Вы тут

Трыумф выдаўцоў


Журы XVI Міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі» краін — удзельніц СНД узнагародзіла беларускіх кнігавыдаўцоў 20 дыпломамі, у тым ліку Гран-пры. Нягледзячы на трыдыцыйна паспяховы ўдзел у спаборніцтве, сёлетнія ўзнагароды — гэта рэкорд для беларускіх кнігавыдаўцоў. Падрабязна пра ўдзел у конкурсе расказалі на прэс-канферэнцыі ў прэс-цэнтры Дома прэсы.


На конкурс, які прайшоў 30—31 мая ў Баку, было прадстаўлена больш чым 80 выданняў з сямі краін СНД: Азербайджана, Казахстана, Таджыкістана, Кыргызстана, Расіі, Туркміністана і Беларусі. Беларуская дэлегацыя прапанавала на суд журы выданні па ўсіх 11 намінацыях. Кнігі, якія прадстаўлялі Беларусь, выдадзеныя такімі выдавецтвамі, як «Беларусь», «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», «Вышэйшая школа», «Мастацкая літаратура», «Народная асвета», «Пачатковая школа», Выдавецкі дом «Звязда», «Белпошта», «Адукацыя і выхаванне», «Чатыры чвэрці» і інш. Выбраць выданні для міжнароднага спаборніцтва Беларусі заўсёды лягчэй: у нас ёсць свой конкурс «Мастацтва кнігі».

— «Мастацтва кнігі» краін — удзельніц СНД — складаная творчая барацьба. Сёлета ўдзельнічала больш чым 80 кніг — па ўсіх кнігах кожная краіна выказвала сваё меркаванне. Але сярод іншых нашы кнігі сапраўды вылучаліся — не толькі мастацкім аздабленнем, але і сацыяльнай тэматыкай і навуковымі даследаваннямі, — падзяліўся ўражаннем дырэктар выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Уладзімір Андрыевіч, які сёлета ўвайшоў у склад журы ад Рэспублікі Беларусь. — Апошнім часам як кнігавыдавец я прыкмеціў цікавасць да гісторыі Беларусі за мяжой. Гістарычная літаратура ацэньваецца членамі журы больш высока, чым кнігі пра сучаснае жыццё.

Так, сёлета Гран-пры конкурсу атрымала ўнікальнае выданне — персанальная энцыклапедыя «Янка Купала» ў трох тамах, што выйшла ў выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». Гэты фундаментальны выдавецкі праект, які здзейсніла выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» сумесна з літаратурным музеем Янкі Купалы, уключае больш чым 3000 ілюстрацый і 9000 навуковых артыкулаў, у тым ліку ўнікальныя матэрыялы: партрэт беларускага класіка работы кітайскага мастака Аа Тэ, інфармацыя пра перакладчыкаў твораў Купалы на мовы свету і г. д. Дарэчы, канкурэнтам беларускага выдання была 35-томная «Расійская энцыклапедыя». Энцыклапедыя «Янка Купала» — гэта найперш навуковая крыніца, гэта ў сціслым выглядзе квінтэсэнцыя тых ведаў, што назапашваюцца дзесяцігоддзямі, а ў дачыненні да Янкі Купалы ўжо можна казаць і пра стагоддзе вывучэння творчасці паэта, яго рэпрэзентацыі на радзіме і ў свеце, выказала меркаванне Галіна Варонава, вучоны сакратар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

Між тым праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі «Першы буквар. Факсімільнае ўзнаўленне» атрымаў дыплом «Жамчужына культурнай спадчыны». Сярод прызёраў — і кнігі Выдавецкага дома «Звязда»: у намінацыі «Садружнасць» дыплом другой ступені прысуджаны зборніку «З Бацькаўшчынай у сэрцы», а ў намінацыі «Арт-кніга» спецыяльны дыплом атрымала выданне «Акварэльны сусвет Вячаслава Паўлаўца».

«Мастацтва кнігі» краін — удзельніц СНД праходзіць з 2004 года. Для кнігавыдаўцоў гэта сапраўдная падзея, адзначыла начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алена Паўлава. Усяго за 16 гадоў удзельнікамі з розных краін было прадстаўлена 2133 кнігі, а Беларусь атрымала 151 узнагароду рознай вартасці, у тым ліку 9 Гран-пры. Па колькасці атрыманых дыпломаў і Гран-пры ў Беларусі першае месца.

— Гэта сапраўды конкурс прафесіяналаў. Чаму ў нас столькі ўзнагарод? Захавалася школа прафесіянальнага дызайну, прафесійнага афармлення і мастацтва кнігавыдання. Мы імкнёмся не толькі захаваць гэтую школу, але і развіваць. З аднаго боку — традыцыя, з другога — XXI стагоддзе, — адзначыў дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак. — Зараз многія імкнуцца рабіць афармленне кідкім, разлічаным на масавага пакупніка. Што датычыць беларускіх кніг, як прыкмячаюць замежныя калегі, гэта ў першую чаргу прафесійныя дызайн і афармленне.

Дыпломы трыумфатарам конкурсу па традыцыі будуць уручаны ў верасні падчас Маскоўскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, а выданніпераможцы Міжнароднага і Нацыянальнага конкурсаў «Мастацтва кнігі» будуць прадстаўлены ў межах Дня беларускага пісьменства ў Слоніме.

 Яўгенія ШЫЦЬКА

 

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.