Вы тут

Касмічная плынь


Ёсць кнігі, што ніколі не патрапяць у спіс «тэрапеўтычнай» літаратуры, якую раяць, калі сумна, калі заблытаўся і шукаеш сябе. Пасля прачытання яны пакідаюць шмат пытанняў і мала адказаў. Да такога тыпу адносіцца «Судуманне» Міколы Каляднага, што пабачыла свет летась.


Першае, што відавочна, вандроўка па кнізе не падасца лёгкай. Аўтар не будзе нічога тлумачыць, штучна ўводзіць у кантэкст: адкрываючы кнігу, адкрываеш прорву, якая панясе, не робячы прыпынкаў, па касмічнай прасторы, дзе і адбываецца дзеянне. Аповесць паказвае жыццё звышчалавечых істот, якія не маюць полу і ўвогуле аддаленыя ад любых фізічных аспектаў жыцця.

Асноўная іх дзейнасць сканцэнравана на мысленні, адчуванні. Яны маюць здольнасці да тэлепатыі, матэрыяльна бачаць і адчуваюць хвалі эмоцый, могуць вольна перамяшчацца ў часе і прасторы. Персанажы і агульны антураж дзеяння сканструяваны так, што аўтар пазбаўлены неабходнасці ўводзіць нейкую экспазіцыю: месца дзеяння — дзесьці ў касмічнай прасторы, час — дзесьці ў далёкай будучыні. Але твор абсалютна нельга назваць навуковай фантастыкай. Ён хутчэй экзістэнцыяльны. Дэкарацыі, у якія аўтар змяшчае свае ўнутраныя пытанні і развагі, створаны больш для таго, каб аддаліць ад рэальнага жыцця, надаць ім дадатковую вагу, заклаўшы іх у вусны (хаця, ці ёсць у мутакаў вусны, не ўдакладняецца) вышэйшай, мудрэйшай істоты.

Каб не трапіць у прорву, у якой няма за што чапляцца, пачынаць чытаць «Судуманне» варта са слоўніка неалагізмаў, які прыводзіцца ў канцы кнігі, або хаця б рэгулярна звяртацца да яго. Некаторыя аўтарскія словы можна зразумець па марфалагічнай будове і кантэксце, але далёка не ўсе.

Неалагізмы — не адзінае, што ўплывае на чытацкае ўспрыманне твора. Сама пабудова маўлення, дыялогаў аказваецца абцяжарана не толькі сінтаксічна, але і сэнсава. Свет раскрываецца паступова, але аповед адразу пачынае размаўляць з чытачом так, быццам той ужо даўно тут жыве і ўсё ведае. Праз гэта перыядычна бывае цяжка скласці агульную карціну, уявіць, дзе адбываецца дзеянне і як выглядаюць галоўныя героі. Канкрэтна абазначаецца толькі тое, што ў іх ёсць хвасты, шчупальцы і няма ніякіх полавых прыкмет. Хочацца адразу ўявіць нешта васьміногападобнае, але пасля мы даведваемся, што ў мутакаў ёсць рукі. Наколькі яны падобныя да людзей — сваіх далёкіх продкаў, як яны функцыянуюць, як яны ўвогуле з’явіліся? Усё гэта аўтар пакідае па-за тэкстам. Чалавечы век называецца тут Вялікім Пятым Увасабленнем, а цяперашні час, адпаведна, — Шостым. Эпоха homo sapiens скончылася зусім нядаўна, таму людзі — не зусім продкі мутакаў. Апошнія з іх існуюць разам з духоўнымі істотамі і прымаюць удзел у дзеянні.

Яшчэ адна рэч, па якой лёгка зразумець, што маеш справу зусім не з фантастыкай, — вера ў Бога, уладкаванне сусвету адпаведна найвышэйшай задуме, у якой тэхналогіі не маюць ніякай ролі, яны проста амаль не згадваюцца, толькі адзін з герояў з асуджэннем упамінае жаданне «алічбаваць» усё. Захоўваюцца і пэўныя светапоглядныя клішэ з веку людзей. Напрыклад, героі выказваюць думкі пра тое, што справядлівы час усё вырашыць, хаця самі могуць вандраваць па ім. Увогуле, настрой аповесці даволі фаталістычны — лёс і сувязь з мінулым, нягледзячы на імкненне герояў да будучыні, адыгрываюць вялікую ролю.

Асноўная асаблівасць гэтага твора заключаецца ў тым, што сюжэт займае другасную пазіцыю. Ён прысутнічае для таго, каб стварыць нагоду для разважанняў. Галоўныя героі вандруюць па прасторы і часе, сустракаюцца з іншымі людзьмі і мутакамі, але іх выгляды, краявіды і ўсе іншыя нязначныя рэчы размываюцца, сюжэтныя лініі, распачатыя кожнай новай сустрэчай, абрываюцца. Адзінае доўгае і дастаткова «матэрыяльнае» апісанне прысвечана таму, як галоўны герой-мутака дэталёва, з цікаўнасцю і агідай назірае за сцэнай чалавечага сексу. Бясполасць і бязродавасць саміх мутакаў падкрэсліваецца тым, што не толькі ўласныя імёны, але і найважнейшыя паняцці пераведзеныя ў ніякі род: часо, касмасо, прастаро, Баго.

Гэтыя словы сустракаюцца вельмі часта таму, што на фоне ўрывачнага і даволі размытага сюжэта адбываецца галоўнае — плынь філасофскага мыслення. Аўтар даследуе каханне, лёс, наканаванне, чалавечую прыроду, пытанні веры ў фармаце бясконцага дыялогу амаль бесцялесных істот у бясконцай прасторы космасу. Нягледзячы на наяўнасць звышчалавечых персанажаў, усё адно адчуваецца, што даследаванне вядзецца чалавекам. Праз яго чырвонымі ніткамі праходзяць класічныя канцэпцыі светапоглядаў — сусветнае дрэва; людзі, падзеленыя на дзве паловы, якія павінны знайсці адно аднаго, каб стаць цэлым; лёс, які ўвесь час прыгодаў вёў да наканаванага; падуладнасць усяго свету вышэйшым і незразумелым сілам; неспасцігальная задума Бога.

«Судуманне» ўспрымаецца як медытацыя, як плынь свядомасці, аформленая сюжэтам і канцэпцыяй, і праз гэта падаецца, што вынесенае ў загаловак слова — гэта запрашэнне чытача да новай, больш адухоўленай формы камунікацыі з аўтарам.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.