Вы тут

Спявак Андрэй Коласаў: Шчаслівы, бо займаюся тым, што люблю


Сем гадоў таму на адным са зборных канцэртаў звярнула ўвагу на саліста з прыгожым мяккім тэмбрам голасу і абаяльнай усмешкай. Тады ён здаўся вельмі сарамлівым для артыста... І яшчэ запомнілася, з якім захапленнем выканаўца глядзеў на больш вопытных служыцеляў сцэны, нібы здзіўляўся — і я сярод іх. З тых часоў Андрэй Коласаў, безумоўна, змяніўся: пасталеў, стаў адным з самых запатрабаваных спевакоў — канцэрты, мюзіклы... А вось усмешка і паважлівае стаўленне да калег засталіся ранейшыя.


— Андрэй, ці былі ў вашай сям'і музыкі? Ці ахвотна вы хадзілі ў музычную школу або зайздросцілі хлапчукам, якія гулялі ў футбол?

— Мая мама Алена Коласава — сапраўдны музыкант. У родным Гомелі яна вельмі вядомая спявачка і піяністка. Я ж у музычнай школе навучаўся па класе класічнай гітары, але не магу сказаць, што зайздросціў хлопцам, якія гулялі ў двары, бо і сам шмат чым паспяваў займацца. Акрамя музыкі гады два хадзіў у секцыю спартыўнай гімнастыкі, потым былі фехтаванне, веславанне, бокс... Спорт заўсёды быў са мной. І цяпер вельмі дапамагае тая загартоўка. Дарэчы, уменне фехтаваць спатрэбілася ў мюзікле «Казанова».

— Як атрымалася, што першы дарослы выбар быў зроблены на карысць кухарскай справы?

— Напэўна, мала хто ў падлеткавым узросце сам свядома выбірае прафесію. Мне шмат што падабалася і было цікава. А з тым крокам дапамог вызначыцца выпадак. Мама з'ехала на працяглыя гастролі, і даводзілася есці ў асноўным кабачкі ў самых розных варыянтах: тут табе і аладкі, і салаты, і тушаныя з мясам. Усё гэта гатавала бабуля, і я зразумеў, што хачу стаць кухарам!

— Андрэй, а мама не засмуцілася, што вы абралі такі шлях? Тым больш не жартачкі — скончылі Магілёўскі дзяржаўны інстытут харчавання. Звычайна бацькі-музыканты хочуць, каб дзеці працягнулі дынастыю...

— Знешне яна спакойна прыняла мой выбар. Праўда, потым, калі я пачаў выступаць на прафесійнай сцэне, сказала, што вельмі рада гэтаму. Як малады тата я разумею, што бацькі лічаць сваё дзіця самым разумным, самым таленавітым. Але бацькі-музыкі ўсё ж такі «ўключаюць» прафесіянала. Мама бачыла ў мяне здольнасці да музыкі. Цяпер ведаю, што ад лёсу не ўцячэш. Зараз я вельмі шчаслівы, бо займаюся тым, што люблю. І разумею, што адных здольнасцяў і музычнай школы мала, таму сёлета атрымліваю дыплом Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

— У «кухарскія» часы вы гатавалі толькі на рабоце ці дома таксама? А цяпер ствараеце кулінарныя шэдэўры?

— Гатаваў і там, і там. Праўда, дома не вельмі часта, але на ўсе святы стараўся сам накрыць стол. Цяпер часу вельмі мала, і нярэдка даводзіцца карыстацца ўстановамі грамадскага харчавання. Але дома па-ранейшаму стараюся гатаваць, а калі гаворка ідзе пра маленькую дачку Ангеліну, то тут неабходна быць больш дызайнерам, чым кухарам. Дзеці не вельмі любяць, напрыклад, манную кашу, але калі яе выкласці на талерку ў выглядзе смайліка, то з'явіцца цікавасць, а разам з ёй і апетыт.

— Дачка праяўляе цікавасць да музыкі?

— О, з ёй вельмі цікавая гісторыя адбылася. Аднойчы я прыйшоў на рэпетыцыю разам з Ангелінай. У мяне на руках яна спакойна слухала лірыку, а вось калі заспяваў бойкую і гучную песню... заснула. А ўвогуле яна любіць танцаваць, падпяваць.

— Хто дапамог вам трапіць на прафесійную сцэну і адразу стаць салістам Гомельскай філармоніі?

— Мой блізкі сябар Канстанцін Гарошка. Ён, дарэчы, і цяпер там працуе. Мы з ім былі з дзяцінства знаёмыя і сустрэліся якраз у той момант, калі праз рамонт рэстарана мне давялося шукаць іншае месца. Я ўжо збіраўся ўладкоўвацца ў піцэрыю, але, пагаварыўшы з сябрам, даведаўся, што патрэбны вакаліст у аркестр, і я дзеля жарту вырашыў паспрабаваць сябе ў Гомельскай філармоніі. Так і пачаўся мой творчы шлях на прафесійнай сцэне.

— Шэсць гадоў вы служыце ў Нацыянальным акадэмічным народным аркестры Беларусі імя І. Жыновіча. Як вас сустрэлі ў вядомым калектыве?

— Гэта мая самая вялікая ўдача. Таму што гэта не проста калектыў, гэта — мая сям'я, я вельмі даражу аркестрам. Удзячны Вользе Брылон за тое, што яна запрасіла мяне ў яго. Вольга працуе ў нас вядучай і музыказнаўцам. А яшчэ яна — мой настаўнік, сама прафесійны музыкант, заўсёды гатовая дапамагчы.

— Не буду пералічваць усе конкурсы, лаўрэатам якіх вы з'яўляецеся... Раскажыце, які з іх стаў самым памятным і важным для кар'еры

— Самы галоўны — гэта, вядома, «Славянскі базар». Смела можна сказаць: маё станаўленне як артыста пачалося менавіта з яго.

— А што дае артысту ўдзел у іх, напрыклад, у тым жа «Х-фактары»?

— Напэўна, найперш гэта праверка характару: ты ў чужой краіне, шмат канкурэнтаў. А потым можна пахваліцца сябрам і блізкім: і я там быў, і я ўдзельнічаў!

— Андрэй, у праграме вашага канцэрта «Падбяру музыку» — песні беларускіх кампазітараў, савецкая і сусветная класіка. Званні «нацыянальны» і «акадэмічны» ў аркестра, у якім вы працуеце, да многага абавязваюць. Кіраўніцтва калектыву не супраць эксперыментаў?

— Наш мастацкі кіраўнік, народны артыст Беларусі Міхаіл Антонавіч Казінец, — найстарэйшы беларускі дырыжор і вельмі сучасны чалавек. Таму ён толькі рады творчым ініцыятывам. Але вы маеце рацыю: работа ў аркестры сапраўды абавязвае да таго, каб усё было сыграна і выканана прафесійна, з густам і любоўю да публікі. Аранжыроўкі да ўсіх песень зрабіў заслужаны артыст Беларусі, кампазітар і мультыінструменталіст Аляксандр Крамко. Скажу шчыра: цікава паслухаць, як ён пераклаў музыку Райманда Паўлса, Ігара Крутога, Яна Гілана або Джона Лорда для цымбалаў.

— Работа ў аркестры, сольныя партыі ў мюзіклах, уласныя творчыя праекты, сям'я... Ці застаецца ў вас вольны час і як вы яго праводзіце?

— Часу на адпачынак з блізкімі, на жаль, мала, але менавіта родныя натхняюць, даюць сілы на новыя здзяйсненні, за што я ім вельмі ўдзячны.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота з асабістага архіва спевака

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.