3 мільярда долараў ЗША інвестыцый у асноўны капітал і пабудавалі шмат тэхналагічных аб'ектаў, якія дазваляюць выпускаць канкурэнтаздольны прадукт. І калі быў агучаны факт, што кожныя два-тры гады мы ўводзім новы сур'ёзны тэхналагічны аб'ект. Спачатку гэтая інфармацыя выклікала шчырае непаразуменне — маўляў, як так, на іншых прадпрыемствах гэтага няма. Пасля тлумачэнняў калегі не хавалі задаволенасці нашай шырокамаштабнай рэканструкцыяй, нашымі падыходамі
да яе.

Цікава, што даволі высокая і шчырая ацэнка прагучала з вуснаў... канкурэнтаў. Такое пачуеш нячаста. Можна зрабіць высновы, што завод рухаецца ў правільным кірунку — як з пункту погляду бягучай дзейнасці, так і свайго развіцця.

— У нейкім сэнсе тых, хто быў здзіўлены, можна зразумець. Парк тэхналагічных установак у вас і так адзін з найлепшых у СНД, і, здавалася б, куды далей імкнуцца? Куды вы імкняцеся, Віталь Пятровіч, калі рэалізуеце праграму развіцця да 2020 года? Што сёння ў гэтай праграме?

— Рэалізуем буйнамаштабны праект, самы маштабны ў гісторыі прадпрыемства: узводзім комплекс гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых астаткаў H-Оіl. Тут таксама патрэбна асвоіць 1,2—1,3 мільярда долараў ЗША. Можаце сабе ўявіць, які там аб'ём работ, нават калі меркаваць па ўкладаннях.

90 працэнтаў грашовых сродкаў мы ўжо асвоілі, па асваенні інвестыцый комплекс уваходзіць у заключную стадыю. Выводзім яго на фінішную прамую. Для чаго ён патрэбен? Ён дазволіць быць канкурэнтаздольнымі і ў перспектыве. Будзе створана тэхналагічная схема, якая дазволіць яшчэ больш павялічыць глыбіню перапрацоўкі нафты. Калі па выніках мінулага года яна склала 78 працэнтаў, то будзе 90. І будзе вырашацца задача зніжэння долі цёмных нафтапрадуктаў. Выхад светлых нафтапрадуктаў павялічыцца да 67 %, узрасце і выпуск дызельнага паліва з утрыманнем серы менш за 10 ррm. Будзе забяспечаны ў поўным аб'ёме выпуск гідраачышчанага вакуумнага газойлю і нізкасярністага топачнага мазуту, які адпавядае еўрапейскім стандартам (з утрыманнем серы не больш за 1 %). Гэта таксама прыкметны прагрэс, які дасць яшчэ лепшыя эканамічныя паказчыкі.

Што далей? Сказаць складана. Усё будзе залежаць ад сусветных працэсаў. Ва ўсялякім разе, мы пастараемся ад іх не адставаць. Думаем пра развіццё свайго прадпрыемства ў залежнасці ад тых кірункаў, якія будуць абазначаны ў перспектыве сусветнай нафтахіміі і нафтаперапрацоўкі. Пакуль трэнд спажывання нафтапрадуктаў да 2050 года станоўчы. Значыць, і мы на месцы стаяць не будзем. Ідэі ёсць ужо сёння, шчыльна працуем з кансалтынгавымі кампаніямі, з ліцэнзіярамі шматабяцальных праектаў, праектнымі інстытутамі. Выбудоўваем праграму далейшага развіцця.

На цяперашнім этапе вельмі важна ў максімальна кароткія тэрміны завяршыць гэты буйнамаштабны праект — H-Оіl.

— Раскажыце, калі ласка, пра яго крыху падрабязней.

— Комплекс складаецца з трох тэхналагічных установак — непасрэдна сама ўстаноўка гідракрэкінгу, на якой ажыццяўляецца перапрацоўка цяжкіх парэшткаў (астаткаў), а таксама ўстаноўка па вытворчасці вадароду і ўстаноўка па вытворчасці серы. І спадарожныя аб'екты, якія дазволяць гэтаму комплексу працаваць, — іх больш за два дзясяткі. Блокі зваротнага водазабеспячэння, рэзервуарныя паркі, кандэнсатная станцыя і падстанцыя, якая асобна забяспечыць комплекс электраэнергіяй. Прычым кожны такі аб'ект — сам па сабе буйнамаштабная ўстаноўка.

Усяго для стварэння комплексу гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых астаткаў H-Оіl патрабуецца зманціраваць больш за 27 тысяч металаканструкцый, звыш 1,1 тысячы пазіцый нетыповага высокатэхналагічнага абсталявання вядучых кампаній Англіі, Італіі, Францыі, Расіі, Украіны, Славакіі, Чэхіі, Польшчы, ЗША, Японіі, Швецыі і іншых краін. А таксама больш за 5 тысяч кіламетраў кабельнай прадукцыі. Ажыццявіць мантаж каля 650 кіламетраў тэхналагічных трубаправодаў, выканаўшы звыш 400 тысяч зварных стыкаў (у тым ліку больш за 57 тысяч стыкаў высокага ціску са стапрацэнтным неразбураючым кантролем).

Вось тая амбіцыёзная задача, якую патрэбна вырашыць. Такіх праектаў нават у свеце адзінкі, а ў СНД мы наогул першапраходцы. Дзеля аб'ектыўнасці скажам, што ў нафтаперапрацоўцы наогул нічога не прыдумана больш эфектыўнага. Ліцэнзіяр праекта — французская кампанія АХЕNS, яна выступае і нашым кансультантам.

— Ці ўдаецца вам вытрымліваць прынцып паэтапнага развіцця вытворчасці, калі кожны папярэдні этап з'яўляецца фундаментам для новага?

— Так, мы прытрымліваемся выключна гэтага прынцыпу, бо лічым: варта цалкам выкарыстаць тое, што было закладзена на прадпрыемстве раней. Пабудаваўшы гідракрэкінг цяжкіх нафтавых астаткаў, мы разлічваем, што ён дасць неабходны эканамічны эфект для інвеставання ў іншыя тэхналагічныя аб'екты. З майго пункту гледжання гэты прынцып найбольш правільны. Бо нельга хапацца за ўсё, можна нічога не зрабіць. Лепш выканаць пэўны этап, потым упэўнена перайсці да наступнага.

— Віталь Пятровіч, у выніку ўсіх сваіх наватарскіх пошукаў вы атрымалі прарыўныя тэхналогіі?

— На кожным этапе свайго развіцця мы ўводзілі складаныя тэхналагічныя аб'екты і такім чынам укаранялі тэхналогіі, якія на той час былі наватарскія, нават можна сказаць — прарыўныя. Першая камбінаваная ўстаноўка каталітычнага крэкінгу, уведзеная ў эксплуатацыю ў 2004 годзе, стала толькі чацвёртым у свеце такім аб'ектам і з'яўлялася цалкам прарыўной тэхналогіяй. Яна працягвае паспяхова працаваць. Далей. Устаноўка алкілавання нармальных бутанаў была ўведзена ў эксплуатацыю ў 2008 годзе, і на ёй ужыты тэхнічныя рашэнні, якія на той час з'яўляліся прарыўнымі. Яна працягвае працаваць. Устаноўка гідраачысткі дызельнага паліва, што была ўведзена ў эксплуатацыю ў 2011 годзе: аб'ём перапрацоўкі — тры мільёны тон штогод. Прычым ужыты такія тэхнічныя рашэнні, якія забяспечваюць яе работу па дзвюх лініях, кожная па паўтара мільёна. І цяпер мы атрымалі магчымасць іх па чарзе рамантаваць.

Такім чынам, які наш аб'ект ні вазьмі, на пэўным этапе гэта быў не толькі касмічна складаны на той час комплекс, але і сапраўды прарыўная тэхналогія, якая дазваляла заводу працаваць дастаткова эфектыўна нават у не самых спрыяльных умовах: вырашала праблему імпартазамяшчэння, уплывала на асартыментную палітыку і працавала на якасць. Пералічыць усё цяжка, і такую мэту перад сабой я сёння не стаўлю.

А апошні праект — як я ўжо сказаў, нічога больш складанага ў нафтаперапрацоўцы дагэтуль не прыдумана. І кожны раз мы з'яўляемся першапраходцамі ў асваенні тэхналагічных працэсаў.

Тут варта патлумачыць. Што датычыцца тэхналогіі перапрацоўкі, то сам працэс — ён зразумелы. Але калі выкарыстоўваюцца новыя, абсалютна наватарскія тэхнічныя і тэхналагічныя рашэнні, то іх трэба яшчэ асвоіць. Кожны раз гэта няпростая задача для калектыву. Пасля яе вырашэння да нас прыязджаюць з аднатыпных прадпрыемстваў, каб пераняць вопыт. Невыпадкова крылатай фразай сталі словы аднаго з замежных топ-менеджараў пра тое, што раней трэба было ездзіць вучыцца перапрацоўцы нафты ў Еўропу, а цяпер ёсць сэнс ехаць на Мазырскі НПЗ. Было б проста — ніхто не ездзіў бы.

Будуецца комплекс гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых астаткаў H-Oіl.

— Калі ласка, пагаворым пра новыя віды прадукцыі. Што новага акрамя бензіну АІ-100?

— Гэта наш пастаянны клопат — абнаўленне асартыменту. Быў у нас нядаўна сярод навінак 98-ы бензін, ён быў дастаткова паспяховым. Апошняй па часе мы выпусцілі першую партыю і пачалі рэалізацыю бензіну з актанавым лікам 100. Украіна цікавіцца гэтым прадуктам, Казахстан. Спадзяёмся, што ён знойдзе сваю нішу і на ўнутраным рынку: хоць бы таму, што АІ-100-К5-Еўра павышае ККД рухавіка, а гэта прыводзіць да паляпшэння хуткасных характарыстык. Словам, рухавік працуе надзейна і эканамічна.

Калі далей расказваць пра бензіны, то не ўсе ведаюць, што наш 92-і выпускаецца чатырох відаў з рознымі якаснымі характарыстыкамі ў залежнасці ад патрабаванняў розных рынкаў. Некаму патрэбнае паліва з аксігенатамі, некаму без аксігенатаў. Адным з ціскам насычаных пароў да 60 паскаляў, іншым — з вышэйшым за 60. Вось мы і працуем над разнастайным асартыментам пад адной гандлёвай маркай. Працягваем выпуск алкілату, гэта высокарэнтабельны прадукт. І метыл-трэт-бутылавага эфіру. Раней яны ішлі як кампаненты высокаактанавага бензіну, цяпер у ходзе аптымізацыі вытворчасці, якой мы займаемся пастаянна, наладжана іх самастойная рэалізацыя. Выпусцілі і сыравіну для вытворчасці тэхнічнага вугляроду, гэта паўпрадукт каталітычнага крэкінгу, паспяхова рэалізуем яго на рынку Расійскай Федэрацыі. Пайшлі першыя партыі прапанпрапіленавай фракцыі. Так што сочым за тэндэнцыямі і пад іх імкнёмся аптымізаваць свой вытворчы працэс.

— Але вы самі казалі, што патрэбны не толькі новыя тэхналогіі, але і сучасныя метады кіравання імі.

— Узровень тэхналагічнасці вытворчасці патрабуе прыняцця адэкватных рашэнняў. З цягам часу многае мяняецца, у тым ліку і падыходы да кіравання вытворчым арганізмам. Узровень кваліфікацыі персаналу сёння зусім іншы. Аператар чацвёртага ці пятага разрада ўчора і аператар з такім жа разрадам цяпер — абсалютна розныя спецыялісты з розным узроўнем ведаў і вопыту. Аператары найвышэйшых разрадаў часцей за ўсё маюць вышэйшую адукацыю, яны дэталёва разбіраюцца ў хімізме працэсаў. Папытайце ў яго пра яго працэс, і ён раскладзе ўсё па малекулах.

Так і кіраўнікі вытворчасці сярэдняга і вышэйшага звяна — патрабаванні да іх узраслі шматразова, яны павінны дасканала валодаць тымі сучаснымі сістэмамі кіравання, што ўкаранёны і выбудаваны ў адзіны ланцужок. Паглыбленая падрыхтаванасць персаналу — наш галоўны вытворчы сакрэт, які дазваляе выходзіць з любой сітуацыі.

Тут важна тое, наколькі чалавек жадае развівацца. Мяркую па сабе: мне патрэбна пастаянна рухацца, развівацца. Стараюся гэта зразумець, калі прызначаю людзей на інжынерныя пасады. У нас на вытворчасці настолькі ўсё сур'ёзна, што людзі павінны быць з вачыма, якія гараць. Чым бы ён ні кіраваў — брыгадай, секцыяй, устаноўкай, але гэта павінен быць лідар. Ён павінен жадаць працаваць на сваёй пазіцыі. І гэта будуць адчуваць тыя, хто побач, і ўсё атрымаецца.

Ідуць глабальная аўтаматызацыя вытворчасці, камп'ютарызацыя, лічбавізацыя, і патрэбна сучаснае праграмнае забеспячэнне, якое дазваляе бачыць, што адбываецца з тэхналогіяй, а таксама з фінансавымі патокамі і гэтак далей. Зусім іншы ўзровень кіравання і прыняцця рашэнняў, ад чаго і будзе залежаць эканамічная эфектыўнасць работы калектыву. Нашы кадры да гэтага гатовы, калектыў мае высокі ўзровень кваліфікацыі. Сярэдні ўзрост 39 гадоў, створаны сплаў вопыту і маладосці. Пераймальнасць пакаленняў дазваляе заводу забяспечваць бягучую эксплуатацыю і развіццё вытворчасці.

Зразумела, што працэс гэты непарыўны, і мы людзей пастаянна навучаем. У нас дзве базавыя вышэйшыя навучальныя ўстановы — Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт і Беларускі тэхналагічны ўніверсітэт. Адтуль да нас прыходзяць выпускнікі. Цесная сувязь устаноўлена таксама з Мазырскім каледжам, які вядзе падрыхтоўку кадраў для нас на дзеючыя і новыя тэхналагічныя аб'екты.

І яшчэ. З майго пункту гледжання, нельга адрываць вытворчае жыццё калектыву ад сацыяльнага. Развітая сацыяльная сфера завода абараняе чалавека працы і надае ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Як, напрыклад, можна ўявіць жыццё нашага калектыву без Палаца культуры? Тым больш што ён ператварыўся ў цэнтр культуры Мазырскага раёна. Там (працытую песню) «прападаюць пропадам» і дзеці, і дарослыя — а гэта нашы работнікі, там і пенсіянеры. Не было б яго — куды пойдуць дзеці, на вуліцу? А яны павінны выхоўвацца ў пэўным асяроддзі і праз 10—15 гадоў прыйсці працаваць да нас. Мы пра гэта павінны думаць. Калі іх правільна выхоўваюць, яны прыйдуць амаль падрыхтаванымі членамі калектыву, застанецца толькі навучыць прафесіі. Такім жа чынам мы зацікаўлены ў станоўчых эмоцыях для дарослых. Ім на змене кожны раз патрэбна неверагодная канцэнтрацыя, і важна недзе зняць нагрузку. Чалавек павінен быць у нармальным псіхалагічным стане. У гэтым сэнсе Палац культуры проста незаменны. Як і санаторый «Сосны». Як і спартыўна-тэхнічны клуб «Старт», і дзіцяча-юнацкая спартыўная школа алімпійскага рэзерву «Жамчужына Палесся», у якіх гартуецца каля 1200 маладых мазыран, у тым ліку дзеці работнікаў завода. Усе гэтыя ўстановы прызваны забяспечыць сацыяльную актыўнасць членаў калектыву, што яны і робяць. Мы пра тое вельмі клапоцімся.

«Высокая якасць паліва — візітная картка завода»

— За нашу прадукцыю спажывец галасуе рублём, — зазначае начальнік таварнай лабараторыі Мазырскага НПЗ Андрэй ЗАЯЦ. — Аўтарытэт, высокі імідж самі не прыходзяць, для гэтага даводзіцца папрацаваць. Вось адна з прыкмет таго, што прадукт у нас якасны: на Украіне, дзе прысутнічаюць пастаўшчыкі нафтапрадуктаў з розных краін, ужо на працягу многіх гадоў асаблівай папулярнасцю карыстаюцца запраўкі з мазырскім палівам.

Пра лабараторыі на прадпрыемстве кажуць, што яны «вочы і вушы» тэхналагічнага персаналу, мы пра вытворчыя працэсы ведаем амаль усё. На  сённяшні дзень цэнтральная заводская лабараторыя (ЦЗЛ) — сучасны цэх, аснашчаны складанейшым высокатэхналагічным абсталяваннем. У яго саставе — таварная, кантрольная і даследчая лабараторыі. У кожнай з іх свае вытворчыя задачы, але ўсіх аб'ядноўвае адна мэта — высокая якасць выпускаемай прадукцыі.

На якім абсталяванні працуем? І на айчынным, і на імпартным. Ёсць асобныя метады выпрабаванняў, пад якія абсталяванне пакуль не выпускаецца на тэрыторыі СНД. Таму закупляем нямецкае, амерыканскае, ёсць асобныя экзэмпляры з Нідэрландаў. Кіраўніцтва зыходзіць з таго, што лабараторыя павінна быць узброена дасканала, з улікам выклікаў часу, каб фіксаваць рэальны стан рэчаў з якасцю.

Калі пайшла няякасная расійская нафта, першымі гэта заўважылі супрацоўнікі ЦЗЛ, сярод іх функцыянальных абавязкаў — уваходны кантроль сыравінных патокаў. І адразу былі прыведзены, можна сказаць, у баявую гатоўнасць усе тэхналагічныя аб'екты. Наша лабараторыя таксама падключылася, пачала праводзіць яшчэ больш пільны кантроль якасці бензінаў, дызельнага паліва, астаткавых нафтапрадуктаў. Правяралі паўсюдна і ўсё. А так у паўсядзённым жыцці мы кантралюем прамежкавыя кампаненты таварнай прадукцыі, робім канечную пашпартызацыю прызначанай да рэалізацыі таварнай прадукцыі.

Пра тое, што пытанням якасці на прадпрыемстве надаецца найпершая ўвага, сведчаць і шматлікія прэміі Урада РБ, і шырокая геаграфія продажу нашых нафтапрадуктаў.

Лабарант Вольга Вароніна.

Начальнік таварнай лабараторыі Андрэй Заяц.


Апраўданая меркантыльнасць калектыву

Яшчэ адзін наш суразмоўнік — намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце, персанале і сацыяльным развіцці Генадзь Цецярук

— Існуе вельмі простая і трывалая залежнасць: калі чалавек сумленна працуе на такім вытворчым гіганце, як наш, то ён дапамагае краіне мацаваць эканамічную бяспеку, дапамагае заводу і адначасова вырашае праблему сацыяльнай абароненасці — сваёй сям'і і ўласную, — падкрэслівае Генадзь Віктаравіч. — Сацыяльная абарона членаў працоўнага калектыву грунтуецца на калектыўным дагаворы. Гэта вельмі сур'ёзны дакумент, з якога можна зразумець, што сацыяльная палітыка таварыства накіравана на стварэнне ўсіх неабходных сацыяльна-бытавых умоў для работнікаў завода. З мэтай дасягнення імі высокіх вынікаў працы. Па якіх галоўных кірунках сацыяльнай палітыкі мы працуем, можна зразумець ужо з назваў праграм: «Жыллё», «Здароўе», «Вольны час», «Моладзь», «Сацыяльная дапамога работнікам завода і членам іх сем'яў», «Добраўпарадкаванне».

— Пракаментуйце, калі ласка, эфектыўнасць першай праграмы.

— Асноўная яе задача — забяспечыць жыллём тых работнікаў прадпрыемства, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Вырашэнню задачы спрыяе інтэрнат для тых, хто пакуль не стварыў сям'ю, на 137 месцаў. Усе ахвотныя з гэтай катэгорыі забяспечаны жыллём. Таксама ёсць два інтэрнаты для пражывання сем'яў, там 244 ква-
тэры. У чарзе на атрыманне маласямейкі — 24 сям'і завадчан.

— А чаму рэалізацыю праграмы «Здароўе» вы пачынаеце з арганізацыі рабочага харчавання?

— Зыходзячы ўсё з той жа здаровай меркантыльнасці, — жартуе Генадзь Віктаравіч. — Галодны чалавек — дрэнны работнік. Пра тое, каб нафтаперапрацоўшчык не быў галодны на змене, клапоцяцца адразу сем нашых сталовых больш чым на 500 пасадачных месцаў, магазін кулінарыі, аддзел кулінарыі і спецыяльнае падраздзяленне па вытворчасці кандытарскіх вырабаў. У вячэрні час работнікаў корміць наша сталоўка № 29, яна працуе ў дзве змены. А па заяўках работнікаў тэхналагічных установак з бесперапынным цыклам комплексныя абеды дастаўляюцца ў тэрмабоксах на рабочыя месцы, дзе абсталяваны пакоі прыёму ежы.

Наступны важны кірунак — клопат пра здароўе, у прыватнасці дыягностыка захворванняў. Яна праводзіцца на штогадовым медыцынскім аглядзе на базе пункта аховы здароўя ў адпаведнасці з дагаворам, заключаным з гарадской паліклінікай. А ўжо лячыць нашых людзей дапамагаюць медыцынскія ўстановы не толькі Мазыра, але і Беларусі — з аплатай пацыентам медыцынскіх паслуг згодна з дагаворам па добраахвотным страхаванні.

Пярэдні край абароны — медпункт, дзе маецца і фізіятэрапеўтычнае лячэнне, і ёсць каму палячыць зубы. Летась зарэгістравана больш за 3300 наведванняў кабінета зубалячэння.

Кожны квартал камісія па аздараўленні з удзелам цэхавых урачоў, прафсаюзных актывістаў, прадстаўнікоў аддзела сацыяльнага развіцця падрабязна аналізуе стан захваральнасці на заводзе і выяўляе канкрэтна тых, каму належыць прайсці лячэнне. Гэты спіс рассылаецца ў цэхі, складаецца графік аздараўлення ў заводскім санаторыі «Сосны».

— Пра лячэнне і аздараўленне ў санаторыі «Сосны» ў нас запланаваны асобны аповед, таму пяройдзем, калі ласка, да аздараўлення дзяцей.

— Па рашэнні тэндарнай камісіі для іх летняга адпачынку былі выбраны месцы аздараўлення ў Славацкай Рэспубліцы — у раёне горада Стара Любаўня, гэта перадгор'е Карпат. Ужо не першы год, дарэчы, і нашым дзецям там падабаецца. А таксама мы адпраўляем дзяцей у дзіцячы рэспубліканскі аздараўленчы цэнтр «Сядзельнікі» і нацыянальны дзіцячы цэнтр «Зубраня».

— Вы згадалі прафсаюзы...

— Лічу, што мы змаглі наладзіць сістэму ўзаемадзеяння і сумеснай работы з грамадскімі арганізацыямі і фарміраваннямі. Самымі шматлікімі з'яўляюцца прафсаюзныя арганізацыі: пярвічная арганізацыя Белхімпрафсаюза ААТ «Мазырскі НПЗ» і пярвічная арганізацыя Беларускага Незалежнага прафсаюза нашага таварыства. Акрамя таго, дзейнічаюць пярвічная арганізацыя грамадскага аб'яднання «Белая Русь», пярвічная арганізацыя грамадскага аб'яднання ветэранаў, БРСМ, савет маладых работнікаў. Мы імкнёмся разам вырашаць тыя задачы, якія стаяць перад калектывам.

— У вас традыцыя клапаціцца пра будучую змену задоўга да таго, як маладыя людзі пераступяць прахадную завода...

— Каб паспяхова працаваць у нафтаперапрацоўцы, трэба быць у ладах з хіміяй. І з ініцыятывы прадпрыемства ў школах Мазыра адкрыты спецыялізаваныя класы па паглыбленым вывучэнні гэтага прадмета. А пры арганізацыйнай і матэрыяльнай падтрымцы завода ў Мазырскім дзяржаўным політэхнічным каледжы адкрыта група па падрыхтоўцы тэхнікаў-тэхнолагаў з прысваеннем рабочай прафесіі «аператар тэхналагічных установак». За гады навучання хлопцы і дзяўчаты з каледжа наведваюць аб'екты прадпрыемства, знаёмяцца з работай тэхналагічных аб'ектаў.

Важна, што наш аддзел па падрыхтоўцы кадраў пастаянна займаецца арганізацыяй вытворчай практыкі для навучэнцаў тэхнікумаў і студэнтаў ВНУ. З мэтай удасканалення работы па замацаванні маладых спецыялістаў на вытворчасці аддзел кадраў праводзіць свой аналіз студэнтаў і навучэнцаў, што праходзілі практыку ў аб'яднанні па прафілюючых спецыяльнасцях. Кандыдатуры тых, хто добра сябе зарэкамендаваў, уносяцца ў заяўку на размеркаванне маладых спецыялістаў.

З мэтай адаптацыі і набыцця неабходных практычных і арганізацыйных навыкаў работы маладыя спецыялісты праходзяць стажыроўку.

Апафеозам усёй гэтай работы можна назваць прысвячэнне ў нафтаперапрацоўшчыкі маладых работнікаў. Яно праводзіцца штогод падчас прафесійнага свята.

— Наколькі мы памятаем, у вас вельмі шматгранная праграма «Моладзь» і работа з ветэранамі.

— Мне падабаецца, што вы аб'ядналі гэтыя дзве найважнейшыя сацыяльныя групы, звялі іх у адно пытанне. У калектыве шмат працавітых і добрасумленных людзей: тых, хто аддаў вытворчасці доўгія гады свайго жыцця, і тых, чыя працоўная біяграфія толькі пачынаецца. Самарэалізацыя маладога чалавека праходзіць не толькі падчас яго непасрэднага ўдзелу ў вырашэнні вытворчых задач, у грамадскім жыцці, якое віруе. Ёсць яшчэ такія паняцці, як патрыятычнае і маральнае выхаванне, і тут малады чалавек будзе пачувацца больш упэўнена, калі побач плячо старэйшага калегі, які не адно дзесяцігоддзе аддаў свайму калектыву, прайшоў вялікую прафесійную і жыццёвую школу. Мы імкнёмся зводзіць іх разам часцей, і не толькі на святы. Ветэранаў запрашаем на прысвячэнні ў прафесію, а маладых работнікаў — на провады на пенсію, урачыстыя ўшанаванні ветэранаў «НПЗ — гэта наш з табою лёс, гэта наша з табой біяграфія».

Нярэдка агульнымі святамі становяцца конкурсы прафесійнага майстэрства, агляды-конкурсы па рацыяналізацыі, іншыя конкурсы, якіх у нас шмат. Удзел у прэстыжным конкурсе разам са шматвопытнымі калегамі з'яўляецца сур'ёзным стымулам да далейшага павышэння прафесійнага ўзроўню. Асабліва калі яны падмацаваны падзякамі і ганаровымі граматамі кіраўніцтва ААТ «Мазырскі НПЗ», канцэрна «Белнафтахім», абласнога і раённага Саветаў дэпутатаў, выканаўчых камітэтаў.

— Ваш калектыў даўно стаў «спартыўнай дзяржавай» у дзяржаве.

— У гэтым вялікая заслуга КФК — калектыву фізічнай культуры. Пад яго кіраўніцтвам працуюць дзесяць спартыўных секцый. Менавіта КФК праводзіць круглагадовую міжцэхавую спартакіяду па 15 відах спорту, сярод якіх шахматы, армрэстлінг, гіравы спорт, стрытбол, міні-футбол, кулявая стральба, більярд, дартс... У ёй штогод бяруць удзел да 1500 работнікаў. Летась у заводскай спартакіядзе ўдзельнічала 18 цэхаў і структурных падраздзяленняў.

У нашым Палацы культуры адбываецца ўрачыстае падвядзенне вынікаў спартакіяды. Вызначаюцца найлепшыя спартсмены завода. За перыяд з 2004 года 26 чалавек удастоены ганаровага звання «Заслужаны спартсмен ААТ «Мазырскі НПЗ».

Зборныя каманды завода па разнастайных спартыўных дысцыплінах пастаянна прымаюць удзел у гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. На працягу апошніх шаснаццаці гадоў зборная каманда завода займае першае агульнакаманднае месца ў раённай круглагадовай спартакіядзе па 20 відах спорту.

Летась правялі агульназаводскі Дзень здароўя і пяць цэхавых дзён здароўя.

І яшчэ. У мінулы год нашы супрацоўнікі ўпершыню здавалі нарматывы Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Сабралася 85 ахвотных. 17 чалавек здалі спартыўныя нормы на высокі ўзровень, і ім прысвоена званне «Фізкультурнік Беларусі».

Зусім заканамерна сустрэць нашых атлетаў на міжнародных спаборніцтвах, дзе яны паказваюць цудоўныя вынікі. Аператар Сяргей Дарошка — чэмпіён свету, пераможца міжнародных спаборніцтваў гіравікоў, яго імя занесена ў Кнігу рэкордаў Гінеса. Аператар Сяргей Лазурэнка — чэмпіён свету і Еўропы па шматразовым жыме штангі, рэкардсмен Рэспублікі Беларусь. Высокія вынікі на спартыўных арэнах, у тым ліку міжнародных, паказваюць Сяргей Фіндзюкевіч, Вольга Рэзкая, Леанід Лаўранчук, Валерый Сысянкоў, Уладзімір Беляй, Вячаслаў Харашавін, Арцём Точка, Ігар Балін, Наталля Салдаценкава.

Чым яшчэ мы ганарымся? Зборная каманда завода па футболе летась стала чэмпіёнам Гомельскай вобласці, заваявала кубак. Жаночая зборная па валейболе заняла першыя месцы на галіновых абласных і рэспубліканскіх спартакіядах. А нашы гіравікі ў 2018 годзе занялі ганаровае другое месца сярод спартыўных калектываў краіны. З такімі асілкамі пад сілу любыя задачы.


Любоў бывае ўзаемнай

Канцэрт ансамбля народнай песні «Жывіца» на роднай сцэне.

Хочаце скласці ўяўленне пра работу той ці іншай установы культуры — пагартайце яе афішы, і неабавязкова толькі свежыя. Афішы Палаца культуры Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода выклікаюць зайздрасць нават сталічнага жыхара. Дзякуючы ўвішнасці мясцовых менеджараў ад культуры месцічаў знаёмілі з высокім мастацтвам — крыху раней ці крыху пазней — Уладзімір Вінакур і яго тэатр пародый з праграмай «70 гадоў жартуючы», Беларускі Дзяржаўны акадэмічны ансамбль «Харошкі» з бенефісам Васіля Прыходзькі, Любоў Казарноўская, Стас П'еха і калектывы Палаца культуры: заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь «Сваякі», заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь тэатр танца «Алексіс» з шоу-праграмай «20 гадоў. Гармонія пачуцяў», заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь «Жывіца» з канцэртнай праграмай «Песня салаўіная», маладзёжны тэатр «Легіён» са спектаклем «Майстар і Маргарыта»... Каб не склалася ўражанне нейкай аднастайнасці мерапрыемстваў, скажам, што мадэльнае агенцтва АRTMОDА адчыніла свае дзверы для тых, хто жадае навучыцца мадэльнаму майстэрству, — запрасіла прайсці курс навучання, а таксама ўзяць удзел у прафесійных фотасесіях і паказах мод.

Крута, праўда? Дырэктару Палаца Аляксандру БУРАМУ прыемна расказваць пра сапраўды шматгранную дзейнасць сваёй установы, бо расказаць ёсць што.

— Загінайце пальцы: сёння ў Палацы культуры працуюць 15 аматарскіх калектываў, у якіх з вялікай ахвотай займаецца больш за 800 чалавек. Сярод іх адразу тры заслужаныя калектывы, шэсць народных аматарскіх калектываў — ансамбль народнай музыкі і песні «Стрэчанне», ансамбль народнай песні «Залаты ўзрост», вакальны ансамбль «Чараўніцы», хор ветэранаў завода «Святло душы» і вакальная група «Авацыя». Як вы ўжо бачыце, мы сур'ёзна ставімся да пошукаў народных талентаў і стварэння магчымасці для іх развіцця.

А яшчэ — адразу два ўзорныя дзіцячыя калектывы: ансамбль танца «Фантазія» і вакальная студыя «Зорная краіна». Вы рана перасталі запісваць, бо ёсць у нас яшчэ маладзёжны вакальна-інструментальны ансамбль «Храм ХХІ», вакальная студыя народных спеваў, дзіцячая тэатральная студыя і новы дзіцячы праект «Тэрыторыя дзяцінства». І ўсё гэта працуе, жыццё вакол нашых народных талентаў віруе, сумаваць нікому не даем.

Падчас гала-канцэрту.

Важна, што фундамент творчых калектываў Палаца складаюць работнікі завода і члены іх сем'яў, ветэраны вытворчасці, а таксама творчая моладзь і жыхары мікрараёна.

Чатыры разы калектывам прысуджалася прэмія фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Без пэўнай статыстыкі не абысціся і далей: летась творчыя калектывы Палаца прынялі ўдзел адразу ў 23 рэспубліканскіх конкурсах і фестывалях і атрымалі 10 дыпломаў за першыя месцы, восем дыпломаў за другія месцы, дзевяць — за 3-я і 2 Гран-пры.

— Не таму, што вельмі люблю лічбы, — працягвае Аляксандр Міхайлавіч, — проста яны кажуць самі за сябе: за той жа час работнікі Палаца культуры падрыхтавалі і правялі больш за 500 мерапрыемстваў, якія наведала звыш 75 тысяч гараджан. Бачыце, якой арміі мы не далі сумаваць? Гараджане з задавальненнем прысутнічалі на ўшанаванні тых завадчан, хто сабраўся на заслужаны адпачынак, у святочных мерапрыемствах да прафесійнага свята, у фестывалі-конкурсе «Асенні акорд», святочнай гульні ў заводскім клубе інтэлек-туалаў «Што? Дзе? Калі?», фінале галіновага конкурсу «Новыя імёны Беларусі». Як вы разумееце, я магу расказваць не проста доўга, а вельмі доўга і — пераканаўча.

Палац культуры досыць часта лідзіруе па гадавых выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Мазыршчыны, але справа нават не ў нашых перамогах. Галоўная перамога для нас — гарачыя авацыі нафтаперапрацоўшчыкаў і іншых мазыран. Мы адчуваем, што яны нас любяць. І адказваем ім сваім стараннем.


Лечаць па методыках «Зорнага гарадка»

Агульны від санаторыя «Сосны».

Ціхі куток беларускага Палесся. 25 кіламетраў ад прамысловага Мазыра. Велічны і гаючы сасновы бор падступае да маляўнічага берага паўнаводнай Прыпяці. Тут размясціўся санаторый «Сосны» Мазырскага нафтаперапрацоўчага гіганта. Завадчане і іх сем'і штогод на льготных умовах праходзяць у ім аздараўленне. Пуцёўкі ў санаторый выкупляюць і іншыя арганізацыі для аздараўлення сваіх работнікаў, і прыватныя асобы — жыхары нашай краіны, а таксама блізкага і далёкага замежжа: Расіі, Украіны, Малдовы, Ізраіля, Германіі, нават ЗША.

— Санаторый наш разлічаны на 136 месцаў, — расказвае яго начальнік Вадзім Марціновіч. — Адпачывальнікам на выбар прапануюцца аднапакаёвыя аднамесныя і аднапакаёвыя двухмесныя нумары, двухпакаёвыя двухмесныя нумары катэгорый «люкс», «паўлюкс». У двары ў разліку на аматараў сямейнага адпачынку абсталяваная дзіцячая пляцоўка, а таксама ўніверсальная спартыўная пляцоўка са штучным пакрыццём для заняткаў тэнісам, валейболам, міні-футболам. І аўтастаянка — як жа без яе. Зручная лесвіца вя-дзе да ракі, дзе ўсталявана гля-дзельная пляцоўка. Непасрэдна да Прыпяці вядуць бакавыя спускі. Добраўпарадкаваны пляж, уладкаваныя мангальныя зоны са сталамі і навесамі ў лесапаркавай паласе таксама прыстасаваны для спакойнага адпачынку.

Лячэбны і два жылыя карпусы аб'яднаны паміж сабой пераходамі, што вельмі зручна ў халодную пару года: не трэба выходзіць на вуліцу, каб трапіць з жылых карпусоў у лячэбны для праходжання працэдур.

У санаторыі могуць паправіць сваё здароўе адпачывальнікі з захворваннямі органаў стрававання, апорна-рухальнага апарата, сардэчна-сасудзістай сістэмы, органаў дыхання, перыферычнай нервовай сістэмы, гінекалагічнымі захворваннямі. Прыём вядуць урачы першай катэгорыі — тэрапеўт, неўролаг, гінеколаг, фізіятэрапеўт. Працуе стаматалагічны кабінет з самым сучасным абсталяваннем і матэрыяламі.

Асаблівы гонар санаторыя — свая прыродная мінеральная вада з дзвюх свідравін: хларыдна-натрыевая для ваннаў, паказаных пры шматлікіх захворваннях, і гідракарбанатна-хларыдна-натрыевая малой мінералізацыі з утрыманнем гумінавых кіслот, якія з'яўляюцца прыроднымі антыаксідантамі, яна ўжываецца для лячэння большай часткі захворванняў органаў стрававання. Вынікі даследавання спецыялістамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пацвердзілі бальнеалагічную карысць і лячэбныя ўласцівасці нашай вады.

Фізіятэрапеўтычнае лячэнне прадстаўлена шырокім спектрам працэдур, у тым ліку гразелячэннем з выкарыстаннем глеістых суль-фідных гразяў возера Сакі (Крым).

Пра новыя метады лячэння, што з'явіліся апошнім часам, мы папрасілі расказаць начмеда Галіну Яхімовіч.

— З новаўвядзенняў санаторый прапануе сваім адпачывальнікам такі метад водалячэння, як пантавыя ванны. Перавагі ваннаў з пантаў алтайскага марала вядомыя ўжо на працягу некалькіх тысяч гадоў і актыўна выкарыстоўваюцца з мэтай амаладжэння ўсіх сістэм арганізма, павышэння ахоўных сіл, запаволення працэсаў старэння скуры, рэгуляцыі абмену рэчываў. Цяпер у санаторыі можна прайсці і агульную тэрапію магнітным полем на ўстаноўцы «Магнітатурбатрон». Доўгі час гэтыя апараты выкарыстоўваліся для трэніроўкі касманаўтаў і былі засакрэчаныя, серыйная іх вытворчасць пачалася параўнаўча нядаўна. Гэты метад дапамагае пры хваробах нервовай, дыхальнай, сардэчна-сасудзістай сістэм, апорна-рухальнага апарата.

У санаторыі можна прайсці і курс высокатонавай тэрапіі, якая ўяўляе сабой інавацыйны кірунак у развіцці электратэрапіі. Выкарыстанне зменнага электрычнага току высокай частаты выклікае агульнае аздараўленне і аднаўленне розных функцый органаў і сістэм арганізма. Пацыентам з пятачнымі шпорамі, плантавым фасцытам, локцевым эпікандзілітам у санаторыі могуць прапанаваць такую працэдуру, як ударна-хвалевая тэрапія. Таксама тут робяцца сухія вуглякіслыя ванны, транскраніяльная электрастымуляцыя, пнеўмакампрэсійная тэрапія, КВЧ-тэрапія, ручны і апаратны масаж, «кедравая бочка», СПА-працэдуры і многае-многае іншае.

Пяціразовае харчаванне адпачывальнікаў на падставе двухтыднёвага заказнога меню арганізавана ў сталоўцы. У санаторыі таксама знаходзяцца бар, бібліятэка, більярд, басейн, трэнажорная і танцавальна-канцэртная залы. Ёсць магчымасць займацца ёгай з інструктарам, да паслуг — бясплатны доступ у інтэрнэт, настольныя гульні.

Усіх ахвотных пазнаёміцца з санаторыем запрашаем 27—28 чэрвеня ў фан-зону ў раёне «Мінск-Арэны». Будзе магчымасць у рамках выстаўкі-прэзентацыі «Беларусь турыстычная» задаць пытанні нашаму прадстаўніку і пакаштаваць унікальную мінеральную ваду.

Публікацыю з ААТ «Мазырскі НПЗ» падрыхтавалі Уладзімір Хількевіч,Алена Даўжанок

Фота Андрэя Сазонова і з архіва прадпрыемства

www.mnpz.by

УНП 400091131

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».