Вы тут

Лісты і пачуцці, што застылі ў часе


Тэма беларускай прысутнасці за мяжой у 1920—1930-х гадах традыцыйна была асабліва цяжкая для даследавання. Уладзімір Калеснік не адно дзесяцігоддзе прысвяціў фактаграфічнаму ўзнаўленню жыццяпісу Уладзіміра Жылкі, збіранню яго творчай спадчыны. Грамадска-культурная дзейнасць гэтай выбітнай асобы ў гісторыі беларускай літаратуры была звязана з шэрагам тагачасных еўрапейскіх краін: Польшча, Латвія, Чэхаславакія, Савецкі Саюз. Патрэбен быў дасведчаны кансультант і найлепш сведка і ўдзельнік тых падзей, непасрэдна знаёмы з Жылкам. На шчасце, каштоўны дарадца знайшоўся ў асобе супрацоўніцы Славацкага нацыянальнага музея (Браціслава) Людмілы Краскоўскай (1904—1999), якая сёння з поўным на тое правам можа быць залічана ў шэраг славутых беларусаў свету. У многім дзякуючы ёй была напісана адна з найлепшых кніг Уладзіміра Калесніка — «Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі» (1977).


Першая дама славацкай археалогіі

Нарадзілася Людміла Краскоўская 26 чэрвеня 1904 года ў Вільні ў сям’і гісторыка Івана Краскоўскага, пазней актыўнага ўдзельніка працэсаў дзяржаўнага будаўніцтва ў Беларусі і Украіне, заснавальніка і першага дырэктара Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі (Даўгаўпілс, Латвія).

Вучылася ў Віленскай і Дзвінскай беларускіх гімназіях. У 1923 годзе Краскоўская — студэнтка філасофскага факультэта Карлавага ўніверсітэта ў Празе. Адначасова праходзіла навучанне на гістарычна-літаратурным аддзяленні Украінскага вышэйшага педагагічнага інстытута імя М. Драгаманава (1924— 1927).

У 1930-х гадах Людміла Краскоўская, адарваная ад роднага краю і сваёй сям’і, ступіла на шлях навукі, на якім да яе і пры ёй шчыравалі толькі мужчыны, стала адной з заснавальніц славацкай археалогіі, непераўзыдзеным спецыялістам у нумізматыцы і музейнай справе. Спачатку некалькі гадоў працавала ў Празе, затым быў Славацкі нацыянальны музей, дзе і прайшло ўсё яе працоўнае жыццё (1931—1988). Л. Краскоўская стала першай жанчынай у сацыялістычнай Чэхаславакіі — кандыдатам гістарычных навук (1961). Акрамя шматлікіх узнагарод, займела і пачэснае званне ад калег — «Першая дама славацкай археалогіі».

Памяць пакаленняў

Сям’я Краскоўскіх адной з першых патрапіла ў малох сталінскіх рэпрэсій: у высылку этапіраваны Іван Краскоўскі; у лагерах заўчасна склалі галовы акрыленыя энтузіязмам савецкага будаўніцтва браты Сяргей і Мсціслаў. Людміле наканавана было пражыць доўгі век на чужыне, якая стала для яе другой радзімай, жыць і працаваць за і ў памяць пра сваіх родных. Улюбёная археалогія дапамагала прыглушыць нядаўнія трагічныя падзеі, паглыбіцца і забыцца ў культурных пластах рымскай эпохі і першых славянскіх паселішчаў на тэрыторыі Заходняй Славакіі. У лісце ад 25 жніўня 1989 года да Наталлі Лазаравай, дачкі Уладзіміра Жылкі, яна прызнавалася: «Наогул, я старалася не думаць пра лёс нашай сям’і. Проста не дазваляла сабе пра гэта думаць. Але цяпер, калі ўсюды пішуць пра арышты, лагеры, цяжка не ўспамінаць. Часам дачытаюся да таго, што зусім ачмурэю і нічога не магу рабіць. Як такі жах мог доўжыцца 30 гадоў!»

Амаль равесніца веку, Людміла Краскоўская стала сведкай усіх пакручастых этапаў сусветнай гісторыі, што выпалі на ХХ ст., была непасрэдна далучана да бурлівага беларускага, украінскага, латышскага, чэшскага, славацкага нацыянальнага жыцця першай паловы ХХ стагоддзя. Багатыя зборы дакументаў — вынік шматгадовых кантактаў з дзеячамі навукі і культуры славянскага свету, асабліва актыўных у 1920—1930-х гг. — аснова асабістага архіва Людмілы Краскоўскай, які да пары да часу зберагаўся на яе кватэры ў Браціславе. Многае было размеркавана яшчэ пры жыцці захавальніцы, перададзена ў дзяржаўныя архівы Беларусі, Славакіі, Украіны. Стараннямі аўтара гэтых радкоў вялікая колькасць дакументаў з неразмеркаванага архіва была выяўлена ў прыватных зборах Славакіі.

З холаду забыцця

Аўтограф невядомага перакладу верша «Зімою» ўкраінскага паэта Агатангела Крымскага (1871—1942), зроблены Уладзімірам Жылкам у Празе прыкладна ў 1925—1926 гадах, выяўлены аўтарам гэтых радкоў у Браціславе. Належыць да тых дакументаў, якія Л. Краскоўская ў свой час не палічыла патрэбным перадаць ні родным паэта, ні даследчыкам яго творчасці. Вось поўны тэкст гэтага мастацкага перастварэння:

— Мама — галубка! Ішла я гарою,

— Снегу нібы і няма;

Сонейка грэе, распукваюць кветкі.

Мама! Мінула зіма!..

 — Пэўна, дачушка, кагосьць пакахала,

Холад бо й сівер наўкруг,

Толькі ў цябе ужо лецейка ў сэрцы,

Там то і квеціцца луг.

Твор прываблівы сваім простым, немудрагелістым гучаннем. Верагодна, пераклад быў падараваны Жылкам накшталт альбомнага запісу, з мэтай зрабіць штосці прыемнае для сваёй сяброўкі Людмілы і яе маці, украінкі Валянціны Сямёнаўны, на доўгія гады разлучаных некалькімі дзяржаўнымі межамі. На такую думку наводзіць ужо сама дыялагічная форма верша — размова дачкі і маці.

Уладзімір Жылка бачыў сябе спадкаемцам літаратурных традыцый, закладзеных Максімам Багдановічам. Важнае месца ў гэтай пераемнасці пісьменнік адводзіў перакладчыцкай працы. Да таго ж, вучоба ў Карлавым універсітэце (1923—1926) — гэта час актыўнага творчага дыялогу, міжнацыянальных культурных кантактаў.

Пясняр чыстай красы, вядомы сваім бездакорным мастацкім густам, з немалой кагорты ўкраінскіх паэтаў ХІХ — пачатку ХХ ст. выдзяляў Крымскага, ставіў яго поруч з Шаўчэнкам, Франко, Алесем. Лепшыя ўзоры творчасці Крымскагапаэта сабраны ў зборніку «Пальмавае голле» ў трох частках, выхад якіх расцягнуўся амаль на два дзесяцігоддзі (1903— 1922). М. Багдановіч мог пазнаёміцца толькі з першымі двума, у распараджэнні У. Жылкі мог аказацца ўвесь паэтычны падрахунак творчасці ўкраінскага мастака слова. Верш «Зімою» ўваходзіць у канцэптуальна прадуманы першы цыкл «У гарах Ліванскіх». Уяўляе сабой мастацка-эстэтычны сінтэз прыроднага фону і асабістых перажыванняў, паяднаных нязмушаным дысанансам узбуджанага чалавечага пачуцця і знешняга халоднага спакою.

Храналогія прызнанняў

Аўтару гэтых радкоў пашчасціла адшукаць невядомыя лісты У. Жылкі да Л. Краскоўскай, дасланыя з Мінска ў Прагу ў 1927—1928 гг., якія дагэтуль лічыліся незваротна страчанымі. Захаваныя дакументы часу гавораць пра многае: тут і побытавыя клопаты, і філасофскія развагі, просьбы і г. д.

Як вядома, У. Жылку з сям’ёй Краскоўскіх звязвалі цесныя і, як можам меркаваць па перапісцы, сяброўскія адносіны. Паэт карыстаўся гасціннасцю гэтага сямейства, калі вучыўся ў Дзвінску і калі пераехаў з Прагі ў Мінск.

З-за палітычнага пераследу Краскоўскія ў 1925 г. перабраліся з Латвіі ў Савецкую Беларусь. Іван Краскоўскі працаваў на адказных пасадах, Валянціна Сямёнаўна займалася хатняй гаспадаркай, сыны Сяргей і Мсціслаў працягвалі вучобу.

Пра тое, што Людміла Краскоўская мела сардэчныя сімпатыі да паэта, даведваемся з ліста яе маці ад 18 лістапада 1925 года: «Родненькая мая, ты ўсё ж не жалься на сваё жыццё. Гэта на цябе восень так дзейнічае. Ты, калі ласка, не вешай нос. І пра Валодзю менш думай (вось мілая мамчына парада — праўда?). Не, сур’ёзна, я яго вельмі люблю, але нельга забываць, што ён беларус. паэт, а ў будзённым жыцці чалавек з бзікам — хіба не? А паэты ж наогул невыносныя людзі ў паўсядзённым жыцці. Нашыя тут вельмі адрозніваюцца, і жонкі іх не адну слязу пралілі. Думаю, што Валодзя вельмі засмуціцца, калі бліжэй убачыць іх жыццё. Дуюць піва і губяць гэтым свае таленты і жыццё».

Лісты Уладзіміра Жылкі да Людмілы Краскоўскай, дасланыя з Мінска ў Прагу, поўняцца сяброўскай цеплынёй: «Даражэнькая і родная мая! Учора напісаў табе ліст, але не паспеў кінуць. Сама ведаеш, што добра разумею, што ты чакаеш весткі, а не зрабіў патрэбнага: гэта (ты пазнаеш!) так на мяне падобна»; «Пішы часцей, нават калі не заўсёды будзе ў час адказана. Хацеў бы атрымліваць ад цябе часта-часта».

Няпроста акліматызоўваўся паэт у сталіцы савецкай Беларусі: «У нас, ды ня толькі у нас, але і ў месце і па ўсім СССР ідзе падрыхтоўка да Кастрычніка. Ёсць вялікі энтузіазм. Свята ня будуць насіць казённага характару. Мы, безумоўна, перажываем прыгожыя дні рэвалюцыйнага пад’ёму і пафасу. Я поўны роспачы, што мне не ўдаюцца грамадзкія матывы: столькі ёсць у галаве такога, што мусяла б выліцца ў песні»; «Высылаю табе свае “стишки” — іх лаюць».

Часам развагі паэта набывалі ўзбуйнена-філасофскі, дыдактычны характар:

«На абум нельга нічога зрабіць, прапісная ісціна — “сем раз адмер…”. Толькі яна па плячу; здаровы сэнс не дазволіць зрабіць глупства, а ён твой адзіны дарадца і правадыр. Няхай сэрца, вусны і ўся істота пратэстуюць — дарма! Я ня буду праклінаць паганы і нялюбы для мяне збег абставін. Ці трэба хвалявацца і парушаць спакой і маестат яго светласці найвышэйшага гаспадара майго “Благоразумия”. Нават у самых патаемных куточках душы мае, не набяжыць і цені абурэння ці, лепей, нездавальнення. Ці не так разважае Людуся? Што граха таіць: вядома ж — так!

А я на падобнае дасадую. Нават згадзіўшыся, што факты, абставіны — жорсткая рэч, прымушаюць лічыцца. Але… але блаславіць гэтыя самыя абставіны, блаславіць да канца, гэта ёсьць… Падбірай сама слова, я яго скажу калі-небудзь.

 Ведаеш, бацька такое псіхалёгіі “человечек” Бальмонта. Прыгадваеш — “человечек современный — нискорослый, слабосильный… это — можно, это — нет…”. Твайму духоваму абліку зусім чужая рэвалюцыйная стыхія. Мне здаецца, што ты ніколі ня здолееш быць рэвалюцыянэрам. Нават, каб здарылася не адважылася б ну хоць бы на якую-небудзь дробную рэвалюцыйку ў побыце

А дух заўсёды рэвалюцыянэр, дзейны і вечны. Ён робіць людзей людзьмі і людзьмі прыгожымі і вялікімі. Як жа быць і чым аздобіцца тым, хто бяз Духа?

Даруй мне, любая, — можа гэта толькі адны падазрэнні, дурныя філіпікі, якія табе могуць зрабіць балюча… Пачуцці, нават калі яны тысяча тысячны раз завядуць і заблудзяць, маюць большыя правы на чалавека: з імі свет Лёгаса, што асвятляе жыццё. Твой каханак, цвярозы сэнс толькі чадзіць і курыць; яго прытулак — курныя душы. Далоў яго».

Поруч ішлі прызнанні паэта пра сваё асабістае жыццё, знаёмства са студэнткай Белмузтэхнікума Рымай Маневіч: «Ведаеш — я закахаўся уже месяцаў са тры і, здаецца, па самюськія вушы. Яна маленькая, рыжая і злюшчая, язычлівая. Мяне кахае».

Чым бліжэй паэт даведваўся пра сваю абранніцу, тым больш разгорнутымі былі яго характарыстыкі: «Ты, магчыма, ужо ведаеш, што два месяцы назад я зрабіў важнае ў маім жыцці глупства. Покі што ня каюся — мая баба (ёй толькі 19 год!) добры і ня дурны чалавек, а гэта ў нашы часы шмат — характарамі, здаецца, сходзімся і жывём ня кепска. Між іншым, яна не беларуска, а… як думаеш?.. жыдоўка! Антысэмітызмам я не хварэю і таму да гэтага часу нішто не давала чуць, што мы розных нацыянальнасцей».

Вельмі сімвалічна, што Л. Краскоўская захавала свой неадпраўлены ліст да У. Жылкі (і ці збіралася наогул яго адпраўляць?). Мяркуючы па змесце, прыгадках фактаў мінулага, ён быў напісаны недзе ў 1929—1930 гадах. У ім аддадзена поўная воля сапраўдным пачуццям, так ніколі і не адкрытым для паэта:

«Трапілі пад руку старыя фатаграфіі і лісты, і гэтак захацелася напісаць табе пару слоў. Ведаеш, ты заўсёды лаяў мяне, што мала гавару (звычайна, жанчын абвінавачваюць якраз у адваротнай рысе).

Але калі гаворыш нешта, то ніколі не можаш быць пэўным, што чалавек цябе зразумее гэтак, як хочаш ты. Ці наша мова яшчэ гэткая недасканалая, ці не ўмееш падабраць слоў. Пісаць яшчэ горш — словы на паперы нейкія аднаманітныя, не перадаюць гэтага галоўнага настрою. Таму часта баялася гаварыць, а хацелася часам сказаць так многа. Пэўна, і трэба было казаць. Што калі чалавек бачыць свае памылкі, калі яны ўжо здзейсніліся. Чорт ведае, нашто пішу ўсё гэта.

Успомніла Дзвінск, гімназію і так страшэнна, так захацелася, каб павярнуўся гэты час. Валодзю, гэта ж нейкіх сем гадоў прайшло, і якіх гадоў, што не павярнуць. А не хочаш верыць, што гэта ўжо мінула назаўсёды. Я заўсёды глядзела на нашы адносіны, як на нешта дзіцячае, не дзіцячае, а так, накшталт гэтага.

Нешта, што пяройдзе і забудзецца, а мо! і застанецца, як нейкі лёгкі ўспамін. Ведала, што брашу сабе самой, але мусіла верыць, што гэта так. А часам так хацелася шмат сказаць, шчыра сказаць, не думаючы ні аб кім і ні аб чым. Чаму мы заўсёды звязаны нейкімі кайданамі? Чаму не можам быць шчырымі? Па-просту — чэснымі з самімі сабой. А калі пачнеш абдурваць самя сябе, пачынаеш маніць другім і пападаеш у зачараванае кола».

Людміла Краскоўская двойчы, у 1927 і 1929 гадах, прыязджала з Чэхаславакіі да бацькоў у Мінск. Іх перапіска з Жылкам абарвалася пасля яго жаніцьбы. Магчыма, паэт пераслаў па пошце, а можа, падараваў падчас аднаго з прыездаў свой зборнік вершаў «З палёў Заходняй Беларусі» з характэрным подпісам: «Людміле Краскоўскай, ціхаму і “кроткаму” сябру майму на добрыя ўспаміны, з прывітаннем сардэчным і шчырым аўтар Уладзімір Жылка. 6 чэрвеня 1928 г. Менск, БССР».

Вядомая браціслаўчанка пакінула ўспаміны пра Вільню і Дзвінск, Івана Краскоўскага і Уладзіміра Жылку, апублікаваныя ў Беларусі ў пачатку 1990-х гадоў. Свае сціслыя згадкі пра паэта яна завяршыла так: «Нашы адносіны бывалі розныя, але заўсёды заставаліся нязменнымі — мы верылі адно аднаму».

Мікола ТРУС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?