Вы тут

Жыццё = мастацтва


Цяпер мы зусім па-іншаму, у адрозненне ад папярэднікаў , ставімся да літаратуры і ўвогуле да любога мастацтва. Цікавасць любога твора неверагодна ўзмацняецца, калі за ім стаіць асоба аўтара. Сапраўднаму чалавеку давяраюць больш, чым персанажу. Рэальнасць вартая быць увасобленай у мастацкім творы — гэта пацвярджаецца паступовым росквітам нявыдуманай літаратуры. Асаблівае месца ў ёй займае мемуарная проза. Мемуары — гэта адлюстраванне часу, лёсу пакалення ў вачах асобы. Як падручнік па гісторыі пэўнай эпохі, які цікава чытаць. Але галоўнае якраз у тым, каб на фоне цэлага свету і часу ўбачыць пачуцці, адносіны і думкі чалавека.


«Абрэзкі з мінулых гадоў» Тамары Стагановіч-Кольбы — апошняя частка сямейнай мемуарнай сагі Стагановічаў. Цёплыя адносіны ў сям’і з няпростай гісторыяй чытаюцца і ў радках, і паміж радкоў. Аўтарка пачынае аповед да свайго нараджэння, са стварэння сям’і. «Я моцна веру: тое, чым і хто я ёсць, — гэта заслуга не мая, а бацькоў, дзядоў, прашчураў. Ад іх усіх складалася маё фізічнае адлюстраванне й духовыя якасці», — кажа яна ў самым канцы аповеду, падводзячы вынікі. Прыналежнасць да свайго роду і народа, да сваёй зямлі выклікае ў аўтаркі радасць, нараджае любоў да людзей. Аднак ёй давялося правесці значную частку жыцця за мяжой. Пакінуўшы Беларусь падчас Вялікай Айчыннай, сям’я Стагановічаў змяніла некалькі краін. Тамара падрабязна апісвае свае вандроўкі па свеце, і з бацькамі і пасля з мужам, засяроджвае ўвагу на прыродзе, уважліва назірае за навакольным светам.

Але кніга ў асноўным усё ж такі не пра краіны. «Абрэзкі з мінулых гадоў» прасякнутыя шчырасцю аўтаркі, яе думкамі, адчуваннямі, успамінамі сустрэч і размоў. Гэта быццам асабісты дзённік, расцягнуты на ўсё жыццё, і ў той жа час — частка сямейнай гісторыі, найбольш вялікая.

Гераіня гэтага твора — не толькі дачка і сястра, а пасля — жонка. Не толькі беларуска, пазбаўленая сваёй радзімы, не толькі вандроўніца. Галоўнае ў тым, што яна — асоба і мастачка. Акрамя думак і пачуццяў аўтаркі, чытач непазбежна заўважыць яе няспыннае імкненне да творчасці. Гэта тое, што вылучае «Абрэзкі з мінулых гадоў» сярод іншай мемуарнай прозы, у тым ліку іншых аўтараў «пакалення Ды-Пі» (Displaced persons).

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.