Вы тут

Жыхары вёскі Коладна Камянецкага раёна даўно чакаюць рамонту дарогі


Коладна хоць і знаходзіцца за сорак кіламетраў ад Брэста, але ўсе выгоды цывілізацыі неяк яшчэ з савецкіх часоў вёску паступова абыходзяць. Напрыклад, для мяне было здзіўленнем, што ў населеным пункце ніколі не было праваднога радыё. А цяпер вось няма інтэрнэту. «І не будзе» — катэгарычна сказалі ў раённым тэлекаме, нібы гэта сяло ў нечым правінілася перад нацыянальным аператарам электрасувязі... Сюды не ходзіць ніякі транспарт нават раз на тыдзень. Ад бліжэйшага прыпынку на шашы — тры кіламетры. Праўда, ёсць крама, якую шмат разоў спрабавалі закрыць, але пакуль што старшыня сельскага Савета адстаяў. З гэтым усім жыхары, большасць з якіх пенсіянеры, змірыліся. А вось з дарогай, з дзіркамі ў мосце мірыцца не хочуць.


Ад дарогі Высокае — Воўчын да Коладна вядзе не гравійка, не асфальтавая, а ў нечым асаблівая нітка дарогі, якую тутэйшыя жыхары завуць «армянскі асфальт». Нібыта некалі, гадоў 30—40 таму, брыгада шабашнікаў з былой савецкай рэспублікі паклала крыху падобнае на асфальт пакрыццё, якое ўжо даўно сябе вычарпала. Яміны ў дарозе час ад часу падсыпаюць, і яна сяк-так служыць. А вось мост — агульная бяда. Яго таксама часам падлатваюць работнікі ДРБУ-137, а потым зноў разбіваюць машыны. Зразумела, грузавыя машыны, трактары ходзяць пастаянна. Да магазіна некалькі разоў на тыдзень ідзе аўтамабіль з прадуктамі, па графіку заходзіць смеццявоз, дадайце прыватны транспарт. Адным словам, мост цераз Пульву не прастойвае. А вось рамантаваць яго не спяшаюцца.

— Пра нас, мусіць, даўно забыліся, — гаворыць жыхарка вёскі Лідзія Асіпук. — Хоць не так нас і мала тут: пастаянна пражывае 60 чалавек, летам, калі прыязджаюць дзеці, унукі, падцягваюцца дачнікі, насельніцтва, лічы, падвойваецца.

— Калі шэсць гадоў таму набывала тут дом, было спадзяванне, што нешта палепшыцца ў інфраструктуры, побач жа абласны цэнтр, — дадае дачніца Наталля Ліпская. — Але за гэты час нічога не памянялася, хіба толькі дзіркі ў мосце сталі большыя.

Анастасія Бас да пенсіі адпрацавала калгасным жывёлаводам. Цяпер трымае ўласную гаспадарку, жыве з сям'ёй сына. На лета да бабулі часта прыязджаюць і гарадскія ўнукі. Анастасія Уладзіміраўна спадзяецца, што дарога ў іх усё ж будзе лепшая: «Ва ўсіх жа свае машыны, шкада, псуюцца яна па гэтай дарозе».

Старшыня Агародніцкага сельскага Савета Барыс ДАНІЛЮК гаворыць, што пастаянна трымае пытанне на кантролі, перыядычна звязваецца з майстрам ДРБУ-137, які адказвае за гэты ўчастак.

— Абяцаюць, чакаем. Варта сказаць, што апошнім часам шмат зроблена па паляпшэнні дарог на тэрыторыі сельсавета, — працягвае Барыс Аляксандравіч. — З напрамку Плянты да Агароднікаў вядзецца рамонт, у саміх Агародніках прыведзены ў парадак многія ўчасткі, у нас працуе ДЭУ-21. І каля суседняга Воўчына вядзецца рамонт дарогі. Людзі з Коладна бачаць гэта і адчуваюць сябе пакрыўджанымі, што да іх чарга не даходзіць.

Начальнік Высокаўскага ДРБУ-137 КУП «Брэстаблдарбуд» Юрый МУРАЎСКІ сказаў карэспандэнту «МС» (26 чэрвеня. — Аўт.), што згаданы ўчастак дарогі разам з мостам не ўваходзіць у праграму развіцця мясцовых дарог на бягучы перыяд. Паводле слоў Юрыя Уладзіміравіча, хутка будзе вярстацца падобная праграма на будучую пяцігодку, можа, тады дарога будзе ўключана. А пакуль кіраўнік дарожнай арганізацыі паабяцаў у найбліжэйшы час яміны на мосце падсыпаць. Будзем спадзявацца, бо людзі чакаюць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Камянецкі раён

P.S. Калi матэрыял быў гатовы да друку, з вёскi паведамiлi, што дарожнiкi прыступiлi да падсыпкi ўчастка дарогi на мосце. Значыць, дачакалiся?

Загаловак у газеце: Як дзірка ў мосце

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».