Смага радка


Плённым быў мінулы год у Льва Парэмскага: адразу два паэтычныя зборнікі — «Кані» і «Адметы» — пабачылі свет у выдавецтве «Кнігазбор». Чытачу, знаёмаму з ягонай творчасцю, дзіўнымі найменні не пададуцца, бо і папярэднія кнігі Парэмскага называюцца лаканічна і вобразна: «Рысы», «Адценні», «Іпастасі»... Такі незвычайны падыход не можа не зацікавіць патэнцыйнага чытача.


Безумоўна, у звязку з гэтым адразу ўспамінаецца Алесь Разанаў, які ўзбагаціў айчынную літаратуру сваімі зномамі, версэтамі, квантэмамі. Чакаеш і тут нечага незвычайнага: цікавай формы, нестандартнага падыходу, наватарства. Але дасведчанага і патрабавальнага чытача напаткае расчараванне: зборнікі складаюцца з вершаў, выкананых у традыцыйнай, класічнай манеры. Хаця сёння гэта хутчэй выключэнне, чым правіла.

Тым, хто сочыць за літаратурнай перыёдыкай, імя аўтара вядома добра. Выступае ён і ў дзіцячай літаратуры (кніга вершаў для маленькіх «Снегірова лазня»), і ў жанры драматургіі (вершаваная п’еса пра М. Багдановіча «Страцім-Лебедзь», надрукаваная ў 2016 годзе ў «Полымі»).

Творчы шлях Парэмскага — яскравы прыклад пісьменніка, які, маючы за плячыма немалыя творчыя здабыткі, не прэтэндуе на пышныя лаўры:

…Хоць не быць мне Цютчавым,

Хоць не стаць мне Фетам.

Не ўзрасці Ясеніным,

Не адбыцца Блокам…

Ды што ў сэрца ўсеяна —

Узрастай высока!

У гэтых радках, акрамя самаіроніі, выразна бачыцца нежаданне падладжвацца, быць падобным на кагосьці. Думаецца, што творцы кшталту Парэмскага якраз з-за такой сваёй асобаснай «нефарматнасці» і застаюцца наўзбоч літпрацэсу, не ўваходзячы ў суполкі і творчыя саюзы. «Свой сярод чужых, чужы сярод сваіх» — такое крэда пасуе Парэмскаму:

Пайсці на эшафот гатоў,

Калі вазьму не тую ноту,

Калі прадам за гучнасць слоў

Душы прытоеную цноту.

Багаты жыццёвы і творчы досвед дазваляе яму рабіць несуцяшальныя высновы пра месца літаратара ў грамадстве.

Сапраўды, быць паэтам у сучасным свеце — наканаванне, якое не кожны здольны вытрымаць годна, без здрады галоўнаму ідэалу — Слову. Бо той, хто прамаўляе вершам, раней ці пазней задасць сабе наступнае пытанне:

Што мы, паэзія, можам з табою

Здзейсніць у свеце, дзе столькі разбою?

[…………]

Мо не патрэбна тваё існаванне?

Леў Парэмскі тут жа дае і адказ:

Не! У цябе ад бядотаў адхланне.

Толькі ў цябе ад напасці любой

Я паратунак адшукваю свой.

Значнае месца ў творчасці Льва Парэмскага займае тэма гістарычных падзей XX стагоддзя, у прыватнасці Другой сусветнай вайны, блакады Ленінграда, генацыду, сталінскіх рэпрэсій. Ладная колькасць вершаў, такія як «Равенсбрук», «Жахлівая аналогія», «Балада пра Каржа», «Курапаты», створаны ім са спадзевам, што новае пакаленне не паўторыць памылак бацькоў і дзядоў, не дасць загнаць сябе ў сіло страху і антычалавечых ідэалогій. Бо сам Леў Парэмскі належыць да пакалення, дзяцінства якога было абпалена вайной, зазнала рэзрух і нішчымніцу…

У адрозненне ад зборніка «Кані», якому пераважна ўласцівы глабальнасць і касмапалітызм, другі — «Адметы» — вызначаецца крыху большай скіраванасцю на беларускія матывы. Вершы «…Мой любы, родны край, здавён», «Чарнобыльская зона», «Балада пра Нарач» якраз і закліканы падкрэсліць адметнасць, заяўленую ў назве.

Нягледзячы на тое, што Парэмскі спрабуе пазіцыянаваць сябе як паэта-лірыка, усё-ткі відавочна, што па-сапраўднаму яго захапляе публіцыстычная, грамадзянская тэматыка. І гэта ідзе не на карысць мастацкай вартасці твораў, якія часам нагадваюць рыфмаваныя агіткі часоў ранняга СССР:

Усюдыісны страшны звер,

Які завецца ФБР.

Ён заўважае ўсё, ўсё чуе,

Усюды за табой цікуе.

Мажліва, у іранічным ключы гэтыя радкі і прагучалі б, бо гумарыстычная паэзія можа сабе дазволіць і не такое. Але ж аўтар піша ўсур’ёз… Магчыма, адна з памылак пры падрыхтоўцы і першай, і другой кніг — няўважлівы падыход аўтара і часткова рэдактара да кампазіцыйнай пабудовы, калі побач «ружа белая з чорнай жабай», калі высокі стыль мяжуе з відавочнай публіцыстыкай, якую з усёй нацяжкай ну ніяк нельга назваць паэзіяй.

Невыпадкова вобраз сасмяглай кані, выснаваны А. Куляшовым у хрэстаматыйным вершы «Мая Бесядзь», — гэта прыклад вымушанага кампрамісу, калі творца задавольваецца невялікай «кропляй дажджу з лесавога лістка», і як антыпод ёй — лірычны герой, апантаны, нястомны і мужны шукальнік сапраўднай, глыбіннай крыніцы натхнення. Будзем спадзявацца, што Леў Парэмскі — усё-ткі не «каня няшчасная», што сэрца яго «абпалена смагай радка», а сам ён «капае рэчышча ўласнай ракі».

Янка ЛАЙКОЎ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.