Вы тут

Міс і Лідар Беларускай чыгункі пра свой шлях у прафесію


— Прафесійная дзейнасць павінна прыносіць задавальненне. Калі гэтага няма, нічога не атрымаецца, — упэўненыя пераможцы сёлетняга конкурсу «Міс і Лідар Беларускай чыгункі» інжынер па ахове працы Ганна САВЕНКА і электрамеханік Віталь СІДЗІН з Мінскай дыстанцыі электразабеспячэння УП «Мінскае аддзяленне БЧ».


Атмасфера вабіла з дзяцінства

— Я скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту. Сюды прыйшла год таму па размеркаванні, — расказвае дзяўчына.

— Якім ён выдаўся для новаспечанага спецыяліста?

— Было нялёгка, скажу шчыра, але цікава. Самае цяжкае — паглыбіцца ў спецыфіку работы. У маёй справе, напрыклад, ты павінен ведаць усё і адразу! Мора дакументаў і акіян адказнасці! Тэорыя і практыка, як аказалася, — рэчы розныя. Да таго ж ва ўніверсітэце я вучылася на інжынера-энергетыка, таму давялося перабудоўвацца. На ўсё пра ўсё мне спатрэбілася дзесьці паўгода, — згадвае спецыяліст.

Ганна жартуе, што выбару, куды падацца пасля школы, амаль не было:

  • — Я нарадзілася ў сям'і чыгуначнікаў. Тата — памочнік машыніста, матуля нейкі час працавала выхавальніцай у ведамасным дзіцячым садку. Я з малых гадоў была знаёмая з цягнікамі і тымі, хто іх абслугоўвае. Мяне вабіла ўся гэтая атмасфера.

Дзяўчына прызнаецца, што тата ніколі не адгаворваў яе звязваць сваё жыццё са стальной магістраллю, але папярэджваў: «Чыгунка патрабуе поўнай аддачы».

— Я абсалютна не гуманітарый, — усміхаецца спецыяліст. — Таму, напэўна, і вучыцца ва ўніверсітэце было лёгка. Профільныя прадметы — фізіка, электратэхніка — мне вельмі падабаліся.

Ганна згадвае, што ў студэнцкай групе з 14 чалавек было толькі чатыры дзяўчыны. Увогуле інжынер-энергетык — больш мужчынская прафесія. На «лінію» працаваць слабы пол пускаюць неахвотна. Як альтэрнатыва — месца ў аддзеле кадраў, тэхнічным, па ахове працы.

Суразмоўніца мае пасведчанне аб перападрыхтоўцы па спецыяльнасці «эканаміст»: «Пакуль мне гэтая сфера не цікава, але веды лішнімі не бываюць».

Ганна родам са Жлобіна, у Мінску здымае кватэру. Частку ад сумы за жыллё маладому спецыялісту кампенсуе працадаўца.

Убачыў перспектывы

— Спачатку я планаваў пайсці на памочніка машыніста. Але бацькі пераканалі, што электразабеспячэнне на магістралі — перспектыўны кірунак для хлопца, — кажа Віталь. — Я скончыў Аршанскі дзяржаўны каледж чыгуначнага транспарту, завочна — Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. Сухога па спецыяльнасці «інжынер-энергетык».

28-гадовы спецыяліст з цеплынёй адгукаецца пра каледж у Оршы, называе яго «моцнай школай жыцця», хваліць выкладчыцкі склад. Згадвае хлопец і пра армію:

— Служыў у Мінску, у першай роце спецыяльнага прызначэння вайсковай часці № 5448. Пасля звальнення не раз прапаноўвалі звязаць сваё жыццё з органамі ўнутраных спраў. Адмовіўся. І гэта нягледзячы на тое, што бацька ў мяне ваенны.

  • Дарэчы, пра сваякоў. Віталь ганарыцца родным братам сваёй бабулі Яўгенам Іванавічам Валодзькам, які з 1993 да 1998 года быў начальнікам Беларускай чыгункі.

Цяпер хлопец працуе на падстанцыі Ашмяны, якая забяспечвае энергіяй кантактную сетку чыгункі і прыватны сектар найбліжэйшай вёскі. Электрамеханік сочыць за работай абсталявання, у выпадку паломкі — рамантуе. «Усё павінна працаваць як гадзіннік», — дадае хлопец. Спецыяліст сам са Смаргоні. Кожны дзень з аднаго горада ў іншы ён ездзіць на цягніку, для супрацоўнікаў праезд бясплатны.

— Пачынаў я простым рабочым — электраманцёрам па эксплуатацыі размеркавальных сетак у Маладзечне. Нялёгкая справа. Увогуле, на чыгунцы няма простых спецыяльнасцяў, — упэўнены Віталь. — Тут ад усіх патрабуецца павышаная ўважлівасць, асцярожнасць і, канешне, адказнасць.

Хлопец ганяе ў футбол, вядзе спартыўны лад жыцця. У школьны час скончыў музычную школу па класах гітары, флейты і фартэпіяна. Дарэчы, Ганна таксама іграе на апошнім інструменце.

Сыгралі як па нотах

Ганна і Віталь, як сапраўдныя чыгуначнікі, любяць цягнікі. Лічаць іх адным з самых бяспечных відаў транспарту: «Яны курсіруюць у любое надвор'е. Снег, дождж, вецер — не перашкода».

— Як змянілася жыццё пасля перамогі на конкурсе?

— Мяне аднойчы пазналі на станцыі Смаргонь. Касірка пахваліла маё выступленне. Шчыра кажучы, было прыемна, — прызнаецца Віталь.

На пытанне, што цяжэй за ўсё далося на спаборніцтвах, абодва ў адзін голас адказваюць: «Перамагчы хваляванне перад выхадам на сцэну».

— Самы цікавы быў творчы этап. Мы выступалі — спявалі і танцавалі — з выхаванцамі калектыву «Зорачкі» сталічнага Палаца культуры чыгуначнікаў. Дзеці — цудоўныя, таленавітыя і шчырыя! — кажа Ганна.

  • За галоўны тытул змагаліся шэсць пар ва ўзросце да 31 года, па адной ад кожнага аддзялення чыгункі. Конкурс праводзіўся ў некалькі этапаў. Прэтэндэнты на перамогу дэфілявалі ў карнавальных касцюмах, бралі ўдзел у фотасесіі ў вячэрніх строях, пазнавалі вядомыя месцы Беларусі або помнікі архітэктуры на экране, прадстаўлялі творчыя нумары, выступалі з візітоўкамі.

Пра прафесійныя планы спецыялісты гавораць неахвотна — каб не сурочыць задуманае. Але адно зразумела дакладна — з чыгункай расставацца ніхто не плануе.

Кацярына АСМЫКОВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ і з архіва герояў

Загаловак у газеце: Яны выбралі чыгунку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Трэці раз ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812» на два дні перанёс пасёлак больш чым на два стагоддзі назад. 

Грамадства

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Сярод знаёмых у мяне ёсць шмат жанчын, якія звяртаюцца да ўрача пры любым занядужанні і пры кожнай магчымасці афармляюць бальнічны ліст. 

Культура

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Пісьменнік і дысідэнт Андрэй Сіняўскі, калі расказваў пра ўтрыраваную дробязнасць савецкай «цывілізацыі», прывёў у прыклад аповесць Міхаіла

Грамадства

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы са старшынёй Савета Федэрацыі Валянцінай Мацвіенка.