Вы тут

Грамадскія саветы вызначаць прыярытэты


Якім чынам ажыццяўляецца мясцовае кіраванне і самакіраванне ў Рэспубліцы Беларусь — не на паперы, а ў рэальным жыцці? Члены Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце выехалі ў Светлагорскі раён, што на Гомельшчыне, і пацікавіліся практыкай прымянення профільнага Закона. Дарэчы, ён быў прыняты ў 2010 годзе і цяпер, кажа старшыня камісіі Леанід ЦУПРЫК, размова ідзе аб удасканальванні заканадаўчага акта.


— У законе выразна падзелены паўнамоцтвы галін улады, але жыццё працягваецца.

У наш час мы рыхтуем змены ў закон, і важна пабачыць і пачуць тое, чым жывуць людзі ў глыбінцы. Наколькі мясцовыя сельвыканкамы аказваюць садзейнічанне сацыяльна-эканамічнаму развіццю рэгіёна? Мы бачым, што нават ва ўмовах даволі абмежаваных рэсурсаў сёння шмат робіцца для таго, каб грамадзяне жылі камфортна. Між тым мы мала карыстаемся магчымасцю аб'яднання ў асацыяцыі для вырашэння агульных мэт. Можа, нам трэба было б у населеных пунктах абіраць, акрамя старасты, яшчэ і грамадскія саветы? У іх увайшлі б людзі найбольш паважаныя, здольныя аналітычна думаць. Перад імі стаяла б задача — вызначыць прыярытэты развіцця канкрэтнага населенага пункта. Напрыклад: будаваць дарогу, гарадок для дзяцей ці гандлёвы пункт? Дарэчы, старшыні саветаў маглі б аб'яднацца ў рэгіянальны савет. Гэта адзін з варыянтаў эфектыўнай работы на месцах, які мы прапрацоўваем.

Леанід Цупрык агучыў яшчэ адзін кірунак развіцця на вёсцы, які б мог пасадзейнічаць замацаванню людзей там, дзе яны нарадзіліся. Ён лічыць, што людзям важна даць магчымасць зарабляць грошы па месцы пражывання, а ўладам спрыяць таму, каб яны мелі нейкія малыя сродкі вытворчасці:

— Каб, напрыклад, сям'я ці некалькі сем'яў аб'ядналіся і перапрацоўвалі разам бульбу ці гародніну — на сертыфікаваным абсталяванні, што дазволіла б накіроўваць гэту прадукцыю ў гандлёвыя сеткі. У спадчыну падрастаючаму пакаленню даставаліся б не толькі дом і зямля, але і сродкі вытворчасці, уласнасць, якая стварае прыбытак. Гэта б умацоўвала сямейныя адносіны і жаданне жыць і працаваць на сваёй зямлі.

І яшчэ адну праблему Леанід Аляксандравіч агучыў як поле для абмеркавання. Размова пра ўзгадненне нормаў, звязаных з добраўпарадкаваннем і прывядзеннем у належны санітарны стан не толькі тых зямель, якія знаходзяцца ў валоданні ўласнікаў ці адведзены прадпрыемствам і арганізацыям, але і прылеглых тэрыторый:

— Гаворка ідзе аб утрыманні ў прыдатным становішчы прылеглых зямельных участкаў за кошт прадпрыемстваў, арганізацый і грамадзян. Ці трэба нам такую норму замацоўваць у законе? Як гэта будзе адбывацца? Якая можа быць рэакцыя насельніцтва? Тут узнікае шмат спрэчных пытанняў па ўдзеле ў гэтым працэсе шараговых жыхароў — уладальнікаў уласных дамоў, дачных таварыстваў, кааператываў і калектываў індывідуальных забудоўшчыкаў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?