Вы тут

Як развіваецца сельскі бізнес на Мядзельшчыне


У вёсцы Камарова ўжо каля двух гадоў існуе бізнес-інкубатар. Ён дапамагае жыхарам Астравецкага, Мядзельскага, Пастаўскага і Смаргонскага раёнаў атрымаць веды і фінансавую падтрымку для адкрыцця ўласнай справы. У 2017—2018 гадах для рэалізацыі гэтай задачы працавала «Школа сельскага бізнесу», навучанне ў якой прайшло больш за 60 чалавек. Самыя цікавыя і важныя ініцыятывы атрымалі гранты на суму ад 2 да 10 тысяч еўра ад еўрапейскіх партнёраў. Падчас прэс-тура журналісты даведаліся, якім чынам вядуць бізнес удзельнікі праекта з Мядзельшчыны.


Дом, які пабудаваў «Нарс»

Падарожжа па маляўнічым Нарачанскім краі пачалося з райцэнтра — Мядзела. У прамысловай зоне горада размясціўся адзін з вытворчых аб'ектаў будаўнічай кампаніі «Нарс» Дзмітрыя Стральца. Прадпрыемства, дзе працуюць 35 чалавек, па сваёй кваліфікацыі можа будаваць жылыя дамы да чатырох паверхаў пад ключ. Дзмітрый сустракае гасцей і паказвае адну са «славутасцяў» сваёй фірмы — бетонны міні-завод, які набыў за грантавыя грошы.

«Ён на выгляд здаецца невялікі, але гэта вельмі сучаснае абсталяванне. Яго магутнасць і прадукцыйнасць — 15 кубоў у гадзіну. Пры такіх памерах — гэта вельмі шмат», — апісвае канструкцыю прадпрымальнік.

«У краіне ёсць прадпрыемствы, якія выкарыстоўваюць такое абсталяванне», — адказвае дырэктар на пытанне пра канкурэнтаў, але іх ён не баіцца: — Гэта вельмі лакальная рэч — бетон не павязеш за 100 кіламетраў. А ў суседніх раёнах аналагаў няма».

Ды і працэс экалагічны. «Пры вытворчасці ў грушавідным змешвальніку адбываецца выкід і развейванне цэменту па тэрыторыі. У нашым выпадку ўсё герметычна закрываецца і толькі тады размешваецца», — тлумачыць кіраўнік будаўнічай кампаніі.

Летась, па словах гаспадара, фірма выканала праектаў на два мільёны долараў. «Нарс» рыхтавала горад да абласных «Дажынак» — рэканструявала Дом культуры, фасад Дома быту і іншыя будынкі не толькі свайго раёна.

Новы бетонны вузел дапаможа кампаніі пашырыць кірункі дзейнасці і займацца маналітным домабудаўніцтвам. «Гэта перспектыўная галіна сёння ўжо працуе ў Мінску, абласных цэнтрах, але да рэгіёнаў яшчэ не дайшла. Хочам прасунуць і ў Нарачанскім рэгіёне маналітнае домабудаўніцтва», — кажа Дзмітрый Стралец.

Аб'ектаў у родным Мядзеле для кампаніі няшмат, таму фірма працуе ў суседніх Астравецкім, Пастаўскім раёнах, плануе прасунуць свае паслугі на Смаргоншчыну і Браслаўшчыну. Сёння работнікі «Нарса» рыхтуюць да юбілею знакаміты дзіцячы цэнтр «Зубраня», добраўпарадкоўваюць катэджны пасёлак Вясёлкавы.

Па словах Дзмітрыя Стральца, на фірме ў яго працуюць муляры, тынкоўшчыкі, цесляры, маляры, плітачнікі, бетоншчыкі — самыя лепшыя ў раёне.

Не толькі каштоўны мех...

Далей рухаемся ў вёску Рудашаны. Яна за 25 кіламетраў ад горада. Дарога да яе часткова вядзе ўздоўж берага маляўнічай Нарачы. У Рудашанах знаходзіцца фермерская гаспадарка яшчэ аднаго вясковага бізнесмена Аляксандра Гатоўкі.

Некалькі гадоў ён вырошчвае трусоў. Для пашырэння гаспадаркі Аляксандр набыў лінію для вытворчасці ўласнага камбікорму. Абсталяванне выраблена на беларускім прадпрыемстве па спецзаказе.

«А ствараць свой корм насамрэч выгадней, чым купляць?» — цікавіліся ў гаспадара.

Аляксандр кажа, што цяжка знайсці корм выдатнай якасці, а тут ён сам можа кантраляваць яго састаў.

«Калі браць зерне, то гэты гранулятар на матрыцы «шасцёрцы» дзесьці 220—250 кілаграмаў вырабляе. Калі браць складана гранулюемую сыравіну (напрыклад, сянную муку, вотруб'е), — гэта 140—150 кілаграмаў у гадзіну , — расказвае аб прадукцыйнасці абсталявання прадпрымальнік. — У сярэднім спажыванне трусамі корму ў раёне 100—150 грамаў на аднаго ў суткі. Адзін дзень раблю корм, тыдзень кармлю».

Сваю жывёлагадоўчую прадукцыю Аляксандр Гатоўка плануе прадаваць праз магазіны здаровага харчавання, рэстараны і індывідуальным пакупнікам.

І дырэктар, і рабочы

Наступны пункт падарожжа — станцыя тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў у вёсцы Камарова. Гэта СТА адзіная на чатыры раёны. Заснаваў яе аўтаслесар па адукацыі Яўген Лакуціеўскі. Яго кампаньён і галоўны памочнік — Яўген Ярмаковіч.

Сваю справу хлопцы зладзілі са снежня. Раней адзін працаваў кіроўцам, а другі быў дзяржаўным служачым.

«Звычайна СТА размяшчаюцца ў гарадах, на буйных аўтатрасах...» — разважаюць карэспандэнты.

«А ў нас так і ёсць. Блізка аўтатраса міжнароднага значэння — Вільнюс — Полацк», — запэўніваюць прадпрымальнікі, ды і найбліжэйшыя аўтамайстэрні за 30—50 кіламетраў — у Смаргоні, Нарачы.

У пацвярджэнне іх слоў — амаль поўнасцю загружаны аўтамабілямі рамонтны павільён. Працуюць майстры па 12 гадзін у суткі, і нават у выхадныя — на рабоце. А пакуль яны размаўляюць з журналістамі, на СТА прыехаў яшчэ адзін кліент. Выконваюць спецыялісты амаль усе работы. Цяпер робяць яму для развалу-сыходжання і рыхтуюць абсталяванне для фарбавання машын.

«Сёння на этапе станаўлення ўсё ў адной асобе: і дырэктар, і падначалены. І дакументамі займаемся, і круцім гайкі, і самі дзяўбём яму. Наняць людзей магчыма, але... Гэта праблема многіх бізнесаў: людзі думаюць, што адразу ўсё пойдзе, набіраюць шмат работнікаў, а прыбытку няма і заробкі няма чым плаціць», — тлумачыць Яўген Ярмаковіч.

Майстры задумваюцца і аб дадатковых рабочых: некаторыя памочнікі ўжо прыходзяць час ад часу, яшчэ шукаюць спецыяліста па кузаўных работах.

Памяшканне прыкладна ў 450 «квадратаў» (яно належыць Вілейскаму каледжу) для СТА ўзялі ў арэнду, зрабілі неабходны рамонт. У месяц плацяць каля 147 рублёў.

Па словах прадпрымальнікаў, у іх ідэю са знаёмых амаль ніхто не верыў: «А мы хочам паказаць людзям, што можна самастойна нешта значнае зрабіць. Калі ляжаць на канапе, нічога не атрымаецца. Трэба працаваць».

Пра будучыя прыбыткі аўтамайстры кажуць таксама стрымана.

«Трэба карову спачатку накарміць, а потым даіць. Мы зараз яе «кормім», — жартуе Яўген Лакуціеўскі.

«А калі будзеце «даіць?» — удакладняюць журналісты.

«Думаю, гадоў праз пяць», — адказвае заснавальнік.

«Жэня, безумоўна, гэта будзе раней», — падбадзёрвае яго больш аптымістычны партнёр па бізнесе.

Усе на кірмаш!

Кірмаш «Кола дзён», куды мы таксама завіталі, — своеасаблівы брэнд не толькі Камарова, але і ўсяго раёна. У парку каля былой сядзібы графа Старжынскага размясцілася больш за 200 рамеснікаў з усёй краіны. Свята задумвалася як забава для турыстаў, якія прыязждаюць адпачываць у Нарачанскі край.

«У сельскай мясцовасці цяжка стварыць прадукцыю на экспарт, таму мы робім па-іншаму. Мы прыцягваем сюды грошы, каб турысты прыехалі і купілі на месцы, — расказвае дырэктар бізнес-інкубатара «БІКамарова» Эдуард Вайцяховіч. — Арганізуюць свята Мядзельскі райвыканкам, наш бізнес-інкубатар, Цэнтр развіцця прадпрымальніцтва».

У Камарове займаюцца стварэннем свайго крафтавага прадукта. Ужо славіцца на ўвесь раён хлеб з мясцовай пякарні, існуе і свая піваварня. На рэгістрацыі праект па стварэнні сыраварні.

На кірмашы пазнаёміліся яшчэ з адным грантаатрымальнікам — Юрыем Абрамовічам. Выдаткаваныя па праекце грошы пайшлі на перасовачны кіёск, абсталяванне для гатавання і продажу бліноў. Асноўнае месца размяшчэння кіёска — курортны пасёлак Нарач.

«Калі на Нарач людзі прыязджаюць, ёсць праблема хутка і якасна паесці. І дзякуючы гранту мая ідэя вырашыць гэту праблему ажыццявілася», — сцвярждае прадпрымальнік.

Жыццё ў сталіцы ён памяняў на аграсядзібны і «блінны» бізнес на Нарачы, і, па словах мужчыны, назад у Мінск яго не цягне.

Каментарый у тэму

«Нам удалося дапамагчы са стварэннем 24 мясцовых ініцыятыў на тэрыторыі чатырох раёнаў — Мядзельскага, Астравецкага, Смаргонскага і Пастаўскага. Гэта абсалютна розныя ініцыятывы, якія працуюць у сельскай гаспадарцы (як правіла, экалагічна чыстая сельскагаспадарчая вытворчасць), вытворчасць экалагічна чыстых драўляных вокнаў, станцыя па тэхнічным абслугоўванні і рамонце аўтамабіляў, будаўнічая арганізацыя, маленькія фірмы, якія займаюцца рукадзеллем, вышыўкай, харчэўні і бізнесы ў сферы аграэкатурызму, — расказвае дырэктар бізнес-інкубатара «БІКамарова» Эдуард Вайцяховіч. — Мы з мясцовымі ініцыятывамі працуем, наведваем іх, таму што людзям заўсёды трэба падказваць. І не толькі вучыць, колькі самім вучыцца ў людзей. Прадпрымальнікі павінны адчуваць плячо. Гэта падтрымка вельмі важная, асабліва калі ты пачынаеш нешта новае».

Марыя ДАДАЛКА, Мядзельскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

АЭС у Астраўцы гатова да імітацыі работы ядзернага рэактара

АЭС у Астраўцы гатова да імітацыі работы ядзернага рэактара

Першы энергаблок Беларускай АЭС гатовы на 95 %, другі — на 70 %. 

Грамадства

У Мінску прайшоў фінал ІV Рэспубліканскага конкурсу «Сям'я года»

У Мінску прайшоў фінал ІV Рэспубліканскага конкурсу «Сям'я года»

Самыя актыўныя і пазітыўныя шматдзетныя сем'і з усіх абласцей краіны сабраліся ў сталічным Палацы культуры прафсаюзаў.

Грамадства

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Актыўная мама — гэта не толькі трэнд, але і жыццёвая неабходнасць у сучасным свеце.

Грамадства

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

Трывалая сувязь з блізкімі і роднымі вельмі важная для чалавека, які служыць у войску.