Вы тут

Якія перамены чакаюць Салігорск, Барысаў і Маладзечна


Прэзідэнт Беларусі даў даручэнне на працягу двух гадоў забяспечыць паскоранае комплекснае сацыяльна-эканамічнае развіццё адзінаццаці буйных гарадоў Беларусі, дзе пражывае больш за восемдзесят тысяч чалавек. У Мінскай вобласці такіх тры: Салігорск, Барысаў і Маладзечна. Карэспандэнт «Звязды» пацікавілася, якія перамены чакаюць гэтыя райцэнтры, што будзе зроблена для больш камфортнага пражывання і працы людзей, росту іх дабрабыту.


— Салігорск — асаблівы рэгіён, гэта монагорад, дзе валаўтваральным прадпрыемствам з'яўляецца «Беларуськалій». Менавіта на яго прыходзіцца 86 працэнтаў прамысловай вытворчасці ў рэгіёне і 30 працэнтаў у Мінскай вобласці, — расказала начальнік Камітэта эканомікі Мінаблвыканкама Таццяна Бранцэвіч. — «Беларуськалій» — гэта адзін бок развіцця рэгіёна, але ж ёсць і іншы: прыватны бізнес і спадарожныя прадпрыемствы, якія ажыццяўляюць распрацоўку і выпуск тэхналагічнага абсталявання для калійнага гіганта. Гэта вельмі высокаэфектыўныя і высокаарганізаваныя прадпрыемствы, якія з'яўляюцца сусветнымі брэндамі. Заклапочаны мы на сённяшні дзень развіццём прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці — «Купалінкі», «Калінкі».

Па папярэдніх падліках, намінальна налічаная сярэднямесячная зарплата ў 2020 годзе ў Салігорскім раёне складзе 1,6 тысячы рублёў і павялічыцца ад узроўню 2018-га на 10,8 працэнта. У той жа час чакаецца скарачэнне колькасці занятых у эканоміцы. Салігорскі раён належыць да раёнаў з напружанай сітуацыяй на рынку працы. Чакаецца таксама спад вытворчасці ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Беларуськалій». Прычына — неспрыяльная сітуацыя на знешніх рынках.

Менавіта комплексны план паскоранага развіцця рэгіёна значна палепшыць сітуацыю. Ён ахоплівае ўсе сферы дзейнасці і жыццезабеспячэння людзей, добраўпарадкаванне, медыцыну, культуру і ўтрымлівае 190 мерапрыемстваў па 16 кірунках. На іх рэалізацыю плануецца выдаткаваць больш за 500 мільёнаў рублёў. Для павышэння канкурэнтаздольнасці рэальнага сектара эканомікі, выхаду на больш высокі інвестыцыйны ўзровень вытворчасці арганізацыямі прамысловага комплексу запланавана 26 мерапрыемстваў. Яны накіраваны на тэхнічнае перааснашчэнне вытворчасці, удасканаленне тэхналагічных працэсаў. Акрамя таго, плануецца надаць асаблівую ўвагу геаграфічнай і таварнай дыверсіфікацыі экспарту. Эканоміка раёна будзе будавацца на аснове росту буйных прадпрыемстваў і вытворчасцяў, малога і сярэдняга бізнесу, пашырэнні паслуг для насельніцтва. Важным застаецца і фарміраванне новых пунктаў росту, стварэнне суб'ектамі прадпрымальніцтва і індывідуальнымі прадпрымальнікамі малых імпартазамяшчальных вытворчасцяў. У раёне для гэтага ёсць усе магчымасці: налічваецца каля 58 інвестыцыйных аб'ектаў, 30 запланавана для рэалізацыі ў 2019 годзе, 12 ужо дзейнічаюць.

Сёлета ў Салігорску адбыўся форум дзелавога супрацоўніцтва з удзелам кіраўнікоў дыпламатычных місій, акрэдытаваных у Беларусі, гандлёвых прадстаўнікоў 12 краін свету. Патэнцыйныя інвестары могуць азнаёміцца з эканамічнымі, сацыяльнымі магчымасцямі Салігоршчыны на сайце райвыканкама, дзе працуе інвестыцыйны атлас. На партале «Дарожная карта інвестара» Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі прадстаўлены 16 інвестыцыйных прапаноў і 12 ідэй. Раён заявіў пра сябе, сваю ўнікальнасць і прыцягальнасць, гатоўнасць супрацоўнічаць з кожным партнёрам.

— Адрозненне Барысаўскага раёна ад Салігорскага ў тым, што ён самы буйны і складаны ў вобласці. І тут, натуральна, больш праблем, чым у горадзе гарнякоў. Неабходна больш фінансавых укладанняў, каб давесці горад і раён да таго ўзроўню, якога патрабуе кіраўнік дзяржавы, — падкрэсліў першы намеснік старшыні Мінаблвыканкама Ігар Макар. — І тыя праблемы, што трэба вырашаць, сёння на кантролі ў Мінаблвыканкаме, і ўсё ідзе ў планавым парадку.

Сёння горад уяўляе сабой адну суцэльную будаўнічую пляцоўку.

Як адзначыў старшыня Барысаўскага райвыканкама Генадзь Дзенгалёў, даручэнні, якія даў кіраўніцтву горада Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выконваюцца. А менавіта, работы па будаўніцтве маставога пераходу цераз раку Беразіну з рэканструкцыяй часткі вуліцы Гагарына ідуць з апераджэннем графіка. Аб'ём будаўніча-мантажных работ склаў каля 24 мільёнаў рублёў пры плане 18 мільёнаў. Аб'ект гатовы амаль на 65 працэнтаў. Актыўна вядзецца праектаванне пуцеправода цераз чыгунку. У 6-м мікрараёне будуецца школа. На 2019 год выдаткавана з абласнога бюджэту 12,5 мільёна рублёў, для таго каб завяршыць будаўніцтва, патрабуецца дадаткова яшчэ 5,6 мільёна рублёў. На сённяшні дзень будынак гатовы больш чым на 40 працэнтаў. З'явіцца ў Барысаве і «Лядовая арэна»: у кастрычніку плануецца атрымаць экспертызу і правесці тэндар па выбары падрадных арганізацый для будаўніцтва спартыўнага аб'екта. Акрамя асноўных работ, у горадзе ідзе маштабнае добраўпарадкаванне, у тым ліку асфальтаванне дваровых тэрыторый, афарбоўка фасадаў дамоў, азеляненне. Чакаецца, што выкананне намечанага сфарміруе больш камфортнае асяроддзе для жыхароў, паспрыяе росту іх даходаў і дабрабыту. Вядома ж, усё залежыць ад таго, як пойдуць справы ў эканоміцы. Асабістыя даходы раённага бюджэту ў 2020 годзе павялічацца ў параўнанні з 2018-м на 7,4 працэнта.

— Эканоміка Барысаўскага раёна фарміруе 7 % выручкі ад рэалізацыі прадуктаў Мінскай вобласці, каля 12 % ад прамысловай прадукцыі, каля 6 % мантажна-будаўнічых работ, больш за 6 % інвестыцый, 11 % рознічнага тавараабароту, — падкрэсліў Ігар Макар. — Таму ад таго, як будзе развівацца раён, залежыць і развіццё эканомікі Мінскай вобласці ў цэлым.

Што датычыцца Маладзечанскага раёна, то першы намеснік старшыні Мінаблвыканкама лічыць, што тут створана база для таго, каб рухацца наперад: кваліфікаваныя кадры, належная інфраструктура, лагістыка. Але не абыходзіцца без праблем, асабліва ў жывёлагадоўлі. Для таго каб раён дынамічна развіваўся, рухаўся наперад, неабходна ўзводзіць новыя будынкі, комплексы, нарыхтоўваць якасныя кармы, думаць наконт размяшчэння маладняку. У найбліжэйшай перспектыве неабходна вырашыць і пытанне па будаўніцтве жылля для шматдзетных сем'яў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».