Вы тут

Як клетачныя тэхналогіі будуць змагацца з неінфекцыйнымі захворваннямі?


Больш за 500 пацыентаў прайшлі клетачную тэрапію ў нашай краіне за апошнія гады. Клетачныя тэхналогіі выкарыстоўваюцца беларускімі медыкамі ў траўматалогіі і артапедыі, транспланталогіі, стаматалогіі, неанаталогіі, неўралогіі, анкалогіі: для лячэння дэгенератыўных захворванняў касцёва-мышачнай сістэмы, бакавога аміятрафічнага склерозу, рассеянага склерозу, сімптаматычнай эпілепсіі, для імунатэрапіі анкалагічных захворванняў. У паловы з пралечаных пацыентаў назіраецца выражаны клінічны эфект, гэта тыя людзі, якім іншыя метады лячэння не дапамаглі. Усяго Міністэрствам аховы здароўя нашай краіны дазволены да прымянення больш як 40 метадаў лячэння з дапамогай клетачнай тэрапіі.


Бясцэнныя запасныя часткі

— Медыцына ХХ і ХХІ стагоддзяў істотна адрозніваецца: калі раней на парадку дня былі інфекцыйныя захворванні, то сёння галоўнай мішэнню сталі неінфекцыйныя паталогіі, — падкрэслівае галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя па клетачных біятэхналогіях, загадчык аддзела клетачных біятэхналогій РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій, доктар медыцынскіх навук, прафесар Міхаіл ПАТАПНЁЎ. — Мяркуецца, што да 2030 года да 70 % пацыентаў, што звяртаюцца да ўрача, будуць мець неінфекцыйныя захворванні. Гэта звязана з агульным старэннем насельніцтва.

— Выкарыстанне клетачных тэхналогій у медыцыне распачалося ў 70-я гады ХХ стагоддзя з перасадкі касцявога мозгу, — уводзіць у курс справы дырэктар Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі, кандыдат медыцынскіх навук Андрэй ГАНЧАРОЎ. — А 90-я гады азнаменаваліся першымі работамі па прымяненні дэндрытных клетак у анкалогіі. Вельмі актыўна пачаў развівацца і такі кірунак, як выкарыстанне мезенхімальных ствалавых клетак для лячэння самых розных захворванняў. У Беларусі клетачныя тэхналогіі ў медыцыне пачалі актыўна развівацца ў пачатку 90-х гадоў, гэта былі ў большай ступені фундаментальныя даследаванні, накіраваныя на атрыманне клетачнага прадукту, а ў сярэдзіне 2000-х гадоў пачаліся першыя клінічныя выпрабаванні. Сёння навукоўцы з усяго свету робяць стаўку ў тэрапіі на біямедыцынскі клетачны прадукт. Ёсць меркаванне, што менавіта за клетачнай тэрапіяй — будучыня.

Усяго ў чалавечым арганізме налічваецца больш як 200 тыпаў клетак са сваёй спецыялізацыяй. Адны складаюць нашу нервовую сістэму, другія — крывяносную, трэція фарміруюць касцявыя тканкі і гэтак далей. Ствалавыя ж клеткі не маюць ніякай «спецыялізацыі», але яны здольныя ператварацца ў любы тып клетак. І робяць гэта на працягу ўсяго жыцця чалавека ў залежнасці ад патрэб з боку тых ці іншых органаў. Па сутнасці, ствалавыя клеткі — бясцэнныя запасныя часткі, без якіх наш арганізм не змог бы абнаўляцца, вельмі хутка старэў бы і гінуў. Чым старэйшы чалавек, тым меншы ў яго запас ствалавых клетак.

Эфект у анкалогіі

Мезенхімальныя ствалавыя клеткі маюць ярка выражаныя аднаўляльныя здольнасці, таму больш за палову ўсіх даследаванняў у свеце звязаны з іх выкарыстаннем. Беларускія медыкі і навукоўцы таксама прытрымліваюцца сусветных трэндаў.

Нацыянальная акадэмія навук супрацоўнічае з Міністэрствам аховы здароўя ў галіне выкарыстання клетачных тэхналогій у лячэнні пацыентаў з 2006 года. Пяць гадоў таму на базе Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі адкрыўся навукова-медыцынскі цэнтр «Клетачныя тэхналогіі». У яго структуры — лабараторыя па вытворчасці біямедыцынскіх клетачных прадуктаў і крыябанк ствалавых клетак, сертыфікаваныя па стандартах GMР, а таксама паліклінічная база з аперацыйным блокам, стаматалагічны кабінет, кабінет УГД-дыягностыкі, палаты дзённага знаходжання. Сёння тут гатовы праводзіць лячэнне на платнай аснове.

— Эфектыўнасць мезенхімальных ствалавых клетак агульнапрызнаная. Нядаўна іх пачалі прымяняць пры лячэнні рассеянага склерозу. Дапамагаюць яны і пры менш сур'ёзных захворваннях, у прыватнасці хваробах суставаў, — кажа Міхаіл Патапнёў. — Добрыя вынікі атрыманы пры лячэнні астэаартрыту: адна доза дазваляе знізіць запаленне, значна паменшыць болевы сіндром мінімум на паўгода. Зараз сумесна з РНПЦ псіхічнага здароўя рэалізуецца ўнікальны праект па лячэнні сімптаматычнай эпілепсіі з дапамогай ствалавых клетак. У пацыентаў кантрольнай групы зніклі прыпадкі.

Андрэй Ганчароў паведаміў, што нядаўна завяршыліся клінічныя выпрабаванні тэхналогіі лячэння пацыентаў, хворых на рак падстраўнікавай залозы, з выкарыстаннем дэндрытных клетак. Іх роля — распазнаваць усіх ворагаў, якія трапляюць у наш арганізм, перадаваць пра іх дакладную інфармацыю іншым клеткам, якія пасля атрыманага сігналу пачынаюць знішчаць чужынцаў. Задача дэндрытных клетак — стымуляваць імунітэт, прычым не агульны, а спецыфічны, накіраваны на канкрэтны антыген, мішэнь — пухліна.

Рак падстраўнікавай залозы — адно з самых цяжкіх анкалагічных захворванняў з неспрыяльным прагнозам. Клінічныя выпрабаванні праходзілі на базе Мінскага гарадскога клінічнага анкадыспансера. У іх удзельнічалі 26 пацыентаў (у большасці была стадыя ІІB, гэта значыць, без аддаленых метастазаў) у асноўнай групе, іх лячылі стандартнымі метадамі па пратаколе плюс выкарыстоўвалі дэндрытныя клеткі. Найлепшыя вынікі ў тых, хто прайшоў тры курсы клетачнай тэрапіі — усе яны жывыя. Памерлі шэсць чалавек. Урачы прагназавалі ім максімум 1,5 месяца, а яны пражылі каля года.

Андрэй Ганчароў заўважыў, што прымяненне дэндрытных клетак на ранніх этапах дае больш выражаны эфект. Аднак іх выкарыстанне апраўдана нават на 4-й стадыі хваробы. Ён прыгадаў выпадак, калі па дапамогу звярнулася пацыентка, у якой большую частку печані займалі метастазы. Прагноз быў усяго на пару месяцаў, але дзякуючы дэндрытным клеткам жанчына пражыла больш чым паўтара года.

Вельмі добрыя вынікі былі атрыманыя і ў лячэнні такімі клеткамі раку малочнай залозы ў пацыентак РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі. У жанчын была другая стадыя захворвання — агрэсіўная форма з высокай верагоднасцю рэцыдыву. Пасля клетачнай тэрапіі ў 95 % пацыентак на працягу пяці гадоў захворванне не вярталася.

У РНПЦ «Маці і дзіця» распачалася работа па аўталагічнай клетачнай тэрапіі неданошаных дзяцей, у якіх выяўляюцца прыкметы лёгачнай ці цэрэбральнай недастатковасці (пры такой тэрапіі прымяняюцца ўласныя клеткі). «Мы можам лячыць дзяцей ужо ў першы год іх жыцця: выдзяляем клетачны прадукт у немаўляці, замарожваем яго і, калі праяўляецца якая-небудзь паталогія, пачынаем лячыць гэтымі клеткамі», — растлумачыў Міхаіл Патапнёў.

З інструкцый — у пратаколы

— Але клетачная тэрапія — не панацэя, а дапаўненне да стандартных метадаў лячэння, якое дазваляе палепшыць прагноз, — падкрэслівае Андрэй Ганчароў. — Гэта значыць, што нават калі ў 15—20 працэнтаў пацыентаў, якія пакутуюць на рак падстраўнікавай залозы, мы даможамся добрага выніку, гэта будзе вялікім плюсам. Калі нават у 10 % пацыентаў з аміятрафічным бакавым склерозам будзе добры клінічны эфект, гэта можна лічыць дасягненнем. Клетачныя тэхналогіі паступова пераходзяць у пратаколы лячэння. Пакуль гэты працэс ідзе марудна. Па-першае, гэта нятаннае лячэнне (адна доза клетачнай тэрапіі можа каштаваць ад 350—500 долараў да 2—3 тысяч долараў), па-другое, трэба стварыць інфраструктуру, базу, таму што падрыхтаваць клеткі цалкам у аўтаматызаваным рэжыме пакуль немагчыма. Патрабуюцца аснашчаныя лабараторыі і высокакваліфікаваныя спецыялісты, якія гэтыя клеткі вырошчваюць. Цяпер у Беларусі дзейнічаюць чатыры акрэдытаваныя лабараторыі, а вось спецыялістаў нідзе спецыяльна не навучаюць. Тым не менш працэс ідзе, і, мяркую, што ўжо праз пяць гадоў многія з метадаў клетачнай тэрапіі, якія сёння выкладзены ў інструкцыях па прымяненні, неабавязковых для выкарыстання, будуць занатаваныя ў абавязковых клінічных пратаколах.

А вось да абяцанняў вярнуць з дапамогай ствалавых клетак маладосць Андрэй Ганчароў ставіцца катэгарычна: «У Расіі пэўны час таму было папулярнае «амаладжэнне» ствалавымі клеткамі. У Беларусі гэтым не займаюцца, інструкцый, якія рэгламентавалі б такое прымяненне ствалавых клетак, няма, і я вельмі спадзяюся, што яны і не з'явяцца. Лічу, што гэта не тая сфера, дзе ствалавыя клеткі можна і трэба выкарыстоўваць...»

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Медыцына будучыні

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.