Вы тут

Аграгарадкі і вёскі Гродзенскага раёна аб'яднаны ў сімвалічны ручнік


Яго даўжыня 20 метраў. Ручнік створаны з фрагментаў, на якіх вышыты сімвалы населеных пунктаў. Да таго ж свае фрагменты вышывалі не толькі вопытныя майстрыхі, але і аматары гэтай справы, у тым ліку мужчыны і дзеці. Прэзентацыя ручніка адбудзецца 3 ліпеня ў Скідзелі падчас святкавання 75-й гадавіны вызвалення Беларусі. На ўрачыстым адкрыцці палатно прадставяць на сцэне ўдзельнікі харэаграфічнай кампазіцыі.


На пачатку года работнікі культуры задумаліся пра тое, як сустрэць дзве значныя падзеі — 75 гадоў вызвалення Беларусі і 75-гадовы юбілей Гродзенскай вобласці. І вырашылі стварыць калектыўнае палатно, якое адлюстроўвае кожны аграгарадок Гродзенскага раёна. Такім творам стаў шматметровы ручнік. Пасля вызначэння памераў і эскізаў руплівыя майстры распачалі працу. І вось нядаўна ручнік поўнасцю завяршылі.

Надзея Міхалевіч з аграгарадка Азёры ў дзяцінстве вучылася вышыўцы ў сваёй матулі, але асабліва не захаплялася. Новы праект яе, можна сказаць, узрушыў. Па тэму не трэба было далёка хадзіць. У Азёрах на цэнтральнай плошчы літаральна цераз дарогу высяцца два велічныя храмы — каталіцкі і праваслаўны. А сам аграгарадок знаходзіцца ў коле цудоўных азёр, папулярных у рыбакоў. Гэта і стала асноўным сюжэтам эскіза, а затым і азёрскім фрагментам ручніка.

Сярэбраную нітку ўпляла ў калоссе Любоў Сяткоўская. Яна — малады кіраўнік культурна-масавай работы ў аграгарадку Рацічы. Для яе галоўны здабытак — гэта хлеб, а сама вёска стаіць у коле бяскрайніх збожжавых палёў. Да таго ж галоўнае брэндавае свята тут — свята сена. А срэбра дабаўляе іскрыстасці коласу, лічыць дзяўчына.

Адэльскі млын у раёне добра ведаюць. Такую назву мае брэндавае свята, бо некалі тут было нямала ветракоў. Яшчэ на палатне адлюстравана святыня вёскі — драўляны касцёл, помнік архітэктуры. А выканала кампазіцыю вядомая мясцовая майстрыха Наталля Кавалькова. І прычым не адна, а з дапамогай сваіх гурткоўцаў. Яна вядзе студыю ў мясцовым цэнтры культуры і імкнецца перадаць дзецям свае навыкі. Дарэчы, у Наталлі ёсць мара выканаць падобны твор са сваімі вучнямі — можа, не такое вялікае палатно, але таксама калектыўнае, у якім кожны яе гуртковец прадставіць нешта сваё, з рэгіянальным ухілам.

— Для Гродзеншчыны ўласцівы тканыя белыя ручнікі з вышытымі гладдзю расліннымі ўзорамі і карункамі, якія вяжуцца кручком, — расказвае Наталля Мікалаеўна. — Яны павінны быць акуратныя з абодвух бакоў, без вузялкоў.

Такім патрабаванням цалкам адпавядае творчасць Барыса Міхайлоўскага з аграгарадка Абухава. Яго работы такія ж акуратныя з выварату, як і з добрага боку. А захапіўся ён рукадзеллем 13 гадоў таму, калі сястра падарыла яму на 60-годдзе вышытую карціну. Зараз у яго калекцыі каля 40 карцін, і мужчына вельмі ганарыцца, што далучыўся да работы над ручніком малой радзімы. Ён вышыў бочачку з мёдам і блакітнымі кветкамі з бакоў. Дарэчы, Абухава знакамітае не толькі святам пчаляроў, але і гарадскімі ўмовамі — нездарма аграгарадок згодна з даручэннем кіраўніка дзяржавы вылучаны ў катэгорыю «вёска будучыні».

А вось Святлана Зайко звязала свой лёс з аграгарадком Капцёўка. Тут яна працуе ў цэнтры культуры і вядзе аматарскае аб'яднанне «Крыніца». А любоў да вышыўкі ёй прывіла свякроў, якая сама вечарамі займалася рукадзеллем і перадала гэтае захапленне сваёй нявестцы. Святлана бачыць родны куточак у спакойным зімовым убранні, крышку зацярушаны снегам, з ялінкамі, дамамі і храмам.

Брэндавае свята — свята марожанага — адлюстравала на сваім фрагменце Раксана Чаплюк з аграгарадка Путрышкі. Яна захапілася вышыўкай у дзяцінстве, калі бабуля паказала ёй ручнік з цудоўнымі кветкамі. З той пары гэты занятак стаў сапраўдным хобі. А яшчэ Раксана імкнецца праз творчасць папулярызаваць брэндавае свята салодкага дэсерта.

Усяго ў агульную канву сабрана 17 ручнікоў, многія з якіх адлюстроўваюць неафіцыйныя гербы населеных пунктаў Гродзенскага раёна. Тут сустрэлася традыцыйная пісанка з Сапоцкіна, сядзіба графіні Марты Красінскай з вёскі Свіслач, ганчарныя вырабы з Верцялішак, скульптура мядзведзя, што стаіць у Луцкаўлянах... Усе фрагменты злучаны паміж сабой карункавымі палоскамі, якія выканала майстар Валянціна Краўчук. Палатно цалкам гатова і чакае свайго выхаду на сцэну. Як патлумачыла мастацкі кіраўнік Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Любоў Ганевіч, ручнік — не толькі адлюстраванне культурных традыцый раёна, але і знак гасціннасці ўсяго беларускага народа. Нездарма хлеб-соль гасцям падносяць на вышытых ручніках...

Маргарыта Ушкевіч

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Палатно малой радзімы

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.