Вы тут

Міхаіл Мясніковіч пра задачы і парадак дня VІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі


У ліпені ў Санкт-Пецярбургу пройдзе VІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Ён збярэ прадстаўнікоў дзяржорганаў, бізнесу, навукі, адукацыі, грамадскасці, якія абмяркуюць шырокае кола пытанняў саюзнага будаўніцтва. Аб задачах і парадку маючага адбыцца форуму расказаў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч.


— Пленарнае пасяджэнне VІ Форуму будзе прысвечана культурнаму і гуманітарнаму супрацоўніцтву Беларусі і Расіі. Наколькі гэта тэма важная для паглыблення беларуска-расійскіх адносін?

— Беларусь і Расію з даўніх часоў звязваюць агульныя духоўныя каштоўнасці і традыцыі. Каля вытокаў агульнай духоўнай прасторы стаялі вядомыя беларускія асветнікі Францыск Скарына, Ефрасіння Полацкая, Сімяон Полацкі. Яны ўнеслі важкі ўклад ва ўмацаванне ўсходнеславянскага культурнага адзінства. Сёння мы абмяркоўваем не толькі, як захаваць нашу агульную гісторыка-культурную спадчыну, але і як далучыць да яе моладзь. Гэта вельмі важны элемент інтэграцыі.

Мы абавязаны цаніць агульнасць нашых культур, традыцый, паважлівае стаўленне грамадзян Беларусі і Расіі адно да аднаго. Гэта тое багацце, якое нельга дэвальваваць, каб дагадзіць чамусьці не да канца, можа, зразумеламу, кідкаму, інвазіўнаму па сутнасці.

Для ўмацавання міжкультурных сувязяў, фарміравання адзінай культурнай прасторы ў рамках Саюзнай дзяржавы многае ўжо зроблена. Вышэйшыя навучальныя ўстановы ў сферы культуры маюць больш за 40 дагавораў і пагадненняў з ВНУ-партнёрамі Расійскай Федэрацыі. Напрыклад, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў супрацоўнічае з Санкт-Пецярбургскім, Маскоўскім, Алтайскім, Казанскім дзяржаўнымі інстытутамі культуры, Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі — з Маскоўскай, Санкт-Пецярбургскай, Растоўскай, а таксама Расійскай акадэміяй музыкі імя Гнесіных, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў — з Усерасійскім дзяржаўным інстытутам кінематаграфіі імя С. А. Герасімава, Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным акадэмічным інстытутам жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Я. Рэпіна, Сібірскім дзяржаўным інстытутам мастацтваў імя Д. Хварастоўскага. І гэта далёка не ўсе прыклады.

Ідзе актыўны абмен творчымі калектывамі, праводзяцца сумесныя фестывалі мастацкай творчасці, выстаўкі твораў мастацтва, майстар-класы для адораных дзяцей. Штогод праходзіць каля тысячы культурных мерапрыемстваў, у тым ліку міжнароднага ўзроўню: усім вядомы фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», фестываль песні і музыкі «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне», свята традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы», Шагалаўскія дні, музычны фестываль імя І. І. Салярцінскага і іншыя.

Сумесныя праекты рэалізуюць таксама тэатры, музеі, бібліятэкі. Так, Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр супрацоўнічае са Смаленскім, Тульскім, Калужскім, Стаўрапольскім драматычнымі тэатрамі. 2019 год у Расіі абвешчаны Годам тэатра, у сувязі з гэтым у Мінску пройдуць гастролі вядучых расійскіх рэгіянальных тэатраў. Здымаюцца беларуска-расійскія мастацкія і дакументальныя фільмы. Добры інструмент падтрымкі культурных праектаў — сумесныя прэміі ў галіне літаратуры і мастацтва, навукі, сродкаў масавай інфармацыі.

— Гэтак жа эфектыўна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой навучальныя ўстановы дзвюх краін?

— Калі гаварыць пра гуманітарнае супрацоўніцтва, то ў гэтай галіне нашы краіны сапраўды зрабілі сур'ёзныя крокі насустрач адна адной. Як вынік, сфарміравана і паспяхова развіваецца адзіная адукацыйная прастора, у якой моладзь Беларусі і Расіі мае роўныя правы па доступе да атрымання якаснай адукацыі. Адпаведная заканадаўчая і прававая база сфарміравана як на нацыянальных, так і на міжведамасных узроўнях.

Сёння беларускія ВНУ маюць каля 1300 дагавораў і пагадненняў аб супрацоўніцтве з установамі вышэйшай адукацыі Расіі. Расіяне вучацца ў беларускіх ВНУ, у тым ліку за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, і атрымліваюць дыпломы, якія прызнаюцца ў Расіі. У беларусаў у Расіі аналагічныя магчымасці. Акрамя таго, працуе сумесны Беларуска-Расійскі ўніверсітэт у Магілёве, дзе студэнты могуць навучацца як па беларускіх, так і па расійскіх адукацыйных стандартах. Ажыццяўляецца абмен студэнтамі, паміж рэгіёнамі дзейнічае мноства партнёрскіх навучальных праграм. Ідзе абмен і педагогамі: толькі за 2018 год каля 800 беларускіх выкладчыкаў наведалі ўніверсітэты Расіі, прыкладна столькі ж расійскіх педагогаў прынялі беларускія ВНУ.

— Важнай часткай маючага адбыцца саміту стане Маладзёжны форум. Чаму маладзёжнай тэматыцы ўдзяляецца так шмат увагі? Наколькі гэта важна для інтэграцыі?

— Маладзёжны форум — гэта запатрабаваная і перспектыўная пляцоўка. У маладзёжных кантактах — будучыня нашага супрацоўніцтва. Неабходна паўсюдна падтрымліваць найлепшыя ініцыятывы і прапановы моладзі, каб у далейшым яны перарасталі ў перспектыўныя праекты — у навуцы, адукацыі, бізнесе. Маладзёжная палітыка — найважнейшы прыярытэт Саюзнай дзяржавы. Саюзныя адносіны будуць трывалыя, калі ствараць умовы для раскрыцця і рэалізацыі творчага патэнцыялу маладых людзей, іх прафесійнага і асобаснага росту. На гэта нацэлены нашы культурныя, адукацыйныя, навуковыя праекты.

У той жа час патрэбны і новыя формы ўзаемадзеяння. Важна, каб маладыя людзі нашых краін ведалі адно пра аднаго, мелі інфармацыю аб тым, якія мерапрыемствы праводзяцца, калі і як можна сустрэцца, абмяняцца вопытам, і што самае галоўнае — як можна аб'яднацца ў рамках таго ці іншага праекта. Для гэтага неабходна больш эфектыўна выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі, тэлеграм-каналы.

Важна таксама развіваць маладзёжны турызм, арганізоўваць абмен школьнікамі, студэнтамі, праводзіць для іх цікавыя мерапрыемствы. Так маладыя людзі атрымліваюць магчымасць не толькі вывучаць славутасці нашых краін, нашу агульную гісторыю, але і лепш спазнаваць адно аднаго, заводзіць новых сяброў. Пакуль карыснай інфармацыі аб такіх мерапрыемствах нашай моладзі не хапае.

Хацелася б, каб у цэлым інфармаванне аб сумесных праектах у сродках масавай інфармацыі вялося больш шырока, каб людзі ведалі пра тое, якая работа вядзецца ў Саюзнай дзяржаве, якія вынікі яна дае і чым важная для кожнага з нас.

— Як вы ацэньваеце эфектыўнасць рэалізацыі саюзных праграм. Ці маюць патрэбу ў пераглядзе падыходы да іх распрацоўкі і ўзгаднення, бо не сакрэт, што гэту тэму ўзнімаюць самі навукоўцы?

— Вы закранулі вельмі важнае пытанне. Саюзныя праграмы павінны адпавядаць прыярытэтам унутранай і знешняй палітыкі Саюзнай дзяржавы, працаваць на будучыню нашых краін, забяспечваць канкурэнтаздольнасць нацыянальных эканомік, іх інавацыйнае развіццё.

Не заўсёды нашы сумесныя праграмы прымаюцца своечасова. Працэс узгаднення часцяком зацягваецца, залішні бюракратызм прыводзіць да таго, што праекты пачынаюць страчваць актуальнасць. Ёсць пытанні і па эфектыўнасці расходавання сродкаў. Саюзны бюджэт выконваецца з прафіцытам, добрых праектаў не хапае. Узнікае пытанне: чаму? Дзе тут недапрацоўваем? Ідэй у навукоўцаў хапае. Тады з якой прычыны не заўсёды могуць іх дастойна прадставіць, дакладна прапрацаваць праграму, каб прыцягнуць фінансаванне? Або патрабаванні занадта завышаныя?

Доля выдаткаў на фінансаванне сумесных праграм у бюджэце Саюзнай дзяржавы апошнія гады зніжаецца. Калі ў 2015 годзе яна складала 65,4 %, у 2016 годзе — 61,3 %, у 2017-м — толькі 56,6 %. У 2018 годзе сітуацыя прынцыпова не змянілася: доля праграм — 56,7 %. Калі ў 2016 годзе аб'ём неразмеркаваных сродкаў бюджэту Саюзнай дзяржавы склаў 244,4 мільёна рублёў, то ў 2017-м — ужо 749,3 мільёна рублёў, або кожны шосты рубель ад запланаваных выдаткаў. І гэта на фоне адносна высокіх працэнтных ставак па крэдытах, якія прадпрыемствы рэальнага сектара эканомікі пазычаюць у банкаўскай сістэмы для мадэрнізацыі і рашэння мэтавых задач развіцця.

Дадзеныя пытанні будзем падрабязна абмяркоўваць падчас маючага адбыцца форуму з удзелам зацікаўленых дзяржорганаў і ведамстваў. У гэтым плане пляцоўка форуму — добрая магчымасць пачуць усе бакі, знайсці аптымальныя варыянты рашэнняў. Умовы для паспяховай рэалізацыі сумесных праграм у нас ёсць: Вышэйшым дзяржсаветам Саюзнай дзяржавы вызначаны прыярытэты навуковай дзейнасці, у цесным кантакце працуюць нашы навуковыя калектывы, якія маюць багаты досвед і неабходную кампетэнцыю, актыўна генерыруе ідэі моладзь.

— Якім кірункам супрацоўніцтва, па-вашаму, нашым краінам неабходна ўдзяляць больш увагі?

— Гэта прамысловая кааперацыя, стварэнне сумесных кампаній і вытворчасцяў, арыентаваных на выпуск канкурэнтаздольнай інавацыйнай прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю, якая запатрабавана на ўнутраным і знешніх рынках. Нам трэба больш актыўна пераходзіць ад простага гандлю да інвестыцыйнага супрацоўніцтва, у якасці партнёраў пры неабходнасці прыцягваць і трэція краіны.

Сумесныя вытворчасці — гэта новыя тэхналогіі, новыя рабочыя месцы, усё гэта ў канчатковым выніку працуе на павышэнне якасці жыцця людзей. Пры гэтым павінны забяспечвацца роўныя ўмовы для суб'ектаў гаспадарання, без выключэнняў і абмежаванняў. Пакуль бар'еры ў гандлі застаюцца. Гэтыя важныя для нашых краін пытанні стануць прадметам абмеркавання нацыянальных саветаў Беларусі і Расіі па дзелавым супрацоўніцтве на форуме.

Мяркую, што нашым краінам трэба больш увагі ўдзяляць пытанням супрацоўніцтва ў сферы лічбавізацыі, укаранення інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. У Расіі зацверджана нацыянальная праграма да 2025 года, якая прадугледжвае стварэнне неабходных умоў для развіцця лічбавай эканомікі і яе інтэграцыі з лічбавымі эканомікамі краін-партнёраў па Еўразійскім эканамічным саюзе. Дакумент накіраваны на стварэнне высокатэхналагічных прадпрыемстваў і вытворчасцяў, развіццё «разумных гарадоў», укараненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у прамысловасці, адукацыі, медыцыне, жыллёва-камунальнай гаспадарцы і іншых сферах.

У Беларусі прыняты Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 8, створаны беспрэцэдэнтныя ўмовы для росту ІT-індустрыі. У нас ёсць кваліфікаваныя кадры і неабходная кампетэнцыя. Ёсць чым падзяліцца з расійскімі калегамі і што пераняць. Гэта датычыцца як падрыхтоўкі кадраў, так і пытанняў укаранення ІT-тэхналогій у розных галінах эканомікі. Мяркую, нашы краіны маглі б аб'яднаць намаганні, магчыма, у рамках новай саюзнай праграмы па лічбавізацыі.

Трэці кірунак — гэта ўзаемадзеянне Беларусі і Расіі ў рамках глабальнай ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях». Нашы краіны з'яўляюцца важнымі звёнамі Вялікага шаўковага шляху і па напрамку не толькі Усход — Захад, але і Поўнач — Поўдзень. Асаблівая ўвага аддаецца развіццю чыгуначных кантэйнерных перавозак. У красавіку 2017 года чыгункі Кітая, Расіі, Беларусі, Казахстана, Германіі, Польшчы і Манголіі падпісалі пагадненне аб паглыбленні супрацоўніцтва ў арганізацыі кантэйнерных цягнікоў па маршруце Кітай — Еўропа. Бакі дамовіліся аб сумесным павелічэнні аб'ёмаў перавозак, стварэнні аб'ектаў лагістычнай інфраструктуры. Беларусь зацікаўлена ў супрацоўніцтве з расійскім бокам у рамках гэтай міжнароднай ініцыятывы і гатова абмяркоўваць канкрэтныя праекты, у тым ліку з удзелам Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень».

— Як вядома, да форуму рыхтуецца вялікі партфель дакументаў: дагаворы, кантракты, пагадненні. У колькі ацэньваеце іх агульную суму?

— Гаварыць пра дакладныя лічбы пакуль рана, работа працягваецца. Але большасць рэгіёнаў Беларусі прыбаўляюць да леташніх аб'ёмаў.

У цэлым з кожным годам колькасць падпісаных на форуме камерцыйных кантрактаў і пагадненняў расце: калі на ІІ Форуме ў Сочы было заключана такіх дакументаў на суму 230 мільёнаў долараў ЗША, то на V Форуме ў Магілёве — амаль на 540 мільёнаў долараў ЗША. Гэта сведчыць аб запатрабаванасці пляцоўкі нашага саміту і высокай зацікаўленасці прадстаўнікоў бізнесу ў супрацоўніцтве.

Рост — гэта добра. Але мы павінны больш гаварыць не пра колькасць, а пра якасць. Я вяду гаворку пра ўзаемны гандаль высокатэхналагічнымі таварамі і паслугамі, каб гэтыя кантракты матывавалі павышэнне канкурэнтаздольнасці нашых эканомік, пашырэнне прамысловай кааперацыі.

— Якія пагадненні рыхтуюцца ў галіне рэгіянальнага супрацоўніцтва?

— У рабоце знаходзіцца больш за 50 дакументаў аб супрацоўніцтве. У іх ліку — міжурадавыя пагадненні са Смаленскай, Саратаўскай, Наўгародскай, Ліпецкай, Магаданскай абласцямі, Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругай, Рэспублікай Інгушэція, Рэспублікай Комі, Рэспублікай Адыгея і іншымі. Рыхтуюцца таксама да заключэння дакументы аб супрацоўніцтве паміж рэгіёнамі, мясцовымі органамі ўлады, а таксама канкрэтнымі арганізацыямі і ўстановамі Беларусі і Расіі.

— Міхаіл Уладзіміравіч, ці не здаецца вам мэтазгодным у арэале форуму стварыць пляцоўку для экспертнага абмеркавання пытанняў беларуска-расійскага супрацоўніцтва, у якім бы прынялі ўдзел вядомыя дзяржаўныя і грамадскія дзеячы з абодвух бакоў? Больш за тое, яны маглі б павесці канструктыўны дыялог з моладдзю. Як лічыце?

— Такая пляцоўка будзе працаваць. Да дыскусій у рамках форуму шырока падключацца эксперты. Гэта будзе своеасаблівая сесія экспертаў-аналітыкаў па пытаннях развіцця Саюзнай дзяржавы, еўразійскай інтэграцыі, супрацоўніцтва Беларусі і Расіі з трэцімі краінамі. Безумоўна, да абмеркавання будзе прыцягвацца і моладзь, у тым ліку прадстаўнікі Маладзёжнай палаты пры Парламенцкім сходзе Саюза Беларусі і Расіі.

Пры ўсёй павазе да аксакалаў, іх вопыту і ведам, мы абавязаны чуць моладзь. Гэта для яе фарміруецца нарматыўная прававая база беларуска-расійскага супрацоўніцтва, гэта для яе ствараюцца высокаінтэлектуальныя, навукаёмістыя вытворчасці і тэхналогіі, выбудоўваюцца сучасныя камунікацыі, у тым ліку ў ІT-індустрыі. Пра гэта і не толькі будзем гаварыць і прымаць рашэнні на VІ Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Форум рэгіёнаў стаў добрай пляцоўкай для прасоўвання сумесных праектаў Беларусі і Расіі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».