Вы тут

Ласкавыя запросіны паэткі


Заўжды прыемна атрымліваць запрашэнні — ці на рамантычнае спатканне, ці ў тэатр, ці ў кіно, ці хаця б на кубачак кавы/гарбаты. Вось і маладая журналістка і паэтка Ніна Лістота запрасіла нас пачытаць яе дэбютную паэтычную кніжку, якая так і называецца — «Запрашэнне» і пабачыла свет сёлета.


Паэтка няспешна і шчыра распавядае пра свае запаветныя мары і надзеі, узнёсла-рамантычныя фантазіі, выпакутаваныя пачуцці і думкі, перажыванні і страхі. Паколькі дамінантай у маладой аўтаркі з’яўляецца каханне, то лепей і болей за ўсё ў кнізе прадстаўлена менавіта любоўная лірыка. Уражвае вера Н. Лістоты ва ўсемагутнасць і непераможнасць гэтага светлага пачуцця. «У кахання ёсць нават крылы, / Што дваіх узнясуць над зямлёю. / Тыя крылы — поўныя сілы, / Больш не трэба хадзіць пехатою».

Акрамя таго, аўтарка добра разумее, што ў цяперашнім прагматычным свеце не толькі ёй, але і ўсім нам варта заўжды быць духоўна моцнымі, жыццеўстойлівымі, каб справіцца з любымі цяжкасцямі і перашкодамі:

На эшафоце смутку і тугі

Не выпадае нам назад глядзець.

Няхай сівыя звонку б’юць снягі,

Галоўнае — знутры не заінець.

Змест вершаў паказвае, што нягледзячы на ўсе выпрабаванні лёсу Ніна Лістота не перастае спадзявацца на лепшае і стараецца ў любых абставінах трымацца годна, не губляць аптымізму:

…Але новая радасць у сэрцы жыве,

Ад самоты і болю хавае мяне.

Я смяюся ў вочы любому злу,

Хай яно і шалее — прайду праз імглу.

Але ёсць у кнізе і дробныя хібы: тэматычная вузкасць, (за)блытанасць мастацкага мыслення, часам фрагментарнасць і хаатычнасць паэтычнага маўлення, а таксама парушэнні ў рытміка-інтанацыйнай арганізацыі верша. Не пакідае ўражання і наяўнасць немалой колькасці дзеяслоўных рыфмаў, якія традыцыйна адносяцца да рыфмаў «ніжэйшага гатунку», бо не маюць арыгінальнасці, пазбаўлены метафарычнасці. Сустракаюцца нават выпадкі, што ўся страфа ў асобных вершах пабудавана на такіх рыфмах: «Вырасці, выпрастаць, / Выспець — і здарыцца. / Яшчэ не было, / Ды ўжо — набліжаецца». Акрамя таго, паэтка ўключыла ў кнігу не толькі больш-менш удалыя творы апошніх гадоў, але і яўна слабыя, наіўна-юначыя вершы. Без такіх малакаштоўных у мастацкім сэнсе вершаў кніга глядзелася б лепей. Часам спалучэнне празмернага пафасу са словамі побытавага ўжытку выклікае ўсмешку, а то і просіцца на парадыраванне: «Любоў пераможа заразу, / Хоць і не адразу».

Але ў цэлым зборнік вызначаецца рамантычнасцю, адухоўленасцю, часам кранальнай наіўнасцю, узнёсласцю думак і пачуццяў. Усё гэта хораша выявілася ў наступных вершаваных радках, у якіх гарманічна спалучыліся арыгінальная вобразнасць, непасрэднасць перажывання і (пр)адчуванне ўласнай абранасці:

Паглядзім на сузор’е надзей

І паслухаем месяца джаз.

 Хтосьці мусіць быць лепшым з людзей.

Можа, неба ставіць на нас?..

Праўда, вельмі важна (асабліва для маладога творцы), каб гэтае адчуванне не набыло гіпертрафіраваных памераў і не перарасло ў творчы нарцысізм. Толькі ў адным з вершаў пісьменніца ажно шэсць разоў зацята паўтарае пафасныя словазлучэнні «я паэт» і «мама, я паэт». З аднаго боку, гэта відавочна нясціпла: нават народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін ніколі ў сваіх кнігах ды інтэрв’ю не называў сябе паэтам. З другога боку, варта памятаць слушнае меркаванне выдатнага літаратурнага крытыка Рыгора Семашкевіча аб тым, што першы паэтычны зборнік практычна ніколі (за выключэннем хіба выпадку з Максімам Багдановічам) не можа даць адказу на пытанне, ёсць перад намі сапраўдны паэт ці няма. Станоўчы або адмоўны адказ на гэтае пытанне звычайна дае другі або нават трэці аўтарскі зборнік, паколькі яны павінны засведчыць мастацкі творчы рост ці, наадварот, творчы заняпад аўтара. Так што ў выпадку з Нінай Лістотай не будзем выносіць канчатковы вердыкт, а проста пачакаем яе новых твораў, новых кніг.

Эдуард ДУБЯНЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».