Вы тут

Што будзе зроблена для таго, каб Полацкі раён і Наваполацк атрымалі паскоранае развіццё?


Гэтае пытанне аказалася ў цэнтры ўвагі абласной выканаўчай улады. На Віцебшчыне па прыкладзе Аршанскага раёна правядуць перазагрузку, і тое самае, нагадаем, згодна з даручэннем кіраўніка дзяржавы, трэба будзе зрабіць у іншых гарадах і раёнах Беларусі, дзе пражывае больш за 80 тысяч чалавек. Адпаведныя праграмы распрацоўваюцца з разлікам на рэалізацыю ў 2019—2020 гадах.


Зразумела, што за такі кароткі час значных змен не ажыццявіць. Таму, як падкрэсліў на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама кіраўнік рэгіёна Мікалай ШАРСНЁЎ, трэба «намацаць пульс» праблем, каб выпрацаваць правільную стратэгію развіцця і пачаць рэалізацыю маштабных рэформ з самага важнага.

Галоўная мэта — зрабіць умовы жыцця прывабнымі для тутэйшых і выпускнікоў ВНУ, якія прыедуць у рэгіён па размеркаванні. Камфортнае асяроддзе для жыцця і рост дабрабыту — вось чаго павінна дабівацца мясцовая ўлада.

Некаторыя рэчы запланаваць прасцей, бо мадэль ужо рэалізуецца на Аршаншчыне і, каб вывучыць каштоўны вопыт, далёка ехаць не трэба.

Цікава будзе сачыць за ходам перазагрузкі на Полаччыне і ў Наваполацку, бо цэнтр рэгіёна Полацк — калыска гарадоў беларускіх, а нафтаград — адзін з самых маладых гарадоў краіны.

Мікалай ШАЎЧУК, старшыня Полацкага райвыканкама, лічыць, што прыярытэтныя кірункі развіцця эканомікі — у мадэрнізацыі і больш эфектыўным выкарыстанні прамысловага, аграрнага і турыстычнага патэнцыялу. Таксама стаўка робіцца на павелічэнне экспарту прадукцыі і актывізацыю прадпрымальніцкай ініцыятывы. Між іншым, каля паловы паступленняў у бюджэт — ад суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.

У сацыяльнай сферы сярод іншага плануецца адкрыццё міжраённага цэнтра сасудзістай неўралогіі.

Вялікі патэнцыял у сферы турызму. У раёне значная колькасць аб'ектаў гісторыка-культурнай каштоўнасці. У Дзяржаўным спісе каштоўнасцяў сусветнага значэння — Сафійскі сабор і Спаса-Праабражэнская царква. У раёне восем гасцініц, звыш трыццаці аграсядзіб, дванадцаць домікаў паляўнічых і рыбаловаў. І ўсё больш ахвотных зарабляць на прыёме гасцей і аказваць адпаведныя паслугі землякам.

У комплексным плане каля 250 мерапрыемстваў, 17 раздзелаў. У рамках выканання будзе рэалізавана 90 ключавых інвестыцыйных праектаў у 13 сферах.

Канешне, у першую чаргу жыхароў раёна цікавіць павелічэнне даходаў. Калі летась намінальная налічаная сярэднямесячная зарплата складала 828,8 рубля, па выніках 2020 года яна запланавана на ўзроўні 1050 рублёў.

Трэба многае зрабіць, каб памяншаўся ўзровень датацый. Сёння па Полаччыне іх каля 15 %.

Дзмітрый ДЗЯМІДАЎ, старшыня Наваполацкага гарвыканкама, канстатаваў, што ў комплексным плане паскоранага развіцця 16 раздзелаў. Усяго запланавана рэалізаваць каля 150 мерапрыемстваў. Тое, што ў горадзе з насельніцтвам каля 107 тысяч чалавек трэба павялічваць колькасць вытворчасцяў па-за галіной перапрацоўкі нафты, разумеюць. Таму кіраўніцтва зацікаўлена ў стварэнні новых прадпрыемстваў і працоўных месцаў, павелічэнні аб'ёмаў вытворчасці на існуючых прадпрыемствах іншых галін.

Што да перапрацоўкі «чорнага золата», дык удзельная вага ААТ «Нафтан» у аб'ёмах прамысловай вытворчасці горада — 97 %.

Між іншым, створаны нафтахімічны кластар (удзельнікі: «Нафтан», Полацкі дзяржуніверсітэт і гарвыканкам), вельмі прывабны для інвестараў. Іншаземныя бізнесмены ахвотна ўкладваюць грошы ў вельмі выгадную вытворчасць нафтахімічнай прадукцыі.

Кіраўнік гарвыканкама акцэнтаваў важнасць рэалізацыі мерапрыемстваў у сацыяльнай сферы. У прыватнасці, плануюцца адкрыццё цэнтра алергалогіі пры дзіцячай паліклініцы, стварэнне міжраённага цэнтра рэнтгенэндаваскулярнай хірургіі.

На базе палаца дзяцей і моладзі плануецца стварэнне дзіцячага тэхнапарка.

Далейшаму развіццю горада будзе спрыяць будаўніцтва новага маста праз Заходнюю Дзвіну паміж Наваполацкам і Полацкам. Вялікая нагрузка на адзіны існуючы мост прыводзіць да неабходнасці штогод рамантаваць дарожнае палатно.

У маладым горадзе стаіць праблема недахопу трамвайных ліній. Пакуль што іх працягласць 10 кіламетраў, у тым ліку тры па ўскраіне горада і па старых мікрараёнах. Астатнія сем ідуць уздоўж ляснога масіву так званай прамысловай зоны — да завода «Палімір». Пры гэтым большая частка людзей працаздольнага ўзросту жыве ў спальных мікрараёнах, дзе няма трамваяў. Дарэчы, развіццё электрычнага транспарту будзе добрым унёскам і для паляпшэння экалагічнай сітуацыі ў горадзе.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама запатрабаваў ад кіраўнікоў мясцовай улады яшчэ раз прааналізаваць планы, каб не ажыццяўляць задуманае дзеля справаздачы, а рэальна паскорыць развіццё тэрыторый. Вельмі важна пры гэтым улічваць патрэбы насельніцтва, вывучаючы іх падчас апытанняў і сустрэч з людзьмі. Тутэйшыя, безумоўна, ведаюць, чаго не хапае ў населеных пунктах, якія праблемы патрабуюць першачарговага вырашэння.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Перазагрузка — шанц для глыбінкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.

Грамадства

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Апошнімі цёплымі дзянькамі многія мінчане стараюцца скарыстацца напоўніцу і па магчымасці адпачыць на прыродзе, хай сабе і ў межах горада.

Культура

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Малады тэнар, які прыйшоў у Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр Беларусі ў 2015-м, звярнуў на сябе ўвагу аматараў оперы адразу.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Танцуй... Пакуль не замужам?