Вы тут

Паўліна Мядзёлка. Няўрымслівая бунтарка


Паўлінка так і не патрымала ў руках выданне, над якім працавала апошнія дзесяцігоддзі жыцця. Моцная, загартаваная выпрабаваннямі, жалезнай волі жанчына, якая не раз глядзела ў вочы смерці, яна сама «арганізуе» свой сыход... У тым жа 1974-м пабачыла свет яе кніга ўспамінаў «Сцежкамі жыцця». Шматпакутная гісторыя выхаду гэтай кнігі ўяўляе сабой дачыненні Паўліны Мядзёлкі з рэдактарамі, яе змаганне за кожную напоўніцу пражытую ёю старонку — для аўтаркі тое было часткай яе самой і неадлучным ад яе асяроддзя, ад вобразаў тых, каго яна любіла, чым дыхала.


А цэнзура палічыла, што сур’ёзным недахопам расповедаў, якія рыхтаваліся да выдання, з’яўляецца «абмежаванасць маючых грамадскую каштоўнасць успамінаў». Аўтарцы ставілася ў віну тое, што ў сваім атачэнні, у тых асобах, з якімі яна працавала і дачынялася, была «вымушана бачыць жывых людзей з дадатнымі і адмоўнымі рысамі». А яшчэ, як пісаў адзін з рэдактараў, Янка Шарахоўскі, «ацаніць па-сапраўднаму варожую народу дзейнасць гэтых “дзеячоў” у аўтара не хапіла сілёнак...»

Пра тое, як ішла падрыхтоўка кнігі да друку, у 1965-м Паўлінка пісала блізкай сяброўцы Леаніле Чарняўскай-Гарэцкай: «...Калі я глянула на свой рукапіс пасля гэтага скарачэння — дарэчы, без узгаднення са мной — у мяне валасы падняліся дыбам, і сэрца замёрла. — Выкрэслены цэлыя раздзелы нават з тых, што ўжо друкаваліся ў “Полымі”, асобныя фрагменты, якія маюць значэнне для гісторыі развіцця беларускай культуры, асобныя сказы, дзе толькі рэч ідзе аб роднай мове і г. д. Кніга атрымалася скалечанай, якую сорамна было паказаць людзям на вочы»...

Ёсць асобы, якія не могуць адмежавацца, пакінуць за спінай перажытага, — настолькі яно значнае, настолькі вялізны цяжар мінулага — і тады тое, што было, і тое, што ёсць у цяперашні момант іх існавання, злучаецца ў адно, канцэнтруецца тут і цяпер. І не проста «ляжыць» мёртвым грузам, а ўзаемадзейнічае з унутраным «я», патрабуючы ўвасаблення ў чымсьці: так нараджаюцца многія творы мастацтва... «Не ўсё, што захавалася ў памяці, я магла запісаць — ніводзін з рэдактараў не прапусціў бы ў друк (хоць і не маю надзеі, каб пры маім жыцці выйшла з друку мая кніга). Адак жа, з кім даводзілася дзяліцца некаторымі фактамі мінулага, настойліва патрабавалі: “Пішы, пішы ўсю праўду, пішы, што ўсплывае на памяць. Гэта патрэбна для нашых нашчадкаў. Не для друку, а для гісторыі. Хай ляжыць гэта ў архівах”» — пісала Паўліна Мядзёлка, пачынаючы «Беглыя нататкі для памяці». «(Факты, якія ніколі не могуць і не павінны быць апублікаванымі)» — значыцца пад назвай.

Цікава, ці магла б аўтарка дапусціць хаця б на міг у самых смелых думках ці марах, што калісьці нашчадкі будуць чытаць яе ўспаміны без цэнзарскіх купюр, як і тое, што не прызначалася да друку? Летась, праз 44 гады пасля яе смерці, пабачыла свет такое выданне. Назва тая ж: «Сцежкамі жыцця» (Мінск, «Лімарыус»), серыя «Беларуская мемуарная бібліятэка». Укладальніца, аўтар разгорнутай прадмовы і падрабязных каментароў — Ганна Запартыка, дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, установы, куды і былі перададзены на захаванне рукапісы Паўліны Мядзёлкі. Успаміны пад вокладкай выдання надрукаваны цалкам, цэнзарскія скарачэнні адноўлены. Да таго ж тут змешчана і «Кніга другая» ўспамінаў, што не рыхтавалася да друку дзесяцігоддзі таму. Як і сшытак з «беглымі нататкамі», пакінуты П. Мядзёлкай Л. В. Гарэцкай з просьбай перадаць яго Максіму Танку праз 25 гадоў пасля смерці аўтаркі.

Асоба дзяячкі Адраджэння, якой мы яе бачым са старонак кнігі, адкрываецца як яркі пасіянарый, як няўрымслівая бунтарка. Вера ў ідэю беларушчыны, адчуванне сябе ў эпіцэнтры змагання за яе ў маладыя гады давала сілы жыць, яна нібы з юначых гадоў ведала сваё прызначэнне: «...Раптам з неба пасыпаўся дождж. Скуль ён? Ніводная хмарка не скрывае сонца. Струны залатой арфы спусціліся з блакітнага неба і зазвінелі ціхай, лагоднай песняй. Брыльянтамі зіхацаць буйныя кроплі. Гэта ж само неба бласлаўляе мяне на самаахвярны труд для свайго народа! У сільным захапленні цудоўнай красой я апускаюся на калені перад бацькай Нёманам». Заўжды Паўліна імкнулася да ведаў, вучылася, дзе толькі выпадала на тое магчымасць, і ў той жа час з дванаццацігадовага ўзросту сама даносіла веды да іншых, працавала настаўніцай. З дзяцінства Паўліна нібы знаходзілася пад найвышэйшай, Боскай апекай (хаця і ніколі не пазіцыянавала сябе як верніцу): у самы патрэбны момант з’яўляліся людзі, якія ёй дапамагалі (бацькі жылі бедна і не маглі аплаціць навучанне дачкі ў прыватных установах): давалі прытулак у сваёй сям’і, уладкоўвалі на вучобу, дапамагалі знайсці працу. Нават знаходзячыся пад следствам у розныя часы, яна сустракала стаўленне да сябе з адзнакай чалавечнасці і спагады з боку прадстаўнікоў сістэмы. Хаця, зразумела, гэта выключэнні з правіла... А ў тую ноч, якая магла стаць апошняй для яе і яе мужа Тамаша Грыба ў турме (на досвітку іх мусілі расстраляць за антыпольскую дзейнасць), шэфа дэфензівы Красуцкага, які вынес пастанаўленне аб пакаранні смерцю, знялі з пасады.

Шмат гаворыць пра Паўліну Мядзёлку як пра шчырую, самаахвярную рэвалюцыянерку факт, апісаны ёю: калі іх з мужам у ліку шматлікіх зняволеных перавозілі на цягніку з адной турмы ў іншую, хтосьці змог скарыстацца выпадкам і збегчы, выскачыўшы з цягніка. Гэта адбылося ў той час, калі Паўліна, зусім знясіленая, спала. Постфактум даведаўшыся пра рызыкоўны ўчынак таварыша па няшчасці, яна моцна пасварылася з мужам, што той не ўцёк таксама, хай сабе і без яе...

Не менш яркімі, хаця часам і супярэчлівымі паўстаюць створаныя Паўлінай Мядзёлкай вобразы іншых адраджэнцаў: Цёткі, Канстанцыі Буйло, Ігната Буйніцкага, Антона Луцкевіча, Вацлава Іваноўскага.

Савецкія рэдактары ўпікалі Мядзёлку за празмерна падрабязнае апісанне яе знаходжання ў турмах і скарачалі адпаведныя раздзелы, і раілі больш падрабязна распавядаць пра «выдатных людзей», але, тым не менш, значная частка і з гэтых расповедаў не прайшла цэнзуры. Выкраслілі шмат эпізодаў, дзе фігуравалі абвінавачаныя ў нацдэмаўшчыне і рэпрэсаваныя дзеячы культуры і мастацтва. Напрыклад, маляўнічае апісанне таго, як працаваў са сваімі артыстамі Фларыян Ждановіч (Паўлінка таксама была ў іх ліку). Каб ніхто не спадзяваўся на суфлёрскія падказкі падчас рэпетыцый і выступаў, часта сам Ждановіч займаў месца суфлёра. «...У ходзе п’есы кожны з нас хоць разік але зазірнуў у будку. Там сядзеў Фларыян Паўлавіч, схіліўшыся над экзэмплярам і падпёршы галаву дзвюма здаравеннымі фігамі, якія, бы рогі, тырчалі ў наш бок...»

Шмат адметнага, а ў многім і нечаканага адкрываецца з апошняга раздзела кнігі ўспамінаў: пра ўзаемаадносіны з Янкам Купалам і Уладыславай Францаўнай, пра гісторыю дачыненняў з Ларысай Геніюш. Там жа згадвае Паўліна Мядзёлка і сваё рамантычнае каханне да Івана Луцкевіча. Цікава і з гумарам апавядае аўтарка і пра няўдалае ўступленне ў масонскую арганізацыю знакамітага тады архітэктара Лявона Дубяйкоўскага. Вядома, што гэта тайнае таварыства, і сам факт рашэння папоўніць яго шэрагі павінен трымацца ў сакрэце нават ад самых блізкіх: «І вось, калі Дубяйкоўскі стаяў на каленях перад вялікім крыжам з запаленымі па баках свечкамі і паўтараў словы прысягі, пры словах, што нікому нельга гаварыць пра гэту арганізацыю: ні бацьку, матцы, ні брату і сястры, ні жонцы... Дубяйкоўскі прыўзняўся з аднаго калена і здзіўлена спытаў: “Як? Нават жонцы не магу сказаць? (Ён нядаўна ажаніўся.) Не-э-э, я так не магу!” — і ўжо на абедзьве нагі ўстаў, адмовіўшыся закончыць прысягу. Цырымонія была перарвана».

Калі Паўліна Мядзёлка аднаўляла на паперы вобразы сваіх паплечнікаў, згадвала пакуты, цяжкасці, праз якія ёй наканавана было прайсці, то не спадзявалася атрымаць за гэта нейкія матэрыяльныя выгоды. Але не рабіць гэтага яна не магла. І цяпер, амаль праз стагоддзе ад падзей, якія яна апісвала, мы можам паглядзець і на іх, і на тую эпоху ў цэлым, і на самога аўтара з большым разуменнем. З адчуваннем пераемнасці і лучнасці...

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».